Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Скачиваний:
782
Добавлен:
18.05.2015
Размер:
1.89 Mб
Скачать

3. Арфаэпія. Арфаэпічныя нормы беларускай літаратурнай мовы і прычыны іх парушэння

3.1. Прадмет і задачы арфаэпіі

Арфаэпія (грэч. оrthos – правільна, epos – слова, мова) – раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца нормы літаратурнага вымаўлення.

Асноўная задача арфаэпіі – выпрацоўка і замацаванне адзіных нормаў літаратурнага вымаўлення, якія ўключаюць у сябе правілы вымаўлення галосных гукаў, зычных гукаў, правілы вымаўлення спалучэнняў гукаў у розных пазіцыях, правілы вымаўлення запазычаных слоў.

Развіццё і станаўленне арфаэпічных нормаў звязана з развіццём і станаўленнем беларускай літаратурнай мовы. Адзінства арфаэпічных правіл для ўсіх носьбітаў мовы неабходнае і важнае, як адзінства норм арфаграфіі і графікі, бо дапамагае дакладнаму разуменню вуснай мовы і тым самым спрыяе развіццю культуры нацыі.

3.2. Стылі літаратурнага вымаўлення

У залежнасці ад сферы зносін, ад сітуацыі (бытавая, паўсядзённая, афіцыйная), ад мэты маўлення, у залежнасці ад таго, да каго звяртаюцца (да аднаго чалавека ці многіх – на мітынгу, сходзе, лекцыі) і г.д., суразмоўца адпаведна выбірае моўныя сродкі. Сукупнасць такіх сродкаў, прызначаных для маўлення ў пэўнай сферы зносін, утварае стылі вымаўлення: няпоўны (ці гутарковы) і поўны (ці афіцыйны, акадэмічны).

У аснове размежавання поўнага і няпоўнага стыляў ляжаць тэмп маўлення і ўвага гаворачага да свайго вымаўлення. Так, напрыклад, у звычайнай паўсядзённай гаворцы мы дапускаем больш хуткі тэмп маўлення і менш выразную артыкуляцыю гукаў (кампетэнтнась, радась замест кампетэнтнасць, радасць – скарачаем спалучэнні гукаў; бяшшумны, смяесся, прыежжы замест бясшумны, смяешся, прыезджы – дапускаем больш поўную асіміляцыю зычных; міністар, ансамбаль, кадар замест міністр, ансамбль, кадр – у словах са спалучэннямі зычных перад санорнымі з’яўляюцца ўстаўныя галосныя). Такі стыль маўлення ўмоўна называецца няпоўным, ці гутарковым.

У афіцыйных абставінах мы вымушаны больш уважліва ставіцца да артыкуляцыі: змяншаем звыклы фанетычны аўтаматызм, запавольваем тэмп маўлення, у сувязі з чым кожны гук вымаўляецца дакладна і выразна (характарыстыка, Аляксандр Аляксандравіч, Марыя Аляксееўна – скарачэнне гукаў да непазнавальнасці («глытанне», выкідванне) недапушчальнае). Такі стыль умоўна называюць поўным, ці афіцыйным (акадэмічным). Абодва стылі з’яўляюцца літаратурнымі.

3.3. Вымаўленне галосных

Беларуская арфаэпія патрабуе выразнага вымаўлення галосных, якое залежыць галоўным чынам ад націску і суседніх гукаў. Націскныя галосныя (у моцнай пазіцыі) вымаўляюцца выразна: вецер, набат, дуброва, ліпеньскі, думкі, дрэва, тысяча, явар.

У ненаціскным становішчы (слабых пазіцыях) галосныя гучаць карацей за націскныя, некаторыя з іх могуць змяняць сваю якасць, але ў цэлым усе яны вымаўляюцца даволі выразна: параход, характарыстыка, шырокі, скіраваць, сустракаешся, украінец.

Націскныя галосныя [о],[э] не пад націскам пасля цвердых зычных вымаўляюцца як выразны гук [а] (фанетычны закон акання): жалуды, нарматывы, баксёр, рачны, зарачанскі, цагляны, драўляны. У некаторых словах ( у спалучэннях ро, ло, рэ) ненаціскны галосны [о] змяняецца на [ы]: кроў – крывавіць, глотка – заглынуць, дровы – дрывотня, хрэст – хрысціць.

Ненаціскное [о] захоўваецца толькі ў выклічніках ого, о-го-го. Ненаціскны гук [э] у большасці запазычаных слоў захоўваецца (аканне не распаўсюджваецца) і вымаўяецца выразна: тэлецэнтр, экс-чэмпіен, дэсант, дэлегат, ігрэк.

Галосныя гукі [о], [э] пасля мяккіх зычных у першым складзе перад націскам пераходзяць у гук [а] (фанетычны закон якання): ляснік, кляновы, вясёлы, вядро, лядовы, зялёны.

На месцы спрадвечнага (этымалагічнага) [а] незалежна ад месца націску вымаўляецца выразны гук [а]: св[а]ткаваць, мес[а]ц, ц[а]жкаваты, дзес[а]ць, Прып[а]ць, [jа]зыкаты.

Закон якання распаўсюджваецца на часціцу не і прыназоўнік без: [н’а] быў, [н’а] ведаў, [б’ас] страху, але: [н’э] прыехаў, [б’эс] перспектывы (на пісьме, аднак, захоўваецца літара е).

Галосныя [і], [ы], [у] не пад націскам змяняюцца нязначна: бруснічнік, світанне, адчыніць,узвышацца, музыка. Але ў моўнай плыні іх вымаўленне залежыць і ад становішча ў слове. Так, націскны [і] у пачатку слова, пасля галоснага, пасля апострафа і мяккага знака, пасля ў (нескладовага) вымаўляецца як [ji]: [ji]хні, кра[ji]на, аб[ji]нець, салаў[ji]ны, Іль[ji]ч.

Ненаціскны гук [i] у пачатку слова змяняецца на [й], калі папярэдняе слова заканчваецца на галосны (цацкі [й] цукеркі, сястра [й] брат), і на [ы], калі на зычны (брат [ы]шоў, сын [ы] брат).

Пасля цвердых зычных (апрача [г] [к] [х]) на стыку частак складаных слоў, прыстаўкі і кораня вымаўляецца гук [ы]: без[ы]ніцыятыўны, спад[ы]лба, борт[ы]нжынер, але: Наваполацк [і] Полацк, смех [і] грэх.

Галосны [у] пасля галоснага вымаўляецца як [ў]: а[ў]торак, мы [ў]вайшлі [ў] двор, кіну[ў]. Закон змянення [у] на [ў] у пазіцыі пасля галосных распаўсюджваецца і на ўласныя назвы: Дубоўка [ў]ладзімір, рака [ў]шача (на пісьме не абазначаецца), а таксама на словы іншамоўнага паходжання: а[ў]кцыен, ла[ў]рэат, ва [ў]ніверсітэце.

У словах іншамоўнага паходжання вымаўленне галосных мае сваю спецыфіку: многія запазычаныя словы не падпарадкоўваюцца аканню і яканню. Напрыклад: у большасці запазычанняў пасля цвердых зычных захоўваецца ненаціскное [э]: ордэн, дэсант, рэдактар, экзэмпляр. Толькі ў некаторых словах, якія запазычаны даўно, [э] змяніўся на [а]: літаратура, характар, адрас, майстар і інш. У асобных словах вымаўляецца [ы]: інжынер, канцылярыя, рысора, цырымонія.

Захоўваецца [э] і ў першым складзе перад націскам пасля мяккіх зычных (яканне адсутнічае): педаль, секунда, семестр, легенда, генерал. Выключэнне складаюць даўнія запазычанні (на якія яканне распаўсюдзілася) з вымаўленнем [а]: янот, яўрэй, яфрэйтар, каляндар, дзяжурны і інш.

Перад пачатковым [і] не развіваецца прыстаўны [j]: імперыя, імпарт, Індыя, інверсія.

Соседние файлы в папке умк_Вялюга_Зянько_2010