Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Политические_партии_РБ сегодня-2.doc
Скачиваний:
8
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1.4 Mб
Скачать

3.3. Праца і адпачынак

Праца — гэта не толькі сродак забеспячэння жыццёвых патрэбаў, але і форма самасцвярджэння, выяўленне годнасці чалавека. Неабходна падтрымліваць высокі этычны статус добрасумленнай працы, характэрны для традыцыйнай беларускай культуры. Справядлівасць і гуманнасць патрабуюць, каб кожны меў магчымасць працаваць. Але пераход да сацыяльнай рынкавай гаспадаркі, заснаванай на свабоднай канкурэнцыі вытворцаў розных формаў уласнасці, не можа адбыцца без стварэння рынку працы, а значыць — без непазбежнага беспрацоўя. Важны абавязак дзяржавы — стварэнне шырокіх магчымасцяў перакваліфікацыі, адладжванне механізму перацякання працоўных рэсурсаў у новыя галіны вытворчасці, у тым ліку ў сельскую гаспадарку.

Мы будзем падтрымліваць рацыянальнае размеркаванне працоўнага часу, скарачэнне долі начных зменаў, зніжэнне недапушчальных працоўных нагрузак, што паспрыяе якаснаму росту прафесійнай кваліфікацыі, актывізацыі грамадскага жыцця, наладжванню сямейнага дабрабыту.

Партыя БНФ выступае за развіццё прафсаюзнага руху на дэмакратычнай і раўнапраўнай аснове, падтрымлівае ўтварэнне па ініцыятыве рабочых новых прафесійных саюзаў, а таксама барацьбу за абарону правоў работнікаў, за персаніфікацыю сацыяльнага страхавання і ажыццяўленне яго дзяржаўнымі органамі.

Мы выступаем за свабоду выбару прафесіі і месца працы. Мы будзем імкнуцца да таго, каб людзі былі забяспечаныя працаю на сваёй Бацькаўшчыне.

Праца можа быць вельмі цяжкая, калі чалавек не мае паўнавартаснага адпачынку. Адпачынак дапамагае чалавеку здзейсніць творчыя здольнасці, калі яны не могуць быць раскрытыя ў працоўнай сферы. Адпачынак неабходны чалавеку і для кантакта з прыродаю, і для выхавання дзяцей. Мы лічым, што павінна развівацца сістэма дамоў адпачынку і санаторыяў, спартыўных установаў, асяродкаў мастацтва і культуры.

3.4. Жыллё і горадабудаўніцтва

У будаўнічую індустрыю павінна быць накіраваная значная доля сродкаў, атрыманых ад прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці, і ў першую чаргу — ад жылога фонду. Продаж жылля можа зрабіць будаўнічую індустрыю прыбытковаю. Таксама павінен быць захаваны і мадэрнізаваны дзяржаўны жыллёвы фонд, які неабходна скарыстоўваць для задавальнення патрэбаў тых, хто ўжо значны час стаіць у чэргах на жыллё, а таксама шматдзетных сем’яў і сем’яў з хворымі ды інвалідамі.

На тэрміновую мадэрнізацыю гарадской інфраструктуры, транспарту, энергацеплазабеспячэння павінны быць скіраваныя сродкі мясцовых (муніцыпальных) органаў улады.

Галоўны акцэнт палітыкі ў галіне жыллёвага будаўніцтва ў сельскай мясцовасці будзе звязаны з адраджэннем вёскі. Разам з тым дзяржава павінна падтрымліваць стварэнне і будаўніцтва прыватных сялянскіх гаспадарак.

3.5. Медыцынскае абслугоўванне

Сусветны цывілізаваны вопыт паказвае, што права на медыцынскую дапамогу ёсць гуманістычным правам чалавека. Кожны чалавек у Беларусі мусіць мець гарантаваную магчымасць атрымаць бясплатную медыцынскую дапамогу і бясплатнае лячэнне. Павінна быць наладжаная пад строгім кантролем дзяржаўных навукова абгрунтаваных медыцынскіх стандартаў дыферэнцыраваная сістэма аховы здароўя: прафілактычная, бясплатная дзяржаўная, страхавая, прыватная практыка ды інш.