Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Скачиваний:
782
Добавлен:
18.05.2015
Размер:
1.89 Mб
Скачать

2. Лекцыя «Беларуская мова і яе месца ў сістэме агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей» Змест

  1. Уводзіны. Мова і соцыум. Беларуская нацыянальная мова і яе формы.

  2. Функцыі мовы ў грамадстве

  3. Паходжанне беларускай мовы і асноўныя этапы яе развіцця

  4. Беларуская мова – форма нацыянальнай культуры беларусаў

І. Уводзіны

Беларуская мова (прафесійная лексіка) – дысцыпліна, якая дапамагае выхоўваць любоў і павагу да духоўнай і інтэлектуальнай спадчыны беларускага народа, дапамагае пашыраць і ўзбагачаць прафесійны лексічны запас будучых спецыялістаў, выпрацаваць уменне практычнага карыстання тэрміналогіяй і прафесійнай лексікай па абранай спецыяльнасці, што будзе спрыяць фарміраванню камунікатыўна развітай асобы, якая зможа правільна ўспрымаць розную інфармацыю на беларускай мове, а таксама дакладна і асэнсавана выказваць любую думку, павышаючы грамадскі прэстыж беларускай літаратурнай мовы, як мовы тытульнай нацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Праграма курса «Беларуская мова (прафесійная лексіка)» цесна звязана з іншымі дысцыплінамі (гісторыяй літаратурнай мовы, лексікалогіяй, стылістыкай і культурай маўлення). Таму асноўнымі мэтамі сацыяльна-гуманітарнай падрыхтоўкі з’яўляюцца фарміраванне і развіццё сацыяльна-асобасных і сацыяльна-прафесійных кампетэнцый выпускнікоў ВНУ.

Мова і соцыум (грамадства)

Мова (паводле тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы пад рэдакцыяй М.Р.Судніка і М.Н. Крыўко):

1. Сродак чалавечых зносін і выказвання думкі з уласцівымі яму фанетыка-граматычным ладам і лексічным фондам. Беларуская мова. Класічныя мовы. 2. Сукупнасць унармаваных сродкаў выражэння славеснай творчасці, уласцівых індывідуальнай манеры пісьменніка; стыль. Мова Янкі Купалы.Літаратурная мова. 3. Здольнасць гаварыць. У хворага адняло мову. 4. Сістэма знакаў, гукаў, сігналаў, якія перадаюць інфармацыю. Мова лічбаў. Мова формул. 5. Асаблівасць маўлення, манера гаварыць. Дзіцячая мова. 6. Тое, што тлумачыць сабой што-небудзь, паясняе. Мова фактаў (жывая мова, эзопаўская мова, індаеўрапейскія мовы, знайсці агульную мову і інш.).

«Народ выражае сябе найпаўней і найдакладней у мове сваёй – пісаў у XIX ст. вядомы рускі лінгвіст I. Сразнеўскі, – народ і мову нельга ўявіць адно без аднаго». Калі грамадства параўнаць з жывым арганізмам, то мову можна назваць нервовай сістэмай, якая наладжвае ў арганізме сувязі паміж яго клеткамі. Але мова – гэта не толькі сродак, з дапамогай якога людзі наладжваюць сувязі, абменьваюцца інфармацыяй, яна – своеасаблівае люстэрка жыцця і працы народа, яго грамадскага і культурнага развіцця. Мова адлюстроўвае жыццёвы вопыт народа, асаблівасці яго мыслення і псіхікі, маральна-этычныя і эстэтычныя нормы.

Ад пакалення да пакалення беларускі народ замацоўваў ў слове сваё бачанне свету, свой вопыт яго пазнання, ад эпохі да эпохі ён выпрацоўваў разнастайныя сродкі для перадачы думак, пачуццяў. Прыродныя ўмовы і геаграфія краіны, узровень народнай гаспадаркі і кантакты з іншымі народамі, характар грамадскай думкі, культуры, мастацва – усе вялікія і малыя асаблівасці жыцця нашага народа адлюстраваліся ў мове.

Моўная культура беларускага народа надзвычай багатая і самабытная. Яна ўвасоблена ў поўных чароўнага хараства песнях, у афарбаваных міфічнасцю легендах, паданнях і дасціпных, мудрых прыказках, у адмысловых загадках і магічна-таямнічых замовах, у трапных выслоўях і дасканалых па форме і мастацкіх якасцях казках, у творах мастацкай, навуковай літаратуры і г.д. Гэтыя моўныя скарбы раскрываюць нам гісторыю народа, сведчаць пра яго сацыяльны інтэлект, далучаюць нас да маральных, эстэтычных каштоўнасцей, створаных народам за стагоддзі, дапамагаюць зразумець яго філасофію, мастацкія вобразы, авалодаць сакрэтамі яго моватворчай дзейнасці. Захоўваючы духоўную спадчыну народа, замацоўваючы ў слове ўсе тое, што прынята называць культурай, мова яднае нашчадкаў і продкаў, звязвае мінулае з сучасным і будучым.

Мова – гэта адна з найважнейшых прыкмет нацыі, падмурак этнічнага самаўсведамлення народа. Так, паводле перапісу 1989 г., 80,2 % беларусаў (з агульнай колькасці 10 млн. 152 тыс. жыхароў рэспублікі 7 млн. 905 тыс. складаюць беларусы) і 65 % усяго насельніцтва Беларусі лічаць сваёй роднай мовай беларускую. Гэта азначае, што этнічная функцыя (быць сімвалам нацыі, кансалідаваць народ і адрозніваць яго ад іншых этнасаў) пераважае ў беларускай мовы над камунікатыўнай. У сілу пэўных гістарычных, сацыяльных і геапалітычных прычын беларуская мова не стала пакуль асноўным і адзіным сродкам камунікацыі ў нашай рэспубліцы. Для большасці жыхароў Беларусі гэтую ролю выконвае руская мова.

Соседние файлы в папке умк_Вялюга_Зянько_2010