Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Литература по Идеологии / Татал_тарызм _ беларус_зацыя.doc
Скачиваний:
35
Добавлен:
31.05.2015
Размер:
454.14 Кб
Скачать

4. З 1956 да 1991. Сума дысыдэнцтва

Рэжым уціску й палітычных перасьледаў творчае інтэлігенцыі за гэтым часам адносна лібэралізаваўся. Тым ня менш, многія тыпалягічныя прыкметы адносінаў улады й творцы засталіся непарушнымі. Захаваліся матывацыі: страх, выгода, “служэньне ідэі”. Але пэўным чынам пашырыліся магчымасьці для рэзыстансу. Зьявіліся новыя грані працэсу, адной з праяваў якога сталасядысыдэнцтва.

Мы збольшага закраналі гэтую тэму вышэй. Падавалі й прычыны, дзеля якіх у Беларусі ў 1960-я—80-я гады дысыдэнцтва не аформілася ў клясычным выглядзе. Галоўныя зь іх — фізычнае зьнішчэньне патэнцыйных дысыдэнтаў у 1930—1940-я гады, абачлівасьць наступнікаў, сфармаваная стагодзьдзямі беларуская мэнтальнасьць.

Мы ўжо ставілі пытаньне: ці былі творы, забароненыя палітычнай цэнзурай, пісаныя “ў шуфляду”, такія, што, безумоўна, не маглі быць апублікаваныя ў тагачасных цэнзурных варунках. Называліся “Мёртвым не баліць” і “Круглянскі мост” В.Быкава, “Дабрасельцы” А.Кулакоўскага, “Леаніды не вернуцца да Зямлі” й “Маленькая балерына” Ул.Караткевіча... У “перабудовачны” ж час з шуфлядаў выцягваліся пераважна дзёньнікі, асобныя вершы, аповеды й нататкі, але буйнамаштабных дысыдэнцкіх твораў чытачу не адкрыта.

З кніг, выдаваных у замежжы, варта адзначыць твор Зьніча (Алега Бембеля) “Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс”, выдадзены ў 1985 г. у Лёндане.

Беларускі самвыдат утрымліваў і рукапісную бэлетрыстыку. Як адметную зьяву трэба адзначыць часопіс “Блакітны ліхтар”, які выходзіў у 1971—1974 гг. у Наваполацку. Выданьне ажыцьцяўлялі наваполацкія літаратары В.Мудроў, В.Шлыкаў, А.Рыбікаў. У ліку аўтараў былі й Ул.Арлоў, Г.Кулажанка.

Напярэдадні “перабудовы” ў Менску выходзіў часопіс “Бурачок”, у выпуску якога бралі ўдзел А.Бяляцкі, В.Вячорка, С.Дубавец, В.Івашкевіч ды інш. Выданьне, як і “Блакітны ліхтар”, было спыненае. Аўтары “Бурачка” пасьлядоўна скарыстоўвалі адноўленую “тарашкевіцу”.

Варта дадаць да гэтага сьпісу машынапісныя выданьні маладэчанскага гісторыка-дысыдэнта М.Ермаловіча “Падсьнежнік” і “Гутарка”, якія выходзілі з 1963 да 1964 ды з 1971 да 1976 гадоў. Выданьні зьмяшчалі й бэлетрыстычныя творы.

Аднавіліся традыцыі ананімнасьці. Узорам яе стаўся напісаны ў 1975 годзе (дата завяршэньня тэксту твору, які зьяўляўся па частках) Францішкам Ведзьмаком-Лысагорскім “Сказ пра Лысую гару”. Зьмест паэмы ўяўляе зь сябе шарж на жыцьцё-быцьцё беларускіх пісьменьнікаў, і ў сваёй палітычнай завостранасьці не выходзіць за межы крытыкі мяшчанства й непавагі да беларушчыны. Разам з тым, андэграўнднае бытаваньне твору выклікала да яго цікавасьць з боку органаў КГБ.

Традыцыю ананімнасьці ў 1980—1990-я працягнуў Вядзьмак-Лысагорскі-меншы, аўтар некалькіх паэмаў памфлетнага, палітычна адкрытага гучаньня.

Палітычныя ахвяры ў пісьменьніцкіх шэрагах у гэты час перасталі быць крывавымі. Не было нават зьняволеных або дэпартаваных. Пэўныя непрыемнасьці ў дачыненьнях з уладамі мелі В.Быкаў, А.Адамовіч, А.Карпюк, А.Разанаў, С.Панізьнік, Ул.Арлоў ды інш. У 1975 г. за нонканфармісцкія погляды зьмяшчаюць у псыхіятрычную лякарню пісьменьніка Алеся Наўроцкага.

Трэба адзначыць пэўную грамадзкую актыўнасьць літаратараў, якія пасьля “хрушчоўскае адлігі” былі вызваленыя з турмаў, лягероў ды месцаў высылкі. Некаторыя зь іх сьцішыліся, не выказвалі нават прыкметаў стрыманага нонканфармізму. Іншыя ж праяўлялі якасьці андэграўнднай чыннасьці — Мікола Улашчык, Браніслаў Ржэўскі й асабліва — Ларыса Геніюш.

Чыніліся дзеяньні й контрдзеяньні. Досыць шырокі розгалас мела закрыцьцё навуковай канфэрэнцыі, прысьвечанай этнагенэзу беларусаў, на якой выявілася “нацыяналістычнае кубло” ў Акадэміі навук БССР. Распачаліся “мяккія” рэпрэсіі, у выніку якіх пацярпелі поруч з гісторыкамі й літаратары, філёлягі. Былі звольненыя з працы ў 1974 г. Мікола Прашковіч, Валянцін Зайцаў, Алесь Каўрус, Валянцін Рабкевіч, Сьцяпан Місько.

Ня меншы рэзананс меў т.зв. “філфакаўскі бунт”, які распачаўся зь нявіннай просьбы студэнтаў філфаку ды гістфаку БДУ да ЦК КПБ на права атрымліваць веды па асобных дысцыплінах на беларускай мове. “Бунт” скончыўся рэпрэсіўнымі захадамі супраць завадатараў — Алеся Разанава, Віктара Яраца ды іншых.

Што ж тычыцца літаратараў-эмігрантаў у азначаны пэрыяд... Зьехалі хіба што Ісідар Бас ды Арнольд Каштанаў у Ізраіль, дый тое — з асабістых, а не літаратурных матывацыяў.