Польшча квітнее лацінаю, Літва красуе русчызнаю Бяз той у Польшчы не пражывеш а без гэтай у Літве дурнем будзеш
Важна, што верш Пашкевіча быў апублікаваны на палях Статута Вялікага Княства Літоўскага 1529 - напісаным па-старабеларуску зводзе законаў - і важным сымбалі незалежнасьці ВКЛ ад Польшчы [65]. Тыповым прадстаўніком русінскага пратэстантызму можа служыць Хведар Еўлашоўскі кальвініст і праўнік з Наваградку. Адзін зь вядомых даўніх беларускіх пісьменьнікаў, аўтар першых мэмуараў на старабеларускай мове, Еўлашоўскі быў шчыльна зьвязаны з праваслаўнай культурай. Ён атрымаў пачатковую адукацыю ў "русінскай школе, бо ў гэты час не было іншых школаў у нашай зямлі". Ягоны бацька Міхаіл, стаў праваслаўным япіскапам Пінска і Турава [66]. Нічога дзіўнага не было ў тым, што праваслаўныя сьвятары карысталіся пэўнымі рэфарматарскімі рукапісамі, напрыклад, Новым Запаветам у перакладзе шляхціца-арыяніна Валенція Негалеўскага [67]. Першы русін, які назваў сябе беларусам таксама быў не праваслаўны, а вядомы кальвінскі пісьменьнік Салямон Рысінскі (Solomo Pantherus Leucorussus, 1569-1626). Рысінскі нарадзіўся ў Віцебскім павеце, або, зь ягоных словаў "у багатай на лясы і жывёлу Русі, каля мяжы з халоднай Масковіяй"; атрымаў доктарскую ступень ва ўнівэрсытэце Альтдорфа, а пасьля вяртаньня зрабіўся зрабіўся настаўнікам пры двары Радзівілаў [68]. Так званы "этнічны ліцьвін" Януш Радзівіл з энтузіязмам чытаў русінскія кнігі з бібліятэкі праваслаўнага манастыра ў Супрасьлі [69]. Януш Радзівіл, які паходзіў з магнацкага роду, валодаў маёнткамі ў розных этнічных рэгіёнах і выхоўваўся па чарзе ў ліцьвінскай і русінскай частках дзяржавы. Такім чынам, ягоная тоеснасьць грунтавалася на падставе ўспрыманьня ўсяго Княства як адзінай дзяржавы. Зьяўляючыся ўнукам Васіля Астроскага, галоўнага абаронцы праваслаўя, Радзівіл лічыў сваім абавязкам падтрымаць праваслаўную царкву. Няглядзячы на гэтыя факты, сучасныя беларускія дасьледчыкі вінавацяць пратэстантаў у палянізацыі [70]. Сапраўды польская мова дамінавала ў пратэстанцкіх колах, але разам з гэтым у XVII ст. адбывалася самапалянізацыя ўсіх астатніх канфэсійных групаў шляхты, уключаючы і праваслаўных.
Войны Рэчы Паспалітай з Расеяй і Швэцыяй (1654-1667) былі катастрофай для Беларусі і Літвы. ВКЛ страціла 48,4% насельніцтва. На ўсходзе Беларусі гэтая лічба дасягнула 72% [71]. Войскі маскоўцаў і ўкраінскія казакі зьнішчылі ўсе друкарні, якія выдавалі кнігі кірыліцай і разбурылі шэраг пратэстанцкіх рэлігійных і культурных асяродкаў. Больш за тое, гэтыя войны паклалі канец палітычнаму супрацоўніцтву пратэстантаў з праваслаўнымі. Калі пачалася вайна паміж Рэччу Паспалітай з аднаго боку і Расеяй і Ўкраінай - з другога, пратэстанцкая шляхта спрабавала ўсталяваць патаемную сувязь са Швэцыяй [72]. Януш і Багуслаў Радзівілы, якіх падтрымлівала пратэстанцкая шляхта, зьвярнуліся да швэдзкага караля Карла Х з просьбай дамагчы ВКЛ палітычна адасобіцца ад Польшчы. Швэдзкае войска ўвайшло ў заходнюю частку ВКЛ (сучасная Літва і паўночна-заходняя Беларусь). 20 кастрычніка 1655 г. была падпісана вунія ў Кейданах, паводле якой гістарычная Літва адасаблялася ад Польшчы і аб'ядноўвалася з лютаранскай Швэцыяй у фэдэратыўную дзяржаву [73]. Невыпадкова, што беларускія гандляры зь Вільні ("ryska kopman av Vilna") падтрымалі саюз ВКЛ са Швэцыяй.
У сваю чаргу, абсалютная большасьць той буйной арыстакратыі, з тых хто падпісаў Кейданскую вунію, былі пратэстантамі. У той самы час найбуйнейшыя русінскія магнаты Самуэль Статкевіч, Ян, Самуэль і Сымон Агінскія супрацоўнічалі з Расеяй або гетманскай Украінай. У выніку, пасьля гэтых войнаў пратэстантаў і праваслаўных можна было зьвінаваціць у супрацоўніцтве з двума галоўнымі ворагамі Польшчы: Швэцыяй і Расеяй. Пачалася моцнай антыпратэстанцкая і антыправаслаўная прапаганда. Каталіцкая царква лічыла швэдзкае і расейскае ўварваньне карай Божай за дазвол пратэстантам жыць спакойна. У рэшце рэшт большая частка пратэстанцкай шляхты перайшла ў каталіцтва, забраўшы з сабой парафіі, якія знаходзіліся на іх землях, а таксама многіх сваіх падданых. Апошні пратэстанцкі сэнатар Ян Сасноўскі перайшоў у каталіцтва ў 1664 г.. У 1667 г. памёр праваслаўны сэнатар Аляксандар Агінскі. Ён быў апошнім сэнатарам-некаталіком у гісторыі польска-літоўскай Рэчы Паспалітай. У 1669 г. апошняга праваслаўнага магната МарцыянаАгінскага прымусілі перайсьці ў каталіцтва. Ён мусіў выбіраць паміж рыма-каталіцкай і грэка-каталіцкай царквой [74].Без магутных заступнікаў пратэстанцкая і праваслаўная цэрквы былі безабаронныя перад атакамі каталікоў. Больш за 10 гадоў, пачынаючы ад 1678 г. адзіная праваслаўная эпархія Беларусі ўвогуле ня мела япіскапа [75].
Напрыканцы XVII ст. пратэстанцкая і праваслаўная шляхта паступова зрабілася нязначнай рэлігійнай меншасьцяй. Котррэфармацыя атрымала перамогу [76]. У той час каля 15 студэнтаў кальвіністаў з ВКЛ навучаліся ва ўнівэрсытэтах Заходняй Эўропы: 4 - у Ляйдэнскім унівэрсытэце, 3 - у Магдэбурскім унівэрсытэце, 2 - ва ўнівэрсытэце Франкфурта на Одэры, яшчэ 2 у Ёхімстальскай гімназіі Бэрліну [77]. У тых, умовах , якія склаліся ў краіне, многія беларускія інтэлектуалы некаталікі мелі толькі два шляхі: або прыняць каталіцтва, або пакінуць краіну. Шмат хто зь іх абраў эміграцыю. Прпатэстанты пераехалі на Захад, а праваслаўныя - у адзіную ў Эўропе праваслаўную краіну - Масковію. Найбольш цікава тое, што некаторыя беларускія пратэстанты пераехалі ў Маскву, дзе памножылі лік выбітных працаўнікоў на ніве культуры ў Расеі. Сярод іх быў Гальляш Капіевіч (1651-1714), найбуйнейшы выдавец славянскіх кнігаў у Заходняй Эўропе і аўтар сучаснай вэрсіі кірылічнага альфабэту, а таксама Ян Мануэль Белабоцкі (каля 1650-пасьля 1700), знакіміты пісьменьнік і перакладчык [78]. У тым жа часе ўтварылася вялікая грамада пратэстантаў Вялікага Княства ў Прусіі, дзе яна праіснавала да 1767 г., калі ў Рэчы Паспалітай зноў была абвешчана рэлігійная свабода і апошнія пратэстанты вярнуліся на Бацькаўшчыну. Увесь гэты час у Кёнісбэргу была друкарня і кальвінская царква, якія належалі Літоўскаму Задзіночаньню і карысталіся польскай мовай ў якасьці lingua franca.
У XVIII ст. ідэя пратэстанцка-праваслаўнага саюзу зноў зрабілася актуальнай. У 1710 г. падчас Вялікай Паўночнай вайны лідар пратэстантаў, беларускі шляхціц Міхал Воўк-Ланеўскі распрацаваў праграму палітычнай барацьбы за правы дысыдэнтаў. Гэтая праграма галоўным чынам была скіравана на палітычны саюз з праваслаўнай царквой. У 1735 г. у Санкт-Пецярбург прыехала дэлегацыя дысыдэнтаў з просьбамі пра дапамогу. Паказальна тое, што ў скаладзе дэлегацыі былі прадстаўнікі ўсіх трох уцісканых веравызнаньняў: кальвіністаў, лютаранаў і праваслаўных. Пры гэтым шляхціц-кальвініст Аляксандар Гулевіч ажыцьцяўляў інтарэсы праваслаўя [79]. Тым часам, пруска-брандэбургская дыпляматыя пачынае ўводзіць у гульню дысыдэнцкую фігуру. Тэкст Віленскага пагадненьня 1599 г. быў знойдзены ў сакрэтным архіве Бэрліну [80]. Слуцкая канфэдэрацыя 1767 г. была кульмінацыйным момантам палітыкі суседніх дзяржаваў. На расейскія грошы ў Слуцак прыехалі 800 прастаўнікоў пратэстанцкай шляхты і апошнія праваслаўныя арыстакраты (Юзафовіч, Булгак і Чарнышоў). Беларускі япіскап Георгі Каніскі старшыняваў на гэтым сходзе, праца якога вялася на лаціне. 18 сакавіка 1767 г. 130 яе ўдзельнікаў вырашылі падпісаць Акт канфэдэрацыі з патрабаваньнем ад Варшавы аднавіць рэлігійныя свабоды і з просьбай да ўрадаў Расеі, Прусіі і Швэцыі аказаць ім дапамогу [81]. Слуцкая канфэдэрацыя сымбалізавала сабой пачатак працэсу зьнікненьня ВКЛ з палітычнай мапы Эўропы. У той жа час гэта быў апошні ў гісторыі факт супрацоўніцтва паміж пратэстантамі і парваслаўнымі. У сучаснай Беларусі паміж гэтымі канфэсіямі няма й ценю ад былога супрацоўніцтва. Цяпер, калі праваслаўная царква абвешчана галоўнай канфэсіяй Беларусі, пратэстанты розных дэнамінацыяў знаходзяцца пад моцным уціскам як з боку дзяржавы, так і з боку праваслаўнай царквы зь яе прапагандай.
