Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ДЫПЛОМНАЯ ПРАЦА_new.docx
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
218.81 Кб
Скачать

Заключэнне

Вывучэнне лексікі колераабазначэнняў у старабеларускай мове з’яўляецца важнай задачай сучаснага беларускага мовазнаўства. Гэта звязана з надзвычайнай гістарычнай устойлівасцю слоў дадзенай семантычнай катэгорыі, шырокай ужывальнасцю іх у паўсядзённым жыцці і магчымасцю абазначаць жыццёва неабходныя паняцці. Разнастайныя колеры з’яўляюцца для людзей вытокам эстэтычных перажыванняў: адны колеры падабаюцца чалавеку, іншыя – не, а асобныя ўвогуле выклікаюць хваравіты стан. Усё гэта абумовіла існаванне ў мове шырокай лексіка-семантычнай групы колераабазначэнняў.

У ходзе праведзенай працы намі былі выяўлены 98 лексем са значэннем ‘каляровае найменне’. У аснову класіфікацыі фактычнага матэрыялу мы паклалі фізічную прыроду колеру, згодна з якой усе каляровыя найменні падзяляюцца на дзве групы: ахраматычныя і храматычныя колеры. Акрамя таго, намі былі выяўлены 6 агульных назваў паняцця ‘колер’.

У класіфікацыі паводле семантыкі назвы колераў падзяляюцца на тры групы:

  1. агульныя назвы паняцця “колер”;

  2. назвы ахраматычных колераў;

  3. назвы храматычных колераў.

Найбольшую ў колькасных адносінах групу складаюць храматычныя колеры, якія налічваюць 39 лексем. Сярод іх для абазначэння чырвонага колеру выкарыстоўваюцца 12 найменняў, сіняга – 11, жоўтага – 5, аранжавага – 4, зялёнага – 2 і 5 для абазначэння карычневага колеру. Ахраматычных колераабазначэнняў значна меней – усяго 8, сярод якіх 2 лексемы для абазначэння белага колеру, 4 – для чорнага і 2 для шэрага.

Малюнак 1.

Храматычныя і ахраматычныя каляровыя найменні

Што датычыцца этымалогіі лексем са значэннем ‘колер’, то асноўны фонд каляровай лексікі ўтвараюць колераабазначэнні славянскага паходжання. Іх у старабеларускай мове большасць. Сярод слоў неславянскага паходжання найбольш актыўна запазычваліся лексемы – каляровыя найменні – з нямецкай мовы, цюркскіх моў, крыху радзей – з грэчаскай і лацінскай.

У залежнасці ад спосабу ўтварэння ўсе каляровыя найменні былі падзелены намі на:

1) першасныя (праславянскія) колераабазначэнні;

2) другасныя каляровыя найменні.

Пры гэтым першасныя найменні, безумоўна, ствараюць каркас сістэмы колераабазначэнняў, але ў колькасным плане саступаюць другасным назвам колераў.

Другасныя каляровыя найменні падзяляюцца на:

  1. Колераабазначэнні, вытворныя ад першасных назваў колераў,

  2. вытворныя колераабазначэнні, утвораныя шляхам семантычнага пераносу.

Т. ч., акрамя першасных каляровых найменняў, што абазначаюць каляровую якасць непасрэдна, без адносінаў да іншага прадмета (напрыклад, чырвоны, жоўты, сіні, зялёны і г. д.), у ГСБМ намі вылучана група назваў колераў, што абазначаюць каляровую якасць апасродкавана, пры дапамозе назвы прадмета, якому ўласцівы дадзены колер (напрыклад, попелятый – колеру попелу). У параўнанні з праславянскімі лексемамі колераабазначэнні, утвораныя шляхам семантычнага пераносу, складаюць большую ў колькасных адносінах групу.

Такія каляровыя найменні ўтвараюцца ад назваў разнастайных прадметаў арганічнай і неарганічнай прыроды: кветак, траў, ягад, садавіны і гародніны, мінералаў, металаў, каштоўных камянёў, назваў фарбаў, з’яў прыроды і г. д.

У ходзе працы намі было ўстаноўлена, што найбольшая колькасць каляровых найменняў у старабеларускай мове ўтворана ад назваў раслін (напрыклад, бураковый, гвоздиковый, маковый і інш.) і металаў (напрыклад, златый), найменшая – ад жывых істот (напрыклад, мышастый).

У залежнасці ад ступені абстракцыі каляровай адзнакі, якая, у сваю чаргу, залежыць ад звычайнасці ўжывання слова ў дадзенай функцыі, колераабазначэнні, утвораныя шляхам семантычнага пераносу, ужываюцца або як асобныя словы, або як члены словазлучэння, дзе назва каляровай адзнакі аб’ядноўваецца з дапаможным словам “колер” (напрыклад, вішнёвы і колер насычанай вішні). Што тычыцца ўласна старабеларускай мовы, то у ГСБМ зафіксаваны выпадкі ўжывання апасродкаваных колераабазначэнняў як у выглядзе асобных слоў (небеский, воднистый, кароловый), так і ў выглядзе словазлучэння (колер новозеленой земли).

Паколькі колер – прымета прадмета, то невыпадкова, што большасць каляровых абазначэнняў існуе ў форме прыметніка. Тым не менш, намі былі выяўлены шэсць прыкладаў ужывання колеру ў форме назоўніка (лазоръ, бюрюза, смядость, гγацинтs, беркгринъ, ливанъ (ливанонъ)).

Паводле спосабу ўтварэння колераабазначэнні, утвораныя шляхам семантычнага пераносу, што існуюць ў форме прыметніка, падзяляюцца на:

  1. колераабазначэнні, утвораныя спосабам асноваскладання;

  2. колераабазначэнні, утвораныя суфіксальным ўтварэннем.

Спосаб асноваскладання не быў пашыраны ў старабеларускай мове (у ГСБМ зафіксавана толькі адна каляровая адзінка) у адрозненне ад суфіксальнага (зафіксавана 15 каляровых адзінак).

Малюнак 2.

Спосаб утварэння каляровых найменняў (колераабазначэнні, утвораныя шляхам семантычнага пераносу)

Колераабазначэнні, утвораныя на падставе семантычнага пераносу, складаюць самую вялікую ў колькасных адносінах групу, магчымасці папаўнення якой новымі назвамі неабмежаваныя.

Меншую групу складаюць каляровыя найменні, вытворныя ад першасных назваў колераў. У гэтай групе вылучаюцца дзве падгрупы:

1) колераабазначэнні, утвораныя марфалагічным спосабам;

2) колераабазначэнні, утвораныя спосабам складання.

У першай падгрупе вылучаецца:

а) прыставачнае ўтварэнне (у ГСБМ зафіксаваны 3 адзінкі, утвораныя такім спосабам);

б) суфіксальнае ўтварэнне (столькі ж адзінак);

в) прыставачна-суфіксальнае (у ГСБМ зафіксаваны 2 адзінкі).

Малюнак 3.

Спосаб утварэння каляровых найменняў (колераабазначэнні, вытворныя ад першасных назваў колераў: марфалагічны спосаб)

Т. ч., мафалагічны спосаб утварэння каляровых найменняў не вызначаўся асаблівай прадуктыўнасцю. Больш пашыраным быў спосаб складання, у якім вылучаецца:

а) асноваскладанне (у ГСБМ зафіксаваны 4 адзінкі);

б) складана-прэфіксальны спосаб утварэння.

Апошні актыўна выкарыстоўваўся для апісання масцей жывёл (у ГСБМ намі выяўлена 30 лексем).

Малюнак 4.

Спосаб утварэння каляровых найменняў (колераабазначэнні, вытворныя ад першасных назваў колераў: спосаб складання)

З пункту гледжання дыяхраніі можна адзначыць, што найбольш устойлівымі ў мове з’яўляюцца лексемы з шырокім семантычным дыяпазонам, якія выступаюць у якасці родавых найменняў у адносінах да цэлага раду слоў з больш вузкай і канкрэтнай семантыкай (напрыклад, чырвоны, сіні, зялёны больш ужывальныя ў параўнанні з прыметнікамі златый, модрый, беркгринъ).

Праведзены аналіз утварэння назваў каляровых абазначэнняў дазваляе зрабіць выснову аб тым, што спосабы ўтварэння каляровых найменняў з’яўляліся тымі ж, што і сёння, але рэестр слоў быў іншы. Асабліва гэта датычыць прыметнікаў са значэннем ‘масць жывёлы’. Тагачасным людзям было вельмі істотна адрозніваць вялікую колькасць каляровых адценняў падчас заключэння дамоў аб куплі – продажы жывёл, вырашэння судовых спраў, дзе колер выступаў асноўнай адрознівальнай рысай. Сёння многія старадаўнія каляровыя абазначэнні выйшлі з ужытку або захаваліся толькі ў мясцовых гаворках.