- •Уcтанова адукцыі
- •«Вышэйшы дзяржаўны каледж сувязі»
- •Апорны канспект курса лекцый па дысцыпліне
- •“Эканамічная сацыялогія”
- •Часть 1 для студэнтаў спецыяльнасцей 1 – 25 01 07 – Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве 1 – 26 02 03 – Маркетынг
- •Лекцыя 1 Сацыялагічнае бачанне эканомікі1
- •Лекцыя 2 Эканамічныя паводзіны
- •Лекцыя 3 Сацыяльныя інстытуты
- •Лекцыя 4 Сацыяльная стратыфікацыя
- •Лекцыя 6 Сацыяльная мабільнасць
- •Лекцыя 7 Сацыялогія прадпрымальніцтва
- •Лекцыя 8 Рынак працы
- •Лекцыя 9 Прадаўцы і спажыўцы паслугаў
- •Залескі Міхал Антонавіч Апорны канспект курса лекцый па дысцыпліне
- •220114, Г. Мінск, вул.Ф. Скарыны, 8, к.2
Лекцыя 3 Сацыяльныя інстытуты
Слова інстытут па паходжанні латынскае: institutum – ўстанаўленне, альбо прыстасаванне. Бачна, што з цягам часу гэныя значэнні разышліся: адно надалося навучальным установам, а другое – сукупнасці нормаў па пэўным коле дзеянняў і адносінаў паміж асобамі і групамі.
Бадай што першым, хто шчыльна заняўся праблемамі інстытутаў ў дачыненні да эканамічнай сацыялогіі быў амэрыканец Торстэйн Вэблен (1857-1929). Ягоным разуменнем сам працэс удасканалення грамадства адбываецца праз сэлекцыю пэўных інстытутаў, каторыя ёсць не болей чым рэакцыя грамадства, падобнага на вялікі арганізм, на пэўныя ўздзеянні звонку.
Р. Мілз бачыў ў інстытутах спосаб каардынацыі сацыяльных роляў, таму клясыфікаваў іх паводле іхных задачаў: рэлігійным, альбо ваенным, напрыклад.
П. Бэргер пад гэтае паняцце падводзіць альгарытмы сацыяльных дзеянняў, напрыклад, шлюб.
А. Гелен атаясамлівае інстытуты з інстынктамі па механізме дзеяння, зрэшты проста мадыфікуючы разуменне: «рэакцыя-стымул».
Карацей, праз інстытуты грамадства прымушае ісці людзей па жыцці ў такія спосабы, каторыя задавальняюць бальшыню. «Карты шляхоў» занатаваныя ў культуры, а культура ў мове.
Паводле Л. Баў'е інстытут менавіта і ёсць сукупнасцю культурных элемэнтаў з'арыентаваных на задавальненне пэўных патрэбаў, альбо дасягненне нейкіх сацыяльных мэтаў.
Варта зацеміць, што інстытут ёсць рэчай да каторай наўпрост не даткнешся, бо гэта сукупнасць ўзаемадзеянняў індывідаў, набор стандартызаваных трансакцыяў.
Наш удзел ў інстытутах абумоўлены сацыяльнымі статусамі і тыпам паводзінаў, складанай канфігурацыяй са звычаяў, традыцыяў, правілаў, альбо псіхалагічнага прымусу праз шматкротнае паўтарэнне пажаданага спосабу дзеянняў ці нават нейкіх сымбаляў.
З цягам часу складваюцца вакол інстытутаў пэўныя структуры, ўстановы і матэрыальная тых установаў абалонка: напрыклад, могілкі, альбо стадыёны.
Істотным ў разуменні інстытутаў з'яўляецца асэнсаванне іхных культурных падвалінаў. Сама культура ўзнікла як вынік прыстасавання чалавека да прыроды, як сукупнасць намаганняў, скіраваных на стварэнне матэрыяльных і нематэрыяльных сродкаў гэткага прыстасавання. Кожнаму з такіх сродкаў за часы эвалюцыі грамадства было нададзенае пэўнае імя. Кожнае намаганне і дзеянне набыло імя гэтаксама. І, заўважце, раней за дзеянні ў нашым індывідуальным жыцці мы даведваемся пра іхныя імёны і імёны рэчаў.
Камунікацыя пры тым звязаная з пэўнай стратай сэнсу падчас трансляцыі культурных сымбаляў ад індывіда да індывіда. Праз тое ўзнікае вялікае непадабеньства ў культурах і інстытутах па ўсім свеце, а камуікацыйныя інстытуты, да аднаго з каторых вы спецыялізуецеся, ёсць сродкамі падтрымання ведаў пра сымбалі і перадачы сымбаляў і ведаў пра іх.
Калі інфраструктура інстытутаў не дазваляе ім выконваць адпаведныя функцыі, пачынаецца інстытуцыянальны крызіс і функцыі пераразмяркоўваюцца.
Агульным дзеля ўсіх інстытутаў з’яўляецца наяўнасць:
ўзораў паводзінаў;
сымбалічных культурных прыкметаў;
уцілітарных культурных комплексаў;
кодэксаў паводзінаў;
ідэялагіі.
Цікава назіраць змены ў тополагіі інстытутаў. Яны вырастаюць адно ў сярэдзіне другога, пераймаюць дамінацыю, утвараюць новыя межы з іньшымі. Дарэчы, напішыце галоўныя, на ваш погляд інстытуты з гледзішча асноўных мэтаў чалавека.
Інстытуты вырастаюць з сацыяльных практыкаў. Правілы практыкаў часцяком невэрбалізаваныя навэт, але яны дзейнічаюць праз імітацыю паводзінаў.
Таму, калі нейкі звычай падаецца нам непатрэбным, альбо шкодным варта задумацца, а якую функцыю ён выконвае ў грамадстве? Гэтак сама і пэўныя рэчы не варта чапаць, калі невядома, ці з’яўляюцца яны сымбалямі. Ці падтрымлівае тыя сымбалі пэўная гіерархія людзей. Таксама істотна на якой стадыі свайго жыцця перабывае гіерархія падчас вашага сутыкнення з ёй. Паглядзім гэта на прыкладзе ўсім знаёмага інстытуту - сям’і.
Ўзоры паводзінаў:
1) Зараз жонцы дазволена тое, што і мужу.
2) Сэксуальны досвед ацэньваецца інакш чым раней.
3) Сэкс адасобіўся ад дзетанараджэння.
4) Жанчына удзельнічае ў грамадскім жыцці.
5) Жанчына працуе па за сям’ёй.
6) Абавязкі ў хаце меньш падзелены па плоці.
Сымбалічныя прыкметы:
1) Адзення дзяўчат і жанчын стала падобнае.
2) Галаўныя ўборы і пярсценкі неабавязковыя.
3) Людзі спяць дзе хочуць.
4) Тып вясельля адвольны.
5) Развод спрошчаны.
Уцілітарныя комплексы:
1) Ў шлюбе карыстаюцца кантрацэпцыяй.
2) Тып жытла адвольны.
3) Абслугоўванне сям’і адвольнае.
4) Заканадаўства лібэральнае.
Кодэкс паводзінаў:
1) Вербалізаваны кодэкс забыты.
Ідэолагія:
1) Мэта шлюбу змянілася;
2) Сацыяльныя задачы вышэй за дэмаграфічныя і эканамічныя.
Дык на якім этапе інстытут сям’і і гіерархіі, што яго падтрымваюць? І што робіцца канкурэнтам? А што перашкаджае канкурэнцыі?
Сацыяльны кантроль: пэўны механізм падтрымання грамадзкага парадку праз выкарыстанне паўнамоцтваў ўлады, каторы утрымлівае сацыяльныя нормы, санкцыі і ўладу.
І, натуральна, сацыяльныя нормы: тое што прымушае рабіць на адзін капыл ўсіх нас, як ў малых групах, гэтак і ў грамадстве: звычаі, манэры, этыкет, традыцыі, групавыя звычкі, норавы, законы, забароны (табу). Бо за невыкананне нормаў існуе непазбежнае пакаранне, ад крывой усьмешкі да сьмерці.
Макс Вэбэр даследваў тое, якім чынам людзі дзейнічаюць ў такіх варунках і выдзеліў чатыры тыпы сацыяльнага дзеяння:
1) інструмэнтальна-рацыянальныя паводзіны, калі мы арыентуемся на паводзіны астатніх і прагноз паводзінаў астатніх дзеля пабудовы сваіх стратэгіяў;
2) вартасна-рацыянальныя паводзіны, што дэтэрмінаванаыя верай ў пэўныя каштоўнасці і ідэалы без аглядкі на тое, ці прывядзе нас, напрыклад, вера, да поспеху ў жыцці, як яго разумее атачэнне;
3) традыцыйныя і;
4) афэктыўныя, цалкам пабудаваныя на эмоцыях.
Калі ж вы самі паспрабуеце сфармуляваць новае, то магчыма паўторыце шлях Г.Спенсэра5.
Але мы становімся так над падкопам. Інстытуты не толькі рэгулюць сумесную дзейнасць. Яшчэ ў большай ступені яны рэгулююць выкарыстанне рэсурсаў. Вазьміце найменьшы бізнэс: ён не праіснуе і хвіліны без чатырох відаў рэсурсаў:
1) зямлі (альбо іньшых прыродных рэсурсаў), ці тэхнічных рэсурсаў (а праз іх – сукупнасці ведаў);
2) працы ( а праз яе – матывацыі і навыкаў людзей);
3) багацця (здольнасці) каторае ўкладваецца ў вытворчасць;
4) арганізацыі, дзеля спалучэння і кіравання рэсурсамі.
Гэтак сям’і патрэбныя ня толькі зарплата, але і згода паміж бацькамі і разумная ўлада аднаго з іх; гэтак вашаму каледжу патрэбны не толькі выкладчык эканамічнае сацыялагіі, але і вашае мінімальнае жаданне ёй займацца.
То бок: ёсць патрэба, ёсць рэсурсы і ёсць інтэракцыі, скіраваныя на задавальненне патрэбы праз карыстанне рэсурсамі. Стабілізацыя тае дзейнасці – вось функцыя інстытутаў, яны з ёй спраўляюцца праз утрыманне спэктру сацыяльных роляў, напрыклад: выкладчыка, вахцёра, дэкана. Каб тыя ролі засвоіць выпрацоўваюцца ўзоры ўзаемадзеяння выканаўцаў тых роляў. Ня верыце: зайдзіце да дэкана і прад’явіце пропуск, альбо здайце залік вахцёру.
І тым не меньш. Яшчэ мой тата меў сваю зямлю і ўсё рабіў сам. Сям’я была універсальным інстытутам. А што зараз якому МТЗ, альбо таварыству “Веды” да вашай сям’і.
Знік не толькі селянін, знік лекар, заменены персаналам вялізных клінік. І стала невядома, каму вырашаць: ці адключаць штучную нырку?
Знікла нешта з будучыні. І сёняшняя сям’я з адным дзіцём, ў каторага імавернасць стаць дарослым амаль стопрацэнтовая, мала падабная на сям’ю стогадовай даўніны з васем’ю дзецьмі, палова з каторых памірала малымі, не дажыўшы да 15 гадоў.
Вось і атрымліваецца, мы кажам: “Мы, беларусы”, але ці азначае гэта пэўны тып паводзінаў. Ў эканоміцы, ў каханні, на вайне – чым мы адрозніваемся ад іньшых?
Толькі словамі, праз каторыя нам даводзілася норма паводзінаў ў пэўных абставінах.
5 Гэрбэрт Спенсэр [HERBERT SPENCER ] (1820-1903)
Гэты навуковец, каторы нарадзіўся ў Англіі і ўсё доўгае жыццё упарта працаваў над удасканаленнем сваіх ведаў, меў пэўныя прычыны задумвацца пра стан грамадства. Сямнадцацігадовым хлапцом ён стаў працаваць на чыгунцы з Ландана ў Бірмэнгэм. Часам будоўлі, асабліва, калі ён праз колькі гадоў стаў інжэнэрам, яму прыносілі паглядзець цікавыя выкапні, і новая тым часам дарвінаўская тэорыя праз тое вабіла яшчэ болей.
Г.Спенсэр пераканаўся, што яе можна прыкласці і да грамадства таксама, калі ўявіць яго сабе як вялікі арганізм, каторага часткі: адукацыя, альбо шляхі зносінаў, развіваюцца па пэўных накірунках. Тых, што прадвызначаныя зьменамі ў навакольным асяродздзі. Ўзрастае праз гэта і спецыялізаванасць частак. Як сучаснік прамысловай рэвалюцыі ён бачыў як ўскладняецца, напрыклад, фінансавы сэктар: банкі, біржы, дысконтныя дамы, фінансавыя кампаніі, страхаванне, ўзаемныя фонды, брокерскія і маклерскія канторы, сэрвісныя службы.
І чым далей ідзе спецыялізацыя, тым складаней замяніць адну частку другой, адзін інстытут на іньшы. Ўзаемазалежнасць частак гэтак сама нарастае. І ў гэтым, паводле Г.Спенсэра, апірышча сацыяльнае інтэграцыі.
Некаторых, праўда крыўдзіць тое, што Г.Спенсэр, як чалавек, каторы “зрабіў сябе сам” лічыў, што грамадства не павінна клапаціцца пра лас індывідаў і інстытутаў няздольных да прыстасавання. Іхныя пакуты, маўляў – не болей чым плата за сацыяльную гармонію без рэвалюцыяў. (Паводле кнігі: Смелзер Н. Социология: пер. с англ. — М.: Феникс, 1994.
