Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
правка кніга білінгвізм.doc
Скачиваний:
68
Добавлен:
11.02.2015
Размер:
400.38 Кб
Скачать

Тэма 3. Перадумовы станаўлення білінгвальнага выхавання дзяцей у Беларусі

План

  1. Моўная сітуацыя на беларускіх землях да і пасля падзелу Рэчы Паспалітай.

  2. Дзіцячая перыёдыка Расійскай імперыі ў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя.

  3. Напаўпрафесійныя выданні для дзяцей і часопіс “Лучынка”.

  4. Грамадска-палітычныя перадумовы станаўлення білінгвальнага выхавання дзяцей у Беларусі.

  5. Дзіцячыя выданні 20-х гадоў ХХ стагоддзя (“Зоркі”, “Беларускі піянер”).

У старажытныя часы, да ХVІІ стагоддзя, беларуская мова ў Вялікім Княстве Літоўскім была дзяржаўнай і не мела ніякіх абмежаванняў у выкарыстанні. Разам з тым у пэўныя перыяды на беларускіх землях існавала і двухмоўе: беларуска-царкоўнаславянскае, беларуска-лацінскае, беларуска-польскае. Этнічна абмежаваным, але таксама значным, было беларуска-яўрэйскае, беларуска-ўкраінскае, беларуска-татарскае, беларуска-літоўскае двухмоўе. Да трох падзелаў Рэчы Паспалітай на Беларусі пераважала беларуска-польскае моўнае ўзаемадзеянне, а ўплыў рускай мовы на беларускі слоўнік быў нязначным. Асобныя супадзенні ў лексічным складзе тлумачыліся агульным паходжаннем дзвюх суседніх моў ад адной старажытнай прамовы, якую ўмоўна называюць старажытнарускай.

З канца 80-х гадоў ХVІІ стагоддзя распаўсюджанне рускай мовы на Беларусі істотна пашырылася за кошт масавай рэкрутчыны беларусаў у расійскім войску (у будучым многія з гэтых людзей выконвалі ролю настаўнікаў грамаце), а таксама за кошт адкрытых у гарадах школ і народных вучылішч з рускай мовай навучання. Прымусовая русіфікацыя нашага краю пачалася з кіраваннем рускага цара Мікалая І, які 1 студзеня 1831 года ўвёў закон аб забароне беларускай мовы ў судова-адміністрацыйным справаводстве, а па-сутнасці, і ў афіцыйным ужытку. Яшчэ больш актывізаваўся ўплыў рускай мовы на беларускую пасля падаўлення паўстання К. Каліноўскага (1863–1864 гады). З гэтага часу пад выглядам барацьбы з засіллем польскасці фактычна пачалося вынішчэнне беларускай мовы і насаджэнне рускай. Навуковымі коламі былі зроблены масштабныя спробы збору фальклора Заходне-рускага краю з мэтай даказаць, што беларуская культура – адгалінаванне “багатай” рускай культуры, а беларуская мова – гэта дыялект рускай мовы.

Доўгі час выхаванне на беларускіх землях было хатнім. Прафесійныя і аматарскія педагогі навучалі выключна ў заможных сем’ях. Абмежаванымі былі і сродкі навучання – “Псалтыр”, “Граматыкі” (М. Сматрыцкага, Л. Зізанія, І. Федаровіча і інш.). Да ХІХ стагоддзя беларуская дзіцячая літаратура і друк адсутнічалі, а дзеці, як правіла, вучыліся па кнігах для дарослых. На жаль, тагачасныя педагогі Беларусі не мелі магчымасці выкарыстоўваць у сваёй працы спецыяльныя выданні на нацыянальнай мове. Яны вымушаны былі звяртацца ў выхаванні падрастаючага пакалення або да фальклору (казак, калыханак, лічылак, забаўлянак, заклічак, дзіцячых песняў і гульняў), або да рускай дзіцячай літаратуры. На Беларусі таксама была вядома рускамоўная дзіцячая перыёдыка: дадатак да “Московских ведомостей”, “Детское чтение для разума и сердца” (17851789), часопісы “Друг юношества и всяких лет” (1807–1815), “Друг детей” (1809), “Новое детское чтение” (1821–1824), “Библиотека для воспитания” (1843–1846), “Новая детская библиотека” (1847–1849), “Звездочка” (18421863), “Лучи (1850–1860), “Подснежник” (1858–1862). У гэтых выданнях змяшчаліся творы рускіх і замежных дзіцячых пісьменнікаў, прычым многія з іх адрасаваліся дарослым выхавальнікам і не адаптаваліся для дзяцей. Педагогам былі вядомы апавяданні А.Н. Талстога і К.Д. Ушынскага, “История России в рассказах для детей” А.В. Ішымавай, газеты “Что нового” (1908), “Детская газета” (1908), “Газетка для детей и юношества” (1910) і інш.

Моўная сітуацыя ў Беларусі змянілася пасля рэвалюцыі 1905 года, калі ўлады Расійскай імперыі афіцыйна дазволілі выданне кніг, газет, часопісаў на беларускай мове. Гэты перыяд атрымаў назву “Нашаніўскае адраджэнне”. У гэты час з’явілася мноства твораў для дзяцей на беларускай мове розных аўтараў (Цётка, Якуб Колас, Янка Купала, Змітрок Бядуля, М. Багдановіч і інш.), былі створаны першыя беларускія падручнікі для самых маленькіх “Беларускі лемантар” (1906) Цёткі, “Першае чытанне для дзяцей беларусаў” (1906) Цёткі, “Другое чытанне для дзетак беларусаў” (1909) Якуба Коласа.

У Беларусі з’явіліся першыя перыядычныя выданні на беларускай мове (“Наша доля” (1906), “Наша ніва” (1906–1915)), адкрыўся шэраг выдавецтваў (“Загляне сонца і ў наша аконца!” (1906)). Гэта непазбежна прывяло і да спробы стварыць перыядычнае выданне на роднай мове для маленькіх беларусаў. Па гэтай прычыне А. Уласаў (былы рэдактар “Нашай нівы”) звярнуўся да мінскага губернатара з прашэннем дазволіць выданне беларускамоўнага месячніка для дзяцей і моладзі “Лучынка”. Першы нумар гэтага літаратурнага і навукова-папулярнага выдання выйшаў у 1914 годзе, рэдактарам якога і стаў А. Уласаў. Часопіс меў 16 старонак (планавалася 32–48 старонкі ў кожным нумары) і быў добра ілюстраваны. У часопісе друкаваліся Я. Купала, Я. Колас, К. Буйло, У. Галубок, З. Бядуля, Ц. Гартны, Ядвігін Ш, А. Паўловіч, Цётка і інш. У часопісе змяшчаліся матэрыялы на нацыянальнай мове, разлічаныя на маленькіх беларусаў дашкольнага ўзросту. Часопіс “Лучынка” стаў першай спробай стварыць беларускае перыядычнае выданне для дзяцей, аднак на працягу амаль года выйшла ўсяго шэсць нумароў. Першая сусветная вайна парушыла ўсе планы выдаўцоў: А. Уласаў быў прызваны ў войска, а яго намеснік, вядомая пісьменніца Цётка, добраахвотна пайшла на фронт сястрой міласэрнасці – і часопіс спыніў сваё існаванне.

У 1917 годзе беларуская мова атрымала афіцыйнае прызнанне, карэнным чынам змянілася грамадска-культурная прастора ў Беларусі, узрасла цікавасць да нацыянальнай культуры, літаратуры (у тым ліку і дзіцячай), пачаў інтэнсіўна пашырацца перыядычны друк. На другой сесіі ЦВК БССР (люты 1921 года) упершыню на дзяржаўным узроўні вялася гаворка аб праблеме нацыянальнай адукацыі, аб падрыхтоўцы падручнікаў, педагагічных кадраў, якія б маглі выкладаць на роднай мове, неабходнасці беларускамоўных выданняў: “Выданне падручнікаў, дзіцячага часопіса, навукова-папулярнай і палітычнай літаратуры на беларускай мове павінна быць ударнай задачай наркамасветы і яго органаў” [2, с. 32].

Кастрычніцкая рэвалюцыя і савецкая ўлада, абвясціўшы роўныя правы на развіццё ўсіх нацыянальных культур, хуткім часам ідэі інтэрнацыяналізму падмяніла расійскім нацыяналізмам. Гэтая сітуацыя ўскладнялася адсутнасцю развітай нацыянальнай літаратуры, адукацыі на беларускай мове, знішчэннем вялікай колькасці насельніцтва краіны ў войнах і рэпрэсіях, міграцыяй беларусаў у межах штучна ўтвораных палітычных аб’яднанняў, гвалтоўным змяншэннем тэрыторыі Беларусі, прымусовым перасяленнем на спрадвечна беларускія землі прадстаўнікоў расійскага этнасу і наданнем ім кіраўнічых пасад у новай дзяржаве. У такой сітуацыі, зразумела, беларуская мова не толькі не магла мець роўны статус з рускай, але і мэтанакіравана прыніжалася. Словы адной мовы бяздумна калькаваліся ў другую. Найчасцей “пераносіліся” рускія лексемы ў беларускую моўную сістэму: вумны – разумны, вутка – качка, іменна – менавіта, зваць – клікаць, крэпка – моцна, скарэй – хутчэй, быстра – шпарка і інш. Гэтай прафанацыі садзейнічалі і асобныя акадэмічныя выданні, у слоўніках, напрыклад, рускія калькі ставіліся ў шэрагу слоў на першае месца (радавы, акцябронак, дзекабрыст, буквар, подзвіг, паняцце, саюз, савет і інш.). Гэта ж сустрэнем і ў падручніку для педагагічных інстытутаў “Русский язык” пад рэдакцыяй прафесара Л.Ю. Максімава, дзе сцвярджаецца: “Рускаму слову белка у беларускай ёсць адпаведнае белка” [28, с. 100].

Пасля Рыжскага мірнага дагавору 1921 года на два дзесяцігоддзя краіна была падзелена на заходнюю частку (тэрыторыя адышла Польшчы, якая праводзіла палітыку апалячвання насельніцтва) і ўсходнюю частку (тэрыторыя адышла СССР), у якой, нягледзячы на розныя тэрытарыяльныя перадзелы, паступова ажыццяўляўся працэс нацыянальна-культурнага адраджэння – беларусізацыі (з чэрвеня 1924 года). На беларускай мове пачалі масава выдавацца кнігі, падручнікі, навуковыя працы, часопісы, газеты. Былі створаны слоўнікі і граматыкі беларускай мовы. На кіраўнічыя пасады па магчымасці запрашаліся беларусы. Аднак, нягледзячы на тое, што карэннае насельніцтва рэспублікі ў гэты час складала каля 80 % [22, с. 119], роднай, беларускай мове не былі дадзены асаблівыя прэферэнцыі: афіцыйны статус ва Усходняй Беларусі мелі ў аднолькавай ступені ідыш, польская, руская і беларуская мовы. Паводле 23 артыкула другой Канстытуцыі БССР (1927–1937 гады), працоўнымі мовамі на радыё, акрамя беларускай, былі літоўская, латышская, польская, руская, яўрэйская мовы і эсперанта. Разам з тым у пастанове ЦВК БССР (ліпень 1924 года) “Аб практычных мерапрыемствах па правядзенню нацыянальнай палітыкі” адзначалася наступнае: “З прычыны значнай перагі ў БССР насельніцтва беларускай нацыянальнасці, беларуская мова выбіраецца як мова пераважная для зносін паміж дзяржаўнымі, прафесійнымі і грамадскімі ўстановамі і арганізацыямі” [22, с. 119].

У 20-я гады ХХ стагоддзя ўрад рэспублікі ўзяў курс на палітыку беларусізацыі. Паказальна, што калі на І Усебеларускім з’ездзе па дашкольнаму выхаванню (красавік 1921 года) прыярытэтнымі ў працы з дзецьмі вызначаліся працоўная, фізічная і гульнёвая дзейнасць, то ўжо ўдзельнікаў наступнага такога сходу ў верасні 1925 года востра хвалявала найперш пытанне нацыянальнага зместу дашкольнай адукацыі. Беларусізацыя ў цэлым мела прагрэсіўны характар, бо закранула як дзіцячыя садкі, так і тэхнікумы з інстытутамі, а выпускнікі апошніх, як вядома, зацікаўлены навучаць дзяцей на той мове, якая з’яўлялася рабочай у вучобе.

Першым беларускамоўным выданнем для дзяцей пасля рэвалюцыі стаў часопіс “Зоркі” (1921–1922), заснавальнікамі якога сталі З. Бядуля (рэдактар), Я. Купала, Я. Колас, К. Буйло, М. Чарот, К. Чорны, Я. Журба і інш. Аўтары часопіса імкнуліся да рознабаковага развіцця маленькага чытача, пра выхаванне яго на родным матэрыяле, блізкім яго дзіцячаму ўспрыняццю. “Зоркі”, у адрозненне ад многіх тагачасных “дарослых” выданняў, не быў ідэалагізаваным часопісам. У ім змяшчаліся пераважна фальклорныя творы (казкі, дзіцячыя песні, загадкі), а таксама бытавыя замалёўкі, тэксты фальклорных песень і песень савецкіх кампазітараў з нотамі. Даваліся практычныя парады для самастойнага вырабу цікавых цацак. Часопіс праіснаваў нядоўга: выйшла ўсяго дзесяць нумароў. Яго апалітычны змест не мог задаволіць палітычнае кіраўніцтва краіны, якому неабходна была прапаганда ідэалагічных установак партыі. У 1922 годзе з’явілася пастанова ХІ з’езда РКП(б) “Аб друку і прапагандзе”, у якой на вышэйшым узроўні была выказана заклапочанасць “якасцю” перыядычнага выдання для падрастаючага пакалення.

У рэзалюцыі “Аб друку” ХІІІ з’езда РКП (б), які адбыўся ў маі 1924 года, адзначалася: “Неабходна прыступіць да стварэння літаратуры пад пільным кантролем і кіраўніцтвам партыі, з мэтай узмацнення ў гэтай літаратуры момантаў класавага, інтэрнацыянальнага, працоўнага выхавання. У прыватнасці, разгарнуць справу выдання піянерскай літаратуры, прыцягваючы да гэтай працы ў дапамогу камсамолу партыйныя, прафесіянальныя і савецкія арганізацыі” [4, с. 92]. Кіраўніцтва краіны, па сутнасці, было не столькі заклапочана выхаваннем дзяцей, колькі імкнулася ўсталяваць ідэалагічны кантроль над дзіцячым друкам. У выніку з снежня 1924 года на змену “Зоркам” прыйшоў штомесячны часопіс “Беларускі піянер” (з 1929 года – “Іскры Ільіча”, з 1945 года – “Бярозка”). Першымі рэдактарамі часопіса былі У. Дубоўка, А. Якімовіч. З канца 20-х гадоў палітыка беларусізацыі ажыццяўлялася паралельна з разгорнутай па ініцыятыве ідэалагічных служб ЦК КП (б) Б барацьбой з так званым беларускім нацыянал-дэмакратызмам. Гэта негатыўна адбілася на змесце, тэматычным і сэнсавым напаўненні часопіса “Беларускі піянер”, які быў перайменаваны ў “Іскры Ільіча”. З часопісам супрацоўнічалі такія мастакі слова, як Я. Купала, Я. Колас, А. Якімовіч, Я. Маўр, З. Бядуля, Т. Кляшторны, Э. Агняцвет, К. Крапіва, М. Чарот. У кожным нумары асвятляліся даволі далёкія для дзяцей праблемы: вынікі першай пяцігодкі, матэрыялы са з’ездаў камуністычнай партыі, пералёт адважных лётчыц на Далёкі Усход. Спецыяльная старонка была адведзена для зусім маленькіх чытачоў – дашкольнікаў. Там змяшчаліся аўтарскія творы, стылізаваныя пад фальклорныя: калыханкі (“Калыханка” З. Бядулі), казкі (“Рак-вусач”, “Дзед і мядзведзь” Я. Коласа, “Музыка-чарадзейнік” У. Дубоўкі, “Змаганне” М. Астапенкі), загадкі, жарты, апавяданні.

У цэлым першыя беларускамоўныя выданні, якія можна было б выкарыстоўваць у працэсе выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту (“Лучынка” і “Зоркі”), па прычыне не развітасці самой дзіцячай літаратуры і публіцыстыкі, адсутнасці вопыту выдаўцоў і належных фінансавых сродкаў былі не зусім дасканалыя. У працэсе свайго станаўлення беларускі перыядычны друк для дзяцей стаў другой пасля фальклору крыніцай метадычнага забеспячэння развіцця нацыянальнага маўлення дзяцей і прайшоў некалькі этапаў:

І.   Назапашванне вопыту (ХІХ – пачатак ХХ стагоддзя).

ІІ.  Існаванне напаўпрафесійных выданняў для дзяцей:

  1. Выданне часопіса “Лучынка”.

  2. Выданне часопіса “Зоркі”.

ІІІ. Фарміраванне рэгулярнай дзіцячай перыёдыкі (часопіс “Беларускі піянер”).

У 1928 годзе часопіс “Асвета” надрукаваў праграмы для нулявых груп дзіцячага сада, у якіх упершыню былі ўлічаны мясцовыя асаблівасці Беларусі, адпаведна якім навучанне чытанню і пісьму рэкамендавалася праводзіць на дзвюх мовах: рускай і беларускай. Гэтыя праграмы адводзілі належнае месца і патрыятычнаму выхаванню праз знаёмства дашкольнікаў з фальклорам, выяўленчым мастацтвам, музыкай, дзіцячай мастацкай літаратурай. Адносна шырокае выкарыстанне беларускай мовы, інтэнсіўнае развіццё нацыянальнай культуры ў БССР працягвалася да восені 1928 года (да пастановы ЦК КП (б) Беларусі “Аб узмацненні крытыкі буржуазнага нацыяналізма”). З гэтага часу пачаліся адваротныя працэсы ў нацыянальна-культурным жыцці беларусаў у БССР, актыўная прапаганда рускай культуры. “Асабліва гэта было характэрна для гарадоў і гарадскіх пасёлкаў. Нягледзячы на заявы савецкай улады аб роўнасці нацый, культур і моў, на практыцы гэта роўнасць парушалася, перавага аддавалася больш развітой рускай культуры і мове. У Савецкай Беларусі фактычна праводзілася палітыка, скіраваная на працяг русіфікацыі” [22, с. 127].

У пачатку 30-х гадоў у свет выйшаў шэраг прагрэсіўных праграмна-метадычных дакументаў, у якіх закраналіся пытанні двухмоўя ў дашкольных установах Беларусі: “Дэталізаваная праграма і метадычная запіска для “0” группы” (1930), дапаможнікі М. Анцава “Зайчык-грайчык. 40 беларускіх прыгаворак, прыпевак, казак і невялікіх песенак для развіцця рытму і слыху ў маленькіх дзетак 3–7 гадоў” (1930), Н. Каржовай “Грамата ў дашкольных установах і “0” групах школ” (1932), А. Савёнак “Расказванне ў дашкольных установах” (1933). У 1931 годзе адбылася трэцяя Усебеларуская канферэнцыя па дашкольнаму выхаванню, на якой было адзначана, што павышэнню эфектыўнасці выхавання садзейнічае шырокае выкарыстанне ў дашкольных установах народнай творчасці, культуры, побыту і традыцый народа. На канферэнцыі прапаноўвалася педагогам “шырэй выкарыстоўваць родную мову, мастацкае слова, фальклор, музыку, скокі, песні, творы выяўленчага мастацтва, дзіцячую літаратуру беларускіх аўтараў” [1, с. 37].

Да Вялікай Айчыннай вайны беларуская мова была выціснута з многіх сфер грамадскага жыцця, знікла ў вышэйшых, спецыяльных прафесійных, дашкольных установах. Велізарныя страты адукацыйнага працэсу 30-х гадоў ХХ стагоддзя на Беларусі былі выкліканы сталінскімі рэпрэсіямі, у якіх загінулі лепшыя нацыянальныя кадры (грамадскія дзеячы, вучоныя, метадысты, педагогі, пісьменнікі). Усё гэта адмоўным чынам паўплывала на білінгвальную адукацыю педагогаў і дашкольнікаў.

Такім чынам, станаўленне білінгвальнага выхавання на Беларусі адбывалася ў супярэчлівых і негатыўных грамадска-палітычных умовах (войны, тэрытарыяльныя перадзелы краіны, рэпрэсіі, русіфікацыя 30-х гадоў). Адсутнасць спецыяльнай метадычнай літаратуры на беларускай мове вымушала педагогаў-дашкольнікаў звяртацца да рускамоўных выданняў і фальклорных твораў. Станоўчыя моманты гэтага перыяду былі звязаны з узнікненнем праграмна-метадычнай дакументацыі, у якой закраналіся пытанні двухмоўя ў дашкольных установах, станаўленнем нацыянальнай дзіцячай перыёдыкі, масавай дзіцячай літаратуры.

Пытанні і заданні

  1. Ахарактарызуйце моўную сітуацыю на беларускіх землях да і пасля падзелу Рэчы Паспалітай.

  2. Акрэсліце спецыфіку дзіцячай перыёдыкі Расійскай імперыі ў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя.

  3. Вызначце ролю напаўпрафесійных выданняў для дзяцей і часопіса “Лучынка” ў станаўленні білінгвальнай дашкольнай адукацыі на Беларусі.

  4. Раскрыйце грамадска-палітычныя перадумовы станаўлення білінгвальнага выхавання дзяцей у Беларусі пасля 1917 года.

  5. Чаму першыя беларускамоўныя выданні, якія можна было б выкарыстоўваць у працэсе выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту, былі не зусім дасканалыя?

  6. Якую ролю адыгралі дзіцячыя выданні 20-х гадоў ХХ стагоддзя (“Зоркі”, “Беларускі піянер”) у станаўленні білінгвальнай дашкольнай адукацыі на Беларусі?

  7. Пералічыце асноўныя этапы станаўлення беларускага перыядычнага друку для дзяцей.

  8. Назавіце асноўныя крыніцы метадычнага забеспячэння выхавальнікаў у развіцці нацыянальнага маўлення дзяцей у перыяд станаўлення білінгвальнага выхавання дзяцей у Беларусі.

  9. Дакажыце, што дзяржаўная палітыка беларусізацыі (1924–1929 гадоў) спрыяла плённаму развіццю білінгвальнай адукацыі ў Беларусі.

  10. Складзіце план адказу на пытанне станаўлення білінгвальнага выхавання дзяцей у Беларусі ў перыяд 1917–1941 гадоў.