Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Язэп Юхо.docx
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
109.35 Кб
Скачать

Канстытуцыя 3 траўня 1791 года

 

Законы аб сойміках і аб гарадах з'явіліся пачаткам буржуазных рэформаў у Рэчы Паспалітай. Завяршэннем іх з'явілася канстытуцыя, прынятая 3 траўня 1791 года. Гэтым законам усталёўваліся новыя прынцыпы арганізацыі найвышэйшых органаў дзяржаўнай улады і кіравання, якія мусілі будавацца паводле прынцыпу падзелу ўлады. Каталіцкая рэлігія абвяшчалася панавальнай, але адначасова абвяшчалася і свабода іншых рэлігійных абрадаў, гарантаваліся правы і прывілеі заможных шляхты і мяшчанаў, захоўвалася залежнасць сялян ад памешчыкаў, але абвяшчалася апека права і ўрада над сялянамі.

Дзяржаўны лад вызначаўся як канстытуцыйная манархія, улада караля была абмежаваная Соймам. Яму належала заканадаўчая ўлада, і складаўся ён з палаты дэпутатаў і сената, у які ўваходзілі каталіцкія біскупы*, ваяводы, кашталяны і некаторыя вышэйшыя службовыя асобы - усяго 132 чалавекі, а ў палату дэпутатаў - 204 чалавекі. Акрамя таго, у Сойм з дарадчым голасам дапускаліся прадстаўнікі ад мяшчанаў.

* Згодна з пастановай Сойму ў 1790 годзе ў склад Сената быў уведзены вуніяцкі мітрапаліт Растоцкі. Гэта адбылося ўпершыню з моманту прыняцця вуніі ў 1596 годзе.

Сама істотным новаўвядзеннем паводле канстытуцыі былі адмена «лібэрум вета» і стварэнне ўрада для ўсёй Рэчы Паспалітай (асобныя дзяржаўныя структуры Вялікага Княства Літоўскага скасоўваліся). Урад называўся «Вартавы правоў» і складаўся з караля як старшыні ўрада, кіраўніка каталіцкага духавенства - прымаса і пяці міністраў: міністра паліцыі, міністра пячаткі (нутраных справаў), вайсковага міністра, міністра фінансаў і міністра замежных справаў. На паседжаннях урада маглі прысутнічаць з дарадчым голасам спадкаемца трона і старшыня (маршалак) Сойму. Міністраў прызначаў і здымаў кароль. Прадугледжвалася стварэнне судоў, незалежных ад адміністрацыі, і выданне новых грамадзянскага і крымінальнага кодэксаў.

Канстытуцыя 3 траўня з'яўлялася вынікам кампрамісу шляхты з маладой буржуазіяй. Прагрэсіўныя дзеячы Рэчы Паспалітай бачылі ў ёй толькі пачатак і падрыхтоўку да рэвалюцыйных пераўтварэнняў і поўнасцю яе падтрымлівалі. Прыхільнікі старых парадкаў разглядалі яе як ужо здзейсненую рэвалюцыю, выступілі супраць канстытуцыі і, учыніўшы акт дзяржаўнай здрады, звярнуліся па дапамогу да суседніх дзяржаваў.

Тадэвуш Касцюшка як перакананы рэспубліканец, калі паўстала пытанне аб прысязе на вернасць Канстытуцыі 3 траўня, без ваганняў прыняў такую прысягу і распарадзіўся аб яе прыняцці падначаленымі яму афіцэрамі, нягледзячы на тое што канстытуцыя прадугледжвала захаванне манархіі.

Пасля прыняцця Канстытуцыі 3 траўня Чатырохгадовым Соймам 29 чэрвеня 1791 года былі створаныя дзве дэпутацкія камісіі: Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, якія павінны былі падрыхтаваць праект праўнай рэформы, выпрацаваць асновы кадыфікацыі крымінальнага і грамадзянскага права. Ідэолаг радыкальнага блока Гуга Калантай прапанаваў у аснову новага заканадаўства пакласці Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года, аб якім «немагчыма прыгадаць без вялікага захаплення... Літоўскі статут робіць гонар чалавечаму розуму..., складзены тах разумна, асабліва ў дачыненні да ступеняў пакарання, што яго можна лічыць сама дасканалай кнігай законаў ва ўсёй Эўропе, калі не браць пад увагу некаторых хібаў, што ўзніклі пад націскам грамадскай думкі той эпохі, і залішняй строгасці ў пакараннях, уласцівай таму веку».

Асноўная ідэя Статута - зацверджанне праўнага парадку, пры якім усе дзяржаўныя органы і службовыя асобы абавязаны дзейнічаць толькі ў адпаведнасці з правам. Таму Касцюшка, які вырас у сям'і, дзе прадзед і дзед былі судовымі чыноўнікамі, з дзяцінства выхоўваўся на павазе да права і асабліва да Статута, што заставаўся дзейным законам на тэрыторыі Беларусі да 1840 года.