Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Литература по Идеологии / Этн_чныя параметры беларускай культуры.doc
Скачиваний:
33
Добавлен:
31.05.2015
Размер:
235.52 Кб
Скачать

Лекцыя 4. Гісторыка-культурная стылістыка і дынаміка этнічных параметраў

http://baj.ru/belkalehium/kulttrad/vuhlik04-1.htm

План:

1. Гісторыка-культурная стылістыка ў часы да ўзнікнення беларускага этнасу

2. Гісторыка-культурная стылістыка часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай

3. Гісторыка-культурная стылістыка і этнакультурныя працэсы на Беларусі ў ХІХ—ХХ стст.

Як ужо адзначалася вышэй, гісторыка-культурная стылістыка Еўропы зрабіла значны ўплыў на фармаванне этнакультуры беларусаў. Прычым, у нас прысутнічалі ўсе стылі еўрапейскай культуры, за выключэннем, хіба, антычнага.

Істотнае значэнне для фармавання этнакультурнай спецыфікі Беларусі меў і цывілізацыйны фактар — уплыў еўрапейскіх дзяржаўных, прававых, эканамічных і адукацыйных інстытутаў. Цывілізацыйны ўплыў быў значным ужо ў ХV ст. і, безумоўна, спрычыніўся да спецыфікі палітычных, эканамічных мадыфікацый, да фармавання беларускага менталітэту.

1. Гісторыка-культурная стылістыка ў часы да ўтварэння беларускага этнасу

Перыяд Х—ХІІ стст., з якога мы пачнем адлік, вызначаецца відавочнай актыўнасцю цывілізацыйна-культурных працэсаў: фармаванне гарадоў, дзяржаўнасці (княжанняў, якія маглі існаваць і троху раней), а таксама хрысціянізацыя. Да гэтага культура беларускіх зямель знаходзілася па-за межамі актыўнага еўрапейскага антычнага (грэцкага, рымскага) уплываў, раманізацыя яе не закранула, а сувязі абмяжоўваліся нязначнымі перамяшчэннямі тавару і грошай.

Прыняццё ў канцы Х ст. хрысціянства візантыйскага, праваслаўнага, узору ўвяло Беларусь, як і вялікія абшары ўсходнеславянскіх зямель, у свет хрысціянскай цывілізацыі, вялікую ролю ў якой адыгрывала культура Візантыйскай імперыі — спадкаемніцы Рыму, ягонай былой усходняй часткі, што склалася пад моцным уплывам грэцкай культуры. Характар, вынікі ўздзеяння культуры візантыйскага праваслаў'я на культуру Кіеўскай Русі з'яўляюцца да гэтых часоў прадметам актыўнай навуковай палемікі. Прыхільнікі еўрапейскай арыентацыі лічаць, што праз візантыйскае хрысціянства, візантыйскую культуру ўсходнія славяне далучыліся да каштоўнасцяў антычнай еўрапейскай цывілізацыі. Сапраўды, праваслаў'е мае шэраг запазычанняў з грэцкай антычнасці. Дастаткова згадаць неаплатанізм грэцкага філосафа ІІІ ст. Плоціна, значна паўплывалы на праваслаўную тэалогію — у паасобку, на складванне папулярнага на Маскоўскай Русі культу Троіцы, а таксама ісіхазму — своеасаблівага містыцызму, шырока распаўсюджанага ў праваслаўных манастырах і, з пераканання даследчыкаў, дастаткова заўважнага для творчасці Андрэя Рублёва, Феафана Грэка. Разам з тым, візантыйскае праваслаўе было досыць далёкім ад рацыяналізму грэцкіх філосафаў, ставілася да іх як да паганцаў; адрозна ад еўрапейскага каталіцызму, які імкнуўся спалучыць веру і розум, інтэлект, а таму з ХІІІ ст. арыстоцелеўскі рацыяналізм быў афіцыйна ўведзены у тэалогію — найперш праз творы класікаў каталіцкай тэалогіі Фамы Аквінскага і Альберта Вялікага.

Апроч таго, дэталёва распрацаваны рытуал візантыйскага праваслаў'я, наагул татальная рытуалізацыя гэтай рэлігіі, шматлікія ейныя культавыя атрыбуты, а таксама досыць шчыльныя стасункі (а фактычна — зліццё) з дзяржавай і падпарадкаванне ёй маюць вытокі ў культуры сярэднявечнай Візантыйскай імперыі, якая далёка адышлася ад еўрапейскіх рымскіх узораў і насамрэч была цывілізацыяй усходняга кшталту. Таму ёсць падставы сцвярджаць, што візантыйскае праваслаў'е і ягоны ўплыў — пераважна ўсходняга характару, з істотным кампанентам нееўрапейскасці, як гэтую культуру, дарэчы, і ўспрымалі крыжакі — удзельнікі крыжовых паходаў, папросту яе не разумеючы. Таму мы можам аднесці гэты перыяд гісторыі культуры Беларусі да часу дамінацыі культуры ўсходняга і ўсходнееўрапейскага тыпаў.

Разам з праваслаўем на Беларусь прыйшлі пісьменніцтва, рэлігійная, свецкая літаратура, храмавае мураванае дойлідства крыжова-купальнай у аснове канструкцыі, іканапіс, фрэска, хрысціянскае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У культуры Беларусі гэтага часу меліся, аднак, і заходнееўрапейскія элементы, звязаныя з уплывам распаўсюджанага ў Еўропе раманскага стылю. Гэта базілікальныя — раманска-заходнія — простакутнія у плане аб'ёмы і элементы першых мураваных праваслаўных храмаў — Полацкай Сафіі і Спаскай царквы ў Полацку, Каложскай і Ніжняй у Гродне, Дабравешчанскай у Віцебску, раманскія рысы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, досыць вольная — тая, што парушае каноны, кампазіцыя фрэсак.

Мясцовыя прадстаўнікі кліру ведалі старажытнагрэцкіх аўтараў — так, Клімент Смаляціч быў знаёмы з творамі Арыстоцеля, Платона. Такім чынам, з перавагай усходняга ўплыву, у тагачаснай Беларусі ўжо назіралася суіснаванне, утвараўся сінтэз заходнееўрапейскай і ўсходняй культур, а таксама старадаўніх мясцовых традыцый.

Наступны гістарычны перыяд — ХІІІ—ХV стст. — характарызуецца як першая фаза выяўленага пранікнення на беларускія землі заходніх еўрапейскіх уплываў з актыўнай іх перапрацоўкай.

У ХІІІ ст. утварылася Вялікае княства Літоўскае. З цягам часу ягоная палітычная сістэма набыла рысы дэмакратызму, балансу ўлад. Гэтаму спрыялі выбарнасць князя, а таксама наяўнасць “паноў-рады” — дарадчага органу, які у канцы ХV ст. пераўтварыўся ў галоўны орган дзяржаўнага кіравання, што істотна абмяжоўваў уладу князя. Не выключана, што абмежаванне княжай улады, а таксама параўнальна хуткае станаўленне запазычанай у Польшы сістэмы соймаў маюць вытокі ў мясцовых традыцыях старажытнага веча, якое існавала ў Полацку і Віцебску, а таксама, магчыма, і ў іншых гарадах Беларусі. У канцы ХV—пачатку ХVІ стст. аформіўся саслоўна-прадстаўнічы орган княства — сойм; у наступны перыяд аформілася ерархічная сістэма прадстаўнічый улады — паслядоўнае дэлегаванне выбарных дэпутатаў на соймы больш высокай ярархіі.

Хуткаю хадою рухаўся канстытуцыйны працэс — праз прывілеі і судзебнік кадыфікаваліся асновы прававой сістэмы, увасобленыя ў Статутах ХVІ ст., у якіх ужо робяцца відочнымі элементы, скіраваныя на абарону правоў асобы. З канца ХІV ст. у беларускія гарады прыйшло магдэбурскае права — сістэма гарадскога самакіравання, панавалая ў Еўропе. У гэты час пачалося больш інтэнсіўнае пранікненне каталіцызму на беларускія землі, і стаў рухацца складаны працэс усталявання прававога суіснавання яго з праваслаўем.

Значным для складання этнаспецыфічнай сферы беларускай культуры было распаўсюджанне на Беларусі гатычнай культуры — найперш архітэктуры, якая ў канцы ХV—пачатку ХVІ стст. мела своеасаблівыя мадыфікацыі — культавую праваслаўную готыку абарончага тыпу (храмы ў Маламажэйкаве, Сынковічах), інш. Фактычна мы можам казаць пра першую этнічна вызначаную стылёвую навацыю на аснове буйнога еўрапейскага стылю — беларускую готыку. Таксама ў гэты час на Беларусь прыйшоў яшчэ адзін культуравызначальны для еўрапейскай цывілізацыі тып будынку — замак (у Гродне, Наваградку, Лідзе (“кастэль” з прыкметнымі рысамі раманскага стылю), распаўсюдзіліся раманскія “данжоны” — абарончыя вежы. Забудаванне замкаў як сімвалаў асабістай незалежнасці феадалаў, а таксама культавых будынкаў каталіцкай, пратэстанцкай, уніяцкай канфесій акрэслівае мяжу ўласна еўрапейскай культуры ў ейным класічным заходнім варыянце.

Наступнае, ХVІ ст., лічыцца адным з найбольш плённых часоў беларускай гісторыі і культуры, што ў значнай ступені абумоўлена арганічным сінтэзам станоўчых еўрапейскіх уплываў і мясцовых культурных традыцый.

Нарэшце канчаткова аформіліся ў Статуце 1588 г. кіроўная, заканадаўчая, прававая сістэмы дзяржавы, у падмурку якіх ляжалі прынцыпы выбарнасці, трымання законаў, за чым назіралі даволі шматлікія судовыя органы. Адзначым, што, мяркуючы з вялізнай колькасці судовых актаў часоў Вялікага княства Літоўскага, суд быў асноўным месцам вырашэння самых разнастайных канфліктаў, што паўстае адметнай трансгістарычнай рысай еўрапейскай цывілізацыі.

З пэўным польскім культурным уплывам аформілася і паноўнае саслоўе — шляхта, якая складала 10—12% насельніцтва. Гэта, з улікам выбарнага самакіравання гарадоў, самастойнасці кліру, робіць колькасць людзей, якія непасрэдна прымалі ўдзел у кіраванні дзяржавай, ейнымі інстытутамі, параўнальнай з той, што склалася ў іншых краінах Еўропы.

У галіне эканомікі таксама адбыліся вялізныя перамены, якія наблізілі становішча сялянства да еўрапейскага — валочная рэформа 1557 году, надзялялая сялянскія гаспадаркі зямельнымі дзялкамі — валокамі, што замацоўваліся за імі ў якасці падатнай адзінкі. Рэформа падарвала эканамічны падмурак сялянскай абшчыны (грамады), спрыяла развіццю прыватнаўласніцкіх настрояў і, фактычна, зрабіла тое, што і рэформа Сталыпіна ў Расеі праз амаль трыста з паловай гадоў.

Істотныя змены адбыліся і ў рэлігійнай сітуацыі: у краіну з паўночнай Еўропы прыйшоў пратэстантызм, які сваімі накірункамі (кальвінізм, сацыніянства) ахапіў паноўныя слаі грамадства. У значнай ступені дзякуючы верацярпімасці пратэстантаў, у краіне ўмацаваліся прынцыпы рэлігійнай талерантнасці, ідэйнага плюралізму: у княстве знайшлі прытулак шматлікія людзі, пераследаваныя за ідэйныя перакананні.

У гэты ж час канчаткова ўсталяваўся звычай атрымліваць адукацыю за мяжой — прадстаўнікамі рознай па заможнасці і сацыяльным статусе моладзі. Навучаліся найперш ува ўніверсітэтах Чэхіі, Польшчы, Італіі, Германіі, Францыі. Увогуле, прадстаўнікі найзнатных родаў дзяржавы — Радзівілы, Сапегі, Тышкевічы, Храптовічы, іншыя — былі па-еўрапейску адукаванымі і на еўрапейскія ўзоры арыентаванымі людзьмі.

Культурнае жыццё Беларусі ХVІ ст. праходзіла з істотным уплывам культуры еўрапейскага рэнесансу, ягонага паўночнага, звязанага з царкоўнай рэфармацыяй, накірунку. Разам з тым, культура ВКЛ зазнала моцны італьянскі ўплыў, распаўсюджваны дзякуючы магутнай хвалі мігрантаў і пашырэнню адукацыі. На Беларусі сталі шырока вядомыя ідэі гуманізму, свабодамыслення, крытычнага стаўлення да Бібліі. Выданне Ф.Скарынам у 1517 г. першай старабеларускай кнігі ў Празе і ягоная далейшая выдавецкая дзейнасць у гэтым горадзе і ў Вільні, актыўная праца на стварэнне кніг С. Буднага, братоў Мамонічаў сведчаць аб падрыхтаванай глебе для засваення дасягненняў І.Гутэнберга. Пераклад і выданне Ф.Скарынам 22 кніг Бібліі на зразумелай народу мове знаходзіцца ў кантэксце аналагічных працэсаў у Чэхіі, Германіі, іншых еўрапейскіх краінах, адбываных з уплыву пратэстанцкай тэалогіі.

Таксама з уплыву мастацтва рэнесансу на Беларусі з'явіўся жанр партрэту, які паступова пачаў набываць мясцовую, сармацкую спецыфіку, сталі развівацца рэнесансная пластыка, архітэктура (стары замак у Гродне, кальвінісцкія храмы). Еўрапейскі рэалізм, італа-крыцкі арнаментальны фон, паўднёва-еўрапейскія, сербскія ўплывы, а таксама традыцыі візантыйскага іканапісу злучыліся ў творах беларускай іканапіснай школы, яркія ўзоры якой маюць вытокам ХVІ ст.

Тыпалагічна культурная спецыфіка беларускага рэнесансу ўпісваецца ў метакультурную спецыфіку паўночнаеўрапейскага Адраджэння, часткамі якога былі культуры Германіі, Нідэрландаў і якое вызначалася цеснай сувяззю з рэлігіяй.

Працягваў развівацца гэтым часам і папярэдні стыль — готыка. Аформілася канструкцыйнае аблічча славутага помніка беларускай готыкі — Мірскага замку. У Вільні быў збудаваны выдатны помнік пламеннай готыкі — касцёл св.Ганны. У канцы ХVІ ст. на Беларусь, амаль не спазніўшыся, параўнальна з краінамі Еўропы, прыйшло барока: у Нясвіжы збудавалі адзін з найбольш ранніх помнікаў гэтага стылю на ўсходнееўрапейскіх землях — езуіцкі касцёл. Такім чынам, з ХV ст. пачаўся актыўны працэс пранікнення на нашы землі заходнееўрапейскіх гісторыка-культурных стыляў, цывілізацыйных плыняў, якія ўступілі ў плённае ўзаемадзеянне з мясцовай культурай, спарадзілай шэраг арыгінальных міксацыйных артэфактаў.