- •Лекцыі па літаратурнаму рэдагаванню
- •Друк як рэвалюцыя ў культуры
- •Перыёдыка ў гісторыі і сучаснасці
- •Выдавецкая справа
- •Беларускія сучасныя выдавецтвы
- •Інфармацыйныя тэхналогіі
- •Сучаснае інфармацыйнае грамадства
- •Мастацкая літаратура ў сучасным свеце. Літаратура ў сістэме адукацыі
- •Сённяшні лёс мастацкай літаратуры
- •Літаратурная крытыка ў інфармацыйнай прасторы
- •Плюсы і мінусы рэкламы
- •Гісторыя рэдагавання ў расіі і беларусі
- •Рэдагаванне да хіх ст.
- •Рэдагаванне ў хvii-XVIII cтст.
- •Рэдагаванне ў хіх ст.
- •Рэдагаванне ў хх-ххі стст.
- •Стыль сучаснай эпохі ў паняццях і тэрмінах
- •Стыль і стылістыка
- •Уплыў на стыль розных сацыяльных фактараў
- •Стылістычныя сродкі мовы. Канатацыя
- •Функцыянальныя стылі
- •Навуковы стыль
- •Публіцыстычны стыль
- •Афіцыйна-дзелавы стыль
- •Размоўны стыль
- •Мастацкі стыль
- •Праца рэдактара з аўтарам, карэктарам, мастацкім рэдактарам
- •Карэктура. Карэктарскія знакі
- •Пытанні па дысцыпліне:
Лекцыі па літаратурнаму рэдагаванню
Друк як рэвалюцыя ў культуры
Кнігадрукаванне – рэвалюцыя ў культуры, у абмене інфармацыі, у распаўсюджанні ведаў, як да таго такой першай рэвалюцыяй у гісторыі чалавецтва было ўласна ўзнікненне пісьменства. Сёння мы перажываем 3-ю ў гэтым плане рэвалюцыю – інтэрнэт.
“Друк у шырокім значэнні – друкаваная прадукцыя; у больш вузкім, але распаўсюджаным значэнні – перыядычныя выданні, пераважна газеты і часопісы” [Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5-і т. Т. 2.].
Сёння друк ахоплівае ўсю дзейнасць чалавецтва. Гэта ўмова, без якой была б немагчымая сучасная цывілізацыя. З рознымі з’явамі друкавання сутыкаюцца як адукаваныя, так нават і неадукаваныя людзі. Возьмем, напрыклад, грашовыя знакі. Людзі абсалютна неадукаваныя – плямёны ў бразільскіх джунглях, аўстралійскія абарыгены, не прачытаўшы ніводнай кнігі, тым не менш вымушаны мець справу з гэтай небяспечнай прадукцыяй друкавальнага станка.
Ідэя, што пакладзена ў аснову друкавання, узнікла ў глыбокай старажытнасці.
Яшчэ да іерогліфаў і клінапісу старажытныя жывёлаводы кляймілі быкоў і коней. Кожны род валодаў сваім таўрам, якое дазваляла адрозніваць прыналежнасць свойскай жывёлы, скажам, у выніку пакражы. Характэрна, што рускае слова “печать” некаторыя моваведы ўзводзяць да стараславянскага “пек”, што азначала “таўро”, “знак, выпалены на скуры”. У самой назве заключаны намёк на гісторыю ідэі.
Калі развіўся гандаль, купец ставіў таўро на таварах, якія яму належалі. У 20-я гады ХХ ст. у Індыі археолагі раскапалі надзвычай архаічную Харапскую (Індскую) цывілізацыю (у даліне ракі Інд). Яе гарады ўражваюць менавіта сваёй цывілізаванасцю. Жыхары гэтых гарадоў – Махенджа-Даро і Харапы – былі смелымі падарожнікамі і купцамі. Здагадаліся пра гэта па пячатках, якія знойдзены ў вялікай колькасці: на іх былі адлюстраваны жывёлы (бык, тыгр, слон) і нейкія знакі. На жаль, знакі не расшыфраваныя да гэтага часу. Але ясна, што існавала пісьменства.
Уладары розных дзяржаў пачалі ставіць свае пячаткі з пэўнымі эмблемамі на розныя дзяржаўныя дакументы. Такім чынам, ідэя актыўна працавала.
Уласна кажучы, сутнасць ідэі – пашырэнне інфармацыі звужанымі сродкамі. Адным таўрам можна было пазначыць сотні галоў жывёлы, адной пячаткай – тысячы штук тавару, адной дзяржаўнай эмблемай – столькі законаў, колькі прыдумаюць у дзяржаве. А далей ўзнікла думка, што такім чынам можна пашырыць нейкае паведамленне, рэлігійны гімн, маніфест.
Спробы друкавання былі ў гісторыі, відаць, не раз, але пакуль кола адукаваных людзей было невялікае, яны карысталіся копіямі тэкстаў, якія рабілі ад рукі перапісчыкі. Менавіта так адбывалася ў эпоху Антычнасці.
У той жа час існавалі сферы, якія ўжо не маглі абыходзіцца без масавага штампавання. Напрыклад, чаканка манет. Упершыню манеты ўвёў як быццам лідзійскі цар Гігес у 7 ст. да н.э. – паводле Герадота. У Расіі – князь Уладзімір у 11 ст.
Друкаванне тэкстаў вынайшлі, як шмат што, у Кітаі. Ліст рукапісу пераносіўся на драўляную дошку, на якой выразаўся іераграфічны тэкст, запоўнены фарбай, а ўжо з дошкі друкавалася неабходная колькасць копій. Але кожны раз неабходна было выразаць новыя дошкі з адпаведнымі іерогліфамі. Гэты прынцып поўнасцю захаваўся ў друкаванні пернікаў. Ёсць калекцыянеры, якія збіраюць рускія дошкі для друкавання пернікаў (па-руску пряников). Асабліва цаніліся тульскія пернікі. На іх у асноўным змяшчаліся малюнкі (птушкі, кветкі), але мог быць і тэкст, скажам, якая-небудзь прыказка.
Спосаб кнігадрукавання Іагана Гутэнберга намнога больш эканамічны. З невялікім прыпасам адных і тых жа літар ён мог друкаваць хоць Біблію, хоць каляндар. Прадуктыўнасць узрасла ў шмат разоў.
Прыйшло з Кітая ў Еўропу і яшчэ адно выдатнае вынаходніцтва – папера. Лічыцца, што папера ў Кітаі зроблена ўпершыню ў 2 ст. да н.э. Хоць можна меркаваць, што намнога раней. Спачатку яна была з матэрыі (шоўку) і каштавала вельмі дорага. Аднак хутка вынайшлі спосаб таннай паперы з дрэва, напачатку з бамбуку. Можна меркаваць, што рускае слова “бумага” – пераробленае з “бамбуку”.
У старажытным свеце пісалі на папірусе – пэўным чынам вырабленым трыснёгу, які рос толькі ў Егіпце, і на пергаменце – тонка вырабленых шкурах авечак і коз (пергамент пачалі вырабляць у горадзе Пергаме). Таннасць паперы фенаменальная ў параўнанні з папірусам і пергаментам. У Еўропе паперу пачалі называць перайначанай назвай папірусу – па звычцы (“papier” – французы і немцы, “paper” – англічане). Так слова прыйшло і на Беларусь.
Папера ішла з Кітая ў Еўропу на працягу некалькіх стагоддзяў – праз арабаў і візантыйцаў. З’явілася папера ў нас у пачатку эпохі Рэнесансу. Арабы рабілі паперу з бавоўны, але хутка навучыліся з ануч. Гэты спосаб аказаўся найбольш зручны для еўрапейцаў, бо ні бамбук, ні бавоўна ў Еўропе не раслі. Папяровыя млыны запрацавалі ў Еўропе ў 14 ст., на Русі і ў ВКЛ – у канцы 14 ст. Якасць паперы была выдатная. Нашы продкі ў той час насілі адзенне з ільну, а лён надаваў паперы бляск, бялізну, тонкасць.
Вытворцы паперы ставілі на ёй пэўныя знакі – мы іх называем вадзянымі. Яны робяцца бачнымі, калі паперу павернеш супраць святла. Кожная папяровая фабрыка мела свой знак. Па вадзяных знаках можна вызначыць дату таго ці іншага дакумента. Шмат якія фальсіфікацыі былі адкрытыя дзякуючы веданню знакаў. Напрыклад, узнікаюць раптам лісты Івана Грознага. Але напісаныя яны на паперы з часоў Аляксей Міхайлавіча – на стагоддзе пазней, і спецыялісты хутка вызначаюць падробку. Ёсць дапаможная дысцыпліна, якая займаецца вывучэннем вадзяных знакаў.
Папера з яе таннасцю стала адной з важнейшых умоў, якія падрыхтавалі ўзнікненне кнігадрукавання. Вынаходніцтва кнігадрукавання прыпісваецца Іагану Гутэнбергу. Яго заслуга перад чалавецтвам велізарная. Ён нарадзіўся ў 1400 г. у г. Майнцы і там жа памёр у 1468 г. Год смерці дакладны, а год нараджэння ўмоўны, дакладна не вядомы. Належаў да арыстакратыі, але ў маладосці вымушаны быў пакінуць родны горад. У Страсбургу ў кааператыве займаўся вытворчасцю лубачных малюнкаў. Гэта яшчэ адзін этап ва ўзнікненні кнігадрукавання. Як ні дзіўна, другім, акрамя малюнкаў, штуршком для ўзнікнення ідэі стала вытворчасць ігральных картаў. У Еўропу іх занеслі з Усходу крыжакі. Карты набылі вялікую папулярнасць. Іх патрэбна было шмат. Карты, якія рабіліся ад рукі, нараджалі сотні шулераў. Таму намнога большы давер быў да гравіравальных картаў, выпуск якіх наладзілі ў Венецыі.
Вынаходніцтва выкарыстала і Царква. Замест “валетаў” і “каралёў” гравіравальшчыкі пачалі выразаць на дошках святых. Царква наладзіла шырокі выпуск рэлігійных гравюр. Тэксты на гравюрах упісваліся ад рукі. У некалькіх словах апісваўся біблейскі сюжэт (своеасаблівы комікс). Гравюры прашывалі. Так утвараўся звязны тэкст – прататып кнігі. Гэта як бы напалову друкаваныя кнігі.
Неабходнасць задаволіць запыт на найбольш папулярныя гравюры вымусілі рамеснікаў выразаць на дрэве не толькі малюнкі, але і тэксты. Да нас дайшоў выразаны на дрэве каляндар 15 ст. Уласна кажучы, гравіроўшчыкі Еўропы поўнасцю паўтаралі кітайскі вопыт.
Галоўны сэнс вынаходніцтва Гутэнберга – рухомыя літары. У 1448 г. ён вяртаецца ў родны горад Майнц, дзе ўжо працуе з рухомымі літарамі, а значыць, з іншым станком. Прасачыць шлях вынаходніцтва цяжка. Відаць, першы шрыфт быў драўляны. Але ўрэшце майстар робіць літары з металу – у адваротным, люстраным выглядзе. Далей ён бярэ лінейку з борцікамі – вярстатку – і набірае ў яе літары ў патрэбным парадку. Радкі кладуцца пад прэс з падрыхтаваным лістом паперы. Націсканне рукаяткі – і першы экземпляр гатовы. Яго можна паўтараць мноства разоў.
Відаць, ідэя насілася ў паветры, таму што розныя краіны называюць сваіх вынаходнікаў кнігадрукавання. І ўсё ж зацвердзілася імя Іагана Гутэнберга.
Друкавальная справа хутка распаўсюдзілася па Еўропе. Спачатку – у Германіі, затым у Італіі, асабліва ў Венецыі. Тут працавала друкарня Альдаў, якая выпускала кнігі малога фармату, асабліва зручныя для чытача. Заснаваў друкарню Альд Пій Ануцый. Вынаходніцтва Альда – нахілены шрыфт курсіў і многія прыгожыя шрыфты. Ён адкрыў першае выдавецтва. Пры выдавецтве Альд арганізуе, як бы мы сказалі цяпер, рэдакцыйны савет – 30 вядомых пісьменнікаў і вучоных. Яны правяраюць тэксты рукапісаў, рэдагуюць іх, рэкамендуюць тыя ці іншыя творы да друку. За сваё жыццё (памёр у 1515 г.) Альд выпусціў 153 кнігі, якія лічацца шэдэўрамі кнігадрукавання. Нашчадкі працягвалі яго справу. Кожная кніга Альдаў сёння каштуе, як знакамітая карціна, – мільёны долараў.
Асаблівасцю Рэнесансу была не толькі гуманістычная ідэя, але і нацыянальная ідэя. Навука таго часу выкладалася на лацінскай мове. Але многія іншыя тэксты пачалі пісацца на нацыянальных мовах. У прыватнасці Біблія – для таго, каб яна дайшла да кожнага адукаванага чалавека. У Польшчы найбольш вядомая друкарня Швайпольта Фіёля, якая існавала ў Кракаве – тады сталіцы Польшчы. Друкарня выпускала кнігі для каталіцкага набажэнства.
Выдатную ролю ў развіцці ўсходнеславянскага друкавання адыграў Францыск Скарына. Ён пачаў друкавальную справу 6 жніўня 1517 г. у Празе. Скарына не проста друкар, а перакладчык Бібліі на беларускую мову. З Прагі перавёў выдавецтва ў Вільню, бліжэй да свайго чытача. У каментарыях да кніг Бібліі ён даваў значныя звесткі па розных галінах ведаў: астраноміі, геаграфіі, гісторыі, медыцыне. Ён у поўным сэнсе слова адукоўваў свайго чытача.
Ёсць звесткі, што Скарына пачынаў сваю дзейнасць і ў Маскве, але друкарня яго там згарэла, і ён вымушаны быў пакінуць Масковію. Аднак сувязь кнігадрукавання на Русі і на Беларусі відавочная. І праз Скарыну, і праз памочніка рускага першадрукара Івана Фёдарава – Пятра Мсціслаўца, які і стаў злучальнікам паміж Ф.Скарынам і І.Фёдаравым. Першая кніга І.Фёдарава “Апостал” датуецца 1564 г. Але як і Скарына, Фёдараў і Мсціславец вымушаны былі збегчы з Масквы.
Новы штуршок кнігадрукаванню і асветы ў Расіі зноў далі беларусы ў асобе Сімяона Полацкага, самага значнага беларускага і рускага паэта 17 ст. Ён жа заснавальнік цэлай паэтычнай школы. У крамлёўскай друкарні Сімяон наладзіў выпуск вялікай колькасці кніг. Хоць сам ён быў светаром, але пачаў выпуск і свецкіх кніг. Па сапраўднаму свецкім стала кнігадрукаванне, пачынаючы з рэформаў Пятра І.
