- •3.2. Атрад Голубападобныя (Columbiformes)
- •3.3. Атрад Лялякападобныя (Caprimulgiformes)
- •3.4. Атрад Ракшападобныя (Coraciiformes)
- •3.5. Атрад Дзятлападобныя (Piciformes)
- •3.6. Атрад Свіргулепадобныя (Аpodiformes)
- •3.7. Атрад Зязюлепадобныя (Cuculiformes)
- •3.8. Атрад Вераб’інападобныя (Passeriformes)
3.7. Атрад Зязюлепадобныя (Cuculiformes)
Зязюлепадобныя на Беларусі прадстаўленыя сям’ёй Зязюлевыя (Cuculidae), 1 відам – звычайнай зязюляй (Cuculus canorus). Зязюля – від пералётны, які гняздуецца, пашыраны па ўсёй Беларусі, транзітна-мігравальны. Насяляе зязюля ўсе тыпы лясоў, акрамя найбольш густых ельнікаў, а таксама хмызняковыя зараснікі. Агульная колькасць складае 50 000–80 000 пар.
Гэта птушка некалькі драбнейшая за голуба. Крылы і хвост даволі доўгія. Галава, спіна і верх валля попельна-шэрыя. Хвост і крылы бурыя, з папярочнымі светлымі палосамі. Кожная зязюля мае гнездавыя ўчасткі і світу самцоў. Для яе характэрны гнездавы паразітызм (кладка яек у гнёзды дробных вераб’інападобных птушак амаль 60 відам). Такуе адзін самец. Паміж самцамі бываюць жорсткія бойкі. На кукаванне самца самка адказвае гукам, падобным на рогат. У кожнае гняздо зязюля адкладвае па 1 яйку, пры гэтым яйка гаспадара або з’ядае, або выкідвае. На працягу сезона размнажэння адкладвае каля 20 яек. Птушаня вылупляецца на дванаццаты дзень. Аснову харчавання складаюць вусені, якіх неахвотна ядуць іншыя птушкі. Карысная для лясной гаспадаркі птушка.
3.8. Атрад Вераб’інападобныя (Passeriformes)
Гэта самы шматлікі атрад класа птушак. У яго ўваходзяць амаль 5000 відаў, якія аб’яднаны ў 57 сем’яў. Свой лёс з Беларуссю звязваеюць 23 сям’і (жаўруковыя, ластаўкавыя, пліскавыя, амялушкавыя, аляпкавыя, валавокавыя, завірушкавыя, драздовыя, лескавыя, валасяніцавыя, цімелевыя, доўгахвостыя сініцы, сініцавыя, попаўзневыя, паўзунковыя, рэмезавыя, авяльговыя, грычуновыя, воранавыя, шпаковыя, ткачыкавыя, уюрковыя, стрынаткавыя), яны ўтрымліваюць 111 відаў.
Самы буйны прадстаўнік – крумкач (маса 1100–1500 г), самы дробны – каралёк (5–6 г). Форма цела і афарбоўка апярэння самая разнастайная. Ногі ткачыкавых умеранай даўжыні, з 4 пальцамі, тры з іх накіраваныя наперад і знаходзяцца на адным узроўні, адзін павернуты назад. Лік махавых пёраў 10–11, першае часта недаразвіта – пакарочанае, рулявых 12.
Палавы дымарфізм часта выражаны ў афарбоўцы апярэння і ў голасе. Па разнастайнасці афарбоўкі і асаблівасцях голасу – гэта лепшыя прадстаўнікі пярнатага свету. Большасць відаў звязана з дрэвавай і хмызняковай расліннасцю, наземных відаў мала.
Вераб’іныя – манагамы, жывуць парамі, для ўсіх характэрна складанае гнездабудаванне і ахова гнездавой тэрыторыі, якую займае самец. У кладцы 4–6 яек, рэдка больш, да 16. Наседжванне пачынаецца пасля заканчэння кладкі, працягваецца 11–14 дзён, у некаторых відаў больш. Птушаняты гнездавога тыпу, вылупляюцца сляпымі, голымі, бездапаможнымі, некаторы час знаходзяцца ў гняздзе. Пакідаюць яго на 10-14 дзень жыцця. Многія вераб’іныя маюць дзве кладкі на працягу года.
Страва гэтага атрада разнастайная, большасць відаў вусякаедныя, прыносяць вялізарную карысць лясной гаспадарцы.
Апісанне прадстаўнікоў гэтага атрада патрабуе вельмі шмат месца ў падручніку. Таму ніжэй зроблены пералік сем’яў і паказаны віды. Сем’і: Жаўруковыя (жаўрук-смяцюх, баравы, палявы і рагаты жаўрук); Ластаўкавыя (ластаўка-зямлянка і вясковая ластаўка, варанок); Пліскавыя (палявы, лясны, лугавы і чырвонаваллёвы свірстуны, жоўтая, жоўтагаловая і белая пліскі); Амялушкавыя (звычайная амялушка); Аляпкавыя (аляпка); Валавокія (валавока); Завірушкавыя (лясная завірушка); Драздовыя (малінаўка, звычайны салавей, кралька, рудахвостка-чарнушка, звычайная рудахвостка, лугавы ерчык, чорнагаловы ерчык, каменка, чорны дрозд, дрозд Наўмана, піскун, дрозд спявун, белабровы дрозд, шэры дрозд); Лясковыя (звычайны, рачны і салаўіны цвыркуны, вяртлявая чаротаўка, звычайная чаротаўка, садовая чаротаўка, балотная чаротаўка, трысняговая чаротаўка, драздападобная чаротаўка, зялёная перасмешка, ястрабіная валасянка, валасянка-завірушка, шэрая валасянка, садовая валасянка, чорнагаловая валасянка, зялёная пячураўка, пячураўка-трашчотка, пячураўка-цянькоўка, пячураўка-вяснічка, жоўтагаловы каралёк, чырвонагаловы каралёк); Валасяніцавыя (шэрая і малая валасяніцы, валасяніца-белашыйка, валасяніца-стракатка); Цімелевыя (вусатая сініца); Даўгахвостыя сініцы (даўгахвостая сініца); Сініцавыя (чорнагаловая і бурагаловая гаічка, чубатая сініца, маскоўка, сіняя сініца, князёк, вялікая сініца); Попаўзневыя (звычайны попаўзень); Паўзунковыя (звычайны і караткапальцавы паўзункі); Рэмезавыя (звычайны рэмез); Авяльговыя (звычайная авяльга); Грычуновыя (вялікі, чарналобы, малы, чорнагаловы грычуны); Воранавыя (сойка, кукша, сарока, арэхаўка, галка, грак, шэрая варона, крумкач); Шпакавыя (звычайны шпак, ружовы шпак); Ткачыкавыя (дамавы і палявы вераб’і); Уюрковыя (берасцянка, уюрок, канарэечны ўюрок, звычайная зелянушка, чорнагаловы шчыгол, чыж, канаплянка, горная чачотка, звычайная чачотка, попельная чачотка, белакрылы крыжадзюб, крыжадзюб-яловік, крыжадзюб-сасновік, звычайны сачыўнік, шчурок, звычайны гіль, звычайны таўстадзюб); Стрынаткавыя (снежны падарожнік, снятурка, звычайная стрынатка, садовая стрынатка, стрынатка-дуброўнік, стрынатка-чаротаўка, гуменная стрынатка).
