Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Скачиваний:
782
Добавлен:
18.05.2015
Размер:
1.89 Mб
Скачать

5. Запішыце сказы, расстаўце знакі прыпынку і абгрунтуйце іх.

1. Ой бярозы ды сосны партызанскія сёстры вас ніколі ў жыцці не забыць. (Р.) 2. Адкажы мне вербачка адкажы ты мне мілая чаму ты ўсё смуцішся журышся пахілая. (К-с) 3. Мы пазналі без памылкі выдаў шэлест цемнаты што прывезлі нам пасылкі тэлеграмы і лісты. (Гл.) 4. Міхал навошта ўжо таіцца? любіў-такі павесяліцца. (К-с) 5. Той хто праўды шукае ў нас знойдзе яе. (М.Т.) 6. А я хаджу і радуюся. Ведаеш чаму? (Шам.) 7. Таўпехаецеся як Марка на пекле і больш нічога. (Куп.) 8. Тут каля акна малінаўка пяе і стукае жаўна. (Б-ч) 9. Рыбак быў дзядзька наш Антоні як і работнік адмысловы а Уладзік пасвіў дзесь каровы травіў чужыя сенажаці а дома з дзецьмі была маці. (К-с) 10. Адсырэлі запалкі бо калі поўз набілася снегу ў кішэні. (Кул.) 11. У народзе кажуць беражлівым быць лепей жыць. («Звязда») 12. Ёсць куток на зямлі дзень адзін пражывеш назаўсёды цябе зачаруе. (М.Т.) 13. Мы гаворым пра ўсё і калі я раптоўна змаўкаю яна не здзіўляецца, (Б.) 14. А там дзе першы крок рабілі дзе нашы мацеркі жывуць растуць бярозы і рабіны і лісце падае ў траву. (Бур.) 15. Уночы звінелі пілы стукалі сякеры танкісты будавалі пераправу. (І.Ш.)

6. Складзіце сказы, каб адзін і той самы назоўнік у форме назоўнага склону выступаў у сказе ў функцыі дзейніка, выказніка, зваотка, прыдатка.

Шчасце, Наваполацк, радасць, Саша.

7. Расстаўце знакі прыпынку пры постай мове. Сказы запішыце.

1. Стой брат Алесь спыніўся Лабановіч захоплены спакоем раніцы і хараством таго што было навокал ты паглядзі што за слаўнота! (К-с) 2. Паліцаі ў двары схапіліся за вінтоўкі ён (Рыбак) яшчэ паспеў гэта згледзець а назад ўжо не зірнуў – крыкнуў за мной і нырнуў пад жардзіну ў плоце. (В.Б.) 3. Я не такая з роздумам прызналася Лада і тут жа горача запэўніла але не стала горшая тата! (Шам.) 4. А што такое мука запытаў Лабановіч і сам адказаў мука гэта ўсё тое што прычыняе нам боль і непрыемнасць. (К-с) 5. Сказаць не кепска тут хлапчыне прамовіць часам гаспадыня а ўсё ж дамок свой моцна цягне і кожны к матцы сваёй прагне. (К-с).

Модуль «Стылістыка і культура мовы» Кантрольныя дыктанты

1. Балючая роспач Васіля

Васіль пайшоў дадому. Пайшоў невясёлы, але і не з такой балючай роспаччу, як мінулы раз: нібы прывыкаў ужо да бяды. Быццам адчуваў ужо, што страчанага, як ні кідайся, не вернеш: з воза ўпала – прапала, трэба прымяркоўвацца да новага стану. Можа ж і на той зямлі, калі папапяцца добра, дабіцца чаго-небудзь можна. Няхай не ўдосталь, але і з тою, перабіваючыся, пражыць неяк можна. А калі крута будзе, то і ў прыработкі якія-небудзь падацца…

І зырчала зноў у клопатнай маркоце неспакойная і заваблівая памяць пра Ганну: зноў нібы звала Ганна яго ў недаступны свет. І зноў здавалася: вось-вось Васіль разарве ўсё, што аблытала яго – прападзі яно пропадам, – і пойдзе, вольны, шчаслівы… І не чуў ужо халоднага ветру, што пранізваў зрэбныя штаны, што шыўся пад світу. І вочы нават цешылі гэтыя першыя нясмелыя сняжынкі, што мітусліва прыхарошвалі зямлю блізка і ў далечы, у якой ён угадваў купы дрэваў ля Глінішч, ля таго сяла, дзе была Ганна.

Калі ішоў полем паўз Глінішчы, выбраў з няроўнага рада стрэх і дахаў гонтавы верх школы, ледзь стрымаў сябе, каб не збочыць. Не ведаў, як пасля ўсяго сустрэне Ганна, чуючы вялікую вінаватасць перад ёю, толькі ўсхвалявана, растрывожана глядзеў зводдалек. Павольна, няцвёрда ішоў ад сяла, нялёгка адольваў непаслухмянае жаданне, што спыняла, цягнула назад. Ужо за грэбляй, каля Куранёў, апанавала іншае: проста не мог глядзець на цагельню, на сваю паласу, здзеклівую чарнату якой падбельваў снег. Нават стаў, доўга, пацямнелы, стаяў, не гледзячы туды і не маючы сілы скрануцца. Пайшоў тады, калі ззаду, з Алешнікаў, стаў пад’язджаць хтосьці…

(Паводле І. Мележа)

2. Непакой Рыбака

Праз гадзіну яны ўжо добра адышліся ад таго балота і брылі па пахілым доўгім касагоры. Ішлі надта марудна. Рыбак адчуваў, што неўзабаве пачнецца світанак, што мінаюць апошнія гадзіны ночы і што вельмі проста цяпер не паспець. Калі ранак застане іх сярод поля, тады ўжо, відаць, не выкруціцца. Яму ўвесь час карцела ісці шпарчэй, але Сотнікаў усё марудней перастаўляў ногі, часта спыняўся і зноў кашляў.

Увогуле, іх ратавала, мусіць, тая акалічнасць, што снег тут быў неглыбокі, ногі правальваліся, але не дужа, не тое што на балоце. Скрозь у доле шарэў быльнёг, і Рыбак стараўся ісці па ім, там было найменш снегу. Ён не хацеў спускацца ў лог: баяўся засесці ў гурбах, на пагорках неяк было надзейней. Але іх след ззаду надта выразна азначаўся на касагорыне. Убачыўшы яго, Рыбак ажно жахнуўся: так проста было дагнаць іх цяпер, нават уночы. Азіраючыся назад, ён падумаў: «Якая б небяспечная ні была дарога, што ўжо ледзь не загубіла нас сёння, зноў трэба выбівацца на яе, бо толькі на дарозе можна схаваць сярод іншых свой след».

І ён з надзеяй пачаў азірацца па баках: недзе ж павінна быць хоць якая-небудзь дарожка. Між тым наўкола ляжала чыстая снегавая разлога, сям-там цьмяна стракацела кустоўе, адзінокія палявыя дрэўцы; у адным месцы здалёку невыразна зачарнелася штось паўзамеценае ў снезе. Падышоўшы бліжэй, Рыбак згледзеў, што гэта валун. Дарогі ж нідзе не было. Тады ён крута павярнуў угору – так было цяжэй, але падумалася, што можа наверсе, за пагоркам, яны ўбачаць лес. Можа б тады ўдалося зашыцца ў яго, а паліцаі невядома яшчэ ці адважацца адразу сунуцца следам…

(Паводле В. Быкава)

3. Палескія дарогі

Ад усіх трох галоўных дарог раёна збочвала мноства меншых дарог, дарожак, сцежак. У кожнай дарогі і дарожкі былі свой характар, свой нораў. Толькі нямногія з іх і нядоўга ціха ішлі полем ці лесам; большасць, ледзь Апейка з’язджаў са шляху ці байчэйшай дарогі, адразу ўлазіла ці ў мокрыя зараснікі, ці ў балотнае куп’ё.

За балотамі, за зялёнай тванню ды зараснікам абапал грэблі таратайка Апейкава праз нейкі час выбіралася на меншую ці большую выспу, і колы ў летнія сонечныя дні мякка сеялі пясок або дробны, як мука, пыл. Выпаўзала, круцілася поле, млелі на сонцы палоскі звычайна беднай збажыны. Ішлі палоскі зацярушанай пылам бульбы, вецер прыносіў салодкі пах грэчкі. За вытаптаным выганам, амаль заўсёды пры балоце, Апейку абступалі хаты – новыя, пасівелыя ўжо ад дажджу ды ветру, скрыўленыя, абымшэлыя ад даўнасці. За шыбамі, за платамі сустракаліся цікаўныя вочы: чым далей ад вялікай дарогі, тым радзей бачылі тут чужога чалавека…

У кожным сяле былі ў Апейкі цяпер знаёмыя, прыяцелі; калі не спяшаўся вельмі, нават кіруючыся далей, ён спыняў каня, завітваў у хату. Людзі ведалі, што любіў юравіцкі госць, як пачастунак, цікавую гаворку… Гаворкі цікавыя і карысныя былі і самому Апейку: тут, у гэтых людзей, было мора навін, такіх патрэбных яго душы, якая хацела быць заўсёды з народам…

Калі ён ехаў далей, побач часцяком ішло некалькі дзядзькоў, цётак, чародка цікаўных малых – праводзілі. За крайнімі хатамі таратайка зноў кацілася пясчанымі каляінамі, разам з якімі і ўбягала ў яшчэ адно балота. Абапал зноў мяняліся зараснікі шызаватых лазнякоў ды бліскучага алешніку, зноў ядавіта зелянела раска, цёпла пахла тванню. Трашчала галлё пад коламі. што добра дрыжалі, курыўся пыл, руды, тарфяны.

(Паводле І. Мележа)

4.Круглянскі мост

Сцёпка здорава ўгрэўся, пакуль бег, але цяпер, заняты ўвагай да моста, не здагадаўся нават расшпіліць гузікі ды зняць шапку. Трохі спачыўшы ў засені, ён зразумеў, што, мабыць, давядзецца паляжаць тут доўга: на дарозе ў сасоніку яшчэ нікога не было відаць. Затое з боку мястэчка неўзабаве паказалася нейкая фурманка, якая хутка каціла дарогай да моста. Яшчэ праз нядоўгі час стала відаць, што гэта брычка; запрэжаны ў яе ладны буланы конік рухава кідаў капытамі, наравіста выгінаючы прыгожую, з коратка падстрыжанай грываю, шыю. Сцёпка сцяміў, што гэта хтосьці з начальства. Сапраўды, хутка брычка спынілася каля тых, што капалі, там жа апынуўся і вартавы; не злазячы з сядзення, чалавек у шэрым паліто нешта загаманіў, другі, з лейцамі ў руках, сядзеў ля яго моўчкі. Неўзабаве, аднак, ён заварушыўся, гукнуў на каня, і брычка з ціхім стукатам пакацілася па дашчаным насціле моста.

Сцёпка шчыльней прытуліўся да зямлі, нават зацяў дыханне; яны праехалі зусім блізка ад яго, але нават не зірнулі ў яго бок, і Сцёпка ўздыхнуў, з прыемнасцю адчуваючы вясновыя пахі замлі.

Зноў пацягнуўся час. Сонца ў небе павольна падымалася над лесам; мабыць, ужо гадзін дзесяць, калі не болей. Сцёпка часцей, чым на мост, пазіраў цяпер назад, на дарогу, чакаючы ўбачыць там Міцеву фурманку з Рослікам. Але там доўга нікога не было, і хлопца пакрысе пачаў агортваць неспакой: ці не здарылася што на дарозе?

Вартавы разы тры прайшоўся сюды-туды па мосце і зноў павярнуў у гэты канец… Адчуўшы штось новае ў паводзінах паліцая, Сцёпка азірнуўся і з-пад навіслай альховай галінкі ўбачыў, як з горкі ў хвойнічку шпарка і неяк весела нават коціць уніз знаёмы іх Рослік.

(Паводле В. Быкава)

Соседние файлы в папке умк_Вялюга_Зянько_2010