Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Литература по Идеологии / Татал_тарызм _ беларус_зацыя.doc
Скачиваний:
34
Добавлен:
31.05.2015
Размер:
454.14 Кб
Скачать

5. Нонканфармізм і сацыяльны крытыцызм

Пасьля 1956 г. гэтыя дзьве зьявы пачынаюць парадаксальным чынам пераплятацца — нават у творчасьці таго ці іншага аўтара. Служэньне сыстэме ўсё болей набывае рытуальны характар, пазначаецца асабістым нявер'ем або няшчырасьцю. Пісьменьнік аддае даніну тэме — піша, скажам, твор, прысьвечаны Леніну, партыі, Кастрычніку, а затым бярэцца за ажыцьцяўленьне больш цікавых яму творчых праектаў. Прытым жа, майстра стараецца й гэтую рытуальную справу зрабіць як лепш, каб не было сорамна за рамяство. Так, Генадзь Бураўкін піша сваю дыхтоўна зробленую, але цалкам сэрвільную паэму “Ленін думае пра Беларусь” (1977).

Актуалізавалася такая форма памяркоўнага нонканфармізму, як сацыяльны крытыцызм. Гэткія прыклады можна знайсьці ў творах І.Мележа, А.Макаёнка, А.Дударава, П.Панчанкі ды іншых.

Адносная лібэралізацыя цэнзурнага рэжыму дазваляла крыху пашырыць дыяпазон сацыяльнае крытыкі й наагул, жанравы й эстэтычны дыяпазон літаратуры. Спосабаў уцёкаў з “клеткі” сэрвілізму сталася значна больш. Адчыніліся новыя “экалягічныя нішы”.

Разам з тым, некаторыя тэматычныя абсягі заставаліся амаль цалкам зачыненай зонай — прыкладам, падзеі 1930-х гг., іншыя “цьмяныя” старонкі гісторыі, наркаманія, падзеі аўганскае вайны, эротыка... Спэктар забаронаў выглядае стракатым, часам алягічным. У гэтым адыграла сваю ролю ня толькі вонкавая цэнзура (у выглядзе Галоўліту, работнікаў адпаведных аддзелаў ЦК, літаратурных функцыянэраў і наглядчыкаў з КГБ), але й так званая “самацэнзура”.

Стаічны нонканфармізм Васіля Быкава. Алесь Адамовіч некаторую манатоннасьць быкаўскай творчасьці параўноўваў з упартасьцю шэрагоўца або лейтэнанта, які ахоўвае сваю вышыню,— і мусіць ня зьменьвацца, бо тады перастане быць вартавым. Адна з эўрапейскіх газэт назвала Васіля Быкава апошнім пісьменьнікам-традыцыяналістам Эўропы.

Насамрэч мяняюцца і Васіль Быкаў, і абставіны вакол яго. Але сума нязьменных артэфактаў, зьвязаных зь ягонай творчасьцю, сапраўды ўражвае. Непаўторная быкаўская манера пісьма — строгасьць і сквапнасьць у выяўленчых сродках, суворасьць, няўсьмешлівасьць, панурасьць, трагічная настраёвасьць — яны застаюцца.

Застаецца й трывалы, як каменны мур, быкаўскі нонканфармізм. Дарэмна асобныя крытыкі цьвердзілі пра “савецкасьць” ранейшага Быкава. Пісьменьнік заўжды ішоў насуперак плыні — наколькі магчыма было ісьці. Ягоныя першыя “ваенныя” рэчы процістаялі т.зв. “лакіровачнай” прозе пра вайну, сьцьвярджалі прынцыпы “акопнае” праўды, жорсткага рэалізму.

Пазьней Быкаў адчуў на сабе першыя ўдары афіцыйнае крытыкі — за творы, у якіх “скажаў” праўду пра вайну, па сутнасьці ж,— змагаўся з афіцыёзам у яе паказе (аповесьці “Мёртвым не баліць”, “Праклятая вышыня”, “Круглянскі мост”).

Цягам доўгага часу В.Быкаў падпадаў пад “мяккую апалу” разам з А.Адамовічам, А.Карпюком. Вядомая ягоная нязломная пазыцыя пад час кампаніяў супраць А.Салжаніцына.

Празаік, які традыцыйна лічыўся “ваенным”, спакваля пашырае тэматыку сваіх твораў, уводзячы ў яе раней табуяваныя рэаліі — раскулачваньне, прымусовая калектывізацыя, гвалт пасьля кастрычніцкага перавароту, масавыя рэпрэсіі 1930-х гг. (“Знак бяды”, “Аблава”, “Кар'ер”, “У тумане”); нарэшце, падзеі Слуцкага паўстаньня (“На Чорных лядах”), Курапаты (“Жоўты пясочак”), чарнобыльская зона (“У воўчай яме”), палітычныя падзеі самага апошняга часу — у апавяданьнях-парабалах, дасланых пісьменьнікам ужо зь Фінляндыі. Плюс палітычная публіцыстыка апошніх 10 гадоў, дзе бескампраміснасьць выказваньня сваёй пазыцыі не ўдае на просталінейнасьць, бо адкрытасьці патрабуе жанр.

Часам кажуць пра творчую ды ідэёвую эвалюцыю Васіля Быкава як адну з мадэляў пераўтварэньня “саўковага” творцы ў вольнага. Думаю, што тут маем іншую мадэль — паступовага разгортваньня творчае асобы, раскрыцьця ўнутраных лябірынтаў, пераходу ад пакрыёмнага, выпакутаванага да адкрытага.

Трэба дадаць, што эстэтычны пік творчасьці Васіля Быкава прыпадае на “савецкі” час і не зусім супадае зь пікам грамадзянскае адкрытасьці. Але гэтае несупадзеньне ня сьведчыць пра “эвалюцыю”, або “заняпад” творцы. Творчая асоба мусіць успрымацца як цэлае, як сума творчых імпульсаў ды здабыткаў.

Таму мы й прыйшлі да гэтай формулы — стаічнага нонканфармізму.

Дабудоўваньне вежаў. Больш магчымасьцяў стала для “будоўлі” эстэтычных вежаў — у тым ліку, недабудаванай “вежы з чорнага дрэва” — беларускага мадэрнізму. Гэты праект менавіта ў застойны час пасьпяхова ажыцьцявіў Алесь Разанаў.

Міхась Стральцоў працягнуў досьвед “чыстай эстэтыкі” — таму й апалітычнай, што чыстай.

Інтымная лірыка Яўгеніі Янішчыц, філязофская паэзія Аляксея Пысіна, вытанчаная вэрсыфікацыя Рыгора Барадуліна, інтэлектуальныя вэрлібры Максіма Танка, побытаапісаньне Вячаслава Адамчыка, антыўтопіі Алеся Адамовіча, міталягізаваная проза Віктара Казько, крытыка Рыгора Семашкевіча й Варлена Бечыка, насычанае фактурай літаратуразнаўства Сьцяпана Александровіча, Адама Мальдзіса — сьпіс здабыткаў апалітычнай літаратуры можна доўжыць.

Зьявы гэтыя былі досыць, аднак, спарадычныя, што дало магчымасьць Сяргею Дубаўцу ў палемічным артыкуле “Нашай нівы” параўнаць усю “бэсэсэраўскую” літаратуру з “ружовым туманом”. Але зьяўленьне праўдзівага шэдэўру, выбітнага мастацкага твору ва ўсе часы было зьявай спарадычнай.

Ёсьць рацыя й у выказваньні філёзафа й літаратара Валянціна Акудовіча: “Галоўнае — не літаратурныя творы, галоўнае — літаратурны працэс”. Працэс жа, насуперак уціску, адбываўся.

Сёньняшняя літаратурная сытуацыя выглядае надзвычай заблытанай ды супярэчлівай. З аднаго боку, існуюць нефармальныя ўмовы для літаратурнага лібэралізму. Яны дазваляюць удзельнічаць у альтэрнатыўных літаратурных суполках ды рухах, якія й засноўваюцца: “Таварыства Вольных Літаратараў”, “Бум-Бам-Літ”, “ПЭН-цэнтар”, “Вулей”... Маюцца недзяржаўныя літаратурныя выдавецтвы, незалежныя часопісы — “Спадчына”, “Калосьсе”, “ARCHE”.

Зь іншага боку, назіраюцца факты палітычнага й нават крымінальнага перасьледу літаратараў-нонканфармістаў.

Літаратура

1. Абудзіцца духам. Мн., 1992.

2. Бембель Алег. Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс. Лёндан, 1985.

3. Быкаў Васіль. Крыжовы шлях. Артыкулы. Эсэ. Інтэрв'ю. Выступленні. Мн., 1998.

4. Вялікаму Сталіну ад беларускага народа // Крыніца. 1995. № 3 (8). С. 100—111.

5. Дэмакратычная апазіцыя Беларусі. 1956—1991. Мн., 1999.

6. Купала Янка. Поўны зб. тв. У 9 т. Т. 5. Мн., 1998.

7. Любімы паэт беларускага народа. Мн., 1960.

8. Макмілян Арнольд. Беларуская літаратура 50-х—60-х гадоў ХХ стагоддзя. Мн., 2001.

9. Такі ён быў. Мн., 1958.

10. Чорны Кузьма. Дзённік. У кн.: Чорны К. Выбр. тв. Мн., 2000. С. 579—592.

11. Янка Купала. Зб. м-лаў аб жыцці і дзейнасьці паэта. Мн., 1955.