- •Этнічныя параметры беларускай культуры ў гістарычным аспекце
- •Лекцыя 1. Этнакультурныя параметры
- •1. Паняцце і віды этнічнасці і этнакультурнай спецыфікі
- •2. Асноўныя фактары этнакультурных працэсаў
- •Лекцыя 2. Спецыфічныя рысы традыцыйна-побытавай культуры беларусаў. Жытло.
- •1. Генезіс характэрных рыс традыцыйнага жытла
- •2. Спецыфічныя рысы паселішчаў і сядзіб
- •3. Спецыфічныя рысы хаты
- •Лекцыя 3. Адзенне. Сельскагаспадарчая тэхніка
- •1. Этнакультурныя аспекты традыцыйнага адзення
- •2. Этнакультурныя аспекты сельскагаспадарчай тэхнікі
- •Лекцыя 4. Гісторыка-культурная стылістыка і дынаміка этнічных параметраў
- •1. Гісторыка-культурная стылістыка ў часы да ўтварэння беларускага этнасу
- •2. Гісторыка-культурная стылістыка часоў вкл і Рэчы Паспалітай
- •3. Гісторыка-культурная стылістыка хіх—хх стст.
2. Асноўныя фактары этнакультурных працэсаў
Фактары, што ўплываюць на характар этнакультурных працэсаў, маюць сутнасна аднолькавы характар: прыродны — уплыў характэрных прыродных умоў на складванне культурных, псіхалагічных асаблівасцяў этнасу; палітычны ці геапалітычны, звязаны з метапалітычнай лакалізацыяй этнасу і краіны. Яшчэ адзін фактар — метакультурны — звязаны з характарам этнакультурных маркераў дадзенай культуры, ейным тыпам — усходнім, традыцыйным, ці заходнім, адкрытым. Кожны з гэтых фактараў рэалізуецца па-свойму, і дзеянне кожнага з іх неаднолькавае. Для беларускага этнасу найбольш вызначальнымі ёсць прыродны, геапалітычны, рэлігійны і цывілізацыйны фактары.
Традыцыйна сярод галоўных фактараў фармавання этнакультурнай спецыфікі называецца прыродны. Для беларускага этнасу прыродны фактар — адзін з самых вызначальных. Адметныя рысы беларускага прыроднага асяроддзя — вярхоўі басейнаў вялікіх рэк і наяўнасць трох асноўных (паводле вядомага беларускага географа А.Смоліча) тыпаў беларускіх краявідаў — лесастэпу, марэннага краю і палесся. Тое, што праз Беларусь праходзяць шматлікія рэкі — найперш Днепар і Дзвіна — адыграла вялікую ролю ў этнакультурнай гісторыі Беларусі: праз першую здаўна праходзіў вялікі шлях з Візантыі ў Паўночную Еўропу, праз другую — ажыццяўляўся кантакт паміж усходам і захадам. У часы бронзавага веку менавіта па Дняпры прыйшлі на землі Беларусі індаеўрапейцы; на рэках былі заснаваны старадаўнія беларускія гарады. Рачны транзіт праз беларускія землі садзейнічаў улучэнню нашых зямель у сістэму шырокага гандлёвага абмену, а значыць — у сістэму культур і цывілізацый усходу і захаду. Паказальна, што першыя асаблівасці старабеларускай мовы выяўляюцца ў тэкстах гандлёвых пагадненняў Полацку з Рыгай.
Асноўную частку беларускіх зямель займае лес, і гэта абумовіла пэўную замкнёнасць, стрыманасць, адсутнасць відочнай экспрэсіі ў беларускай ментальнасці.
Беларускія палі небагатыя на пладародную чарназёмную глебу, у іх шмат пяску, і дзеля добрага ўраджаю яны патрабуюць сістэматычнай апрацоўкі, угнаення. Гэта патрабавала ўпартасці, працавітасці, што і ўласціва беларускаму селяніну.
Геаграфічнаму, паводле свёй значнасці, не саступае і геапалітычны фактар — размешчанасць Беларусі паміж двума вялікімі метакультурнымі ўтварэннямі — усходам (Расеяй) і захадам (Еўропай). Гэта становішча акрэслілася прыкладна з 13 ст., калі на заходніх межах Беларусі пачала ўсталёўвацца заходняя цывілізацыя, прынесеная нямецкімі рыцарамі і засвоеная народамі Прыбалтыкі, а таксама палякамі. Фармальна гэта праявілася ў распаўсюджанні каталіцызму, усталяванні феадальных сеньярыяльных, прыватнаўласніцкіх грамадскіх адносін, пранікненні раманскага і гатычнага стыляў. Метакультурная спецыфіка Беларусі фармавалася з падставы таго, што ў розныя перыяды свайго існавання краіна знаходзілася пад уплывам пераважна аднаго з гэтых вялікіх цывілізацыйных утварэнняў.
Рэлігійны фактар, што накладаецца на культурны, сацыяльны, таксама мае істотная значэнне. За часам феадальнага грамадства, калі мела месца значная сацыяльная стратыфікацыя, і этнічнасць ідэнтыфікавалася з канфесійнай прыналежнасцю, ці, нават замяняла яе, культурны, рэлігійны і сацыяльны параметры наслойваліся адзін на адзін, узмацняючы сепарацыю этнічнага арганізму і ўскладняючы працэс ягонае кансалідацыі.
Так ці інакш, гэтыя працэсы адбываліся ва ўсіх народаў Еўропы — асабліва ж з прышэсцем хрысціянства. Дастаткова згадаць Францыю, дзе ў пэўныя гістарычныя перыяды рэлігійнае сумяшчалася з сацыяльным, палітычным, субэтнічным. Так было падчас стогадовай вайны, калі бургунцы ўзялі хаўрус з англічанамі, падпарадкавалі Нідэрланды і фактычна супрацьпаставілі сябе маладому францускаму этнасу. Рэлігійныя войны 16—17 стст. паміж каталікамі і пратэстантамі (гугенотамі) у значнай ступені былі выкліканы палітычным фактарам — нездаваленнем часткі дваранства жорсткай цэнтралізацыйнай палітыкай каралеўскага двара, імкненнем да захавання рэгіянальнага самакіравання. Па сутнасці, прастэнтантызм з ягонай апалогіяй актыўнай жыццядзейнасці, жыццёвага поспеху быў ідэйнай асновай незалежніцкіх, сепаратысцкіх памкненняў дваранства і буржуазіі. Рэлігійнае можа сумяшчацца з сацыяльным — у якасці прыкладу можна падаць гусіцкі рух, асноўнай базай якога былі прадстаўнікі ніжніх слаёў тагачаснай грамадскай ярархіі. Наагул, у феадальным грамадстве, калі мець на ўвазе хрысціянскія дзяржавы, назіралася сацыяльна-рэлігійная сепарацыя: існавалі рэлігія “народу” і рэлігія дваранства. Першая ўлучала істотны слой языцкай абрадавасці, другая вылучалася рытуальнай кананічнасцю. Канечне, у вышэйшых класах таксама былі распаўсюджаны магія, шматлікія паганскія рытуалы, аднак яны асэнсоўваліся як ценявы бок светаўспрымання і дакладна адасабляліся ад рэлігійнага канону.
Не абышлі гэтыя працэсы і Беларусі. Дыферэнцыяцыя этнасу па комплексе сацыяльных, канфесійных, культурных і моўных маркераў трагічна дэзінтэгравала беларускую культуру цягам 17—18 стст. Калі шляхта і часткова гараджане вызнавалі пераважна каталіцызм, размаўлялі па-польску ці, пазней, па-руску, арыетнаваліся на еўрапейскую культуру, то сялянства хілілася да ўніяцтва ці, пазней, да праваслаў'я, размаўляла на тутэйшай, беларускай, мове і ў культурным сэнсе было кансерватыўным. Хаця, калі прааналізаваць вытокі такой сітуацыі, мы не знойдзем у глыбокай старажытнасці нейкіх спецыфічных асаблівасцяў, якія генетычна абумовілі б такі падзел. Характар асіміляцыі на нашых землях меў пераважна мірны, арганічны характар і не прыводзіў да рэлігійнай, этна-сацыяльнай (з прынцыпу — этнас кіроўны і падпарадкаваны) сепарацыі. Языцкая рэлігія, з індаеўрапейскім з паходжання пантэонам, недыхатамічная культура рэгіёнаў крывічоў, радзімічаў, дрыгавічоў — усё гэта не давала падставы для з'яўлення рэлігійна-культурнай апазіцыйнасці. Прысутнасць на нашых землях плямёнаў, што захавалі субстратныя характарыстыкі,— літвы, яцвягаў — не ўспрымалася культурна варожа. Жорсткае вынішчэнне яцвягаў гэтаксама было барацьбой перш-наперш за уладу, тэрыторыю. Цікава ў гэтай сувязі адзначыць, што галоўнымі ворагамі Ўсяслава былі кіеўскія князі, а не суседнія язычнікі-балты.
Прыняццё хрысціянства візантыйскага ўзору не дыферыенцыявала тутэйшых людзей з рэлігійнай прыкметы. Гараджане пад кіраўніцтвам кліра паступова далучаліся да новай веры, большасць вяскоўцаў, прымаючы новую рытуалістыку, працягвалі захоўваць языцкую сутнасць веры. Гэта істотна адрознівала Беларусь ад каталіцкай Еўропы, дзе супраць паганцаў — суседзяў-балтаў — нямецкімі крыжакамі вяліся войны на вынішчэнне. Адсутнасць рэлігійнай варажнечы тлумачыцца спецыфікай праваслаўнай хрысціянізацыі — ейным марудным і асістэмным характарам. Працяглы час хрысціянізацыю праводзіла нязначная колькасць афонскіх манахаў, якія так і не стварылі моцных рэлігійна-асветніцкіх устаноў (Кіева-Магілянская акадэмія ўтварылася праз шмат стагоддзяў), моцнага мясцовага прапаведніцкага кліру.
Адсюль неканфліктны характар стасункаў хрысціянскага і паганскага верванняў, тэндэнцыя да іх паступовага сінтэзу (дастаткова падаць у якасці прыкладу казанні Кірылы Тураўскага, насычаныя языцкімі вобразамі).
Такім чынам, этнічнасць беларусаў складалася як у выніку агульнаэтнічных фактараў і працэсаў, атрымалых на нашых землях спецыфічную інтэрпрэтацыю, так і ў выніку характэрных мадыфікацый разнастайных культурных фактараў.
Літаратура
1 . Бромлей Ю.В. Очерки теории этноса. —М.,1985.
2. Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. —Мн., 1984.
3. Конон В.М. От ренессанса к классицицзму. —Мн., 1982.
4. Этнаграфія беларусаў. Гістарыяграфія, этнагенез, этнічная гісторыя. —Мн., 1986.
