
- •Таталітарызм. Ігар кузьняцоў. Таталітарызм і сталінізм
- •Ігар кузьняцоў. Носьбіты нацыянальнай ідэі — ахвяры таталітарнага рэжыму
- •Анатоль вялікі. Нацыянальнае пытаньне, альбо рэпрэсаваньне культурнай і нацыянальнай ідэнтычнасьці
- •Віктар астрога.
- •Пятро васючэнка. Літаратура як апазыцыйны чыньнік таталітарнага рэжыму
- •1. Апазыцыянізм
- •2. Пасіянарызм
- •3. Нелегальная літаратура
- •Пятро васючэнка. Фэномэн літаратурнага сэрвілізму й нонканфармізм
- •1. Сэрвілізм як рытуал
- •2. Ілюзіі сэрвілістых
- •3. Клетка сэрвілізму (пытаньні паэтыкі)
- •4. З 1956 да 1991. Сума дысыдэнцтва
- •5. Нонканфармізм і сацыяльны крытыцызм
Таталітарызм. Ігар кузьняцоў. Таталітарызм і сталінізм
http://baj.ru/belkalehium/tatalitarysm/lekcyja01.htm
Плян:
1. Вытокі й перадумовы таталітарызму
2. Сталінізм як фэномэн савецкага грамадзтва
Вытокі й перадумовы таталітарызму
Таталітарызм як тып палітычнай сыстэмы паўстаў у ХХ ст. Што да самога гэтага слова, а таксама таталітарных ідэяў, то яны ўзьніклі нашмат раней. Тэрмін “таталітарызм” паходзіць ад позьнелацінскіх словаў “totalitas” (поўніца, цэласьць) і “totalis” (увесь, поўны, цэлы). У этымалягічным, непалітычным значаньні гэты тэрмін здаўна выкарыстоўвалі шмат якія навукоўцы. У палітычную лексыку яго ўпершыню ўвёў Мусаліні ў 1925 г. для характарыстыкі свайго руху. У канцы 1920-х гг. ангельская газэта “The Times” пісала пра таталітарызм як пра нэгатыўную палітычную зьяву, што характарызуе ня толькі фашызм у Італіі, але й палітычны лад у СССР.
Тэорыя таталітарызму складалася на працягу 1940-х—1950-х гг. і разьвівалася ў наступныя дзесяцігодзьдзі. Першыя клясычныя тэарэтычныя дасьледаваньні праблем таталітарызму — працы Ф.Хаека “Шлях да рабства” (1944) і Х.Арэндт “Вытокі таталітарызму” (1951), а таксама супольная праца К.Фрыдрыха й З.Бжэзіньскага “Таталітарная дыктатура й аўтакратыя” (1956), у якой зробленыя намаганьні эмпірычна абгрунтаваць таталітарызм як панятак, што адлюстроўвае сталінізм ды іншыя аднатыпныя палітычныя рэжымы.
Хоць таталітарызм робіцца рэальнасьцю толькі ў ХХ ст., ягоныя ідэйныя вытокі — у глыбокай старажытнасьці. Таталітарныя погляды, і, перш за ўсё, ідэі патрэбы поўнага падпарадкаваньня часткі цэламу, індывіду — дзяржаве, а таксама татальнага кіраваньня грамадзтвам існуюць больш за два тысячагодзьдзі.
Так, яшчэ ў 5 ст. да н. э. Гэракліт лічыў, што, валодаючы мудрасьцю, дасканалымі ведамі, “можна кіраваць рашуча ўсімі рэчамі”. Дастаткова дэталёвае абгрунтаваньне таталітарныя мадэлі дзяржавы атрымалі ў Плятона, Т.Мора, Т.Кампанэлы, Г.Бабэфа, Сэн-Сымона, Ж.-Ж.Русо. У больш позьні час гэтыя мадэлі знаходзяць сваё разьвіцьцё ў працах Фіхтэ, Гегеля, Маркса, Ніцшэ, Леніна, Сорэля, Зомбарта й іншых мысьляроў.
Нягледзячы на глыбокія зьместавыя адрознасьці, таталітарныя канцэпцыі маюць агульную лёгіку. Як адзначаў М.Бярдзяеў, вытокі таталітарызму належыць шукаць у палітызацыі ўтопіі. У таталітарнай мадэлі прывабная ўтопія атасаямляецца з абсалютнай ісьцінай. Гэта дазваляе разглядаць усе астатнія тэорыі й погляды як памылковыя ці сьведама хлусьлівыя, а іхных носьбітаў — ці як ворагаў, ці як заблукалых людзей, якіх трэба перавыхаваць.
Таталітарная ўтопія падаецца ў форме ідэалёгіі, што абгрунтоўвае мэты калектыўных дзеяньняў. Далейшая лёгіка фармаваньня таталітарнага ладу выглядае прыкладна так: агульныя мэты канкрэтызуюцца й рэалізуюцца з дапамогай эканамічнага й сацыяльнага плянаваньня.
Усеабдымнае плянаваньне, у сваю чаргу, патрабуе надзейных гарантыяў рэалізацыі плянаў, а менавіта — усемагутнай улады й масавай падтрымкі, што забясьпечваецца з дапамогай як гіпэртрафаванага росту інстытутаў улады, гэтак і сыстэматычнай ідэалягічнай апрацоўкі насельніцтва й мабілізацыі яго на выкананьне плянаў. Пры гэтым душыцца ўсялякае іншадумства, бо без адзінае ідэалягічнае веры немагчымае масавае паслушэнства. Кіраваная з цэнтру складаная дзяржаўная машына не дапушчае індывідуальнае свабоды грамадзян-шрубак, бо гэта пагражае зладжанаму функцыянаваньню цэлага. Дзеля дасягненьня вялікае агульнае мэты дазваляецца выкарыстоўваць усялякія сродкі — без уліку ані выдаткаў, ані ахвяр.
Таталітарызм уяўляе зь сябе спэцыфічную спробу вырашэньня абвостраных у хадзе грамадзкага разьвіцьця супярэчнасьцяў паміж ускладненьнем сацыяльнай арганізацыі й індывідуальнай свабодай. “Бацька” італійскага фашызму Мусаліні адзначаў: “Мы першыя заявілі, што чым больш складанай становіцца цывілізацыя, тым больш абмяжоўваецца свабода асобы”.
Індустрыялізм і этатызм (рэзкае пашырэньне дзяржаўнага ўплыву) спараджаюць калектывісцка-мэханістычны сьветапогляд, што складае аснову таталітарызму. Сутнасьць яго — ува ўспрыманьні сьвету як агромністай мэханічнай сыстэмы, а дзяржавы — як дасканалай, ідэальнай і добра зарганізаванай фабрыкі, машыны, што складаецца з цэнтру кіраваньня, вузлоў і шрубак, падпарадкаваных адзінай камандзе.
Для сацыяльна адчужанай, самотнай асобы таталітарызм надзвычай прывабны. Ён дае надзею з дапамогаю новае веры й арганізацыі сьцьвердзіць сябе ў нечым “вечным”, непараўнальна больш значным у часе й прасторы, чым асобны індывід, а менавіта — у клясе, нацыі, дзяржаве, партыі й г.д.
Псыхалягічная прыцягальнасьць таталітарызму рэзка ўзрастае ў пэрыяды вострых сацыяльна-эканамічных крызысаў, якія моцна пабольшваюць зьбеднеласьць і нездаволенасьць насельніцтва. Абапіраючыся на сацыяльную дэмагогію, таталітарныя рухі выкарыстоўваюць нездаволенасьць розных клясаў у сваіх мэтах. Прыкладам, у Расеі бальшавікі, кіраўніцтва якіх складалася пераважна з сацыяльных і этнічных маргіналаў, па-майстэрску выкарысталі патрабаваньне сялян дармовай раздачы панскіх зямель, каб затым адабраць яе ўсю, а таксама ж — масавыя абурэньні жаўнераў і ўсяго насельніцтва разбуральнай вайной.
У Нямеччыне сацыяльным апірышчам нацыянал-сацыялістычнага таталітарызму стаўся новы “прамежкавы клас” — шматлікія канторскія служачыя, машыністкі, настаўнікі, гандляры, адміністратары, дробнае чынавенства, небагатыя прадстаўнікі вольных прафэсіяў і г.д. Іхнае становішча значна пагоршылася, у той час як рабочыя на прамысловых прадпрыемствах мелі шэраг прывілеяў і знаходзіліся пад абаронай моцных прафсаюзаў і дзяржаўных законаў. Шэраговыя сябры нацыянал-сацыялістычнага руху ў першыя гады ягонага існаваньня былі значна бяднейшымі за трэд-юніаністаў або сябраў сацыялістычнае партыі.
Таталітарныя сыстэмы ўзьнікаюць не стыхійна, а на падставе азначанага стану грамадзкае сьведамасьці. Таму пры выяўленьні агульных рысаў гэтага тыпу палітычнай сыстэмы зыходным пунктам зьяўляецца аналіз палеглай у ейнай аснове ідэалёгіі. Аснова гэтай ідэалёгіі — “адзіна слушнае вучэньне”, якое адыгрывае ролю каштоўнаснага арыентыру.
Паводле свайго зьместу, таталітарная ідэалёгія зьяўляецца рэвалюцыйнай. Яна абгрунтоўвае патрэбу фармаваньня новага грамадзтва й чалавека. Уся ейная збудова базуецца на сацыяльных мітах: напрыклад, пра капіталізм і камунізм, пра кіроўную ролю працоўнае клясы, пра перавагу арыйскае расы й г.д. Гэтыя міты не падлягаюць крытыцы й маюць характар рэлігійных догмаў.
Манаполія ўлады на інфармацыю, поўны кантроль над СМІ, скрайняе непрыманьне ўсялякага іншадумства, разгляд ідэйных апанэнтаў як палітычных ворагаў — характэрныя рысы таталітарызму. Гэты лад зьнішчае грамадзкую думку, падмяняючы яе афіцыйнымі палітычнымі ацэнкамі. Адмаўляюцца агульначалавечыя асновы маралі, а сама яна падпарадкоўваецца палітычнай мэтазгоднасьці й, па сутнасьці, разбураецца.
Усяляк удушаюцца індывідуальнасьць, арыгінальнасьць у думках, паводзінах, адзеньні й г.д. Культывуюцца статкавыя пачуцьці: клясавая й нацыянальная нянавісьць, зайздрасьць, падазронасьць, падпільноўваньне й дакладаньне й г.д. У сьвядомасьці людзей узмоцнена ствараецца вобраз ворага, зь якім ня можа быць замірэньня. Усяляк падтрымліваюцца ваяўнічыя настроі, атмасфэра сакрэтнасьці, надзвычайнага становішча, культывуецца звышпільнасьць. Усё гэта служыць апраўданьнем камандных мэтадаў кіраваньня й учыненьня рэпрэсіяў.
Згодна зь лёгікай таталітарнае сыстэмы, усёабдымная ідэалягізацыя грамадзтва дапаўняецца ягонай таталітарнай палітызацыяй, гіпэртрафаваным пашырэньнем апарату ўлады, а таксама пранікненьнем яе ва ўвесь сацыяльны арганізм. Усемагутная ўлада выступае галоўным гарантам ідэалягічнага кантролю насельніцтва.
Ядром таталітарнае палітычнае сыстэмы выступае скрайне цэнтралізаваны палітычны рух за новы парадак на чале з партыяй новага, таталітарнага, кшталту. Гэтая партыя зрастаецца зь дзяржаваю й трымае рэальную ўладу ў грамадзтве. Забараняюцца ўсялякая палітычная апазыцыя й стварэньне без санкцыяў уладаў любых арганізацыяў.
У той жа час таталітарная палітычная ўлада прэтэндуе на выяўленьне народнае волі, увасабленьне дэмакратыі вышэйшага кшталту. Рашэньні, аднак, прымаюцца ня шляхам галасаваньня, а на падставе непасрэднай рэакцыі ўдзельнікаў розных, зарганізаваных уладамі, сходаў, што стварае бачнасьць усенароднае падтрымкі, але не дазваляе аказваць рэальнага ўплыву на працэс прыняцьця рашэньняў. Магчымасьць абмеркаваньня альтэрнатыўных плянаў ці праграм выключаецца. З дапамогаю псэўдадэмакратычных інстытутаў забясьпечваецца высокая фармальная мабілізацыя й удзел — напрыклад, 99,9-адсоткавы ўдзел насельніцтва ў выбарах.
Да ўласнапалітычных рысаў таталітарнага грамадзтва адносяцца таксама прысутнасьць магутнага апарату сацыяльнага кантролю й прымусу (служба бясьпекі, войскі, міліцыя й г.д.), масавы тэрор, запалохваньне насельніцтва. Сляпая вера й страх — галоўныя псыхалягічныя рэсурсы таталітарнага кіраваньня. Ажыцьцяўляецца сакралізацыя вышэйшай улады й ейных носьбітаў, узрошчваецца культ правадыроў.
Таталітарызм намагаецца стварыць адэкватную сабе сацыяльную структуру. Імкнучыся займець масавае апірышча, ён абвяшчае перавагу вызначанае клясы, нацыі ці расы, дыхатамічна падзяляючы ўсіх людзей на сваіх і чужых. Пры гэтым, абавязкова знаходзіцца нутраны ці зьнешні вораг — буржуазія, імпэрыялізм, гэбраі й г.д. У працэсе зьліквідаваньня або абмежаваньня прыватнае ўласнасьці адбываеццамасавая люмпэнізацыя народу. Індывід падпадае пад татальную залежнасьць ад дзяржавы, безь якой пераважная большасьць людзей ня мае аніякае мажлівасьці здабыць сродкі да існаваньня: працу, жыльлё й г.д.
Асоба страчвае ўсялякія аўтаномію й права, робіцца цалкам безабароннай перад усевырашальнай уладай, падпадае пад ейны татальны кантроль. Учыняецца спроба сфармаваць “новага чалавека”, вызначальнымі рысамі якога ёсьць адданасьць ідэалёгіі й правадыром, выканальніцтва, сьціпласьць у спажываньні дабротаў жыцьця, гатовасьць да найбольшага ахвяраваньня дзеля “агульнае справы”.
Адначасна з разбурэньнем папярэдняе сацыяльнае структуры фармуецца новая. Грамадзтва дыфэрэнцыюецца — галоўным чынам у залежнасьці ад разьмеркаваньня ўлады. Валоданьне ўладай, альбо ўплыў на яе робіцца асновай сацыяльнае стратыфікацыі, эканамічных і сацыяльных прывілеяў. Фармуецца новая, намэнклятурная, панавальная кляса – трывалае апірышча таталітарнага ладу. Таталітарызм (асабліва ў яго найбольш пасьлядоўным, камуністычным, варыянце), ажыцьцяўляючы ўраўнілаўку ў разьмеркаваньні жыцьцёвых дабротаў для большасьці грамадзян, прэтэндуе на фармаваньне сацыяльна аднароднага грамадзтва. Але насамрэч ён спараджае глыбокую сацыяльную няроўнасьць.
Панаваньне ідэалёгіі й палітыкі выяўляецца ня толькі ў сацыяльнай сфэры, але й у эканоміцы. Тут адметнымі рысамі таталітарызму зьяўляюццаэтатызацыя гаспадарчага жыцьця: скасоўваюцца прыватная маёмасьць, рынкавыя дачыненьні, канкурэнцыя, уводзяцца плянаваньне й камандна-адміністратыўныя мэтады кіраваньня. Усталёўваецца манаполія дзяржавы на распараджэньне ўсімі найважнейшымі грамадзкімі рэсурсамі й самім чалавекам.
Поруч з агульнасьцю інстытуцыянальных рысаў таталітарныя палітычныя сыстэмы маюць і сутнасныя адрозьненьні. У залежнасьці ад панавальнай ідэалёгіі, што ўплывае на зьмест палітычнай дзейнасьці, іх зазвычай падзяляюць на камунізм,фашызм інацыянал-сацыялізм.
Гістарычна першай і клясычнай формай таталітарызму стаўся камунізм (сацыялізм) савецкага тыпу, запачаткаваны вайскова-камуністычнаю сыстэмай, што ў агульных рысах сфармавалася ў 1918 г. Камуністычны таталітарызм у найбольшай ступені дэманструе асноўныя рысы гэтага ладу, бо прадугледжвае ліквідацыю прыватнае маёмасьці й — як вынік — усялякае аўтаноміі асобы, усталёўваючы тым самым абсалютную ўладу дзяржавы.
І ўсё ж характарыстыка сацыялізму савецкага кшталту як таталітарызму — аднабаковая й не раскрывае зьместу й мэтаў палітыкі ў гэтым тыпе грамадзтва. Негледзячы на пераважна таталітарныя формы палітычнай арганізацыі, сацыялістычнай сыстэме ўласьцівыя й некаторыя мадэрнізацыйныя палітычныя мэты. Прыкладам, у СССР рэзка падвысіўся ўзровень адукацыі, сталіся даступнымі дасягненьні навукі й культуры большай колькасьці насельніцтва, разьвівалася эканоміка, вайсковая, а пазьней і касьмічная, прамысловасьць.
Другая разнавіднасьць таталітарных палітычных сыстэм — фашызм. Упершыню ён паўстаў у Італіі ў 1922 г., але як цалкам таталітарная сыстэма на той час яшчэ не сфармаваўся. Італійскі фашызм схіляўся ня столькі да радыкальнага будаўніцтва новага грамадзтва, колькі да адраджэньня велічы Рымскае імпэрыі, усталяваньня парадку, цьвёрдай дзяржаўнай улады.
Фашызм прэтэндуе на аднаўленьне ці ачышчэньне “народнай душы”, забесьпячэньне калектыўнай ідэнтычнасьці на культурнай ці этнічнай глебе, ліквідацыю масавай злачыннасьці. Межы фашысцкага таталітарызму ў Італіі вызначаліся ў пэўнай ступені пазыцыяй найбольш уплывовых у дзяржаве колаў: караля, арыстакратыі, афіцэрскага корпусу й царквы. Калі асуджанасьць рэжыму сталася відавочнай, гэтыя колы змаглі самі адхіліць Мусаліні ад улады.
Трэцяя разнавіднасьць таталітарызму — нацыянал-сацыялізм. Як рэальны палітычны й грамадзкі лад ён узьнік у Нямеччыне ў 1933 г. Нацыянал-сацыялізм мае сваяцтва з фашызмам, хоць шмат чаго пераймае ў савецкага камунізму – і, перадусім, рэвалюцыйныя й сацыялістычныя кампанэнты, формы арганізацыі таталітарнай партыі й дзяржавы й нават зварот “таварыш”.
У той жа час месца клясы тут займае нацыя, месца клясавай нянавісьці — нянавісьць нацыянальная й расавая. Калі ў камуністычных сыстэмах агрэсіўнасьць скіраваная, перадусім, унутр — супраць грамадзян свае краіны (клясавага ворагу), то ў нацыянал-сацыялізме — вонкі, супраць іншых народаў. Галоўныя адрозьненьні асноўных відаў таталітарызму выразна бачныя ў мэтах (камунізм, адраджэньне імпэрыі, усясьветнае панаваньне арыйскае расы), ім азначаных, і сацыяльных перавагах (рабочая кляса, нашчадкі рымлян, нямецкая раса).
Усялякія таталітарныя дзяржавы, тым ці іншым чынам, належаць да трох асноўных разнавіднасьцяў таталітарызму. Хоць унутры кожнай зь іх маюцца істотныя адрозьненьні — прыкладам, паміж сталінізмам у СССР і рэжымам Пол-Пота ў Кампучыі.
Таталітарызм у форме камунізму аказаўся найбольш трывалым. У ХХ ст. яго, у той альбо іншай форме, перажыла прыкладна траціна насельніцтва Зямлі. У некаторых краінах ён існуе й да сёньня. Гісторыя паказала, што таталітарная сыстэма валодае дастаткова высокай здольнасьцю мабілізацыі рэсурсаў і канцэнтрацыі сродкаў дзеля дасягненьня абмежаваных мэтаў — напрыклад, перамогі ў вайне, абароннага будаўніцтва, індустрыялізацыі грамадзтва й г.д. Некаторыя аўтары разглядаюць таталітарызм нават як адну з палітычных формаў мадэрнізацыі слабаразьвітых краінаў.
І ўсё ж таталітарызм — гістарычна асуджаны лад. Гэта грамадзтва-самаед, ня здольнае да эфэктыўнае стваральнае працы, дбайнага, ініцыятыўнага гаспадараньня. Падобныя грамадзтвы даволі часта існуюць за кошт багатых прыродных рэсурсаў, эксплюатацыі, абмежаваньня спажывецкіх патрэбаў большасьці насельніцтва.
Таталітарызм — закрытае грамадзтва, не прыстасаванае да своечасовага абнаўленьня, уліку новых патрабаваньняў зьменьлівага сьвету. Ягоныя адаптыўныя магчымасьці абмежаваныя ідэалягічнымі догмамі. Самі таталітарныя кіраўнікі зьяўляюцца нявольнікамі ўтапічнай, па сваёй сутнасьці, ідэалёгіі й прапаганды.
Як ужо адзначалася, таталітарызм тычыцца ня толькі дыктатарскіх палітычных сыстэмаў, што супрацьстаяць ідэалізаваным заходнім дэмакратыям. Таталітарныя тэндэнцыі, што выяўляюцца ў імкненьні зарганізаваць жыцьцё грамадзтва, абмежаваць прыватную свабоду й цалкам падпарадкаваць асобу дзяржаўнаму ці іншаму сацыяльнаму кантролю, сустракаюцца й у краінах Захаду.
Сталінізм як фэномэн савецкага грамадзтва
Сталінізм вырас з структурнага крызысу пасьлярэвалюцыйнага грамадзтва й нездольнасьці панавальнай партыі своечасова знайсьці адэкватныя сродкі ягонага папярэджаньня ці, прынамсі, зьмякчэньня. Сталінізм, таму, неабходна разумець як інструмэнт пераадоленьня гэтага крызысу, зьмяненьня існуючай сыстэмы й структуры грамадзтва.
Сталінізму, як рэжыму й сыстэме таталітарнага тыпу, характэрныя некаторыя асаблівасьці. Па-першае, ён паўстае ў грамадзтве, якое мае сацыялістычную мэтавую арыентацыю.
Другой асаблівасьцю сталінскае сыстэмы зьяўляўся масавы папераджальны тэрор. Дзейным ядром і асновай сталінізму быў, аднак, тэрор не палітычны, а сацыяльны, зьвернуты ў сфэру грамадзкіх зносінаў. Ён быў наўпроставым наступствам экстрэмісцкіх рашэньняў, якія забясьпечвалі гвалт з шырокіх плястоў насельніцтва, падпарадкаваньне іх новай сацыяльнай дысцыпліне.
Сацыяльная функцыя тэрору й рэпрэсіяў ёсьць надзвычай істотнай для тлумачэньня ўяўнай ірацыянальнасьці, нематываванасьці й неабгрунтаванасьці дзеяньняў сталінскіх карных органаў.
І, нарэшце, трэцяя сутнасная асаблівасьць сталінізму — тое, што ён вырастае на базе паскоранай, гвалтоўнай трансфармацыі грамадзтва, утварэньня новай сацыяльнай і эканамічнай структуры. Усёабдымная ўлада — вось што розьніць сталінізм ад падобных палітычных сыстэмаў. Ён аб'ядноўвае ў сабе жорсткую палітычную дыктатуру з манаполіяй і дыктатурай у галіне эканамічных дачыненьняў.
Сталінізм як гістарычнае зьявішча нельга трактаваць празьмерна шырока. Пры гэтым неабходна адрозьніваць сталінізм як інструмэнт гвалтоўнай трансфармацыі грамадзтва, гвалтоўнай падтрымкі высокіх тэмпаў гаспадарчага разьвіцьця й сталінізм як грамадзкую сыстэму. У СССР у 1953 г. разам з паступовым разбурэньнем інструмэнтарыю масавага папераджальнага тэрору пачаўся й развал уласна сталінізму. Наступствы гэтага працэсу азначылі зьліквідаваньне сталінізму як асабовага рэжыму ў грамадзтве. Зьліквідаваньне ж створаных за Сталіным грамадзкіх і палітычных інстытуцыяў, сацыяльнай структуры, грамадзкіх дачыненьняў і эканомікі расьцягнулася на многія гады.
Пры дасьледаваньні “культу асобы” як сыстэмы дачыненьняў узьнікае пытаньне, ці непазьбежна “культ” зьвязаны з масавымі рэпрэсіямі. Адміністратыўна-бюракратычная сыстэма кіраваньня, безумоўна, мае патрэбу ў мэханізме застрашаньня. Але мэханізм застрашаньня й масавыя рэпрэсіі — не адно й тое ж. У той жа самы час масавыя рэпрэсіі ня ёсьць для “культу асобы” выпадковаю зьяваю. Станаўленьне “культу” адбываецца не ў палітычным вакууме. Пераможца ў барацьбе за ўладу й ягонае бліжэйшае атачэньне непазьбежна імкнуцца абараніць сябе ад канкурэнтаў. Акрамя таго, барацьба за ўплыў на “культавую асобу” ўзьнікае й у ейным бліжэйшым атачэньні.
У гісторыі СССР масавыя “культавыя” рэпрэсіі ажыцьцяўляліся асабліва маштабна й асабліва жорстка. Гэта было абумоўлена ня толькі агульнагістарычнымі прычынамі: спазьненьнем у разьвіцьці краіны, ейнымі традыцыямі, узроўнем палітычнай культуры й г.д., але й уласна суб'ектыўнымі, асабовымі, зьвязанымі толькі з індывідуальнымі якасьцямі І.Сталіна.
З гледзішча асабістых эгаістычных інтарэсаў Сталіна — “вялікага стратэга сацыялізму”, “геніальнага правадыра сусветнага пралетарыята”, “выпрабаванага, мудрага, любімага правадыра” (усе азначэньні ўзятыя са стэнаграмы XVII зьезду) — рэпрэсіі гэтыя лягічныя, натуральныя, неабходныя, і тлумачацца проста.
З псыхалягічнага ж гледзішча іх таксама можна патлумачыць, хоць цяжка сказаць, што менавіта было галоўным: пераважаў комплекс арганічнага эгацэнтрызму, калі грамадзтва й ягоныя інтарэсы атасаямляюцца з уласнай пэрсонай, ці дамінаваў бесчалавечна халодны, далёкасяжны разьлік уладалюбцы? Можа быць, справа ў элемэнтарнай баязьлівасьці й схільнасьці да паранаідальнай падазронасьці, што зыходзіла з цалкам рэальнай пагрозы становішчу правадыра? Ці азначальнымі ёсьць яшчэ якія-небудзь якасьці асобы (індывідуальнасьці) І.Сталіна?..
У 1937—1938 гг. Сталін другі раз за час свайго ўладараньня, кіруючыся асабістым “культавым” інтарэсам, учыніў грандыёзнае, масавае, мэтанакіраванае й плянамернае зьнішчэньне людзей — першы раз гэта адбывалася пад час голаду 1932—1933 гг. Але адказнасьць за адбыванае ў тыя жахлівыя гады ляжыць ня толькі на ім адным, бо не бывае “культу” безь піраміды “культаў”, бяз статку бездумных, гатовых на ўсё, маленькіх, тыражаваных копіяў “вялікага правадыра”, без выканаўцаў, без шырокіх мас людзей, што прыязна прымаюць “культ” і маюць непахісную веру ў аднаго заступніка й уладара.
Водгукі гэтае веры жывыя й да сёньня. Апаноўваў часам, безумоўна, і элемэнтарны страх за сябе, страх, што штурхаў пісаць даносы. Але была й вера — у масавае шкодніцтва, у контррэвалюцыю, у “ворагаў народа” — добра замаскаваных ворагаў-кіраўнікоў і шпіёнаў-інтэлігентаў.
Прычыну гэткіх масавых настрояў супраць “ворагаў народа” можна знайсьці ў двух фактарах, што наклаліся адзін на аднаго. Перш за ўсё: дзейнічала рэлігіяпадобнае культавае стаўленьне да “правадыра ўсіх часоў”. Лёзунг “Правадыр паказвае шлях!” можа, як сьведчыць гісторыя, завесьці надзвычай далёка. Пакуль не пачнецца абуджэньне.
Хваля рэпрэсіяў, акрамя нэгатыўных палітычных наступстваў, учыняла, у выніку, вялікія страты справе разьвіцьця творчага, інтэлектуальнага патэнцыялу грамадзтва. Правядзеньне й пастаянная пагроза новых рэпрэсіяў дэфармавалі арганізацыю вытворчасьці, сыстэмы кіраваньня навукі, літаратуры й мастацтва. Каторы раз адрадзіліся антыінтэлігенцкія настроі. Вялікія маральныя згубы пацягнулі за сабою ўзгадаваньне крывадушнасьці й падлашчваньня. Даносіць і паклёпнічаць сталася нормай жыцьця, хоць гэта, можа быць, і ня ёсьць самымі горшымі зьявамі таго часу. Аднак, бясспрэчна, гэта самыя агідныя заганы. Сацыяльна-эканамічныя пасьледкі масавых рэпрэсіяў — жудасныя для грамадзтва.
Пры гэтым, асобным і вельмі важкім пытаньнем аналізу “вялікага тэрору” ёсьць выяўленьне характару палітычнага супраціву палітыцы рэпрэсіяў усярэдзіне краіны. Калі першы час стаўленьне да масавых рэпрэсіяў было, збольшага, пазытыўным, хоць часта й насьцярожаным, калі афіцыйным паведамленьням пра “ворагаў народа” значная частка народу ўсё ж давярала, то пасьля 1937 г. сумневы ў праўдзівасьці рэпрэсіяў пачалі расьці, як сьнегавы камяк. Выказваць тыя сумневы ўслых было практычна немагчыма — нават з элемэнтарнай боязі за сваё жыцьцё, бо даносчыкаў хапала.
І ўсё ж захаваліся сьведчаньні непрыманьня рэпрэсіяў, недаверу да іхнае абгрунтаванасьці. Часьцей за ўсё той недавер быў канкрэтна-адраснага характару: “Ня дам веры, што менавіта Яновіч-Багдановіч-Сідарэвіч вораг! Я яго даўно й добра ведаю! Гэта — памылка!” На жаль, нават такія простыя чалавечыя формы непрыманьня культу асобы не займелі масавага распаўсюджаньня.
Літаратура
1. Авторханов А. Технология власти. // Вопросы истории. 1991, №5.
2. Аджубей А. Те десять лет. М., 1989.
3. Антонов-Овсеенко А. Сталин и его время. // Вопросы истории. 1989, №6.
4. Буллок А. Гитлер и Сталин: Жизнь и власть. Сравнительное жизнеописание. в 2 Т. Смоленск, 1994.
5. Ваксберг А. Процессы. // Литературная газета. 1988. 4 мая.
6. Викторов Б. Без грифа “секретно”. Записки военного прокурора. М., 1990.
7. Волкогонов Д. Сталинизм: сущность, генезис, эволюция. // Вопросы истории. 1990. №3.
8. Зевелев А. Истоки сталинизма. М., 1990.
9. Зевелев А. Из истории утверждения единовластия Сталина. М., 1989.
10. История и сталинизм //Cост. Мерцалов А. М., 1991.
11. Клямкин И. Ещё раз об истоках сталинизма. // Политическое обозрение. 1988. №10.
12. Конквест Р. Большой террор. // Нева. 1989. №№1—12.
13. Конквест Р. Жатва скорби. // Вопросы истории. 1990. №1.
14. Коэн С. Большевизм и сталинизм. // Вопросы философии. 1989. №7.
15. Коэн С. Предчуствие сталинизма. // Огонёк. 1990. №28.
16. Мировое политическое развитие: век ХХ. М., 1995.
17. Медведев Р. О Сталине и сталинизме. // Знамя. 1989. №№1—4.
18. Осмыслить культ Сталина. М., 1989.
19. Пугачёв В., Соловьёв А. Введение в политологию. М., 1995.
20. Режим личной власти Сталина. К истории формирования. М., 1989.
21. Рейман М. Сталинизм как феномен советского общества. // Рабочий класс и современный мир. 1990. №1.
22. Суровая драма народа: учёные и публицисты о природе сталинизма. М., 1989.
23. Таккер Р. Сталин. Путь к власти. 1879—1929. История и личность. М., 1990.
24. Файнбург З. Не сотвори себе кумира... Социализм и “культ личности” (Очерки теории). М.,1991.
25. Чёрная книга коммунизма. Преступления, террор, репрессии. М., 1999.