
- •Таталітарызм. Ігар кузьняцоў. Таталітарызм і сталінізм
- •Ігар кузьняцоў. Носьбіты нацыянальнай ідэі — ахвяры таталітарнага рэжыму
- •Анатоль вялікі. Нацыянальнае пытаньне, альбо рэпрэсаваньне культурнай і нацыянальнай ідэнтычнасьці
- •Віктар астрога.
- •Пятро васючэнка. Літаратура як апазыцыйны чыньнік таталітарнага рэжыму
- •1. Апазыцыянізм
- •2. Пасіянарызм
- •3. Нелегальная літаратура
- •Пятро васючэнка. Фэномэн літаратурнага сэрвілізму й нонканфармізм
- •1. Сэрвілізм як рытуал
- •2. Ілюзіі сэрвілістых
- •3. Клетка сэрвілізму (пытаньні паэтыкі)
- •4. З 1956 да 1991. Сума дысыдэнцтва
- •5. Нонканфармізм і сацыяльны крытыцызм
Анатоль вялікі. Нацыянальнае пытаньне, альбо рэпрэсаваньне культурнай і нацыянальнай ідэнтычнасьці
http://baj.ru/belkalehium/tatalitarysm/lekcyja08.htm
Плян:
1. Беларусізацыя
2. “Праца” з нацыянальнымі меншасьцямі
Беларусізацыя
Вядома, што адно з цэнтральных месцаў ў грамадзка-палітычным жыцьці Беларусі 20-х гадоў займала палітыка беларусізацыі. За апошняе дзесяцігодзьдзе айчынныя гісторыкі зрабілі шмат дзеля высьвятленьня гэтай праблемы. Разглядаючы яе, большасьць аўтараў абмяжоўваецца, аднак, аналізам рашэньняў студзеньскага й кастрычніцкага Пленумаў ЦК КП(б)Б (1925 г.), кастрычніцкага Пленуму (1926 г.), якія вызначылі стаўленьне й адносіны КП(б)Б да беларусізацыі.
Такі падыход, відавочна, недастатковы, бо тое, што афіцыйна дэкляравалася й абмяркоўвалася на шматлікіх партсходах, зусім адрозьнівалася ад таго, што таксама абмяркоўвалася, але ніколі не рабілася здабыткам галоснасьці, заставалася невядомым нават пэўнай колькасьці сябраў партыі й захоўвалася пад грыфам “сакрэтна” ці “зусім сакрэтна”.
Разам з тым, патрабуе карэктыроўкі й пераасэнсаваньня тэзіс пра тое, што “палітыка беларусізацыі з'яўлялася ні чым іншым, як канкрэтным выяўленнем нацыянальнай палітыкі Кампартыі Беларусі” й што ейныя вытокі — “у ленінскай бальшавіцкай нацыянальнай праграме”.
Бліжэй да ісьціны — і гэта пацьвярджаецца архіўнымі дакумэнтамі — меркаваньне акадэміка М.Касьцюка: “Каб не дапусціць рэалізацыі ідэі нацыянальнай незалежнасці і крыху задаволіць імкненні мясцовых нацыянальных дзеячоў у гэтым пытанні, кіраўнікі партыі і дзяржавы вымушаны былі пайсці на ажыццяўленне палітыкі беларусізацыі”. Так, менавіта “вымушаны былі пайсці”, спрабуючы цалкам кантраляваць якія б там ні было праявы нацыянальных памкненьняў беларусаў. Думка М.Касьцюка пацьвярджае й той факт, што амаль да 1924 г. партыя не надавала аніякай значнай увагі нацыянальнаму пытаньню.
Пра гэта сьведчаць выказваньні ейнага колішняга лідэра, першага сакратара ЦК КП(б)Б А.Крыніцкага. У дакладзе “Аб палітычнай справаздачы ЦК КП(б)Б і матэрыялах па чарговых пытаннях нацыянальнай палітыкі” ён заявіў: “У 1921 г. ва ўвесь рост паўстала пытанне аб тым, што ўся партыя павінна ўзяцца за правядзенне нацыянальнай палітыкі. Аднак тут мы бачым такую з'яву, што яшчэ ў 1921 і нават у 1923 гг. палітычная справаздача ЦК, ЦБ амаль не закранала нацыянальнай палітыкі і, напрыклад, адзін з дакладчыкаў у 1923 г. у заключнам слове кажа, што гэтае пытанне, магчыма, мала абмяркоўвалася на пасяджэннях ЦБ”.
Яшчэ адным сьведчаньнем таго, што нацыянальная праблема менш за ўсе турбавала вышэйшае партыйнае кіраўніцтва Беларусі ў 1921—1923 гг., ёсьць пералік пытаньняў, якія абмяркоўваліся на паседжаньнях Цэнтральнага Бюро (ЦБ). Напрыклад, у першым квартале 1921 г. пытаньні нацпалітыкі разглядаліся 1 раз, у другім — 2, у трэцім — 3, у чацьвёртым — 3. Для параўнаньня: за аналягічны пэрыяд пытаньні партыйнага будаўніцтва абмяркоўваліся адпаведна 16, 46, 32, 26 разоў; савецкага — 4, 28, 11, 21; культурнага — 7, 5, 8, 16.
У дакладзе А.Крыніцкага зьвяртае на сябе ўвагу й яшчэ адзін важны момант, які характарызуе формы й мэтады партыйнага кіраўніцтва нацыянальным працэсам. А.Крыніцкі адзначыў: “Мы праводзім беларусізацыю як цвёрдую лінію, калі хочаце, з элементамі прымусовай беларусізацыі ў адносінах да дзяржаўнага, кааператыўнага апарату, партыйнага, камсамольскага актыву... аднак у адносінах да рабочых і сялян не праводзім аніякай прымусовай беларусізацыі”.
А.Крыніцкі меў рацыю, калі казаў аб “прымусовай беларусізацыі” партыйнага й дзяржаўнага апаратаў, бо і той, і другі ў гэты час ужо стаялі на пазыцыі яе ціхага байкатаваньня. Уяўленьне пра тое, як на месцах пачалі байкатаваць выкананьне рашэньняў вышэйшых партыйных органаў, дае справаздача Віцебскага акружкаму КП(б)Б за 1926—1927 гг. Адметнасьць яе ў тым, што пэрыяд з 1925 да 1927 гг., паводле меркаваньняў беларускіх гісторыкаў,— “час найбольш актыўнага правядзеньня беларусізацыі”.
Дык вось, пад час “найбольш актыўнага правядзення беларусізацыі” Віцебскі акружкам адзначаў, што “пры пэўным пераломе ў ажыццяўленьні беларусізацыі арганізацыя не змагла яшчэ вывучыць ні беларускай мовы, ні беларускай культуры. Бюро акружкома ў лістападзе мінулага года (1926 г.) дало заданне адказным таварышам вывучыць беларускую мову да 1 студзеня 1927 г. Пры праверцы вызначылася, што большасць з іх зусім не чытаюць беларускай літаратуры, зусім не чытаюць беларускіх газет...”
Праверка паказала, што работнікі АК КП(б)Б ведаюць беларускую мову наступным чынам: добра — 9%, сярэдне — 35%, слаба — 40%, ня ведаюць — 16%. Яшчэ горшымі былі вынікі праверкі Віцебскай гарадзкой партарганізацыі, якая налічвала ў той час 3.752 камуністы. Зь іх толькі 208, ці 5,5%, добра ведалі беларускую мову, 532, ці 14,2% — сярэдне, 899, ці 23,9% — слаба, 2.133, ці 56,4% — зусім ня ведалі. У Віцебску вынікі аказаліся яшчэ горшымі: добра ведалі мову 4,3%, здавальняльна — 6,5%, слаба — 21,2%, наагул ня ведалі — 69% партыйцаў.
Апанэнты могуць запярэчыць, што прыклад Віцебскай акругі не характэрны, бо яна была найбольш зрусіфікаваная. Гэта так, але партыйныя рашэньні зьяўляліся абавязковымі для ўсіх — у тым ліку, і для камуністаў Віцебшчыны. З фармальнага пункту гледжаньня гэта азначала, што амаль уся партыйная акруговая арганізацыя ня выканала рашэньняў ЦК. Дзіўная сытуацыя. Бо партыйная дысцыпліна на той час ужо была настолькі моцнаю, што ня выканаць даручэньня вышэйшага партыйнага органу азначала страціць практычна ўсё.
Калі прыклад Віцебскай партарганізацыі ўсё ж разглядаць як “выключэнне”, то паўстае пытаньне: а чаму тады становішча ў сталічнай арганізацыі ня надта адрозьнівалася ад становішча ў віцебскай. Тут, хоць акружная партарганізацыя й высунула лёзунг “Да 1 студзеня 1927 г. актыў партарганізацыі павінен гаварыць на беларускай мове”, справа, аднак, далей за словы ня рухалася. Так, у Пастанове, зацьверджанай Бюро Менскага АК КП(б)Б (13.06.1927 г.), па выніках разгляду пытаньня “Аб правядзенні беларусізацыі ў Мінскай арганізацыі КП(б)Б” казалася аб “Некаторым зруху ў партыйнай арганізацыі ў адносінах да пытання беларусізацыі, які праяўляецца ў разуменні яе палітычнага значэння”.
Трэба толькі ўдумацца ў сэнс гэтага сказу. Нагадаем, што з 1 студзеня 1927 г. партыя павінна была загаварыць па-беларуску, а тут толькі праяўляюцца “некаторы зрух і разуменне”. Зважым і на тое, што сталічная партыйная арганізацыя, як абвесьціла ейнае кіраўніцтва, мусіла быць “у гэтым пытанні ўзорам для іншых арганізацый КП(б)Б”.
Ня надта зьмянілася становішча й у наступным, 1928, годзе. Так, праверка Гомельскай партарганізацыі, праведзеная ЦК КП(б)Б у красавіку—маі 1928 г., паказала, што “У некаторых выпадках сустракаецца варожае стаўленне да беларусізацыі, а таксама нежаданне праводзіць дырэктывы ЦК па гэтаму пытанню. Напрыклад, сакратар партыйнай ячэйкі фабрыкі “Везувій” заявіў, што ён “Звязду” не чытаў, не чытае і не будзе чытаць”. Нагадаем: з 1927 г. “Звязда” — друкаваны орган ЦК КП(б)Б — выходзіла на беларускай мове, і зразумела, што такое стаўленьне да беларускамоўнай газэты не шэраговага партыйца, а сакратара партячэйкі гаварыла й пра ягонае стаўленьне да беларусізацыі.
Ніяк сытуацыя не зьмянілася й у наступным 1929 г. На акружным, гарадзкім ды раённым узроўнях толькі канстатавалася аб невыкананьні рашэньняў адносна беларусізацыі — дый годзе. Напрыклад, у справаздачы Магілеўскага АК КП(б)Б (сакавік 1929 г.) адзначалася, што “Выкананню гэтай дырэктывы АК амаль што не надаў аніякай увагі. АК ні разу не абгаварыў гэтага пытання, ніякіх практычных мерапрыемстваў па выкананню гэтай дырэктывы не прадпрымаў, і абмяжоўваўся толькі тым, што па дакладах асобных ячэек даваў агульныя дырэктывы “аб рашучым правядзенні беларусізацыі”.
Такім чынам, тэндэнцыя ў дзеяньнях партапарату й партыі адносна беларусізацыі ўжо яскрава вызначылася. Прымаліся шматлікія пастановы агульнага зьместу, якія нікога ні да чога не абавязвалі, канстатаваўся факт невыкананьня іх — і на гэтым ўсё скончвалася. Маўклівая апаратная бюракратычная машына працавала бяз збояў. Партыя, ня маючы моцы адмяніць беларусізацыю пастановай, альбо іншым дырэктыўным рашэньнем, “адмяніла” яе бюракратычным шляхам.
Натуральна, нішто не зьмянілася, дый не магло зьмяніцца, і напачатку 30-х гадоў. Справа беларусізацыі пайшла па “добра” адпрацаванай партыйна-бюракратычнай каляіне: прымаліся рашэньні пра “больш рашучыя захады”, “узмацненне тэмпаў беларусізацыі”, потым канстатавалася адступленьне ад іх — і… усё паўтаралася наноў. І што цікава: нікога не здымалі з працы, ніхто не атрымоўваў партыйных спагнаньняў. Ніводнаму зь першых сакратароў РК, ГК КП(б)Б не абвесьцілі вымовы, нікога не пазбавілі пасады, не склікаліся нарады з факту невыкананьня пастановы вышэйшага партыйнага органу.
Гэта тым больш дзіўна, што партыя ўжо ўяўляла зь сябе строга цэнтралізаваную, зачыненую карпаратыўна-бюракратычную сыстэму з жорсткай ярархічнай падпарадкаванасьцю й абавязковым выкананьнем рашэньняў вышэйшых партыйных органаў — ніжэйшымі. Адказ на пытаньне, чаму такое адбывалася, можна знайсьці, у прыватнасьці, у словах сябра партыі з Талачынскага раёну, які заявіў: “Калі не буду ведаць беларускай мовы, то мяне ў турму не пасадзяць, а калі не дам своечасовых звестак (аб сельскагаспадарчых нарыхтоўках, выкананні розных планаў і г.д. — аўт.), дык пасадзяць”. У гэтых словах, безумоўна, была значная доля праўды. Сурова каралі не за няведаньне мовы, а за незьдзяйсьненьне рознага кшталту гаспадарчых кампаніяў.
Той факт, што напачатку 30-х гадоў беларусізацыя ператвараецца ў фармальна-бюракратычны працэс, у якім ніхто ні за што не адказваў, па сутнасьці сьведчыць: адразу рэальнай праблемай для партыі была не праблема беларусізацыі, а праблема так званага “нацыянальнага пытання”, якое ў СССР мусіла быць зьліквідаванае наагул.
Разглядаючы адносіны праўнай партыі да беларусізацыі, неабходна ўзяць пад увагу нацыянальны склад КП(б)Б, а таксама й задачы, што ставіліся перад партыйнымі арганізацыямі ў так званых “нацыянальных рэспубліках”.
Агульнае ўяўленьне пра нацыянальны склад КП(б)Б на розных узроўнях дае наступная табліца.
Ответственные работники окружнога масштаба
Период |
Количество |
Национальный состав в % | ||||
Бел. |
Рус. |
Евреи |
Поляки |
Проч. | ||
01.02.1924 |
123 |
16,3 |
22,0 |
40,6 |
4,9 |
16,2 |
01.09.1925 |
163 |
27,0 |
21,4 |
33,1 |
3,7 |
14,8 |
01.03.1927 |
262 |
41,2 |
13,6 |
30,5 |
3,8 |
10,9 |
Ответственные работники уездного масштаба
Периоды |
Количество |
Национальный состав в %% | ||||
Бел. |
Рус. |
Евреи |
Поляки |
Проч. | ||
01.02.1924 |
817 |
23,6 |
26,0 |
36,9 |
5,8 |
7,7 |
01.09.1925 |
840 |
33,7 |
20,2 |
31,9 |
5,5 |
8,7 |
01.03.1927 |
728 |
50,8 |
14,2 |
23,7 |
3,1 |
8,2 |
Национальный состав секретарей сельрайкомов и горрайкомов
Нацсостав в % | ||||||
|
Общ.кол |
Белор. |
Рус. |
Евреев |
Поляков |
Прочих |
Сельрайкомы: | ||||||
Январь 1925 г. |
100 |
57,0 |
18,0 |
10,0 |
5,0 |
7,0 |
Апрель 1925 г. |
100 |
45,0 |
21,0 |
18,0 |
4,0 |
6,0 |
Ноябрь 1925 г. |
100 |
60,0 |
13,0 |
11,0 |
2,0 |
8,0 |
Гор. РК: | ||||||
Ноябрь 1926 г. |
12 |
33,5 |
8,4 |
50,0 |
— |
8,3 |
Хоць табліца й паказвае на значную прысутнасьць беларусаў у партыйных органах, аднак іхнае становішча ў вышэйшых партыйных структурах не было вызначальным. Да таго ж, трэба мець на ўвазе, што галоўнай ідэалягемай партыі быў так званы “інтэрнацыяналізм”. Большасьць прадстаўнікоў партыйнага апарату, выхаваная на “інтэрнацыяналісцкіх поглядах”, калі не варожа, то, у лепшым разе, абыякава ставілася да беларусізацыі. Усур'ёз ейныя задачы й мэты ўспрымала толькі невялікая частка так званых нацыянал-камуністаў. Трапную характарыстыку пераважнае часткі партыйнага апарату даў вядомы беларускі гісторык Р.Платонаў, адзначыўшы, што да ўлады прыйшлі “дэнацыяналізаваныя элементы, выхаваныя ў духу касмапалітычнага інтэрнацыяналізму”.
У папярэдніх лекцыях мы ўжо адзначалі: “беларускія камуністы” на 3 зьезьдзе КП(б)Б (22—26 лістапада 1920 г.) прымаюць рашэньне аб тым, што “КП(б)Б — абласная арганізацыя РКП”. Словазлучэньне “беларускія камуністы” нездарма тут узята ў двухкосьсе: на той час у кіраўніцтве КП(б)Б не было беларусаў. Характарыстыка тым, хто прыйшоў да ўлады й прымаў такога кшталту рашэньні, была дадзена ў “Заяве 32-х” (студзень 1920 г.), у якой падкрэсьлівалася, што “ В Белоруссии не оказалось на месте необходимых кандидатур на ответственные посты и, естественно, у власти очутились те же почти коммунисты, как их называют, бедовский люд, что и раньше”.
Гэты “бедовский люд” і сфармаваў беларускую партарганізацыю, якая фактычна існавала на правох любой расейскай абласной партарганізацыі. Атрымоўвалася структура кшталту партыйнага Паўночна-Заходняга краю — толькі ва ўмовах камуністычнага Савецкага Саюзу, а не імпэратарскай Расеі.
Што ж датычыць стратэгічнага бачаньня нацыянальнага пытаньня, то ў ім ужо ў першай палове 1920-х гадоў сталі пераважаць сталінскія падыходы. На нарадзе па нацыянальным пытаньні, якая адбылася ў Маскве ў 1923 г., І.Сталін заявіў: “Неабходна памятаць, што нашыя камуністычныя арганізацыі на акраінах, у рэспубліках і абласцях могуць развівацца і стаць на ногі, зрабіцца сапраўдным інтэрнацыяналістычным, марксісцкім кадрам толькі ў тым выпадку, калі пераадолеюць нацыяналізм. Нацыяналізм — асноўная ідэйная перашкода на шляху вырошчвання марксісцкіх кадраў, марксісцкага авангарду на акраінах”.
Пра тое, што Крэмль уважліва сачыў за ажыцьцяўленьнем нацыянальнай палітыкі ў Беларусі, сьведчаць штогадовыя справаздачы ЦК КП(б)Б у ЦК ВКП(б)Б. Напрыклад, у лістападзе 1926 г., заслухаўшы й абмеркаваўшы справаздачу “абласной партыйнай арганізацыі” ЦК ВКП(б), адзначыўшы “правільнасць лініі КП(б)Б у нацыянальным пытанні”, ЦК падкрэсьліў неабходнасьць “тлумачэння нацыянальнай палітыкі ВКП(б) і небяспекі нацыяналістычных ухілаў — як беларускага, гэтак і расейскага,— і выпраўлення наяўных нацыяналістычных скажэнняў”.
Вышэйшае партыйнае кіраўніцтва КП(б)Б добра й “правільна” зразумела рэкамэндацыі Крамлю аб барацьбе з “нацыяналістычнымі ўхіламі”. Калі на 10 зьезьдзе КП(б)Б (3—10 студзеня 1927 г.) прыхільнікі гэтак званай нацыянал-дэмакратычнай плыні выказваліся за захаваньне беларускага культурнага вобліку рэспублікі, дык іх назвалі шавіністамі й контррэвалюцыянэрамі, што, паводле бальшавіцкай тэрміналёгіі, азначала зьвінавачаньне за самае вялікае злачынства супраць савецкай улады.
Такім чынам, можна сьцьвярджаць, што лёс беларусізацыі быў прадвызначаны з таго моманту, як толькі партыя ўзяла яе пад свой кантроль. Ці магло дазволіць сталінскае кіраўніцтва ВКП(б), каб у адным зь ейных “атрадаў” разгортвалася нацыянальная праца? Пытаньне рытарычнае.
Менавіта ў партыі й выявіўся моцны супраціў беларусізацыі, які празь ейныя структуры распаўсюджваўся на ўсе сфэры грамадзтва. Менавіта партыя, распачаўшы барацьбу з “нацдэмаўшчынай”, давяла яе да лягічнага канца — поўнага разгрому нацыянальнага руху й усяго таго, што было зьвязана зь беларусізацыяй.
Ня меншая ўвага партыйных і савецкіх органаў у другой палове 20-х гадоў надавалася й працы сярод нацыянальных меншасьцяў, і, у прыватнасьці,— сярод гэбраяў і палякаў.
“Праца” з нацыянальнымі меншасьцямі
З заканчэньнем савецка-польскай вайны й другім абвешчаньнем БССР сталася магчымым падступіцца да мірнага будаўніцтва. Таму адразу ж, у жніўні 1920 г., пры ЦК КП(б)Б былі арганізаваныя гэбрайская й польская нацыянальныя сэкцыі, якія мусілі займацца ўсімі справамі нацыянальнага жыцьця гэбраяў ды палякаў.
Патрэба хуткага стварэньня ў структуры КП(б)Б Яўсэкцыі тлумачылася наяўнасьцю значнай колькасьці гэбрайскага насельніцтва ў рэспубліцы. Так, напрыканцы грамадзянскай вайны колькасьць яго ў рэспубліцы, у ейных колішніх межах, складала прыкладна 444 тыс. чалавек, альбо 8,2%, якое збольшага пражывала ў гарадох і мястэчках.
Яўсэкцыі былі створаны ва ўсіх акружных, раённых і гарадзкіх партыйных арганізацыях, аднак галоўнае кіраўніцтва працай зь яўрэямі усіх створаных партструктур належала Цэнтральнаму гэбрайскаму бюро (Яўбюро) пры ЦК КП(б)Б, заснаванае 8 жніўня 1920 г. У лісьце “Да ўсіх камітэтаў партыі Літвы і Беларусі” абвяшчалася: “Пры ЦБ Беларусі створана і ўжо прыступіла да працы Галоўнае бюро гэбрайскіх камуністычных секцый...” У ім жа вызначаліся й задачы дзейнасьці Яўбюро: “1. Вядзенне агітацыі і прапаганды як вусна, гэтак і пісьмова сярод гэбрайскіх рабочых і беднаты; 2. Партыйнае выхаванне сябраў партыі, якія размаўляюць на гэбрайскай мове; 3. Барацьба супраць уплыву гэбрайскіх буржуазных і мелкабуржуазных партый...; 4. Арганізацыя гэбрайскага пралетарыяту ў шэрагах адзінай камуністычнай партыі”.
Асноўную ролю ў беларускай Яўсэкцыі адыгрывалі былыя актыўныя дзеячы гэбрайскіх партыяў — у асноўным выхадцы з Бунду, якія перайшлі на бок бальшавікоў і якія варожа ставіліся як да сіяністаў, так і да артадаксальнай гэбрайскай культуры й наагул да гэбрайскага жыцьця, заснаванага на традыцыях юдаізму. Таму зь першых дзён існаваньня дзейнасьць Яўбюро разгортвалася пераважна ў трох накірунках — барацьбы з рэшткамі бундаўскіх традыцыяў і з праявамі сіянізму; вынішчэньня артадаксальнай гэбрайскай рэлігіі, традыцыяў і мовы.
Атрымаўшы своеасаблівы “карт-бланш” ад ЦБ на працу з гэбрайскім насельніцтвам і адчуваючы падтрымку партыйнага апарату, Яўбюро заняло вельмі жорсткую пазыцыю дачынна сваіх апанэнтаў — гэбрайскіх палітычных партыяў, грамадзкіх і дабрачынных арганізацыяў, традыцыйных гэбрайскіх культурных і адукацыйных інстытутаў — хедараў і іешыў. Галоўнай задачай зьяўлялася дыскрэдытацыя іхнае дзейнасьці, а потым — і палітычнае знішчэньне апанэнтаў.
У першую чаргу, Яўбюро распачало бескампраміснае змаганьне з Бундам. Пра адносіны да яго сьведчаць тэзысы Яўбюро. У іх адзначалася, што “1. Бунд, нягледзячы на сваё прызнанне камунізму, праграмы і тактыкі РКП(б), па сутнасці з'яўляецца мелкабуржуазнай партыяй; 2. Дзякуючы факту свайго існавання, Бунд становіцца цэнтрам прыцягвання для нацыяналістычных элементаў гэбрайскай мелкабуржуазнай, так званай сацыялістычнай інтэлігенцыі, якая пранікае ў шэрагі рабочага руху...; 3. Рашучая барацьба з Бундам патрабуе адхілення Бунду з усіх кіруючых органаў савецкай улады”.
Яшчэ больш жорсткую пазыцыю яўсэкі занялі адносна гэбрайскіх грамадзкіх і дабрачынных арганізацыяў. Ува ўжо згаданых тэзысах адзначалася “неабходнасць поўнай ліквідацыі гэбрайскіх грамадскіх арганізацый”.
Адной з асноўных задач Яўсэкцыя лічыла правядзеньне палітыкі партыі й прапаганду ейных ідэяў толькі на мове ідыш: у адпаведнасьці з Дэкрэтам ураду ад 1 жніўня 1920 г., яна, разам зь беларускай, рускай і польскай, абвяшчалася дзяржаўнай мовай. Рэзка адмоўнае стаўленьне яўсэкаў да іўрыту робіцца зразумелым, калі ўзяць пад увагу той факт, што іўрыт для іх азначала — “клерыкалізм”, “нацыяналістычны сіанізм” і г.д.
Найбольш яскрава праявіліся адносіны Яўсэкцыі да нацыянальнай культуры гэбраяў у пытаньні існаваньня хедараў і іешыў. На працягу вякоў гэтыя інстытуты традыцыйнай гэбрайскай адукацыі лічыліся ў беларускіх гэбраяў асновай выхаваньня дзяцей, гэбрайскай самасьвядомасьці. Аднак на пачатку 1920-х гадоў яўсэкі прымаюць рашучыя захады да зьнішчэньня іх. Так, у студзені 1922 г. на нарадзе прадстаўнікоў яўсэкцыяў абмяркоўвалася пытаньне “Аб нашай тактыцы ў барацьбе з хедарамі”. У выніку хедары аказаліся па-за законам — іх закрывалі, сканфіскоўвалі маёмасьць, арыштоўвалі мэламэдаў.
Адначасна зь ліквідацыяй хедараў і іешыў пачаўся наступ на равінаў і сынагогі. З падаваньня Яўсэкцыі, улады пачынаюць зачыняць сынагогі й рабаваць каштоўнасьці, якія там знаходзіліся. Напрыклад, з цэнтральнай сынагогі Менску ў 1922 г. было сканфіскавана звыш двух пудоў срэбра.
З умацаваньнем рэжыму І.Сталіна ў Беларусі колькасьць равінаў, мэламэдаў значна паменшала: іх арыштоўвалі, высылалі, ім забаранялася займацца рэлігійнай дзейнасьцю.
Нягледзячы на задаволенасьць дзейнасьцю Яўбюро, ЦК КП(б)Б, аднак, ніколі не давярала яўсэкам і заўсёды трымала іх пад кантролем. “Нагляд” за дзейнасьцю Яўбюро ажыцьцяўляў агітацыйна-прапагандысцкі аддзел ЦК. Так, усе пратаколы Яўбюро праглядаліся й візаваліся загадчыкам агітпрападдзелу, пра што пісьмова паведамлялася сакратару Яўбюро. Напрыклад, 6 сакавіка 1924 г. адбылося паседжаньне Яўбюро, а 27 сакавіка загадчык агітпрападдзелу паведамляў, што пратакол Яўбюро ад 6 красавіка зацьверджаны. Калі загадчык агітпрапу не пагаджаўся з прынятымі рашэньнямі Яўбюро, то меў права адмяніць іх.
К канцу 1920-х гадоў камуністычны рэжым ужо даволі трывала ўсталяваўся ў краіне, і саступкі, на якія партыя ішла ў адносінах да нацыянальных меншасьцяў, сталі паступова зьліквідоўвацца. Стала зразумелым, што да Яўсэкцыі, як, дарэчы, і да астатніх нацыянальных сэкцыяў, беларуская кампартыя ставілася як да часовых інструмэнтаў дасягненьня сваіх мэтаў. Рашэньне пытаньняў гэбрайскага жыцьця ўсё больш пераходзіць непасрэдна да прапагандысцка-агітацыйнага аддзелу ЦК — Яўсэкцыі месца ў гэтым працэсе ўжо не знаходзілася.
Таму 30 студзеня 1930 г. Яўсэкцыя ЦК КП(б) была зьліквідаваная. Ліквідацыя яе, як і іншых нацыянальных сэкцыяў пры ЦК КП(б)Б, азначала паварот праўнае партыі ад ляяльнага стаўленьня й разуменьня нацыянальнага пытаньня да жорсткіх мэтадаў змаганьня зь любымі праявамі нацыянальных памкненьняў.
Пасьля вайны адносіны партыі да гэбраяў рэзка зьмяняюцца. Мы ўжо распавядалі пра “вычышчэнне” гэбраяў з парторганаў усіх узроўняў. Другой ганебнай старонкай гісторыі кампартыі сталася так званая кампанія барацьбы зь “бязроднымі касмапалітамі”, распачатая ў Маскве. Асабліва яскрава гэта праявілася на прыкладзе гэтак званай справы “лекараў-шкоднікаў”. Кампанія супраць “лекараў-шкоднікаў” распачалася ў Менску адразу ж пасьля таго, як ТАСС 13 студзеня 1953 г. паведаміла пра арышт дактароў.
Пра тое, што партыйныя ўлады загадзя рыхтаваліся да гэтай акцыі, сьведчаць наступныя факты. Ужо 14 студзеня ў Гомелі — г.зн. на другі дзень пасьля паведамленьня ТАСС — было праведзена 350 мітынгаў, на якіх прысутнічала звыш 40 тыс. чалавек і выступіла каля 800 чалавек. Акрамя таго, у аддзелы партыйных, прафсаюзных і камсамольскіх органаў ЦК КПБ пайшла інфармацыя з парторганаў аб правядзеньні мітынгаў і сходаў працоўных, якія ўхвалялі дзейнасьць органаў МДБ, што арыштавала дактароў.
Заўважым, што агітпрап добра кіраваў “нянавісьцю” народу, пераносячы яе ня толькі на пэўную катэгорыю спэцыялістаў, але на ўсіх гэбраяў. Зьмест рэзалюцыяў, што прымаліся на сходах і мітынгах працоўных, можна зьвесьці да наступнага: высяліць ўсіх гэбраяў у аддаленыя раёны Сібіры й Далёкага Ўсходу; забараніць ім здабываць вышэйшую адукацыю, камандаваць рускімі людзьмі; змусіць іх працаваць на фабрыках, заводах, на цяжкіх фізычных працах і г.д.
Варта зважыць на яшчэ адну асаблівасьць гэтага ганебнага “спэктаклю”. Партыйныя органы ўсіх узроўняў зарганізоўвалі мітынгі сярод найменш адукаванай часткі насельніцтва, апэлюючы, галоўным чынам, не да розуму, а да эмоцыяў. Большасьць мітынгаў была зарганізавана на заводах, фабрыках, у калгасах. Там, сярод найменей адукаванай часткі насельніцтва, гучалі найбольш радыкальныя заклікі да расправы з гэбраямі. Інтэлігенцыя больш стрымана ўспрымала гэтую чарговую палітычную кампанію.
Настроі й паводзіны гэбраяў вызначаліся пачуваньнем жаху, прыгнечанасьці, чаканьнем горшага. Напрыклад, прафэсар Меражынскі — загадчык катэдры Менскага мэдінстытуту выказаўся, што пасьля маскоўскіх падзеяў, арыштаў сярод гэбрайскага насельніцтва такое ж адбудзецца й у Беларусі. Аб тым, які настрой быў сярод гэбраяў, сьведчаць выказваньні піянэрважатай адной зь менскіх школ, якая ў размове з дырэктарам адзначыла, што яна баіцца хадзіць у школу, бо ў яе такое пачуцьцё, быццам вось-вось паб'юць. Палітычная кампанія павінна была знайсьці сваё лягічнае выйсьце. І яно знайшлося — у выглядзе масавых звальненьняў лекараў-гэбраяў з больніц.
Праўда, гэтая палітычная кампанія хутка скончылася. Зьвязана тое было са сьмерцю І.Сталіна. Тым ня менш, стаўленьне да гэбрайскага насельніцтва не зьмянілася — дый не магло зьмяніцца ў наступныя гады. Палітыка КПСС-КПБ у так званым “гэбрайскім пытанні” вызначылася на многія дзесяцігодзьдзі й не пераглядалася да забароны структур КПСС-КПБ у рэспубліцы.
Другой нацыянальнай меншасьцю, працы зь якой надавалася вялікая ўвага, зьяўляліся палякі. У адносінах да іх у 20-я—30-я гады выразна бачацца два падыходы: ад прыхільнага стаўленьня напачатку 20-х і да сярэдзіны 30-х гадоў і да нічым не прыхаванай варожасьці, пачынаючы зь сярэдзіны 30-х гадоў. Гэтыя падыходы добра праглядаюцца на прыкладзе “польскага эксперымента”, які меў месца ў 1932—1937 гг. і які зьвязаны са стварэньнем адзінага на Беларусі польскага нацыянальнага раёну.
У кастрычніку 1925 г. у складзе Койданаўскага райкаму ствараецца Польбюро, якое павінна было займацца ўсімі пытаньнямі нацыянальнай працы сярод польскага насельніцтва раёну. Падставай для арганізацыі такой працы сталася тое, што значную колькасьць насельніцтва шэрагу сельсаветаў складалі грамадзяне, якія лічылі сябе палякамі. Напрыклад, у Негарэльскім с/с, з падлікаў раённых уладаў, пражывала каля 35% палякаў. Прыкладна такімі ж лічбамі характарызаваўся склад насельніцтва й яшчэ некалькіх сельсаветаў, а таму на працягу 1927—1931 гг. пры актыўным удзеле Польбюро райкаму было створана яшчэ 3 нацыянальныя польскія саветы.
Адначасова адчыняюцца польскія школы, а беларускія пераводзяцца на польскую мову навучаньня. Калі ў 1925 г. у раёне існавала ўсяго 5 польскамоўных школ, у 1930 г. — 7, то ў 1931 г. лік іх узрос да 32, а ў 1932 г. — да 40.
У лютым 1932 г. Бюро ЦК КП(б)Б прымае рашэньне пра пераўтварэньне Койданаўскага раёну ў нацыянальна-польскі раён і зьвяртаецца ў ЦК ВКП(б) з прапановай, каб саюзныя ўлады далі дазвол на правядзеньне ўсіх мерапрыемстваў, зьвязаных з гэтым пераўтварэньнем. Чым жа рэспубліканскае партыйнае кіраўніцтва абгрунтоўвала мэтазгоднасьць стварэньня польраёну? Галоўным чынам, палітычнымі матывамі. Пацьверджаньнем зьяўляецца дакладная запіска ЦК КП(б)Б, накіраваная ў ЦК ВКП(б) у лютым 1932 г. У ёй падкрэсьлівалася: “Выдзяленне ў БССР польскага раёна будзе мець вялікае палітычнае значэнне як па-за межамі, так і ўнутры БССР і выб'е з рук класавага ворага вельмі часта ўжываемую ім зброю аб уціску польскага насельніцтва ў БССР”.
Стварэньне польраёну ў Беларусі належна разглядаць у больш шырокім кантэксьце. З пункту гледжаньня Масквы, Беларусь зьяўлялася ідэальным пляцдармам для экспарту й распаўсюджаньня рэвалюцыі на Захад і, у прыватнасьці, у Польшчу. Пацьверджаньнем гэтай тэзы ёсьць сакрэтная нарада польработнікаў-камуністаў, якая адбылася ў ЦК КП(б)Б у маі 1931 г. Выступаючы на ёй, галоўны рэдактар “Звязды” Будзінскі, адзначыўшы важнасьць працы сярод польскага насельніцтва Беларусі, заявіў: “Усе гэтыя высокія матэрыі (праца сярод палякаў — А.В.) на пэўны час пакінем. Варшаўская рэвалюцыя цудоўна з гэтым справіцца. Я мяркую адно: калі вы канцэнтруеце ўвагу на пытаннях пралетарскай культурнай працы тут, то адсоўваеце польскую рэвалюцыю там”.
Наступны выступоўца быў яшчэ больш катэгарычным: “Для мяне асабіста польская праца не з'яўляецца пытаннем працы сярод польскага насельніцтва ні ў БССР, ні ў СССР. Яно надзвычайна глыбока звязана з пытаннем рэвалюцыі ў Польшчы, і калі мы тут вядзем гаворку аб кадрах польработнікаў, то павінны разумець гэтае пытанне дваіста: і для польскага насельніцтва тут, і для чакаючых нас гістарычных задач у сувязі з рэвалюцыяй у Польшчы”.
Аднак, не пасьпеўшы як сьлед разгарнуцца, праца ў польраёне пачала павольна спыняцца, а з 1934 г. набірае моц адваротны працэс — ціхае згортваньне ўсёй раней распачатай працы. Перш за ўсё, пачынаецца скарачэньне й перавод польскіх школ у беларускія. Каб надаць гэтаму працэсу законны характар, партыйныя ўлады раёну інсьпіруюць масавыя заявы вучняў і бацькоў пра немагчымасьць і шкоднасьць навучаньня дзяцей на польскай мове й жаданьне іх вучыцца па-беларуску. У 1935 г. працэс вынішчэньня ўсяго польскага ідзе больш шпаркімі тэмпамі й закранае ня толькі школы. Бюро Дзяржынскага райкаму партыі разглядае пытаньне аб існаваньні польскай газэты “Штурмавец Дзяржыншчыны” й польскага рабфаку ў Дзяржынску й прымае рашэньне пра нямэтазгоднасьць існаваньня як газэты, гэтак і рабфаку.
Самымі трагічнымі старонкамі ў гісторыі “польскага раёну” сталіся падзеі 1937—1938 гг. 2 жніўня 1937 г. Бюро ЦК КП(б)Б прымае Пастанову, у якой адзначалася: “Зліквідаваць Дзяржынскі раён, польскія сельсаветы перавесці на беларускае справаводства ў двухтыднёвы тэрмін, даручыць Наркампросу перабудаваць сетку польскіх школ”. Чым было выклікана такое рашэньне? Адказ на гэтае пытаньне знаходзіцца ў Пастанове Бюро ЦК КП(б)Б ад 28 ліпеня 1937 г. “Аб ліквідацыі палітыкі паланізацыі, праводжанай нацыянал-фашыстамі (Галадзед, Шаранговіч, Чарвякоў і іншыя)”. Тон абмеркаваньню задалі наежджыя з Масквы “спецыялісты па польскаму пытанню” — загадчык аддзелу кіроўных партыйных органаў Г.Малянкоў і загадчык сельскагаспадарчага аддзелу ЦК ВКП(б)Б Я.Якаўлеў, якія ачолілі камісію па праверцы рэспубліканскай партыйнай арганізацыі.
Яшчэ больш жорсткай была Пастанова Бюро ЦК КП(б)Б, прынятая ў верасьні 1937 г. У адпаведнасьці зь ёй, зьліквідоўваліся: польскія аддзяленьні пэдінстытуту, інстытуту нацыянальных меншасьцяў, рабфаку БДУ; пэдвучэльні; Менскі й Гомельскі дзіцячыя дамы; усе польскія школы, дзіцячыя садкі. Больш за тое, адпаведна з гэтай Пастановай, як адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка зьліквідоўваўся сам раён. 12 яго сельсаветаў адыходзілі да Менскага раёну, 3 — да Узьдзенскага й 2 — да Заслаўскага. Адначасна зь ліквідацыяй раёну было рэпрэсавана амаль усё партыйнае, савецкае кіраўніцтва. Пастанова фактычна скасавала ўсё, што ад пачатку 20-х гадоў рабілася ў рэспубліцы ў адносінах да польскай меншасьці. Усе польскае адгэтуль пачало асацыявацца з “варожым, фашысцкім, здрадніцкім, шпіёнскім” і г.д. Шмат палякаў было беспадстаўна зьвінавачана й рэпрэсавана.
Дапушчальна сьцьвярджаць, што рашэньне пра згортваньне нацыянальнай працы ў раёне палітычнае кіраўніцтва рэспублікі прыняло з улікам зьмененай пазыцыі Масквы да пэрспэктываў пашырэньня ўсясьветнай рэвалюцыі. У сярэдзіне 30-х гадоў для І.Сталіна й ягонага атачэньня стала відавочным і зразумелым, што спадзяваньні на хуткае разьвіцьцё рэвалюцыйных падзеяў на Захадзе й у Польшчы ня спраўдзіліся. Польская рэвалюцыя, пра якую марылі й пэрспэктывы якой абмяркоўвалі на менскай нарадзе тутэйшыя бальшавікі, ня зьдзейсьнілася. Таму штучнае й няжыцьцяздольнае стварэньне пад назвай “нацыянальны польскі раён” (Dzierdzynszyczyzna) стала не патрэбным ні Менску, ні, тым больш, Маскве. Беларусь — і асабліва Дзяржынскі раён — сталіся закладнікамі й ахвярамі палітычных гульняў Масквы.
Аднак на гэтым справа ня скончылася. У сярэдзіне жніўня 1937 г. НКВД СССР выдае апэратыўны загад № 0048, разасланы начальнікам мясцовых упраўленьняў НКУС. Загад гэты датычыцца шматгадовае беспакаранае шпіёнска-дывэрсійнае дзейнасьці польскай выведкі на тэрыторыі СССР. Упраўленьням НКУС даручалася правесьці за трохмесячны тэрмін шырокамаштабную акцыю, скіраваную на ліквідацыю “польскіх шпіёнаў і дыверсантаў”. З гэтага часу пачалася так званая “польская аперацыя”, якая мела асабліва трагічныя вынікі для Беларусі й, у прыватнасьці, для Койданаўшчыны, паколькі раён межаваў з Польшчай.
На Койданаўшчыне да таго, што ўжо адбылося, была сфабрыкаваная так званая справа “палка Пілсудскага” — як “контррэвалюцыйнай, шпіёнскай, шкодніцкай арганізацыі”, якая пад час яшчэ расейска-польскай вайны судзейнічала польскай арміі ў барацьбе з войскамі Чырвонай Арміі, дапамагала палякам зброяй, харчаваньнем і г.д. Пасьля ўсяляк сабатавала правядзеньне калектывізацыі ў раёне, займалася шкодніцтвам, шпіёнскай дзейнасьцю на карысьць Польшчы. Па гэтай справе было арыштавана 11 жыхароў раёну — і, у адпаведнасьці з Пастановай наркама ўнутраных справаў і пракурора СССР ад 29 кастрычніка 1937 г., усіх зьвінавачаных расстралялі.
Заканчэньне Другой усясьветнай вайны прывяло да значных тэрытарыяльных зьмен і ўсталяваньня новых межаў у шэрагу краінаў Усходняй Эўропы. Гэтыя зьмяненьні самым непасрэдным чынам закранулі Беларусь, якая межавала з ужо новай Польшчай — пракамуністычнай і прасавецкай, што патрапіла ў сфэру ўплыву Масквы.
Усталяваньне новай савецка-польскай дзяржаўнай мяжы па так званай лініі Керзана прадугледжвала перадачу на карысьць Польшчы часткі тэрыторыі Беларусі — Беластоцкай і трох раёнаў Берасьцейскай вобласьцяў. Вызначэньне дзяржаўнай мяжы запатрабавала прывядзеньня ў адпаведнасьць зь ёй і этнічнай мяжы, што было ажыцьцёўлена шляхам перасяленьня палякаў з заходніх вобласьцяў Беларусі ў Польшчу й беларусаў з Польшчы ў БССР.
Перасяленьне чынілася на падставе беларуска-польскага пагадненьня ад 9 верасьня 1944 г. і доўжылася два гады — да 1947 г. Яно зьявілася значнай палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай падзеяй двухбаковых беларуска-польскіх адносін і паўплывала на лёсы соцень тысяч палякаў, якія жылі ў заходнім рэгіёне Беларусі.
За два гады перасяленьня (1944—1947 гг.) звыш 240 тыс. палякаў выйшлі зь беларускага грамадзянства й назаўсёды пакінулі Беларусь, пераехаўшы ў Польшчу. Прычыны, што змушалі палякаў ад'яжджаць зь Беларусі, былі розныя. Аднак самымі галоўнымі зьяўляліся наступныя: непрыняцьцё савецкай улады й усяго, што рабілася ад яе імя, — прымусовай калектывізацыі, масавых арыштаў і дэпартацый палякаў, прымусовых набораў грамадзян на працу па-за межы Беларусі, рэлігійнага ды нацыянальнага перасьледу, непамерных падаткаў і г.д. Нельга пакідаць па-за ўвагай і сваяцкія адносіны з палякамі з другога боку мяжы ды іншае. Гэтыя прычыны дзейнічалі адначасова — як паасобку, гэтак і сукупна.
З улікам важнасьці гэтых ды і іншых прычын усё ж неабходна адзначыць, што больш за ўсё перасяленцаў хвалявала ня дзе жыць, а як жыць. Трэба прызнаць, што нават прамаскоўская, пракамуністычная Польшча стварыла больш спрыяльныя ўмовы для простага чалавечага жыцьця, чым камуністычная, таталітарная Беларусь. За два гады “шчаслівага жыцця” ў Савецкай Беларусі палякі з жахам убачылі й паспыталі — на сабе, сваіх блізкіх, родных, знаёмых — масавыя дэпартацыі, прымусовую калектывізацыю, працу ў калгасах і саўгасах, у якіх, нібы ў “чорных дзірках”, зьнікала гадамі назапашанае дабро, дзе папросту чыніўся зьдзек з асобы.
У пасьляваеннай Беларусі істотных зьмен у штодзённым жыцьці не адбылося. Працягваліся арышты й дэпартацыі, непамерным цяжарам леглі на аднаасобніка высокія стаўкі падаткаў, штогадовыя пляны здачы дзяржаве сельскагаспадарчай прадукцыі, лесанарыхтоўкі й лезавывазкі, бясконцыя дзяржаўныя займы й пазыкі, прымусовыя аргнаборы на працу на Ўрал, Далёкі Ўсход ды шмат што іншае, ня менш дурное й жахлівае, чаго ня зьведвалі нават за “панскаю Польшчай”.
Зыход палякаў зьявіўся іхным своеасаблівым маўклівым пратэстам супраць таталітарнай дзяржавы. Важна ўсьведамляць, што ў гісторыі камуністычнай Беларусі мірнага часу перасяленьне сталася самай вялікай хваляй беззваротнай міграцыі руплівага, працавітага й гаспадарлівага насельніцтва.
Новыя стасункі з Польшчай, а таксама той факт, што на захадзе Беларусі засталася значная колькасьць палякаў, далёка не прыхільных да камуністычнага рэжыму, рупілі як кіраўніцтву ВКП(б), так і КП(б)Б. Вышэйшае палітычнае кіраўніцтва краіны літаральна празь некалькі месяцаў пасьля вызваленьня Беларусі акрэсьліла свае адносіны да палякаў заходняга рэгіёну рэспублікі на бліжэйшую пэрспэктыву.
20 студзеня 1945 г. ЦК ВКП(б) прымае Пастанову “Аб палітычнай працы партыйных арганізацый КП(б)Б сярод насельніцтва заходніх абласьцей БССР”, якая на доўгія гады вызначыла стратэгію паводзін КП(б)Б у адносінах да палякаў. Сутнасьць яго магчыма зьвесьці да двух тэзысаў — “саветызацыя” й “русіфікацыя” палякаў.
Вельмі важная роля ў “перавыхаванні” польскага насельніцтва адводзілася сярэдняй школе й настаўнікам. Для выкананьня гэтай задачы ЦК ВКП(б) абавязаў адкамандаваць для працы ў школах заходніх вобласьцяў Беларусі ўсіх раней эвакуяваных з БССР настаўнікаў-беларусаў, што працуюць у школах РСФСР. Да таго ж, Дзяржвыдавецтву РСФСР да новага навучальнага году (1946 г.) загадвалася, спэцыяльна для школ заходніх вобласьцяў Беларусі, надрукаваць 1 млн. асобнікаў “надзейных у ідэалагічным плане падручнікаў”.
Ня менш рашучыя захады рабіў і ЦК КП(б)Б, які ў красавіку 1945 г. прыняў Пастанову “Аб мерах дапамогі школам заходніх абласцей БССР”, што прадугледжвала радыкальныя зьмяненьні ў сыстэме падрыхтоўкі пэдагагічных кадраў, забесьпячэньня школ “марксісцкай” вучэбна-мэтадычнай літаратурай, паляпшэньня кіраўніцтва вучэбнай і палітыка-выхаваўчай працы й г.д.
Гэтак, з мэтай рашэньня толькі “кадравага” пытаньня ЦК КП(б)Б абавязаў Наркамасветы, абкамы КП(б)Б і аблвыканкамы ўсходніх вобласьцяў адкамандаваць на працу ў школы заходніх вобласьцяў 400 настаўнікаў; накіраваць у школы 800 настаўнікаў зь ліку выпускнікоў пэдвучэльняў усходніх вобласьцяў і 200 — выпускнікоў пэдВНУ; накіраваць у гэтыя вобласьці зь ліку рээвакуяваных 1 тысячу настаўнікаў і асноўную частку настаўнікаў, дэмабілізаваных з Чырвонай Арміі.
Масаваная ідэалягічная “апрацоўка” палякаў не абмяжоўвалася толькі перавыданьнем падручнікаў, падрыхтоўкай “надзейных і вытрыманых кадраў” і г.д. Партыйнае кіраўніцтва прымае шэраг сакрэтных пастановаў, скіраваных на радыкальнае рашэньне “польскага пытання”. Красамоўным прыкладам гэтага зьяўляецца запіска першага сакратара ЦК КП(б)Б М.Гусарава “Аб стане і мерах па паляпшэнню палітычнай працы сярод апалячанага беларускага насельніцтва і насельніцтва польскай нацыянальнасці ў заходніх абласцях БССР”, дасланая ў ліпені 1947 г. сакратару ЦК ВКП(б) А.Жданаву.
Першы сакратар ЦК КП(б)Б палічыў неабходным: “Далажыць ЦК ВКП(б) аб стане палітычнай працы сярод апалячаных беларусаў, а таксама насельніцтва польскай нацыянальнасці, пражываючага ў заходніх абласцях, і прасіць указанняў па гэтаму пытанню”. М.Гусараў адзначыў, што, негледзячы на праведзеную мясцовымі партыйнымі арганізацыямі значную агітацыйна-прапагандысцкую працу, палітычнае становішча ў гэтых абласьцёх застаецца “складаным”. Як трывожную прыкмету М.Гусараў адзначыў: “За апошнія тры гады значна ўзрасла колькасць людзей, якія называюць сябе палякамі, негледзячы на той факт, што колькасць польскага насельніцтва значна зменшылася ў выніку рэпатрыацыі ў Польшчу”.
З улікам гэтага, ЦК КП(б)Б палічыў патрэбным “Весці лінію на беларусізацыю апалячанага беларускага насельніцтва і на шырокае развіццё беларускай і рускай савецкай культуры ў заходніх абласцях БССР з тым, каб у бліжэйшыя гады далучыць да беларускай і рускай савецкай культуры і апалячаных беларусаў і астаўшаеся ў рэспубліцы польскае насельніцтва”.
Асаблівую заклапочанасьць М.Гусарава выклікаў той факт, што ў заходніх абласьцёх засталося 22 польскія школы. Ён падкрэсьліў: у рэспубліцы няма ні дастатковай колькасьці падручнікаў на польскай мове, ні настаўнікаў, якія маглі б весьці выкладаньне па-польску. Да таго ж, польскія настаўнікі: “Атрымаўшы адукацыю і выхаванне ва ўстановах панскай Польшчы, не жадаюць і не здольныя весці выхаванне вучняў у савецкім духу”.
Першы сакратар ЦК выказаў меркаваньне: “Неабходнасць далейшага існавання польскіх школ у гэтых умовах падаецца нам надта сумніўнай”. Аднак ён азначаў: “Адначасовае іх закрыццё магло б вызваць адмоўную рэакцыю ў польскага насельніцтва і выклікаць непажаданыя водгукі сярод польскай замежнай грамадскасці”.
Тым ня менш, М.Гусараў канстатаваў: “З-за таго, што існаванне польскіх школ магло б быць шкодным Савецкай дзяржаве, неабходна паступова пераўтварыць польскія школы ў беларускія і рускія шляхам замены ненадзейных некваліфікаваных выкладчыкаў-палякаў падрыхтаванымі і надзейнымі выкладчыкамі рускімі і беларусамі”. Як прыклад “правільнай працы” сярод насельніцтва заходніх вобласьцяў М.Гусараў прыводзіў факт, што за тры гады колькасьць польскіх школ скарацілася з 144 (1944 г.) да 22 (1947 г.). Зважым: напрыканцы 40-х праблема “польскамоўных школ” была вырашана — і ў заходніх абласьцёх не засталося ніводнай польскай школы.
Акрамя гэтага, прадугледжвалася значнае пашырэньне вечаровых школ з выкладаньнем на беларускай і рускай мовах; адкрыцьцё ў Горадні ў 1947—1948 гг. палітвучэльні для падрыхтоўкі “надзейных работнікаў” зь мясцовага насельніцтва; стварэньне ў ЦК КП(б)Б штату прапагандыстаў у складзе 10 чалавек з валоданьнем польскай мовай, маючых належную тэарытычную й практычную падрыхтоўку для “працы” з палякамі, і г.д.
Распавядаючы пра адносіны КПБ да палякаў, трэба згадаць і яшчэ аб адным аспэкце, які не заставаўся па-за ўвагай КПБ. Існаваньне агульнай мяжы з Польшчай, наяўнасьць палякаў у заходнім рэгіёне змушала кампартыю Беларусі трымаць пад кантролем іхныя сувязі з Польшчай. Памежныя кантакты ажыцьцяўляліся галоўным чынам па лініі грамадзкіх аб'яднаньняў ды партыйных органаў. Іх пашырэньню й паглыбленьню мусіла спрыяць Беларускае аддзяленьне таварыства савецка-польскага сяброўства, адкрытае ў 1958 г. і меўшае свае філіі ў розных гарадох Беларусі.
Аднак і ягоная дзейнасьць, і пашыраныя двухбаковыя абмены рознымі дэлегацыямі — партыйнымі, прафсаюзнымі, спартовымі, моладзевымі й іншымі — жорстка кантраляваліся партыйнымі структурамі. Так, на Бюро ЦК КПБ заўсёды ўзгадняліся пляны прыёму дэлегацыяў, месцы паездак, сустрэч і г.д. Напрыклад, у 1958 г. Бюро ЦК КПБ 14 разоў разглядала пытаньні выправы беларускіх дэлегацый у Польшчу й прыйманьня польскіх у Беларусі.
Адначасна з двухбаковымі абменамі ў Беларусі рэгулярна праводзіліся дні польскай культуры (у 1958, 1964, 1972, 1976 гадох), якія таксама праходзілі сфармалізавана й па загадзя складзеных і “адпрацаваных” сцэнарах. Так, пад час правядзеньня першых дзён польскай культуры ў Беларусі ў 1958 г.: “Адбыліся сустрэчы польскіх гасцей з беларускімі пісьменнікамі, мастакамі, кампазітарамі, дзеячамі культуры” й г.д. Аднак не адбывалася й не магло адбыцца незаплянаваных сустрэч з палякамі Гарадзеншчыны, Берасьцейшчыны, на якіх абмяркоўваліся б надзённыя пытаньні культурнага, рэлігійнага, навуковага жыцьця палякаў Беларусі. З гэткага ж узору праходзілі й наступныя “дні польскай культуры” ў Беларусі.
Літаратура
1. Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. М., 2000.
2. Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. Мн., 2000.
3. Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1996.
4. Платонаў Р. Палітыкі. Ідэі. Лёсы. Грамадзянскія пазіцыі ва ўмовах нарастання ідэолага-палітычнага дыктату ў Беларусі 20-х—30-х гг. Мн., 1996.
5. Платонаў Р. Лёсы. Гісторыка-дакументальныя нарысы аб людзях і малавядомых падзеях духоўнага жыцця ў Беларусі 20-х—30-х гг. Мн., 1998.
6. На крутым павароце. Ідэолага-палітычная барацьба на Беларусі ў 1929—1931 гг. Дакументы, матэрыялы, аналіз. Мн., 1999.
7. Платонов Р. Перед крутым поворотом. Тенденции в политической и духовной жизни Беларуси (1925—1928) . Мн., 2001.
8. Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 2. // Касцюк М., Ігнаценка І., Вышынскі У. і інш. Мн., 1995.
9. Страницы истории компартии Белоруссии. Суждения, аргументы и факты. Мн., 1990.