Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Скачиваний:
757
Добавлен:
18.05.2015
Размер:
1.89 Mб
Скачать

9. Асаблівасці дапасавання і кіравання ў беларускай мове

Прыназоўнікава-склонавыя канструкцыі непадобныя ў беларускай і рускай мовах і выразна выяўляюць нацыянальную спецыфіку беларускай мовы.

1. У беларускай мове лічэбнікі два (дзве), абодва (абедзве), тры, чатыры звязваюцца з назоўнікам дапасаваннем, а назоўнік мае форму множнага ліку: чатыры заводы, абодва браты, два гады. У рускай мове словы ў такіх словазлучэннях звязваюцца кіраваннем, а назоўнікі пры лічэбніках маюць форму роднага склону адзіночнага ліку: четыре завода, оба брата, два года.

2. Дзеясловы ветлівасці дзякаваць, падзякаваць, аддзякаваць, прабачыць, выбачаць, дараваць кіруюць назоўнікамі ці займеннікамі ў давальным склоне: дзякаваць выкладчыку, выбачыць сястры. У рускай мове адпаведныя дзеясловы маюць форму вінавальнага склону: благодарить преподавателя, простить сестру.

3. Дзеясловы руху ісці, бегчы, ехаць, плысці, ляцець, выправіць, паслаць, калі яны маюць мэтавае значэнне, кіруюць вінавальным склонам з прыназоўнікам па: пайсці па хлеб, паслаць па доктара, ехаць па дачку. Назоўнікі грыбы, ягады, кветкі, арэхі ў падобных словазлучэннях ставяцца ў вінавальным склоне з прыназоўнікам у: пайсці ў маліны, выбрацца ў грыбы, накіраваліся ў суніцы. У рускай мове пры такіх дзеясловах ужываюцца канструкцыі творнага склону з прыназоўнікам за: пойти за хлебом, послать за доктором, ехать за дочерью, пойти за малиной, выбраться за грибами, направился за земляникой, отправиться за зерном.

4. Дзеясловы жартаваць, смяяцца, кпіць, здзекавацца, насміхацца, цешыцца, рагатаць, пасмейвацца, дзівіцца кіруюць родным склонам з прыназоўнікам з: здзекавацца са слабага, пасмейвацца з суседа, кпіць з маўчуна, насміхацца з няўмекі, здзекавацца з палоннага. У рускай мове вышэйпералічаныя дзеясловы кіруюць творным склонам з прыназоўнікам над: издеваться над слабым, подтрунивать над соседом, смеяться над самим собой, подсмеиваться над молчуном, подшучивать над неумелым.

5. Дзеясловы маўлення, думкі, пачуцця гаварыць, казаць, думаць, разважаць, распытваць кіруюць вінавальным склонам з прыназоўнікам пра: думаць пра сына, распытваць пра маці, клапаціцца пра дзяцей. У рускай мове адпаведна: думать о сыне, расспрашивать о матери, заботиться о детях, тосковал о матери.

6. Дзеясловы хварэць, захварэць, перахварэць і прыметнік хворы ў беларускай мове кіруюць вінавальным склонам з прыназоўнікам на: захварэць на адзёр, хворы на ангіну, хварэць на коклюш. У рускай мове залежнае слова ў такіх словазлучэннях мае форму творнага склону без прыназоўніка: заболеть корью, больной ангиной, болеть коклюшем.

7. Дзеясловы ажаніць, ажаніцца кіруюць творным склонам з прыназоўнікам з: ажаніцца з Веранікай, ажанілі з нялюбай, ажаніць з ёй. У рускай мове пры такіх дзеясловах іменныя часціны мовы ўжываюцца ў форме меснага склону з прыназоўнікам на: жениться на Веронике, женили на немилой, женить на ней.

8. Для беларускай мовы характэрна ўжыванне параўнальных словазлучэнняў, у якіх галоўнае слова (прыметнік ці прыслоўе) мае форму вышэйшай ступені, а залежнае ўжываецца ў вінавальным склоне з прыназоўнікам за: брат маладзейшы за сястру, яны разумнейшыя за сваіх аднагодкаў, мёд саладзейшы за цукар. У рускай мове такія канструкцыі маюць форму роднага склону без прыназоўніка: брат младше сестры, они умнее своих одногодков, нет ничего страшнее войны, мед слаще сахара.

9. Для вызначэння адлегласці, прасторы пры словах з колькасным значэннем ужываюцца назоўнікі з прыназоўнікам за: за пяць кіламетраў ад чыгуначнай станцыі, за тры вярсты ад лесу, крокаў за шэсць ад вуліцы. У рускай мове такім словазлучэнням адпавядаюць: километрах в пяти от железнодорожной станции, верстах в трех от леса, в шести шагах от улицы.

10. У беларускай мове дзеясловы і назоўнікі са значэннем дзеяння кіруюць месным склонам множнага ліку з прыназоўнікам па: хадзіць па лясах (палях, балотах), сумаваць па бацьках, вучыліся па вечарах. У рускай мове такія словазлучэнні маюць прыназоўнік по: ходить по лесам (полям, болотам), учились по вечерам, грустить по родителям.

11. Назоўнікі лекцыя, нарысы, адзнака і інш. ужываюцца з назоўнікамі ў месным склоне з прыназоўнікам па: лекцыя па культуралогіі, нарысы па мастацтве, адзнака па беларускай мове. У рускай мове у такіх канструкцыях залежны назоўнік ставіцца ў форме давальнага склону з прыназоўнікам по: лекция по культурологии, очерки по искусству, оценка по белорусскому языку.

12. У дробавых лічэбніках частка адна, дзве, тры, чатыры ў лічніку дапасуецца да парадкавага лічэбніка ў назоўніку: адна чацвёртая, дзве трэція, тры пятыя, чатыры сёмыя. Калі ў лічніку стаяць лічэбнікі пяць, шэсць, сем і г.д., то яны кіруюць парадкавымі лічэбнікамі назоўніка ў форме роднага склону множнага ліку: пяць шостых, шэсць дзевятых, восем дзесятых.

13. У беларускай мове ў дзеяслоўных словазлучэннях з прыназоўнікам праз выражаюцца прычынныя адносіны: не прыехаў праз хваробу, спазніўся праз навальніцу. Такі прыназоўнік ужываецца і ў спалучэннях слоў праз смех, праз слёзы, праз зубы (сказаў праз смех, гаварыла праз сон, працадзіў праз зубы), а таксама ў словазлучэннях з аб’ектным значэннем паміж кампанентамі са словамі праходзіць, пранікаць, прабівацца: прабівацца праз гушчар, пранікаць праз фортку, праходзіць праз імглу. У рускай мове адпаведна: не приехал из-за болезни, опоздал из-за грозы, сказал сквозь смех, говорила сквозь сон, пробиваться сквозь гущу, проникать сквозь форточку, проходить сквозь мглу.

14. У беларускай мове ўжываюцца словазлучэнні:

1) загадчык кафедры (бібліятэкі), прыйшлі да бабулі, ехаць у млын, пазычыла нажа (сякеры, запалак). У рускай мове адпаведна: заведующий кафедрой (библиотекой), пришли к бабушке, ехать на мельницу, одолжила нож (топор, спички);

2) словазлучэнні бачыў на свае вочы, чуў на свае вушы, хата на пяць пакояў, больш за дзвесце кіламетраў (гектараў, падручнікаў), сабраліся а семнаццатай гадзіне, пісаць (дасылаць, накіраваць, звяртацца) на адрас. У рускай мове адпаведна: видел своими глазами, слышал своими ушами, дом из пяти комнат, более двухсот километров (гектаров, учебников), собрались в семнадцать часов (около семнадцати часов), писать (посылать, направлять, обращаться) по адресу;

3) словазлучэнні прыняць да ўвагі, сутыкнуцца тварам у твар, падобны да бацькі (маці), ён па-за канкурэнцыяй, па аднайменным рамане І. Мележа, па маім меркаванні, заляцацца да дзяўчыны, апеляваць да грамадскай думкі. У рускай мове адпаведна: принять во внимание, столкнуться лицом к лицу, похожий на отца (мать), он вне конкуренции, по одноименному роману И. Мележа, по моему суждению, ухаживать за девушкой, апеллировать к общественной мысли.

4) колькасна-іменныя словазлучэнні з адваротным парадкам слоў (гадоў пяцьдзесят, чалавек трыццаць, месяцы тры) і спалучэнні лічэбніка з назоўнікам роднага склону з прыназоўнікамі пад, з, за, каля: пад сорак гадоў, каля пятнаццаці старонак, гадзін з восем, далёка за поўнач.

Соседние файлы в папке умк_Вялюга_Зянько_2010