Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Литература по Идеологии / Этн_чныя параметры беларускай культуры.doc
Скачиваний:
35
Добавлен:
31.05.2015
Размер:
235.52 Кб
Скачать

2. Спецыфічныя рысы паселішчаў і сядзіб

На Беларусі склаўся пэўны характэрны комплекс сельскіх паселішчаў. Асноўныя назвы іх — вёска, сяло, слабада, ваколіца, засценак, мястэчка. Вёска (слова ўзнікла ад старажытнаславянскага “весь”) — асноўны тып вясковага паселішча — гэтак называлася, незалежна ад памераў, кампактнае пасяленне сялян. Зазвычай вёска не мела вялікіх сакральных, адміністрацыйных пабудоў; акрамя сялянскіх сядзіб, у ёй магла размяшчацца, хіба, карчма. Сяло да пачатку ХІХ ст. было досыць пашыранай назвай сельскага паселішча. Ад вёскі яно адрознівалася больш буйнымі памерамі, а таксама наяўнасцю адміністрацыйных устаноў, храмаў, адносна буйных кірмашоў. Пасля правядзення ў ХVІ ст. валочнай рэформы колькасць селішчаў з назвай сяло (хаця там магло не быць адміністрацыйна-культавых устаноў) значна павялічылася — рэформа была зарыентавана на ўтварэнне вялікіх планава дасканалых вулічных пасяленняў. У ХVІІІ ст., у сувязі з неабходнасцю засялення новых зямель пасля спусташальных войнаў ХVІІ і пачатаку ХVІІІ стст., колькасць новазаснаваных селішчаў з такой назвай рэзка вырасла. Разам з тым, пасля далучэння да Расеі сёлы паступова страчвалі свае старажытныя тыпалагічныя прыкметы, і на нашых землях пачала дамінаваць назва вёска. Слабодамі называліся пасяленні, жыхары якіх у ХVІІ—ХVІІІ стст. вызваляліся на пэўны час ад выплаты падаткаў, мелі льготы ў выкананні павіннасцяў з прычыны дрэннай якасці глебы (адсюль, магчыма, этымалогія слова слабада — паслабленні). Пазней слабодамі сталі называцца пасяленні рамеснікаў каля гарадоў, якія адсланіліся ад сельскай гаспадаркі, але не зрабіліся гараджанамі.

Характэранай асаблівацю беларускіх сельскіх паселішчаў з'яўляюцца ваколіцы — невялікія пасяленні дробнай шляхты, зазвычай агароджаныя плотам (там маглі жыць і зямяне, баяры — пераходныя групы паміж шляхтай і сялянамі). Тыпалагічна да ваколіцы быў падобен засценак — пасяленне, узніклае ў выніку “Уставы на валокі” за межамі (“сценамі”) зямлі, адмыслова падзеленай між сялян. Такія дзялкі зазвычай аддаваліся ў арэнду дробнай шляхце. Ваколіцы і засценкі з цягам часу пераўтварыліся ў вёскі ці зніклі. Памежнае становішча ад гораду да вёскі займала мястэчка — адносна буйное селішча, вядомае на нашых землях з ХV ст. Заснаванае па каралеўскім прывілеі (ці самазвана), мястэчка абавязкова наладжвала таргі, а таксама кірмашы. Почасту яно мела й адміністрацыйныя ды культавыя ўстановы, сядзібу феадала. Насельніцтва мястэчка складалі гандляры, рамеснікі, сяляне.

Колькасць мястэчак у старажытнай Беларусі была даволі значнай: у канцы ХVІІІ ст. іх налічвалася блізу 300 (287), аьле маюцца і іншыя лічбы. У ХІХ ст. мястэчкі былі пераведзены ў статус гарадоў, ці вёсак. Адзначым, што сярод традыцыйных беларускіх паселішчаў да канца ХІХ ст. не было хутароў, якія мелі шырокі распаўсюд у суседзяў — напрыклад, ува ўкраінцаў ў ХІХ ст.

Што да памераў паселішчаў, то ім былі ўласцівы рэгіянальныя адрозненні. Там, дзе была праведзена валочная рэформа, — г.зн. у заходніх і цэнтральных частках беларускіх зямель, вёскі вызначаліся адносна буйнымі памерамі — параўнальна з вёскамі паўночнага ўсходу, дзе рэформа цалкам не была праведзена.

Істотныя рэгіянальныя адрозненні бачны і ў планіроўцы пасяленняў. Заўважны ўплыў на характар планіроўкі зрабіла валочная рэформа, дзякуючы якой на паўднёвым захадзе і часткова на паўночным захадзе ды ў цэнтральнай Беларусі павялічылася колькасць вёсак з вулічнай планіроўкай, дзе сядзібы ішлі ўздоўж адной вялікай вуліцы, а насупраць ставіліся гаспадарчыя збудовы (так было, калі валоку трымаў адзін гаспадар), ці хаты — уздоўж вуліцы насупраць адна адной. На паўночным усходзе і ўсходзе вёскі былі параўнальна невялікімі, а планіроўка — аднарадная — уздоўж берагоў шматлікіх рэк і азёр, а таксама — бессістэмная. Разам з тым, меліся і вёскі з вулічнай планіроўкай.

Планіроўка сядзібы таксама мела істотныя рэгіянальныя адрозненні, звязаныя з папярэднімі асаблівасцямі. Увогуле на Беларусі вылучаюцца наступныя тыпы планіровак: пагон — калі ўсе будынкі ставяцца ў адзін рад (пагон бывае аднарадны, двухрадны, трохрадны), вяночны (двор утварае замкнёны абшар), Г-падобны, свабодны, з нязвязанымі пабудовамі. У Цэнтральнай Беларусі, Панямонні, Палессі — там, дзе была праведзена валочная рэформа,— бытаваў пагон, які й рэкамендаваўся палажэннем рэформы, калі сядзіба мусіла размяшчацца побач з замацаванай валочнай зямлёй. Даўжэзныя пагоны, што мясціліся ў шэраг адзін за адным уздоўж наўпростай доўгай вуліцы, складалі асаблівасць традыцыйнай сельскай забудовы адзначаных беларускіх рэгіёнаў. Двухрадны пагон, калі будынкі сядзібы ішлі двума паралельнымі радамі, быў у большай ступені распаўсюджаны ў паўночна-ўсходніх раёнах Беларусі. На паўночным усходзе панаваў вяночны тып забудовы, адзначаны даследчыкамі ў канцы ХVІІІ ст. у Полацкім намесніцтве і Крычаўскім графстве.

Наяўнасць на досыць вялікіх абшарах — цэнтральных і заходніх землях Беларусі — кампактнага кангламерату адносна вялікіх вёсак з вулічнай планіроўкай і пагонным планіровачным тыпам сядзібы істотна адрознівала гэты рэгіён ад зямель этнічных суседзяў — найперш украінцаў, у якіх у ХVІІІ ст. паноўным быў хутарскі тып сельскіх пасяленняў.

Тыповы набор гаспадарчых пабудоў таксама вылучаўся рэгіянальнымі і этнаспецыфічнымі характарыстыкамі. У яго ўваходзілі хата, да якой прымыкалі камора ці варыўня, клець (на захадзе называлася свіран), хлявы (хлеў для коней — стайня), павець, адрына ці пуня — збудова для захавання сена, пограб (склеп), гумно з сушылкай (ёўняй, асеццю) ці без яе, лазня, калодзеж (студня); двор быў абгароджаны плотам, замётам. У ХVІІ—ХVІІІ стст. меліся і спецыяльныя ямы-сховішчы, у якіх наводдаль ад вёскі, у глухіх месцах, хавалі ежу і прадметы хатняга ўжытку — асабліва падчас ваенных дзеянняў.

За межы сядзібы выносіліся гумно (яно часта стаяла праз вуліцу, насупраць хаты), пуня, калодзеж (мог размяшчацца побач з пуняй). Пры гумне — сушыльні. Адмысловыя прыстасаванні для сушкі зерня — азяроды (канструкцыя з гарызантальных слупоў, змацаваных гарызантальнымі жэрдкамі, між якіх замацоўваліся снапы) былі пашыраны ў Цэнтральнай Беларусі, на Ўсходнім Палессі.

Лазні былі найбольш вядомы на ўсходзе і ўсходняй поўначы Беларусі. У заходніх раёнах мыліся ў хатніх печах, вялікіх карытах, улетку — у вадаёмах. Для мыцця маглі выкарыстоўваць і ёўню — там была печ для сушкі збожжа. Адсутнасць лазні ў гэтым рэгіёне этнакультурна набліжала яго да зямель памежнай Украіны.