- •Таталітарызм. Ігар кузьняцоў. Таталітарызм і сталінізм
- •Ігар кузьняцоў. Носьбіты нацыянальнай ідэі — ахвяры таталітарнага рэжыму
- •Анатоль вялікі. Нацыянальнае пытаньне, альбо рэпрэсаваньне культурнай і нацыянальнай ідэнтычнасьці
- •Віктар астрога.
- •Пятро васючэнка. Літаратура як апазыцыйны чыньнік таталітарнага рэжыму
- •1. Апазыцыянізм
- •2. Пасіянарызм
- •3. Нелегальная літаратура
- •Пятро васючэнка. Фэномэн літаратурнага сэрвілізму й нонканфармізм
- •1. Сэрвілізм як рытуал
- •2. Ілюзіі сэрвілістых
- •3. Клетка сэрвілізму (пытаньні паэтыкі)
- •4. З 1956 да 1991. Сума дысыдэнцтва
- •5. Нонканфармізм і сацыяльны крытыцызм
Пятро васючэнка. Літаратура як апазыцыйны чыньнік таталітарнага рэжыму
http://baj.ru/belkalehium/tatalitarysm/lekcyja12.htm
Плян:
1. Апазыцыянізм
2. Пасіянарызм
3. Нелегальная літаратура
1. Апазыцыянізм
Праблема “Ўлада й творца” досыць грунтоўна дасьледаваная сацыёлягамі ды гісторыкамі. Яна палягае ў рэчышчы палітычных схемаў ды стэрэатыпаў, лёгка прагназуецца ды ідэнтыфікуецца. Мы ня будзем пералічваць ахвяраў: яны падрабязна рэгістраваліся ў шматлікіх мартыралёгах і даведніках, іхныя імёны пададзеныя ў кнізе Б.Сачанкі “Сняцца сны аб Беларусі...” (Мн., 1990). Шмат якія зьвесткі пра творцаў, ахвяраў таталітарнага рэжыму, маюцца й у папярэдніх лекцыях.
Куды больш таямнічай зьяўляецца праблема “Творцай улада”. Бо яе разгляд прымушае заглыбіцца ў нетры мастакоўскае душы, у працэсы, што часам не паддаюцца самым вытанчаным сродкам псыхааналізу. Лёгка зразумець, чаго хоча, хацела ўлада ў шмат якія часы ад творцы — поўнага падпарадкаваньня, паслушэнства, прыслужніцтва, ці хаця б пэўнай ляяльнасьці.
І цяжка папракаць уладу за тое — яна так уладкаваная, яна так сябе часам канструюе. Пакуль што я казаў пра ўладу як такую. Што ж датычыцца таталітарнага рэжыму, дык маем той тып улады, якая не цырымоніцца з творцамі. У падобныя часы мастак вольны выбіраць паміж формамі супраціву або падпарадкаваньня, паміж апызыцыйнасьцю або сэрвілізмам. Вядома, паміж скрайнімі тыпамі мастакоўскіх паводзінаў існуе бездань прамежкавых варыянтаў ды нюансаў: канфармізм, кампраміснае супрацоўніцтва з уладай, уцёкі ад рэчаіснасьці, выйсьце за той бок дабра й ліха ды г.д. Ніжэй мы падрабязна спынімся на той або іншай з вытанчаных вэрсіяў адносінаў мастака з уладаю.
Вядома, шэраг шэдэўраў усясьветнага пісьменства тварыўся ў варунках мастакоўскай самаізаляцыі, пагружэньня ва ўласную творчую нірвану. Аднак жа зь імі пасьпяхова спаборнічаюць і творы, высьпеленыя ў плазьме гарачай палітычнай барацьбы, адстойваньня мастаком права на вольнае выказваньне, адкрытага або прыхаванага супраціву ўціску з боку ўлады.
Пра гэта сьведчыць досьвед Арыстафана, Дантэ, Бранта, Рабле, Апанаса Філіповіча, Талстога, Шоў, Томаса Мана, Буніна, Брэхта, Камю, Мілаша, Бродзкага, Быкава ды іншых неўтаймоўных нонканфармістаў. Відаць, у сытуцыі ўціску шмат што залежыць ад самой асобы творцы.
У той жа час добра вядома, што ў жорнах таталітарнага рэжыму было перамолата мноства крохкіх талентаў, няздатных да супраціву. Творцу патрэбная пэўная сума волі — гэтаксама, як кожнаму індывіду патрэбен штодня пэўны аб'ём паветра, ежы, пітва. Іначай сам працэс тварэньня згасьне. Гэты мінімум волі выглядае як “атмасфэра”, што абцякае творчае “я” мастака; гэта ягоная “баракамэра”, ягоны пэрсанальны кокан.
Формы літаратурнага апазыцыянізму, які існаваў у Беларусі, абумоўленыя канкрэтнымі гістарычнымі сытуацыямі й кантэкстамі, нацыянальным мэнталітэтам ды адметнасьцямі культурнага руху.
Апазыцыянізм у літаратуры Беларусі існаваў заўжды, але ў адметных ды зьменлівых формах. Зьменлівасьць, “ліючаяся форма” — унівэрсальная формула беларускага нацыянальнага руху, выведзеная Ігнатам Абдзіраловічам, неадменная ўмова выжываньня беларускага этнасу й культуры пры самым жорсткім, неспрыяльным гісторыка-палітычным надвор'і, або “сытуацыі”, як казаў Мікіта Зносак.
Крытык-эмігрант Антон Адамовіч у сваёй фундамэнтальнай гісторыка-культурнай працы “Opposition to Sovetization in Belorussian Literature (1917—1957)” (Мюнхен, 1958) падае гістарычныя прыклады пісьменьніцкага супраціву ў розных палітычных і ідэалягічных варунках, пачынаючы ад 17 ст.
Гэта палітычная сатыра эпохі барока (“Ліст да Абуховіча” Цыпрыяна Камунякі, “Прамова Мялешкі”), літаратурная публіцыстыка 19 ст. (творы П.Багрыма, Ул.Сыракомлі, К.Каліноўскага, Ф.Багушэвіча, І.Неслухоўскага, А.Абуховіча, А.Гурыновіча), нарэшце “нашаніўская” літаратура. Дасьледчык падкрэсьлівае такія ўласьцівасьці працэсу, як непарушнасьць ды пераемнасьць.
У дачыненьні да літаратурнага апазыцыянізму савецкага часу Ант.Адамовіч карыстаецца наступнай клясыфікацыяй:
1917—1923 гг. — пэрыяд нацыянальна-дэмакратычнай апазыцыі;
1921—1930 гг. — нацыянальная прагрэсіўная апазыцыя (“узвышэнства”);
1930—1937 гг. — канец апазыцыі.
Для параўнаньня: пэрыядызацыя Ул.Глыбіннага, які зыходзіць ад ацэнкі стану культуры за савецкім рэжымам:
1. Пэрыяд адноснага рэнэсансу (1920—1929);
2. Трагічны пэрыяд змаганьня партыі зь беларускім нацыянал-дэмакратызмам і нацыянальнымі ўхіламі (1930—1940);
3. Пэрыяд вымушаных уступак нацыянальнай культуры ў часе вайны (1941—1945);
4. Пэрыяд жданаўскае рэакцыі й сталінскае кананізацыі (1946—1952);
5. Пэрыяд замены сталінскае кананізацыі г.зв. “калектыўным кіраўніцтвам” партыі (ад 1953 г. да нашых дзён).
Відавочна, сёньняшнія варункі змушаюць пашырыць часавыя межы разгляду. Сучасныя дасьледчыкі прапануюць вылучыць пэрыяды адноснай лібэралізацыі ўладаў у дачыненьні да беларускага пісьменства — г.зв. “хрушчоўскую” адлігу й часы “перабудовы”.
Мусім адрозьніваць адкрыты апазыцыянізм ды прыхаваны, які можна вызначыць яксупраціў (рэзыстанс). Далейшая клясыфікацыя ды дыфэрэнцыяцыя формаў апазыцыянізму й рэзыстансу выяўляе значна багацейшую структуру рэакцыяў, прыналежных да супраціву.
Адкрытая апазыцыйнасьць:
— літаратура змаганьня (палітычная й мастацкая публіцыстыка, агітацыйная літаратура й да т.п.);
— нелегальная літаратура;
— літаратурнае дысыдэнцтва й эміграцыя.
Супраціў (рэзыстанс):
— унутраная эміграцыя (маўчаньне);
— андэграўнд;
— алегорыя, “эзопава мова”;
— сымболіка;
— мастацкі шыфр, алюзія;
— “гістарычнае пераапрананьне”;
— сатыра;
— сацыяльны крытыцызм;
— пасіўны нонканфармізм.
Апошнюю форму супраціву можна лічыць пераходнай ад нонканфармізму да канфармізму й сэрвілізму. Але й тут у мастака ёсьць шэраг магчымасьцяў праявіць рэшткі творчае волі, якую можна мэтафарычна акрэсьліць як “займаньне экалягічных нішаў”, “будоўля вежаў”. Да пераходных формаў належыць і спроба замірыць камуністычную й нацыянальную ідэю, г.зв.нацыянал-камунізм.Сьляды супраціву можна паназіраць і ў г.зв.рытуальным канфармізме.
Разнастайнасьць андэграўндных, “пакрыёмных” формаў рэзыстансу, іх структураванасьць можна тлумачыць ня толькі мэнтальнасьцю беларуса-творцы, але й рэакцыяй на няспынны ціск, свайго роду рэфлексам, які разьвіўся ды разгалінаваўся пад час рознага кшталту навалаў ды прыгнётаў. У той жа час пэўную прыглушанасьць актыўных праяваў апазыцыянізму недастаткова абгрунтоўваць толькі прычынамі гістарычнага характару. Мусім дадаць сюды яшчэ аспэкт ірацыянальны, па-загістарычны, мэтафізычны, пра які досыць казалася ў нашай публікацыі “Ўкрыжаваная Беларусь”.
Згодна з нашымі здагадкамі, Беларусь ад няпэўнага часу як геапалітычнае цэлае зьмяшчаецца ў асаблівай зоне, пункце zero , стабільнасьць ды статычнасьць якога служыць гарантам усясьветнага спакою. Аднак-жа ў гэтай зоне ўсе грамадзкія працэсы адбываюцца запаволена, альбо зусім замаруджваюцца.
Адкрытая канфрантацыя мастака й улады магчымая адно пры ўмове пэўнай паблажлівасьці з боку самой улады. У варунках клясычнага таталітарызму такое працяглае й бескампраміснае змаганьне верагоднае ня больш, чым зьяўленьне паляўнічага за матылькамі з падхватнікам і ў шортах дзесь у арктычнай пустэльні. Рэжым непазьбежна або зьнішчыць такога Дон Кіхота, або выправіць яго ў стан андэграўнднага існаваньня.
У Беларусі ж такіх працяглых адхланьняў ад ціску паноўнай улады амаль не здаралася, таму прыклады апантанай, фанатычнай чаадаеўшчыны ў нашым культурна-гістарычным жыцьці цяжка прасачыць. Чаадаеўшчына прадугледжвае зьяўленьне нязвыклай постаці, юрода або клікушы — стварэньня, мала характэрнага для гэтага краю.
Хіба што згадаць досьвед Апанаса Філіповіча, які ўявіў сябе беларускім прарокам Ерэміем ды цягам шэрагу год надакучаў уладам Рэчы Паспалітай сваёй бурнай дысыдэнцкай чыннасьцю: падарожжа ў варожую Маскоўскую дзяржаву; пераказ дзяржаўных таямніцаў цару Міхаілу Фёдаравічу; заклік да цара ісьці вайною на Літву — дзяржаўная, па сутнасьці, здрада; адкрытыя, выказаныя ў “Супліцы”, пагрозы, зьвернутыя да караля Ўладзіслава IV ; выдача маскоўскаму пасольству ягонага ж выхаванца Яна Фаўстына Лубы...
Эксцэнтрычныя паводзіны “беларускага Ерэмія” знайшлі літаратурны адпаведнік у палемічна завостраным “Дыярыюшы” ды іншых публіцыстычных творах Філіповіча. Гэты дзяяч выпрабоўваў цярплівасьць паблажліва настроеных уладароў — Льва Сапегі, караля. Падобныя ўчынкі нашмат больш прынесьлі нягодаў і змусілі да трываньня маскоўскага двайніка Філіповіча — “агнявога” пратапопа Авакума, які дзейнічаў у варунках жорсткай маскоўскай дэспатыі.
Зацятай, шматгадовай літаратурнай барацьбы ў Беларусі, як правіла, не атрымлівалася. Але мелі пашырэньне шматлікія формы ахвярнасьці. Выпрацаваўся тып беларускага нацыянальнага пасіянарыя — Страціма-лебедзя, маладзёна дваццаці пяці год, які ў гэтым або блізкім да таго ўзросьце складае сваё жыцьцё на ахвярнік Бацькаўшчыны. Як і Страцім-лебедзь Багдановіча, ахвяра сыходзіць у нябыт, не пакінуўшы пасьля сябе нашчадкаў. І, гінучы, яна цягне за сабою дзясяткі ды сотні іншых безыменных ахвяраў. А Бацькаўшчына, паводле выказваньня Ул.Караткевіча, робіцца бліжэй да свайго шчасьця на вышыню іхных магілаў.
У лёсе пасіянарыяў цяжка правесьці рысу паміж вайсковай і палітычнай чыннасьцю — яны ўзаемадапаўняюцца, як у жыцьці Гаруна: літаратура служыць своеасаблівым подсьветкам, дадаткам да вайсковага, змагарскага шляху. Ваяром патрэбнае Слова, паэтам — зброя, ці ейная паэтычная аналёгія. А таму іхны пасіянарызм сублімуецца ў тэкстах, прыналежных да двух паэтычных жанраў: ваярскае песьні дыагітацыйнага верша (жанру т.зв. патрыятычнай, або грамадзянскай лірыкі).
Насёньня тэкстаў такога кшталту назапашана столькі, што яны маглі б скласьці дзьве пульхныя таміны-анталёгіі. Першая называлася б “Беларуская ваярская песьня” й адкрывалася б, пэўна, “Песьняй беларускіх жаўнераў”, прасьпяванай дзьвесьце зь лішкам год таму:
Помнім добра, што рабілі,
Як нас дзёрлі, як нас білі.
Дакуль будзем так маўчаці?
Годзе нам сядзець у хаце!
Нашто землю нам забралі?
Нашто ў путы акавалі?
Дочкі, жонкі нам гвалцілі.
Трэ, каб мы ім заплацілі!..
Пойдзем, хлопцы, да Касьцюшкі,
Будзем біці маскалюшкі!
Аналягам, пэўна, паслужаць, геніяльныя тэксты Янкі Купалы з цыклю “На вайсковыя матывы" (“Песьні на ваяцкі лад”), прымеркаваныя для віртуальнага, так і не сфармаванага конча беларускага войска:
Будзь здаровы, бацька, маці,—
Мы пайшлі ўжо ваяваці.
Сьвішча куля, йяй-ха-ха!
Каля вуха дзецюка.
Што за доля, што за воля —
Жаўнероньку выйсьці ў поле!
Сьвішча куля, йяй-ха-ха!
Каля вуха дзецюка.
