Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Литература по Идеологии / Этн_чныя параметры беларускай культуры.doc
Скачиваний:
27
Добавлен:
31.05.2015
Размер:
235.52 Кб
Скачать

17

Этнічныя параметры беларускай культуры ў гістарычным аспекце

Ігар ВУГЛІК

Лекцыя 1. Этнакультурныя параметры

http://baj.ru/belkalehium/kulttrad/vuhlik01-1.htm

План:

1. Паняцце і віды этнічнасці і этнакультурнай спецыфікі

2. Асноўныя фактары этнакультурнай спецыфікі

1. Паняцце і віды этнічнасці і этнакультурнай спецыфікі

Праблема этнаспецыфічных кампанентаў культуры — адна з найбольш складаных у этналогіі. Гэта тлумачыцца тым, што яна тычыцца фундаментальных аспектаў функцыянавання этнасу — найперш тых, што звязаны з ягонай самаідэнтыфікацыяй. У мадэрнізацыйныя эпохі еўрапейскага грамадства гэтая тэматыка дасягнула свайго апагею,культуралагічна ўвасобіўшыся ў стылях рамантызму і мадэрнізму. Гэты час сінтэзу нацыі і дзяржаўнасці надаў праблеме нацыянальнай спецыфікі асаблівую актуальнасць, якая, крыху знізіўшыся ў постмадэрнавую эпоху мультыкультуралізму і глабалізацыі, тым не менш, захоўвае сваё значэнне для этнасаў, што яшчэ знаходзяцца ў пошуку вытокаў і канцэптаў сваёй нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.

Відаць, гэта тычыцца і беларускага этнасу, для якога застаюцца ў пэўнай ступені актуальнымі праблемы беларускай ідэі, беларускага шляху ці, прынамсі, нацыянальных інтарэсаў — г.зн. праблемы, невырашальнай без аналізу спецыфікі беларускага этнасу ў гістарычнай дынаміцы. Гэта тым больш актуальна, што ў беларускай навуцы пакуль няма комплекснага, сістэмнага даследавання этнічнай спецыфікі беларускай культуры. Маюцца істотныя напрацоўкі ў дачыненні да этнічнай спецыфікі традыцыйнай культуры беларусаў, беларускага мастацтва, але дзеля сапраўднага аналізу спецыфікі этнасу патрэбен менавіта комплексны, сістэмны аналіз этнічнасці — з тым, каб акумуляваць ейныя рысы ў дачыненні да ўсяго этнасу і разнастайных відаў ягонае культуры.

Культура этнасу складаецца з шэрагу пластоў, якія ў рознай ступені насычаны этнічным зместам і, адпаведна, выконваюць адрозныя этнакультурныя функцыі. Гэтыя культурныя страты ўзаемадзейнічаюць адна з адной, уступаюць у сінтэз, утвараюць міксацыйныя комплексы з рознымі прасторавымі і часавымі параметрамі; у розныя перыяды на першы план у этнакультурнай палітры выходзяць розныя кампаненты культуры, якія і абумоўліваюць актуальную этнічную спецыфіку.

Перадусім можна вылучыць паняцце этнічнай культуры. Пад ім разумеюцца ўласна этнаспецыфічныя, характэрныя для гэтай культуры кампаненты, што складаюць этнакультурную адметнасць этнасу. Гэты слой культуры з'яўляецца рэферэнтным пры фармаванні этнічнай самаідэнтыфікацыі. Ахоплівае ён даволі шырокае кола этнічных індыкатараў — ад з'яў побыту і матэрыяльнай культуры — да псіхалогіі і менталітэту. Трэба, аднак, адзначыць, што культурных элементаў, уласцівых толькі аднаму этнасу, надзвычай мала, і цяпер, з развіццём міжэтнічнай інтэграцыі, глабалізацыі, робіцца ўсё меней. Тым не менш, найперш трэба назваць тут асноўны кампанент этнакультурнай спецыфікі этнасу — мову. Што да помнікаў матэрыяльнай і духоўнай культуры, дык яны ў значнай ступені маюць міжэтнічны, метакультурны характар распаўсюджання, і можна казаць толькі пра перавагу таго ці іншага кампаненту ў культуры этнасу.

Асноўная функцыя этнічнай культуры — захаванне дыяхроннай пераемнасці, што забяспечвае кантынуальнае існаванне этнасу і ягоных адметных кампанентаў у розныя эпохі. У паасобку, з цягам часу пэўныя этнаспецыфічныя рысы знікаюць, трансфармуюцца, пераходзяць у стан поліэтнічных. Паралельна ідзе працэс утварэння новых этнаспецыфічных рыс, і адбываецца стабілізацыя іх у часе і прасторы.

Дынаміка этнаспецыфічных кампанентаў у беларускай культуры выразна карэлюе з адпаведнымі эпохамі (зменамі) у культурным, эканамічным, палітычным жыцці Еўропы, Усходу, а таксама з этапамі ўласнай этнічнай гісторыі і этнагенезу беларусаў. У перыяд этнагенезу на складванне этнічнай спецыфікі беларусаў паўплываў балцкі субстрат — прысутнасць з бронзавага веку на нашых землях балцкіх плямёнаў, якія пазнейшым часам сталі вядомыя пад назвамі літва, яцвягі. Такія з'явы, як даўгія курганы, дамы слупавой канструкцыі, культ змей, гідраніміка, інш., звязаны — лічаць даследчыкі — з балцкім уплывам.

Надалей на складванне ядра этнакультурнай спецыфікі беларусаў паўплывалі асаблівасці мовы і культуры крывічоў, а таксама, у меншай ступені, дрыгавічоў і радзімічаў.

З утварэннем Вялікага княства Літоўскага, калі беларускія землі ўвайшлі ў поле еўрапейскіх культурных уплываў, на спецыфіку складання беларускага этнасу ў 13—15 стст. (ці 16 ст.) паўплывалі еўрапейскія палітычныя, эканамічныя, рэлігійныя, мастацкія з'явы і працэсы, уступілыя ў міксацыйнае ўзаемадзеянне з мясцовай, а таксама усходняй, праваслаўна-візантыйскай, традыцыяй. Склалася характэрная сістэма дзяржаўнага ўладкавання, адлюстраваная ў Статутах, сфармаваўся спецыфічны менталітэт, заснаваны на верацярпімасці, талерантнасці, узнікла старабеларуская літаратурная, спраўная мова, паўстала уніяцтва, развіваліся архітэктура беларускай готыкі, барока, партрэтны жывапіс, беларуская іканапісная школа, характэрнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, беларускае ракако, інш.

З улучэннем беларускіх зямель у склад Расеі і пад уплывам падзей другой паловы 19 ст., звязаных са стварэннем новай беларускай культурнай рэчаіснасці, вялікую вагу ў фармаванні беларускай этнічнасці пачалі набываць традыцыйна-пабытовая культура, а таксама “народная” мова, на грунце якое склалася сучасная беларуская мова. Ува ўмовах каланіяльнай палітыкі Расеі ў дачыненні да беларускіх зямель найперш фальклор і этнаграфічныя адметнасці сталі адыгрываць этнакансалідавальную і этнацэнтрычную ролю ў дынаміцы беларускага этнасу. Тым самым часам у беларускай культуры 20 ст. адбываліся мадэрнавыя працэсы: у жывапісе выявіліся беларускія сюррэалізм, абстракцыянізм, экспрэсіянізм, неаімпрэсіянізм, неарэалізм, беларускі канструктывізм.

Побач з этнаспецыфічнай культурай у сістэме этнасу існуе значны ў памерах пласт, які называецца поліэтнічнай культурай. Ён улучае шырокае кола з'яў, распаўсюд якіх выходзіць за межы існавання культуры аднаго этнасу, і лучыць гэты этнас з іншымі этнакультурнымі ўтварэннямі. Гэтая культурная страта з пераходам этнасаў у фазу індустрыяльнага грамадства робіцца ўсё больш значнай, а ў эпоху постмадэрнавага глабалізму з'яўляецца дамінантнай.

Поліэтнічны слой культуры ў сэнсе рэпрэзентацыі аўтахтоннай этнічнасці паўстае другасным. Але ягоная якасная насычанасць сведчыць пра ступеню інтэграванасці культуры этнасу ў абшар культурных, цывілізацыйных дасягненняў свайго часу. Для эпохі цывілізацый менавіта прысутнасць поліэтнічнага слою культуры, ягоных тэхналагічных, навуковых кампанентаў ёсць перадумовай развіцця якаснага ці творчага патэнцыялу этнасу. Паміж іншага, дасягненні цывілізацыі досыць часта абарочваюцца ў сродак нівеліроўкі этнічнай спецыфікі, нават знікнення этнасаў, як тое, напрыклад, адбылося за часамі раманізацыі кельтаў і германцаў у Еўропе. Тым не менш, сістэматычнае паджыўленне поліэтнічнага культурнага слою падаецца неад'емнай часткай якаснага развіцця этнасу.

Праблема поліэтнічнай культуры набыла асаблівую актуальнасць у сувязі з тэорыяй дыфузіянізму, згодна з якой культурныя дасягненні распаўсюджваюцца ў свеце з некалькіх асноўных цэнтраў. Падаецца, гэта тэорыя досыць актуальная для краін, уваходзілых у еўрапейскую культурную супольнасць: культурныя і цывілізацыйныя дасягненнні, як вядома, з некаторых еўрапейскіх краін-эпіцэнтраў пашыраліся па іншых краінах Еўропы і за ейныя межы.

У сувязі з гэтым можна адзначыць пэўныя фазы пранікнення метакультурных поліэтнічных уплываў на беларускія землі. Першая фаза звязана з распаўсюдам візантыйскага праваслаў'я, хрышчэннем Русі. Разам з гэтай падзеяй да нас прыйшлі такія цывілізавальныя з'явы, як пісьменнасць, адукацыя, каменнае дойлідства, літаратура, мастацтва, — усё тое, што ўвяло наш край у сістэму еўрапейскіх культурных каардынат. У гэты ж час на нашы землі пачалі пранікаць заходне-еўрапейскія культурныя плыні. А ў эпохі готыкі, рэнесансу, барока, класіцызму, Асветніцтва, рамантызму заходне-еўрапейскі ўплыў быў ужо вызначальным.

Еўропа паступова пераўтварылася ў суцэльную тэрыторыю прадукавання культурных дасягненняў: месца асноўных краін-данатараў (Англіі, Францыі, Германіі, Іспаніі) недзе з эпохі барока — часу, калі наша краіна актыўна інтэгравалася ў Еўропу, а еўрапейская супольнасць заняла месца поліэтнічнага і метакультурнага дыфузіянісцкага цэнтра, дзе данатарамі выступалі ўжо і адносна невялікія краіны: Галандыя (палітычныя, тэхналагічныя дасягненні, выяўленчае мастацтва), Чэхія (чэскае барока).

У наступны гістарычны перыяд вызначальным для Беларусі зрабіўся ўсходні, расейскі ўплыў, які з канца 20 ст. пачаў суседзіць з еўрапейскім.

Поліэтнічная культура вызначаецца таксанамічнай ды ерархічнай структурай, у ёй вылучаюцца розныя па якаснай, прасторавай насычанасці і лакалізацыі страты. Так, культура Беларусі ў розныя часы ўваходзіла ва ўсходнееўрапейскі, ўсходнерасейскі культурныя арэалы, а таксама ў больш значныя па аб'ёме еўрапейскі і азіяцкі (ці ўсходні — за часам СССР) метакультурныя арэалы. Такім чынам, атрымліваецца досыць шматслойная сістэма розных культурных напластаванняў, дзе ў гарызантальным і вертыкальным зрэзах сумяшчаюцца розныя па таксанаміі і этнічнай значнасці культурныя кампаненты.

Як вядома, Беларусь традыцыйна з'яўляецца ўнітарнай краінай: яна не зазнала канфедэрацыйнага падзелу, тым больш,— падзелу паводле этнічных прыкметаў. Аднак гэта не адмаўляе наяўнасці на нашых землях лакальна своеасаблівых рэгіёнаў, нават такіх, што маюць субэтнічную спецыфіку.

Ад старажытных часоў на тэрыторыі Беларусі існавалі лакальна-субэтнічныя ўтварэнні, найперш — племянныя. З часоў жалезнага веку мы можам казаць пра магчымыя саманазвы носьбітаў археалагічных культур, вядомых нам з вопісу 5 ст. да н.э., зробленага Герадотам у ягонай “Гісторыі”. Хутчэй за ўсё, да нашых зямель належалі плямёны, называныя ім неўрамі (раз на год ягоныя прадстаўнікі пераўтвараліся ў ваўка), будзіны, меланхлены, андрафагі. За пазнейшым часам славянскай каланізацыі, распачатай з 6 ст. н.э., на нашых землях лакалізаваліся плямёны ці, хутчэй, саюзы плямёнаў — крывічы, дрыгавічы, радзімічы, а таксама існавалі, напэўна, аўтахтонныя: літва, яцвягі. Пасля ўтварэння беларускага этнасу ў 13—15 стст. беларуская тэрыторыя была падзелена на рэгіёны, жыхары якіх мелі пэўныя эттнаграфічныя і субэтнічныя адрозненні. Перш-наперш гэта Палессе, якое на мапах 17 ст. вызначалася асобна і падзялялася ўжо тады на заходняе і ўсходняе. За паўночна-ўсходнімі землямі замацавалася назва Белая Русь, і насельніцтва іх з 16 ст. называла сябе беларусцамі (беларусамі). Радзей ужывалася поліэтнічная, канфесійная беларуска-ўкраінская назва — русіны. Цэнтральныя і заходнія землі называліся Літвой, а насельнікі іх менавалі сябе пераважна ліцьвінамі. Асобна вылучаліся вобласць Гарадзеншчыны і часткова Наваградчыны, называныя з 13 ст. Чорнаю Руссю, але саманазвы, утворанай ад гэтага вызначэння, не зафіксавана. За гэтымі праявамі лакальна-этнаграфічнай, субэтнічнай самасвядомасці стаялі пэўныя асаблівасці матэрыяльнай (тып жытла, вопраткі, гаспадарчых тэхналогій) і духоўнай (звычаі, абрады, фальклор, веравызнанне) культур. Канечне, гэта не былі, за выключэннем, магчыма, Палесся, субэтнасы — у класічным сэнсе слова. Хутчэй за ўсё, гэта былі этнаграфічныя рэгіёны са складанай сістэмай самасвядомасці, якая ўлучала агульнадзяржаўны палітонім і гісторыка-культурныя вызначэнні (Літва, Белая Русь, Русь), урбанонімы.

Такім чынам, са старажытных часоў лакальна-культурны элемент займаў істотнае месца ў этнакультурнай палітры Беларусі. Надалей, пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і з нарастаннем інтэграцыйных працэсаў, субэтнічны кампанент, за выключэннем Палесся, знікае. Разам з тым, адбываліся лакальна-культурныя падзелы — як макрамаштабныя (падзел на Заходнюю і Ўсходняю Беларусь), так і ніжэйшага ўзроўню (падзел Беларусі на лакальна-этнаграфічныя рэгіёны). Згодна з даследаваннямі этнографаў, іх налічваюць шэсць.