- •3.2. Атрад Голубападобныя (Columbiformes)
- •3.3. Атрад Лялякападобныя (Caprimulgiformes)
- •3.4. Атрад Ракшападобныя (Coraciiformes)
- •3.5. Атрад Дзятлападобныя (Piciformes)
- •3.6. Атрад Свіргулепадобныя (Аpodiformes)
- •3.7. Атрад Зязюлепадобныя (Cuculiformes)
- •3.8. Атрад Вераб’інападобныя (Passeriformes)
3.4. Атрад Ракшападобныя (Coraciiformes)
Атрад налічвае каля 200 відаў, пераважна трапічныя птушкі. Ракшападобныя прадстаўленыя ў Беларусі 4 сем’ямі, па адным відзе ў кожнай: Зімародкавыя (Alcedinidae) – звычайны зімародак (Alcedo atthis), Шчуркавыя (Meropidae) – шчурка-пчалаедка (Меrops apiaster), Сівагракавыя (Coraccidae) – cіваграк (Сoracias garrulus) і нарэшце Ўдодавыя (Upupidae) – удод (Upupa epops). Найбольш цесную сувязь з лесам мае ўдод. Гэта звычайны пералётны від, які гняздуецца і транзітна-мігравальны. Удод пашыраны па ўсёй тэрыторыі Беларусі, больш часты на поўдні. Жыве на ўскрайках лісцевых і змешаных лясоў, высечках, рачных поймах і аграландшафтах з групамі дрэў. Агульная колькасць 14 000–22 000 пар.
Невялікая птушка з вялікім веерападобным чубком. У час палёту крылы здаюцца вельмі шырокімі. Дзюба тонкая, доўгая, злёгку загнутая ўніз.
Агульная афарбоўка ружавата-рыжая. Жывот белы. Палоскі на чубку, крылы і хвост чорныя. На крылах і хвасце вялікія плямы. Жывуць удоды парамі. Голас – адрывістае «вук-вук». Гняздуюцца ў дуплах дрэў, гурбах камянёў. Гнёзды маюць невялічкую высцілку. У кладцы 4–8 шэравата-белаватых, злёгку конусападобных яек. Наседжванне 17–18 дзён. У паўднёвай палове Беларусі частка птушак гняздуюцца двойчы за сезон. Харчуецца ўдод рознымі вусякамі (жукамі, вусенямі, мядведкай), збіраючы іх на лугах, ускрайках лесу на зямлі.
3.5. Атрад Дзятлападобныя (Piciformes)
Атрад Дзятлападобныя на Беларусі прадстаўлены адной сям’ёй Дзятлавыя (Picidae), якая ўключае 10 відаў: чорны дзяцел, або жаўна (Driocopus martius), зялёная жаўна (Picus viridis), сівая жаўна (Picus canus), стракаты дзяцел (Dendrocopos major), беласпінны дзяцел (Dendrocopos leucotos), сярэдні дзяцел (Dendrocopos medius), малы дзяцел (Dendrocopos minor), трохпальцы дзяцел (Picoides tridaktylus), круцігалоўка ( Junx torguilla), cірыйскі дзяцел (Dendrocopos syriacus). Найбольшае пашырэнне мае вялікі стракаты дзяцел (300 000–500 000 пар), найменшае – сірыйскі дзяцел (10–15 пар). Жыццё дзятлаў моцна звязана з лесам. Гэта дрэвавыя лазальныя птушкі з моцнай рабрыстай, на канцы долатападобнай дзюбай, жорсткім хвастом, які абапіраецца ў ствол у час лазання, кароткімі нагамі і загнутымі, вельмі вострымі ўчэпістымі кіпцюрамі. Ноздры прыкрыты шчоткай густых шчацінападобных пёраў. Язык вельмі доўгі, ліпкі, з цвёрдым зазубраным вастрыём на канцы. Дзятлы манагамы. Вясновая галасавая песня характэрна для круцігалоўкі, чорнай і зялёнай жаўны. У стракатых дзятлаў яна амаль цалкам замяняецца барабаннай трэллю (хуткія ўдары дзюбай па сухой галінцы або дрэве). Гняздуюцца ў дуплах, якія самі робяць (за выключэннем круцігалоўкі). У кладках да 3–8 белых яек. Наседжванне 12–14 дзён. Птушаняты гнездавога тыпу. У тры тыдні пакідаюць гняздо. Харчуюцца дзятлы вусякамі (ксілафагамі і мураўямі), а ўзіму, акрамя таго, насеннем елкі і сасны.
3.6. Атрад Свіргулепадобныя (Аpodiformes)
У атрад уваходзяць два падатрады: калібры (319 відаў) і свіргулі (80 відаў). У Беларусі сустракаецца адзін від – чорны свіргуль (Apus apus). Звычайны, гняздуецца, пералётны і транзітна-мігравальны від. Пашыраны па ўсёй Беларусі. Насяляе высакаствольныя разрэджаныя лясы. Паступова на працягу больш за 90 гадоў перасяляецца ў населеныя пункты. Свіргулі жывуць часцей калоніямі. Каля 140 000–160 000 пар. Некалькі большы за ластаўку, чорны, мае серпападобныя крылы. На зямлю не садзіцца. Усе чатыры пальцы накіраваны наперад, ногі маленькія. Прылятае ў пачатку мая і пазней. Часта гняздуецца ў дуплах старых дубоў, выкарыстоўвае дуплы дзятлаў. Манагам. Спарванне адбываецца ў паветры. Пры гэтым адна з птушак пераварочваецца на спіну. Самка адкладвае 2 яйкі белага колеру. Наседжваюць і кормяць абодва бацькі. Кормяць каля 30 разоў у дзень, але прыносяць шмат стравы: тлей, жучкоў, мошак і іншых вусякоў. Калі назіраецца пахаладанне і знікаюць вусякі, можа ўпадаць у здранцвенне. У другой палове жніўня адлятае.
