Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
terminology_for_students.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
76.8 Кб
Скачать

Асаблівасці развіцця беларускай тэрміналогіі ў савецкі перыяд. Сучасны стан развіцця.

3 утварэннем БССР сфера функцыянавання БМ значна пашырылася. Арганізацыя сярэдняй і вышэйшай школы, стварэнне нацыянальнага перыядычнага друку, падрыхтоўка школьных падручнікаў, перакладчыцкая дзейнасць, развіццё навуковых даследаванняў патрабавалі хуткага развіцця і ўдасканалення БМ, і ў першую чаргу распрацоўкі тэрміналогіі хоць бы ў аб'ёме выкладання на роднай мове ў сярэдняй школе, стварэння праграм, падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў.

1919 – створана Тэрміналагічная камісія з мінскіх настаўнікаў, якая распрацавала асноўныя тэрміны для беларускай пачатковай школы.

1921 – створана Навукова-тэрміналагічная камісія, якая працавала спачатку пры Народным камісарыяце асветы, затым, з 1922 па 1929 г. у Інстытуце беларускай культуры, а ў 1929–1930 гг. у Акадэміі навук БССР. Яна правяла вялікую работу па ўпарадкаванні беларускай навуковай тэрміналогіі. У выніку з'явіліся кароткія слоўнікі тэрмінаў па граматыцы, логіцы, арыфметыцы, алгебры, батаніцы, геаметрыі, аналітычнай геаметрыі і трыганаметрыі і 24 слоўнікі па розных галінах навукі, апублікаваныя ў адпаведных выпусках «Беларускай навуковай тэрміналогіі» на працягу 1922—1930 гг.

Прынцыпы стварэння новых тэрмінаў у адносінах да розных крыніц моўнага матэрыялу распрацоўваліся НТК і выкладаліся ў прадмовах да выпускаў «Беларускай навуковай тэрміналогіі». Асноўным з гэтых прынцыпаў было выкарыстанне сродкаў беларускай мовы.

1) ужыванне існуючай агульнаўжывальнай лексікі беларускай мовы: ланцуг замкнуты, лік ваганняў, паліва, прамень накіраваны, святло адлюстраванае, сіла цяжару, тлушчы, хваля, цела празрыстае, цела пругкае, ціск і інш. Асноўная частка тэрмінаў, створаных шляхам тэрміналагізацыі агульнаўжывальных слоў, трывала замацавалася практыкай і складае аснову сучаснай бел. тэрміналогіі. Недаўгавечнымі аказаліся тыя, якія мелі інтэрнацыянальныя адпаведнікі.

2) шырокае прымяненне на базе нацыянальнай мовы афіксальнага словаўтварэння, аснова- і словаскладання, калькавання, семантычнага перакладу: агнетрывалы, ахоўны, вейкавае цела, зрух слаёў, голанасенныя, павойныя (расліны), паглынальнік, светланосны, светлапераломчая здольнасць, светлачулы, сілавы мнагакутнік, сціскальнасць вадкасцей.

Члены НТК шырока практыкавалі стварэнне на беларускім лексічным і словаўтваральным матэрыяле тэрмінаў-неалагізмаў, якія ў большасці выпадкаў адпавядалі навуковаму зместу адпаведных паняццяў, словаўтваральным заканамернасцям беларускай мовы і трывала замацаваліся ў сучаснай беларускай тэрміналогіі: адвольны множнік (произвольный множитель), азначальны сказ (определительное предложенне), даследаванне (исследованае), датычная (касательная), дзель (частное), лічнік (числитель), магутнасць (мощность), назоўнік (знаменатель), прастора (пространство), ступень (степень), суквецце (соцветие), уяўны (воображаемый) і інш.

У арганізацыйным плане ўсе тэрміналагічныя выпускі ствараліся аднатыпна. Праект кожнага выпуску разглядаўся і дапрацоўваўся на пасяджэннях адпаведнай галіновай секцыі, зацвярджаўся на агульным сходзе НТК, затым абмяркоўваўся і зацвярджаўся на агульным сходзе адпаведнага аддзела Інстытута беларускай культуры і на пасяджэнні Арфаграфічна-тэрміналагічнай камісіі Інстытута. Акрамя таго, усе выпускі выходзілі ў свет як праекты – з мэтай прыцягнуць увагу да распрацоўкі беларускай тэрміналогіі ўсіх зацікаўленых асоб і адпаведных устаноў, аб чым спецыяльна гаварылася ў прадмовах да выпускаў.

Пасля стварэння Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР была разгорнутая работа па ўкладанні больш вузкіх спецыяльных тэрміналагічных слоўнікаў.

У сярэдзіне 30-х гадоў была разгорнутая актыўная работа над падрыхтоўкай Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. У працэсе гэтай работы быў зроблены значны ўнёсак у справу ўнармавання беларускай тэрміналогіі.

1935 – выдадзена 15 выпускаў праектаў энцыклапедычных слоўнікаў па розных галінах навукі.

У першае пасляваеннае дзесяцігоддзе ў рэспубліцы не было агульнага цэнтра распрацоўкі і ўпарадкавання тэрміналагічнай лексікі. Адсутнасць такога цэнтра, а таксама кіруючых дапаможнікаў па тэрміналогіі стала прычынай значнага павелічэння варыятыўнасці: з'явілася мноства варыянтных пар тыпу шагаючы экскаватар і крочачы экскаватар, выключацель і выключальнік, скорасць і хуткасць і г. д. Вялікая ступень варыятыўнасці тэрмінаў характэрна для выдадзеных у 1947—1950 гг. брашур і кніг па тэхналогіі металаў, будаўнічай справе, механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Моўная практыка патрабавала ўзнаўлення ў рэспубліцы тэрміналагічнай работы.

У 50-я гады пад кіраўніцтвам Я. Коласа была праведзена вялікая навукова-арганізацыйная работа па стварэнні ТК пры АН БССР. Смерць Я. Коласа перашкодзіла ажыццяўленню гэтай задумы.

1955 – у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук БССР быў створаны сектар тэрміналогіі, які функцыянаваў да 1965 г. У гэтым сектары падрыхтаваны і выдадзены Русско-белорусско-латинский словарь ботанической терминологии (1967), Русско-белорусский словарь общественно-политической терминологии (1970), створана картатэка і падрыхтаваны Русско-белорусский словарь сельскохозяйственной терминологии (рукапіс), картатэка для Руска-беларускага політэхнічнага слоўніка. Названыя слоўнікі, а таксама Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў (1962), Кароткі слоўнік літаратуразнаўчай тэрміналогіі (1963) ствараліся на аснове прынцыпу збліжэння беларускай тэрміналогіі з рускай.

1965–79 – у краіне не было спецыяльнага тэрміналагічнага цэнтра.

1979 – у рэспубліцы створана Тэрміналагічная камісія Акадэміі навук БССР, якая складалася з 9 секцый і ўключала вядучых вучоных, спецыялістаў розных галін ведаў.

1970-80-я гг. – калькаванне з рускай мовы.

1990 – ТК пры ТБМ імя Ф. Скарыны (напр., Тэрміналагічны слоўнік па вышэйшай матэматыцы для ВНУ. 1993. 6 тыс. тэрмінаў).

1990-я – выкарыстанне ўласнага моўнага матэрыялу, зварот да тэрміналагічных напрацовак 1920-х гг.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]