Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Литература по Идеологии / Татал_тарызм _ беларус_зацыя.doc
Скачиваний:
28
Добавлен:
31.05.2015
Размер:
454.14 Кб
Скачать

Віктар астрога.

ГІСТАРЫЧНАЯ НАВУКА БЕЛАРУСІ ВА ЎМОВАХ ТАТАЛІТАРЫЗМУ” (1919—1991)

http://baj.ru/belkalehium/tatalitarysm/lekcyja11.htm

Плян:

1. Гістарыяграфія пытаньня

2. Пэрыядызацыя й характарыстыка асноўных і дадатковых пэрыядаў

Мы абмяжуемся разглядам стану толькі гістарычнай навукі за часы панаваньня камуністычнай ідэалёгіі, бо менавіта факталягічны й канцэптульны наробак беларускай гістарычнай навукі зазнаў найбольшыя фальсыфікацыі ў пэрыяд з 1919 да 1991 г. Беларуская гістарычная школа была практычна зьнішчаная, а гістарычныя досьледы пераведзеныя ў рэчышча марксісцкай мэтадалёгіі, і доўгі час ня мелі аніякага самастойнага значэньня.

Гістарыяграфія пытаньня

На сёньняшні дзень мы, на жаль, змушаны канстатаваць, што маем недастатковую гістарыяграфічную базу па азначанай тэме. Асноўнай прычынай такога стану зьяўляецца тое, што ад моманту падзеньня таталітарнай сыстэмы прайшоў невялікі час, цягам якога гісторыкі яшчэ не пасьпелі дастаткова поўна прааналізаваць сытуацыю ў савецкай навуцы таталітарнага пэрыяду. Датычнымі азначанай тэмы зьяўляюцца наступныя публікацыі: калектыўная праца Л.Лыча й У.Навіцкага “Гісторыя культуры Беларусі” (Мн., 1996), энцыкляпэдычныя артыкулы І.Шаўчука “Гістарыяграфія” (ЭГБ, Т.3), комплексны артыкул “Гістарыяграфія гісторыі Беларусі”, падрыхтаваны М.Бічом, М.Касцюком, Г.Сяргеевай і інш. (там сама), артыкул В.Грыцкевіча “Пераадолець інэрцыю стылю” (Адраджэньне. Вып.1. Мн., 1995), матэрыялы навукова-практычнай канфэрэнцыі “Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў XX ст. (Мн., 1998), даведнік М.Токарава “Возвращённые имена” (Мн., 1992), П.Брыгадзіна і І. Мацяс “Усевалад Ігнатоўскі” (Мн., 1998), В.Вяргей “Археалагічная навука ў Беларускай ССР: 1919—1941 гг.” (Мн., 1992), даведнік, выдадзены ў Архіве Найноўшай Гісторыі — “Дэмакратычная апазыцыя Беларусі. 1956—1991 гг. (Мн., 1999), часопісныя артыкулы Л.Храпко “Уплыў грамадска-палітычнай сітуацыі другой паловы 40-х—першай паловы 50-х гадоў на развіццё гістарычнай навукі ў БССР // Старонкі гісторыі Беларусі (Мн. 1992), І.Шаўчука “Аб некаторых аспектах партыйнага кіраўніцтва гістарычнай навукай у БССР (70—80-я гады (там сама)), А.Сувалава “Ідэалогія і гісторыя” (Беларуская мінуўшчына, 1994, №2), В.Астрога “Шпіёнскае гняздо” (Спадчына, 1996, №6). Адзначым і некаторыя працы расейскіх дасьледчыкаў: М.Карэеў “Прожитое и пережитое” (Д, 1990), С.Бернштейн “Трагическая страница из истории славянской филологии (Советское славяноведение, 1989, №1).

Высокую навуковую вартасьць маюць і некаторыя замежныя, асабліва эмігранцкія, дасьледаваньні, якія праводзіліся ў пытаньнях культурнага й навуковага жыцьця ў БССР. Да канца 80-х—пачатку 90-х гг. яны былі больш аб'ектыўнымі, чым савецкія. Гэтыя публікацыі зьмяшчаюць каштоўны фактычны й аналітычны матэрыял па агульна-палітычнай сытуацыі на Беларусі, стану ейнае навукі, даюць інфармацыю па біяграфіях асобных дзеячоў навукі й культуры. У першую чаргу, гэта: Найдзюк Я., Касяк І. “Беларусь учора і сёньня. (Мн., 1993), Няміга Г. “Асьвета, культура й навука БССР за 40 год” (Беларускі зборнік, 1959, Кн.Ю), Ён жа. Інстытут Беларускай культуры — Беларуская Акадэмія Навук — Акадэмія навук Беларускай ССР (Досьледы і Матэрыялы. Інстытут для вывучэння СССР, Сер.2. 1957. №63) і г.д.

Пэрыядызацыя й характарыстыка асноўных і дадатковых пэрыядаў

Запрапанаваная перыядызацыя ўлічвае 1) найбольш істотныя падзеі, зьвязаныя з фармаваньнем і існаваньнем таталітарнай Савецкай Беларусі; і 2) ступень і моц (інтэнсіўнасьць) ідэалягічнага ціску на саміх гісторыкаў і тэматызацыю іхных дасьледаваньняў.

Зыходзячы з гэтых крытэраў, можна выдзеліць восем асноўных пэрыядаў: 1919—1921; 1921—1929; 1930—1956; 1956—пач.60-х; пач.60-х—пач.80-х; 1985—1991; 1991—1994; 1994 — наш час; і сем больш дробных, дадатковых: 1929—1933; 1934—1938; 1939—1941; 1941—1944; 1944—1947; 1948—1953; 1953—1956.

1. 1919—1921 гг. Гэты пэрыяд прыпадае на часы вайны й ваенных акупацыяў, разбурэньняў і галечы. У гэты час беларуская тэрыторыя была падзеленая на кавалкі, і казаць пра нейкую сур'ёзную гістарычную працу, на жаль, не выпадае. Фактычна ўсе выданьні, што ў той ці іншай ступені закраналі гістарычныя пытаньні, мелі прапагандысцкую афарбоўку.

2. 1921—1929 гг. Пэрыяд адносна вольнай ад партыйна-дзяржаўнага кантролю навуковай і выкладчыцкай дзейнасьці. У гэты час зьяўляюцца навуковыя цэнтры ў галіне гісторыі, цэнтры падрыхтоўкі навуковых кадраў. Гэта быў даволі лібэральны пэрыяд. На думку беларускага гісторыка А.Сувалава, існаваньне гэтага пэрыяду абумоўлівалася тым, што гэтым часам ужо ня дзеіла “старая ідэалагічная машына Расейскай імперыі, а новая ідэалогія яшчэ не заняла пануючага становішча”. Дзякуючы гэтай сытуацыі, практычна да канца 20-х гг. даволі мірна суіснавалі розныя дасьледнікі, школы й кірункі. Гэта быў, верагодна, самы аптымістычны этап разьвіцьця гістарычнай навукі. Нават нягледзячы на некаторы ўціск і кантроль з боку партыйных органаў. Напрыклад, у 20-я гг. паўстаюць дасьледаваньні ў галіне ўсеагульнай гісторыі, якая раней — з прычыны адсутнасьці кадраў — фактычна не была рэпрэзэнтаваная ў Беларусі.

Аднак у гэты ж пэрыяд адбываецца й актыўнае распаўсюджаньне марксісцкай мэтадалёгіі. У 1925 г. утвараецца Ўсесаюзнае таварыства гісторыкаў-марксістаў, якое пашырала гэтую тэорыю ў савецкай навуцы. У 1927 г. утварылася Беларускае аддзяленьне таварыства, якое трансфармавалася ў 1928 г. у Таварыства марксістаў БССР і мела гістарычную сэкцыю. У 1929 г. сэкцыя пераўтворана ў самастойнае таварыства, што дзейнічала да 1933 г. У тагачаснай гістарычнай навуцы адбываўся й працэс беларусізацыі, які скончыцца ў сярэдзіне 30-х гг.

3. 1930—1956 гг. Гэта “сталінскі” пэрыяд, які можна падзяліць на некалькі падпэрыядаў:

— 1930—1933 гг.

— 1934—1938 гг.

— 1939—1941 гг.

— 1941—1944 гг.

— 1944—1947 гг.

— 1948—1953 гг.

— 1953—1956 гг.

Трэці пэрыяд беларускай савецкай гістарыяграфіі ахоплівае час ад “вялікага пералому” — ХVІ зьезду ВКП(б) “пераможцаў” — да XX зьезду КПСС, які разьбіў культ асобы Сталіна. Гэта быў, бясспрэчна, найбольш трагічны пэрыяд у гісторыі навукі. Натуральна, Сталін не адразу паставіў пад свой кантроль грамадзкія навукі. Гэты працэс праходзіў некалькі вышэйпаказаных ступеняў.

1930—1933 гг.Пераход у наступ бальшавіцкай партыі на “тэарытычным фронце”. Адбываюцца шматлікія мэтадалягічныя дыскусіі, партыя актыўна ўмешваецца ў жыцьцядзейнасьць і плянаваньне навуковых і навучальных установаў, падтрымлівае замену гісторыі грамадазнаўствам. У гэты ж час праводзяцца кампаніі супраць “правага ўхілу”, “нацыянал-дэмакратызму”, якія аўтаматычна перакідаліся й на “гістарычны фронт”. Асабліва папулярнай робіцца праверка гістарычных дасьледаваньняў на ідэалягічную ляяльнасьць. Тыя, хто не вытрымліваў гэтай праверкі, мусілі самі “рашуча асудзіць свае тэорыі”. Гісторыкі ставіліся ў такія “ўмовы”, што былі змушаныя пісаць адкрытыя лісты з крытыкаю ўласных поглядаў. Такія лісты перадрукоўваліся ўсімі цэнтральнымі газэтамі. Таксама пачынаюцца й палітычныя рэпрэсіі.

1934—1938 гг.— найкрывавы пэрыяд беларускай, дый наагул, савецкай гістарыяграфіі. У гэты час ВКП(б) узяла навуку пад бязьлітасны кантроль і вынішчала фізычна ўсіх нязгодных. Напрыклад, з 20 супрацоўнікаў Інстытуту гісторыі за 1935 г. было накіравана на расстрэл, альбо ў канцлягеры каля 20 чалавек. Паўсюль дзейнічала цэнзура Галоўліту, якая ажыцьцяўляла дагляд друкаванага слова. Непажаданыя выданьні траплялі ў галоўлітаўскі сьпіс, забараняліся, зьмяшчаліся ў спэцсховы, альбо зьнішчаліся. Рэпрэсіі настолькі ўзмацніліся, што навукоўцы палохаліся нават самой гістарычнай працы, асьцерагаючыся зрабіць “палітычную памылку”.

У выніку гвалтоўных дзяржаўных дзеяньняў былі парушаны пераемнасьць паміж рознымі пакаленьнямі гісторыкаў, традыцыі настаўніцтва. Прадстаўнікоў старэйшага пакаленьня гісторыкаў амаль дарэшты вынішчылі фізычна, ацалелых пазбавілі магчымасьці выкладаць і дасьледаваць. Маладыя навукоўцы пачыналі працу самастойна, ня маючы побач дасьведчаных настаўнікаў, і адразу траплялі ў рукі партыйных выхавальнікаў. Тыя адносна станоўчыя зрухі, што пачалі адбывацца ў савецкай гістарычнай навуцы пасьля Пастановаў партыі й ураду ў 1934 г., праходзілі пад жорсткім кантролем — і канчаткова ператварылі гістарычную навуку ў служку, у “ідэалагічную зброю”, інструмэнт узьдзеяньня на чалавечую сьвядомасьць.

1939—1941 гг.Гэта быў пэрыяд, калі гістарычную навуку літаральна паставілі на калені: бальшавіцкае кіраўніцтва канчаткова пазбавілася “варожых буржуазных гісторыкаў дарэвалюцыйнай школы”. Новыя савецкія гісторыкі пачалі пісаць “сапраўдную” гісторыю чалавецтва, г.зн. гісторыю прыгнёту і вызвалення працоўных, бо веданне такой гісторыі мусіла абгрунтоўваць ўпэўненасць рабочых і калгаснікаў у немінучай перамозе сацыялізму й камунізму ва ўсім сьвеце. Але менавіта ў гэты пэрыяд, з выказваньня аднаго зь беларускіх эмігранцкіх дасьледчыкаў, гісторыкі зрабіліся “навукоўцамі-нявольнікамі”.

1941—1944 гг.Пэрыяд Вялікай Айчыннай вайны, натуральна, моцна адбіўся на беларускай гістарычнай навуцы хаця б таму, што ўся тэрыторыя краіны апынулася пад акупацыяў нямецкіх войскаў. Вайна прынесла вялікія людзкія й матэрыяльныя страты навуцы, амаль спыніла ейнае разьвіцьцё. Так, значная колькасьць гісторыкаў — студэнтаў, асьпірантаў, выкладчыкаў і дасьледчыкаў — была мабілізавана ў Чырвоную Армію, астатнія — у выніку фактычна самастойнай эвакуацыі на ўсход — апынуліся ў самых розных рэгіёнах СССР. Аднак паступова яны пачалі канцэнтравацца ў Ташкенце, дзе месьцілася АН БССР. У цяжкіх матэрыяльных і пабытовых умовах гэтыя навукоўцы актыўна распрацоўвалі пытаньні вайсковай гісторыі Беларусі, імкнуліся паспрыяць мабілізаваньню беларускага народу на змаганьне з агрэсарам.

Спакваля аднаўляецца інфраструктура беларускай гістарычнай навукі. 3 красавіка 1943 г. пасьля пераезду ў Маскву пачынаюць працаваць Прэзыдыюм і аддзяленьні АН БССР. Увосень 1943 г. пад Масквою аднавіў сваю працу й БДУ. У жніўні 1944 г. першая група студэнтаў унівэрсытэту вярнулася ў Менск, практычна тады вярнуўся й пэдінстытут.

Трэба прыкмеціць, што значная частка гісторыкаў апынулася на фронце й у партызанскіх аддзелах. На фронце гісторыкі працавалі прапагандыстамі-палітрукамі, вялі агітацыйную дзейнасьць сярод партызан і цывільнага жыхарства ў складзе партызанскіх аддзелаў. Так, да прыкладу, у Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласьці сярод партызан чыталіся наступныя лекцыі й даклады: “ВКП(б) — партыя новага тыпу”, “Абарона Царыцына й Сталінграда”, “Вялікі рускі вайскавод А.В.Сувораў”, “Аб патрыятызме рускага народу ў 1918 г.”, “Партызанскі рух у Расіі ў 1918 г.”, “Аб змаганні рускага народа ў мінулым і сучасным”. Аднак, на жаль, як бачна, запалоханыя за мінулае дзесяцігодзьдзе лектары не выкарыстоўвалі “нацдэмаўскай гісторыі” й амаль усе свае выступы будавалі на прыкладах з чужога мінулага.

Гэткім чынам, мусім канстатаваць, што ў трагічны пэрыяд гісторыі нашай краіны разгромленая й пастаўленая на калені ў папярэднія гады нешматлікая гістарычная навука пад пільным вокам Галоўліту, з аднаго боку, выступіла як натхняльнік змаганьня беларускага народу супраць агрэсараў, але з другога,— як верная служка й абаронца сталінскай імпэрскай ідэалёгіі й таталітарнага рэжыму.

1944—1947 гг.Пераможнае заканчэньне вайны прынесла новыя тэндэнцыі ў грамадзка-палітычнае жыцьцё. Перамога відавочна спрыяла ўзьлёту культу асобы Сталіна. Гэта прывяло да таго, што Генсэк цалкам падмяніў аднаасобнаю ўладаю калектыўныя органы кіраўніцтва партыі й дзяржавы. Спадзяваньні народу, інтэллігенцыі на паслабленьне таталітарнай сыстэмы ня спраўдзіліся, і разам з ідэалягічным разьняволеньнем у гады вайны распачынаецца прыхаваная пратэстная хваля супраць ранейшых мэтадаў кіраваньня. Рэжым гэта адчуў. Новыя настроі панавалі, у асноўным, сярод моладзі, і нават сярод некаторых прадстаўнікоў вышэйшых партыйных, савецкіх, гаспадарчых структур.

На агульную сытуацыю ўплывала асаблівае становішча ў Заходняй Беларусі, дзе камуністычная ідэалёгія яшчэ не пасьпела пусьціць моцных каранёў, і гэта выклікала нэрвовасьць у партыйных кіраўнікоў. Пачалося “закручваньне гаек”. На поўную магутнасьць запрацаваў прапагандысцка-рэпрэсіўны апарат, узмацніліся перасьледы іншадумцаў. Ідэалёгія паваеннага сталінізму, зь меркаваньня У.Навіцкага, характарызавалася абсалютнай непрымірымасьцю да ўсялякіх поглядаў, адрозных ад афіцыйных. У гэты час навязваюцца жорсткія ідэалягічныя стэрэатыпы, практычна цалкам адкідаюцца агульначалавечыя каштоўнасьці, рэпрэсуецца нацыянальная самасьвядомасьць, абмяжоўваюцца міжнародныя кантакты — нават праз знаёмства з замежнай літаратураю. Напрыклад, у сакавіку 1947 г. ЦК ВКП(б) прымае Пастанову “Аб судах гонару ў міністэрствах СССР і цэнтральных ведамствах”. Пастанова скіраваная на тое, каб ізаляваць творчую й навуковую інтэлігенцыю ад кантактаў з замежнымі калегамі й усталяваць “жалезную заслону”.

1948—1953 гг. Пэрыяд найвышэйшай паваеннай хвалі ідэалягічнага ўціску й рэпрэсіяў. Наступ на інтэлігенцыю фактычна пачаўся з Пастановы ЦК ВКП(б) ад 25 студзеня 1947 г. “О работе ЦК КП(б)Б”. У Пастанове выказвалася незадаволенасьць ЦК ВКП(б) кіраўніцтвам ідэалягічнай працы ў рэспубліцы з боку беларускага ЦК, які не арганізаваў навуковай распрацоўкі гісторыі БССР, не забясьпечыў стварэньня бальшавіцкіх навуковых прац па гісторыі беларускага народу. У Пастанове адзначалася, што ў паваенны час у працах па беларускай гісторыі меліся “памылкі ідэалагічнага характара, якія скажаюць гістарычную праўду”. У выніку ЦК КП(б)Б “разгарнуў крытыку недахопаў ідэалагічнай і культурнай работы”. Урэшце рэшт, як адзначае І.Сувалаў, даходзіла да таго, што гісторыкам забаранялася ставіць у адзін шэраг такіх дзеячоў культуры Беларусі, як Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына, Сымон Будны, Сімяон Полацкі, Эўфрасіньня Полацкая, Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, бо яны “стаялі на розных класавых пазіцыях”. Барацьба з “адыходамі” і “спаўзаннямі” мусіла прывесьці да стварэньня цэлага шэрагу “марксісцкіх прац” па гісторыі.

Такім чынам, гісторыкам пад ужо гатовыя канцэпцыі й схемы заставалася адно падбіраць адпаведныя факты, уся дасьледчая праца зводзілася да аздабленьня спэцыяльна падабранаю фактураю ўжо гатовых высноваў. АН БССР у гэтых умовах мусіла выконваць функцыю ідэалягічнага вартавога.

28 лістапада—1сьнежня 1947 г. Пленум ЦК КП(б)Б разгледзеў пытаньне “Аб палітычнай і ідэалагічнай рабоце сярод інтэлігенцыі”. На Пленуме партыі канстатавалася, што многія яе прадстаўнікі не адмаўляюцца ад нацыяналістычных поглядаў і зьўляюцца прыхільнікамі “нізкапаклонства перад Захадам”. Агульная напружанасьць у грамадзтве была ўзмоцнена кампаніяй супраць “касмапалітызму”, ахвярамі якой сталі навукоўцы-гэбраі. У гэтай сытуацыі сталінскае кіраўніцтва пайшло на аднаўленьне даваенных мэтадаў змаганьня з іншадумствам — арышты. Так, 6 лістапада 1948 г. арыштаваны навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі АН Яфім Шлосбэрг. Ён быў зьвінавачаны за прапаганду й агітацыю, якія зьмяшчаюць заклік да зруйнаваньня, падрыву ці паслабленьня савецкай улады, арганізацыі антысавецкай дзейнасьці, і асуджаны Асобнай Нарадай пры МГБ БССР да 10 год канцлягеру. Рэабілітаваны ў 1956 г. Самае цікавае, што незадоўга да арышту менавіта гэты чалавек быў адным з аўтараў партыйнай замовы — заідэалягізаваных “Тэзісаў аб асноўных пытаннях гісторыі БССР”, што ўкаранялі ў беларускай савецкай гістарычнай навуцы сыстэму поглядаў ідэалягічнага, негістарычнага кшталту.

1953—1956 гг. Пэрыяд пасьля сьмерці Сталіна й да XX зьезду КПСС характарызуецца няпэўнасьцю й змаганьнем партыйных груповак за ўладу. Ідэалягічныя абцугі папярэдніх пэрыядаў яшчэ заставаліся даволі моцнымі, але цяпер пачалася кампанія амніставаньня — разам з крымінальнымі злачынцамі й палітычных вязьняў, асуджаных на тэрміны да 5 гадоў. Адбывалася гэта, згодна з Указам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР “Аб амністыі” (сакавік 1953 г.). Але працэс масавага датэрміновага вызваленьня палітвязьняў пачаўся толькі пасьля хрушчоўскай “адлігі”. Гэтым і завяршыўся, як адзначае У.Навіцкі, доўгі пэрыяд зьдзеку з інтэлігенцыі, зьнішчэньня яе лепшых прадстаўнікоў.

4. 1956—пач. 60-х гг. Пэрыяд так званай “адлігі”. Гэта быў прынцыпова новы этап у разьвіцьці савецкай гістарыяграфіі. У лютым 1956 г. адбыўся XX зьезд КПСС, на зачыненым паседжаньні якога М.Хрушчоў пацьвердзіў зьмену палітычнага курсу, разрыў з многімі сталінскімі пастулатамі й завядзёнкамі, а ў сакрэтным дакладзе “Аб кульце асобы і яго выніках” раскрыў шкоднасьць сталінскіх злачынстваў для грамадзтва. Гэта быў подступ ад эпохі таталітарызму да лібэральных рэформаў. Надалей КПСС прымала яшчэ некалькі разоў захады па барацьбе з ідэалёгіяй сталінізму: Пастанова ЦК КПСС “Аб пераадоленні культу асобы і яго выніках” (чэрвень 1956 г.), ХХІІ зьезд КПСС, на якім было адзначана, што рэпрэсіі праводзіліся ня толькі супраць камуністаў, але й супраць простых беспартыйных грамадзян. Злачынствы Сталіна цяпер прыпісваліся не аднаму Сталіну, але й вузкай “антыпартыйнай групоўцы”.

Трэба адзначыць, што духоўнае жыцьцё тых часоў адлюстроўвае складаны й супярэчлівы працэс змаганьня дзьвюх тэндэнцый, як піша У.Навіцкі,— дэмакратычнай, якая імкнулася да вызваленьня ўсіх сфэраў жыцьця ад скажэньняў сталінскай эпохі, і “кансэрватыўнай”, якая імкнулася зьберагчы й прыстасаваць старыя рычагі да новых рэаліяў грамадзкай сьвядомасьці. Пачаўся складаны, балючы, трагічны працэс разбурэньня сфармаваных стэрэатыпаў і поглядаў.

Новая атмасфэра станоўча адбілася на разьвіцьці гістарычнай навукі. Пачалі ўзьнікаць новыя навукова-досьледныя ўстановы, што вельмі важна. Паўсталі н овыя гістарычныя выданьні: “Народы Азии и Африки” (1955), “Новая и новейшая История” (1956), “Украіньскій історічній журнал” (1957), “Советское славяноведение” (1965) і шэраг іншых. Таксама павялічылася колькасьць, няхай і падкантрольных, замежных камандаваньняў. Пладамі “адлігі”, аднак, карысталіся пераважна толькі гісторыкі з цэнтральных установаў Масквы й Леніграду. На пэрыфэрыі, у рэгіёнах РСФСР, саюзных рэспубліках кансэрватары кантралявалі ідэалягічную сытуацыю.

У Беларусі гісторыкі часта абмяжоўваліся мінімальнымі, чыста дэкаратыўнымі, зьменамі ў гістарыяграфіі: вычышчэньнем з кніг і артыкулаў імя Сталіна, яго партрэтаў і цытат пры захаваньні, як адзначае М.Касцюк, духу й ацэнак “Кароткага курсу” ў дачыненьні, найперш, да гісторыі вызваленчага руху й ролі ў ім бальшавіцкіх арганізацыяў.

Праўда, з тае прычыны, што гісторыкі пачынаюць мець больш вольны доступ да архіваў, у навуковы ўжытак быў уведзены цэлы масіў раней забароненых крыніц. Аднак у сыстэме доказаў, як і раней, вялікае значэньне надавалася цытатам з твораў клясыкаў марксізму-ленінізму. Існавалі спэцсховішчы, у якіх захоўваліся забароненыя яшчэ да вайны працы беларускіх гісторыкаў, культурных і палітычных дзеячоў. Гісторыкаў прымушалі весьці несупынную барацьбу з г.зв. “буржуазнымі фальсыфікацыямі”.

5. пач. 60-х—пач. 80-х гг. Гэта пэрыяд “застою”, які, па сутнасьці, распаўсюдзіўся й на гістарычную навуку. КПСС, што манапалізавала ўладу ў краіне, спыніла працэс лібэральных рэформ. Аднак спробы вярнуцца да сталінскіх прынцыпаў кіраваньня не займелі посьпеху; XX зьезд КПСС стаўся надта моцным штуршком да савецка-лібэральных зьменаў. Нэасталінісцкі палітычны рэжым быў змушаны выкарыстоўваць больш мяккія, у параўнаньні з расстрэламі й канцлягерамі, мэтады кантролю: пераважна гэта былі цэнзурныя абмежаваньні. У той жа час за любымі праявамі нездавальненьня пільна наглядаў КГБ.

Трэба адзначыць, што ў гэты пэрыяд у СССР, а таксама ў Беларусі, актывізуецца дысыдэнцтва. Напрыклад, дысыдэнцкай была дзейнасьць “Акадэмічнага асяродку” (1960—1970-я гг.), сярод актыўных дзеячоў якога былі й гісторык М.Чарняўскі, тэатразнаўца С.Місько, літаратуразнаўца М.Прашковіч.

Гэткім чынам, разьвіцьцё гістарычнай навукі ў 60-я—80-я гг. — дастаткова няўстойлівы й супярэчлівы працэс. Спробы нэасталінісцкіх сілаў абмежаваць тэматыку дасьледаваньняў, запалохаць нязгодных прынесьлі свой плён. У той жа час мелі месца й некаторыя навуковыя дасягненьні.

6. 1985—1991 гг. Гэта быў так званы пэрыяд пэрабудовы, галоснасьці й дэмакратыі, распачаты М.Гарбачовым на красавіцкім Пленуме ЦК КПСС 1985 г. Аднак яго рашэньні, як і Пастановы ХХVII зьезду КПСС (1986), ХIХ Усесаюзнай партканфэрэнцыі (1988), ХХVIII зьезду КПСС (1990) і інш., ужо не адпавядалі вастрыні сацыяльных, эканамічных, палітычных і нацыянальных супярэчнасьцяў савецкага грамадзтва. Гарбачоў-рэфарматар справакаваў паўставаньне працэсаў самаарганізацыі ў грамадзтве, і тым самым “запусьціў” мэханізм разбурэньняя камуністычнай ідэалёгіі. Партыйныя й дзяржаўныя органы былі ня ў стане адэкватна рэагаваць на новыя ідэалягічныя рознагалосьсі.

Прадстаўнікі беларускай творчай і навуковай інтэлігенцыі пачалі пісаць адкрытыя лісты да Гарбачова на абарону беларускай мовы, культуры й гісторыі. Сярод іх былі й гісторыкі: Л.Лыч, Л.Мірачыцкі, В.Талстой. У гэты час узьнікаюць культурна-асьветніцкія клюбы — “Бабілён”, “Узгор'е”, “Сябрына” й інш. У новых грамадзка-палітычных умовах разбураліся старыя стэрэатыпы й ідэалягемы, новыя пакаленьні гісторыкаў пачыналі больш вольна працаваць над праблемамі ўласна беларускай гісторыі. Наступныя падзеі ў рэспубліцы — Пастанова Саўміну аб узьвядзеньні ў Курапатах помніку ахвярам масавых рэпрэсіяў (1937—1941 гг.) (1989), Закон аб мовах (1990), Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР (1990), зьяўленьне палітычных партыяў — толькі замацавалі гэтыя тэндэнцыі.

7. 1991—1994 гг. Пасьля абвяшчэньня дзяржаўнага сувэрэнітэту, забароны дзейнасьці КПБ—КПСС у беларускай гістарычнай навуцы распачаўся якасна новы этап. Ліквідацыя ідэалягічнага дыктату, рэабілітацыя тысяч ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, адмена ўсялякіх забаронаў у карыстаньні архіўнымі дакумэнтамі, літаратураю, адсутнасьць абмежаваньняў у кантактах з замежнымі калегамі й беларускай эміграцыяй аказала жыватворны ўплыў на навуку. У выніку значна пашырылася кола дасьледаванай праблематыкі — найперш, “белых плямаў”.

Пачалося стварэньне нацыянальна-дзяржаўнай гістарычнай канцэпцыі. У гістарычнай навуцы зьявіўся шырокі спэктар мэтадалягічных падыходаў — ад марксісцка-ленінскага да псыхааналізу. Сьведчаньнем прынцыповых зьменаў ёсьць і новыя гістарычныя часопісы: “Беларуская мінуўшчына”, “Беларускі гістарычны часопіс”, спэцыялізаваныя навуковыя зборнікі, заснаваньне ў лютым 1993 г. Усебеларускай гістарычнай асацыяцыі.

8. 1994—наш час. Калі эйфарыя ад набыцьця незалежнасьці, навуковай вольнасьці прайшла й пачалася штодзённасьць, стала зразумела, што нацыянальная гістарычная навука даведзена папярэднімі разбуральнымі падзеямі да вельмі цяжкога стану — як у кадравым, так і ў арганізацыйным пляне. Дадаўся да гэтага й эканамічны крызыс, які ахапіў краіну. Гуманітарныя навукі, ня маючы ўласных фінансавых магчымасьцяў, змушаны перажываць цяжкія часы. Так, зачыніўся часопіс “Беларуская мінуўшчына”, назіраюцца істотныя складанасьці з публікацыяй гістарычных дасьледаваньняў. Аднак у гэты пэрыяд стала зразумела: нават энтузіязм, памножаны на мінімальную фінансавую падтрымку, дазваляе далей разьвіваць гістарычную навуку. Прыкладаў гэтага даволі шмат: зьяўленьне ў 1995 г. прыватнага часопісу “Беларускі гістарычны агляд”, дзяржаўных — “Кантакты і дыялогі”, “Гісторыя. Праблемы выкладання”, “Гістарычны альманах”, “Берасцейскі хранограф”, выданьні бібліятэкі “ЕГА”, Архіў найноўшай гісторыі.

Літаратура

1. Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1996.

2. Дэмакратычная апазыцыя Беларусі. 1956—1991. Мн., 1999.

3. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі // ЭГБ Т.3. Мн., 1996.

4. Грыцкевіч В. Пераадолець інэрцыю стылю // Адраджэньне. Мн., 1995.

5. Возвращенные имена. Мн., 1992.

6. Военные судьбы. Мн., 1995.

7. Мяснікоў А. Нацдэмы. Мн., 1993.

8. Астрога В. Гісторыкі беларускага паходжання ў СССР // Кантакты і дыялогі. 1998. №6.

9. Сувалаў І. Ідэалогія і гісторыя // Беларуская мінуўшчына. 1994. №2.

10. Няміга Г. Асвета. культура і навука БССР за 40 год // Беларускі зборнік. 1959. Кн. 10.

11. Шаўчук І. Аб некаторых аспектах партыйнага кіраўніцтва гістарычнай навукай у БССР (70-я—80-я гг.) // Старонкі гісторыі Беларусі. Мн., 1992.