Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Литература по Идеологии / Татал_тарызм _ беларус_зацыя.doc
Скачиваний:
34
Добавлен:
31.05.2015
Размер:
454.14 Кб
Скачать

2. Пасіянарызм

Тварэньне агітацыйнай лірыкі, заангажаванай літаратуры зьвязана з тым асаблівым кшталтам чыннасьці, які варта назваць пасіянарызмам — духоўным гарэньнем, ахвярнасьцю.

Кароткі, зыркі, бы полымя сьвечкі, шлях пасіянарыяў вянчаўся пятлёй — як лёс караля пасіянарыяў Кастуся Каліноўскага. Лёс іншых вырашала “прафэсійная хвароба” пасіянарыяў — сухоты (Багдановіч, Гарун, Іван Луцкевіч, Жылка). Францішак Савіч памірае ад халеры (як і Адам Міцкевіч), Адам Гурыновіч ад чорнай воспы, Цётка — ад тыфусу. У кожным разе хваробы былі зьвязаныя зь неспакойным, “пасіянарным” ладам жыцьця, перасьледамі з боку ўлады, з нутраным “гарэньнем”. Сяргей Палуян сканчае жыцьцё самагубствам. Сьмерць Фабіяна Шантыра, палымянага нацыянал-камуністага, паэты ды публіцыста, расстралянага пры загадкавых абставінах у 1920 годзе, параўноўваюць са сьмерцю зацятага расейскага контррэвалюцыянэра й паэта Мікалая Гумілёва.

Маладосьць Купалы — скрозь у гэтых усплёсках пратэсту, непакоры, якія адліваліся то ў строфах агітацыйнае паэзіі, то ў радкох патрыятычнай публіцыстыкі. Найбольш уражвае адкрыты, нічым не замаскаваны антысаветызм Купалы пачатку дваццатых гадоў.

Купалаўская публіцыстыка 1918—1920-х гг., паэзія пэрыяду “Спадчыны”, трагікамедыя “Тутэйшыя” засьведчылі сапраўдныя адносіны паэта да кастрычніцкага перавароту — непрыняцьцё. Апалягэтычнае купалазнаўства, каб нейк выгарадзіць творцу, ужывала тэрмін: “не адразу зразумеў”. Самы “адкрыты” верш Купалы, які цалкам адлюстроўвае ягонае непрыхаванае стаўленьне да бальшавізму,— “Пазвалі вас”, напісаны ў 1922 годзе й пазначаны эпіграфам: “Эўрапейскія дзяржавы пастанавілі запрасіць на міжнародную нараду ў Геную т.Леніна. (З газэт. 1921 г.)

Выклік бальшавізму Купала кінуў у выглядзе паэтычнай бінарнай апазыцыі — проціпастаўленьня “нас” ды “вас”.

Пазвалі вас на пір піроў,

Пазвалі вас за волю стаць,

І далі ўладу путы рваць,

І далі ўладу біць цароў,—

Зрабілі з вас гаспадароў.

І вы з рабоў пайшлі ў цары...

Верш зьмяшчае самыя разнастайныя адценьні палітычнае інвэктывы на адрас бальшавіцкіх “цароў-рабоў” — ад ледзьве стрыманага гневу да “чорнай” іроніі.

Купала прадказвае злаякаснае перараджэньне бальшавізму, стварэньне ўласнай дыктатуры, накшталт якабінскае, у выніку якой учарашнія “рабы” конча ператворацца ў новых, хіжых ды крыважэрных “цароў”. У гэтым клопаце Купалам кіруе неспакой пра Бацькаўшчыну. Ён ужо зьняверыўся ва ўласных патэнцыях “тутэйшых” вырашаць свой лёс, і бачыць, што доля беларушчыны залежыць, перадусім, ад вонкавых палітычных абставінаў.

У 1920-я гады беларускія пасіянарыі-“нашаніўцы” дзейнічалі ў зусім нязьведаных варунках. Страхі новага якабінства (бальшавізму) можна было толькі прадбачыць. Таму варта належным чынам ацаніць апазыцыянізм “нашаніўцаў” 1920-х, тыя адкрытасьць ды бясстрашша, зь якімі яны процістаялі новаму рэжыму, яшчэ ня ведаючы ягоных наступстваў, на самым пачатку дыктатуры.

Апазыцыянэрамі тады фактычна сталіся ўсе колішнія “нашаніўцы” — Купала, Колас, Бядуля, Гарэцкі... Шчыра й без агаворак віталі надыход Кастрычніка хіба што два “старых” паэты — нацыянал-камуністы Цішка Гартны ды мала каму вядомы ціхмяны паэта Янка Журба. Астатнія былі ў апазыцыі — адкрытай або прыхаванай.

Гэты апазыцыянізм ужо на пачатку 1920-х, у часы адноснага лібэралізму бальшавіцкай цэнзуры, атрымліваў процідзеяньне. Так, у 1919 г. быў забаронены верш Купалы “Перад будучыняй”.

Надта нечаканым, нават у параўнаньні з чыннасьцю Коласа, быў пасіянарны бунт Зьмітрака Бядулі. Пісьменьнік, які меў рэпутацыю адцягненага сузіральніка й містыка, выступае з шэрагам публіцыстычных артыкулаў, скіраваных супраць бальшавізму.

У шэрагу артыкулаў, друкаваных Бядулем пад псэўданімам “Ясакар” у газэце “Вольная Беларусь”, ён называе бальшавізм “пеклам”, бальшавікоў “д'ябламі” й зьвінавачвае ўлады за тое, што яны падзялілі народ беларускі на два лягеры — “таварышаў” ды “буржуяў”.

Драматург Францішак Аляхновіч у шэрагу п'ес, напісаных за рэвалюцыйным часам, параўноўвае рэвалюцыю з крыважэрным монстрам Базылішкам (“Базылішак”) ды проціпастаўляе безаблічнаму бальшавізму ідэю нацыянальнай рэвалюцыі (“Калісь”, “Пан міністар”).

Алесь Гарун у публіцыстыцы гэтага часу параўноўвае бальшавіцкі рэжым з “чырвоным туманом”.

Максім Гарэцкі ў цэлым адмоўна характарызуе кастрычніцікі пераварот у аповесьці “Дзьве душы”, п'есах “Чырвоныя ружы”, “Жартаўлівы Пісарэвіч”, малюе абразы бязладзьдзя, нястачы, разрухі ды гвалту. Разам з тым, ацэнкі Гарэцкага стрыманыя, у іх мала публіцыстычнага запалу ды адкрытага апазыцыянізму. Пасьля сьмерці Максіма Багдановіча Гарэцкі нібыта прыняў на сябе місію інтэлектуала, філёзафа маладога беларускага нацыянальнага руху.

Вядома, такога кшталту грамадзянская чыннасьць абярнулася для творцаў у будучым самым трагічным чынам — дый ці магла працягвацца доўга? Насьпявалі палітычныя замаразкі. Творцы мусілі зыходзіць у андэграўндныя сфэры дзейнасьці — “унутраную ці рэальную эміграцыю”, “маўчаньне”.