Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Литература по Идеологии / Татал_тарызм _ беларус_зацыя.doc
Скачиваний:
35
Добавлен:
31.05.2015
Размер:
454.14 Кб
Скачать

2. Ілюзіі сэрвілістых

Купала, з прычыны свайго сталага творчага ўзросту, жыцьцёвага досьведу, асаблівага прарочага дару, ня мог мець ілюзіяў. Дый не хацеў. Ён як творца самарэалізаваўся раней. А ў 1930-я дажываў мастакоўскі век. Сваю Беларусь ён ужо адсьпяваў, пасадзіў за вясельны стол ды пахаваў. Лепшыя творы былі ўжо напісаныя. Не маючы нічога лепшага, у адсутнасьці пэрспэктывы, творца спрабаваў хоць дажыць неяк гэтую рэшту жыцьця.

Маладзейшым — тым, хто толькі ўваходзіў у фазу творчай сьпеласьці й прагнуў поўнай самарэалізацыі, цяжка верылася ў тупіковасьць творчага лёсу.

Адным з такіх быў Кузьма Чорны. Мара кожнага празаіка — стварыць “раман стагодзьдзя”. Кузьма Чорны, з свайго Божага дару, творчых патэнцыяў мог ня толькі марыць — ён мог стварыць раман стагодзьдзя. Пачатак творчасьці Чорнага можна параўнаць з дэбютамі буйнейшых майстроў літаратуры 20 стагодзьдзя, будучых Нобэлеўскіх ляўрэатаў. Ён практыкаваўся ў літаратурным імпрэсіянізме, экспэрымэнтаваў, спасьцігаў найтанчэйшыя прыёмы псыхалягічнага аналізу, пранікненьня ў “плынь падсвядомасці”. Ён стварае адзін зь першых у беларускім пісьменстве ўзор інтэлектуальнага рамана — “Сястра” (1927—1928).

Пэўна, пісьменьнік нават сам не адразу адчуў у сваёй прозе пераломны момант. Крытыка пераконвала, што гэты пералом — да лепшага.

Крызысныя прыкметы мела аповесьць “Лявон Бушмар” (1929). Твор, напісаны пад час “вялікага пералому”, ужо напалову кан'юнктурны, напалову псыхалягічна “чорнаўскі”. Празаік даводзіць заганнасьць кулацтва, але спрабуе вынайсьці “ген” уласьніцтва, разглядае кулацтва не як сацыяльную зьяву, але як інстынкт, дадзены ў спадчыну,— свайго кшталту фатум. І тут збліжаецца з мастацкім досьведам Гаўптмана, Ібсэна.

Наступны твор Чорнага — аповесьць “Вясна” (1939) — цалкам кан'юнктурны. “Трэцяе пакаленьне”, “Люба Лук'янская” — узоры сэрвільнае прозы (ня самыя горшыя), створаныя паводле сацыяльнага заказу. Яны не задавальнялі самога стваральніка аніяк. У гэтыя гады Чорны мусіў адбівацца ад нападаў “аглабельнае крытыкі”, а сам патаемна марыў пра стварэньне рамана стагодзьдзя. Вядома, раман стагодзьдзя не ствараецца паводле кан'юнктурных замоваў.

Кан'юнктурная паслухмянасьць ня выратавала ад арышту. Чорны быў зьняволены ў 1938 годзе, адседзеў у КПЗ на Валадарцы 8 месяцаў, пасьля — дзякуючы ўдачы ды заступніцтву старэйшых літаратараў, адпушчаны на волю. Пра сваё зьняволеньне ён таксама запіша ў дзёньніку: кідалі на каменную падлогу й зьбівалі кіямі, заганялі голкі пад пазногці, раўлі ў вушы праз папяровыя трубы... Але — зазначыць Чорны з гонарам за сваіх катаў — кайданоў на рукі не накідалі ніколі.

У 1940-я гг. Чорны зробіць адчайную, апошнюю спробу стварыць “раман стагодзьдзя”. Ім мог бы стацца твор “Пошукі будучыні”, або “Млечны шлях”. Першаму не хапіла літаратурнае шліфоўкі й асабістай перажытасьці матэрыялу. Другі, глябальны паводле сваёй задумы,— папросту застаўся незавершаным.

Памёр Чорны ў 1944 г. ад апаплексічнага ўдару, пры цьмяных, нявысьветленых абставінах.

Дыхтоўны сэрвілізм

Яшчэ адна спакуса, ілюзія мастакоў, што падпадалі пад узьдзеяньне кан'юнктуры,— спакуса рамяством, дыхтоўнасьцю: маўляў, і сэрвілізм дазваляе рабіць сапраўднае мастацтва — якаснае, вартае.

Гэтакую спакусу перажыў герой славутае стужкі “Мэфістофэль” — мастак, які ў 1930-я гг. запрадаў свой талент д'яблу — пайшоў на службу да нацыстаў, маючы ілюзію поўнай самарэалізацыі ў варунках таталітарызму.

Можна спадзявацца “на потым”, як Чорны, можна апатычна жыць як набяжыць, дажываць свой творчы захад, як Купала. Але поўная самарэалізацыя ў варунках таталітарызму — ілюзія. Адзіная рэальная магчымасьць — хаця б не згубіць свае формы, захаваць аблічча.

Беларускі сэрвілізм мае ў сваім актыве некалькі напраўду дыхтоўных, добра зробленых твораў. Адзін зь іх — вершаваны ліст “Вялікаму Сталіну ад беларускага народа”, датаваны 11 ліпеня 1936 году. “Пісьмо”, як сьведчыць рэмарка, “падпісалі 2 мільёны працоўных Совецкай Беларусі”. Стваральнікамі ж гэтага ўнікальнага тэксту былі шасьцёра — Янка Купала, Якуб Колас, Андрэй Александровіч, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Ізі Харык.

Кожны рабіў сваю, асобную, частку. Складаньне “Пісьма” ператварылася ў своеасаблівае спаборніцтва — хто лепей, якасьней. Дзейнічаў антыганарар, якім магла аказацца куля або працяглы тэрмін зьняволеньня. І ў гэтым спаборніцтве нават Купала здрадзіў свайму кволаму дзяжурнаму сэрвілізму: ягоныя радкі, якімі “Пісьмо” завяршаецца, безумоўна, найбольш дасканалыя, калі браць за крытэр паэтычную тэхніку. Можна нават адчуць: гэта былы Купала, тэмпэрамэнтны, палкі, вітальны, ніколі ня цёплы — або гарачы, або халодны:

Хай смутак вачэй тваіх добрых ня росіць

Ці сонейка захад, ці сонейка ўсход,

Прымі прывітаньне, якое прыносіць

Табе, правадыр, беларускі народ.

Уражаньне, быццам Купала бачыў, калі складаў гэтыя радкі, іншага — напраўду з добрымі вачыма. Каго? Магчыма, Уладара беларускае зямлі, пра якога марыў і якому мог бы служыць як паэта. Чарговая ілюзія сэрвілізму...

Аналягічны ліст да “правадыра” склалі беларускія паэты Заходняе Беларусі, у ліку якіх — Максім Танк і Наталя Арсеньнева. Тыя мелі свае ілюзіі адносна савецкай Беларусі й ейнага крамлёўскага “бацькі”.