Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
33 КУРСАВАЯ РАБОТА.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
213.5 Кб
Скачать

2.3. Выкарыстанне інтэрактыўных метадаў навучання на ўроках беларускай мовы і літаратуры

Разгледзім магчымасці інтэрактыўнага навучання для актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў на розных этапах на ўроках беларускай мовы і літаратуры ў 5 – 11 класах.

2.3.1. Задача арганізацыйнага этапу – забяспечыць спрыяльную знешнюю абстаноўку для працы на ўроку, а таксама псіхалагічна падрыхтаваць вучняў да стасункаў. На практыцы кожны настаўнік сутыкаецца з праблемай, як настроіць на паспяховую дзейнасць класны калектыў.Стварэнне канструктыўнай атмасферы – важная ўмова паспяховай выніковасці вучэбных заняткаў. Менавіта з гэтага варта пачынаць урок. Мэтазгодным і прадуктыўным лічу выкарыстанне на арганізацыйным этапе метадаў стварэння спрыяльнай атмасферы. У аснову іх пакладзена “камунікатыўная атака”.

Метад “Алітэрацыя імені” азначае дадатковую характарыстыку да імені ўдзельнікаў узаемадзеяння на тую ж літару, з якой пачынаецца імя (напрыклад, Сяргей – сур’ёзны, сціплы, Маша – мілая, Таня – таленавітая, Міша – мудры і г.д.).

Кожнаму вучню прапаноўваецца на працягу адной хвіліны прыдумаць алітэрацыю (дадатковую характарыстыку) свайго імя. Пасля таго, як прыдуманы алітэрацыі імёнаў, я, пачынаючы з сябе, гавару: “Хачу прадставіцца вам – я Алена абаяльная!” – і перадаю эстафету (эстафетным атрыбутам можа быць ручка, маркер, паштоўка і інш.) наступнаму ўдзельніку.Наступны ўдзельнік спачатку прадстаўляе папярэдняга, называючы яго алітэрацыю імя, затым прадстаўляе сябе і г.д. Апошняму патрэбна назваць алітэрацыі ўсіх імён удзельнікаў ўзаемадзеяння і завяршыць гэта прадстаўленне сабой.

Для стварэння спрыяльнай атмасферы прыдатны і метад “Памяняемся месцамі”. Дзеці становяцца ў круг. Я прапаную памяняцца месцамі тых, хто ўжо прачнуўся; хто прагне дзейнасці; хто піў на сняданак чай ці каву, у каго ёсць што-небудзь белае (чорнае…) у адзенні; у каго (чорны…) абутак, дабіраўся ў школу пешшу, на аўтобусе або на аўтамабілі; хто хоча даведацца што-небудзь новае і г.д. Пералік пытанняў можа быць разнастайным, часта іх прыдумваюць і падказваюць самі дзеці. Тыя вучні, якія адказваюць на пытанні станоўча, павінны хутка перайсці са свайго месца на іншае, што вызвалілася. Калі ўдзельнікі адказваюць на пытанне адмоўна, яны застаюцца на сваіх месцах.

Метад “Падары кветку” рэалізуецца на працягу 3-5 хвілін. Любому вучню даецца кветка з тлумачэннем, чаму гэта зроблена; у сваю чаргу вучань дорыць кветку каму-небудзь з аднакласнікаў, пры гэтым тлумачачы, чаму ён гэта робіць і г.д. Кветку могуць дарыць адным і тым жа вучням некалькі разоў. Рэалізацыя метаду завяршаецца тады, калі кветка пабудзе ў многіх ўдзельнікаў, і, магчыма, вернецца да настаўніка.

Для рэалізацыі метада “Камплімент” усе ўдзельнікі садзяцца ў круг. Я называю метад і тлумачу яго сутнасць: кожны ўдзельнік пачаргова (па стрэлцы гадзінніка) робіць суседу справа ад сябе камплімент. Я раблю гэта першая. Апошні з ўдзельнікаў робіць камплімент мне. Арганізуецца рэфлексія ўзаемадзеяння.

Для аператыўнага ўключэння вучняў у дзейнасць выкарыстоўваецца метад “Скончы фразу” [Дадатак 1,2]. Тлумачыцца, што неабходна аператыўна завяршыць пачатую фразу. Я пачынаю фразу (напрыклад, “Я прыйшла сюды…”, “А яшчэ хачу сказаць…”, “А ці ведаеце вы…”, “Калі б я была дырэктарам школы…” і г.д.) і прапаную вучням без якой-небудзь падрыхтоўкі завяршыць яе. Кожны з удзельнікаў называе прапанаваную фразу і свой варыянт яе працягу. Вынікі рэалізацыі метаду падводжу сама, прапануючы свой варыянт завяршэння фразы.

Гэты ж метад можна рэалізаваць па-іншаму. Спачатку прапануецца дзецям запісаць у сшытку пачатак фразы (у адпаведнасці з тэмай урока), якую неабходна завяршыць. Вучні індывідуальна завяршаюць фразу, запісваюць яе ў сшытак. Праз дзве хвіліны прапаную 2-3 вучням выканаць ролю экспертнай групы: падысці да кожнага аднакласніка, коратка зафіксаваць тыя варыянты, якія не паўтараюцца, а пасля абагульніць. Затым завяршаю абагульненне, прапаную свой пункт гледжання. Метад дазваляе аператыўна, з першых хвілін урока ўключыць у работу адразу ўсіх вучняў, стварыць умовы для іх развіцця, а ў некаторых з іх (удзельнікаў экспертнай групы) – для праяўлення сваёй суб’ектыўнасці. Напрыклад:

Тэма ўрока

Скончы фразу (у пачатку урока)

В. Карамазаў

“Дзяльба кабанчыка”

(VIII клас)

А. Дудараў

“Вечар”

(VIII клас)

З. Бядуля

“На Каляды к сыну”

(VIII клас)

Я. Колас

“Дзядзька – кухар”

(VIII клас)

В. Дунін-Марцінкевіч

“Пінская шляхта”

1. Добра, калі ёсць сваякі ў вёсцы, бо …

2. Прыязджаючы ў вёску да бабулі, я перш-наперш…

1. Жыць у сучаснай вёсцы…

2. Мае мама і тата часта (не часта) ездзяць у вёску

да бабулі і дзядулі, бо …

1. Мае бацькі для мяне – гэта …

2. Няўдзячны сын горш за чужога чалавека, бо …

1. Дарослыя адрозніваюцца ад дзяцей тым, што яны…

2. Узаемаадносіны дзяцей і дарослых павінны быць…

1. У маім уяўленні шляхта - гэта …

2. Мне вядомы знакамітыя шляхецкія роды…

Пры рэалізацыі метадаў стварэння спрыяльнай атмасферы і метадаў разумовай дзейнасці стараюся ўлічваць узроставыя і псіхалагічныя асаблівасці вучняў: не патрабую кампліменты ад вучня, які не хоча іх прамаўляць. Малодшым школьнікам замест кветкі можна прапанаваць кідаць мячык, старшакласнікі больш адгукаюцца на метад “Імя і жэст”. Названыя метады дапамагаюць выявіць ступень згуртаванасці калектыву.

2.3.2. На этапе актуалізацыі суб’ектнага вопыту вучняў забяспечваецца матывацыя і адбываецца ўключэнне школьнікаў у сумесную дзейнасць.

Метад “Інтэрв’ю” на гэтым этапе закліканы развіваць вучняў праз арганізацыю інтэлектуальнай дзейнасці; сэнсатворчасці дыялога. Вядучай педагагічнай умовай рэалізацыі метаду з’яўляецца дыялагічнасць. Час рэа-лізацыі залежыць ад колькасці ўдзельнікаў і можа працягвацца да 10 хвілін. Прапаную вучням вызначыць сабе суразмоўцу (магчыма, пры дапамозе жэрабя). Суразмоўцы садзяцца побач. Далей прапануецца 2-3 пытанні для інтэрв’ю. На працягу трох хвілін суразмоўцы абменьваюцца інфармацыяй паміж сабой па прапанаваных пытаннях (інфармацыю можна сцісла фіксаваць у сшытку). Прынцыпова важна даводзіць на абмен інфармацыяй не больш за пяць хвілін. Гэта пабуджае ўдзельнікаў да праяўлення ўмення слухаць і чуць. Далей па чарзе прапаную парам аператыўна агучыць атрыманую інфармацыю (кожны ўдзельнік прадстаўляе не ўласнае меркаванне, а свайго суразмоўцы).

Напрыклад, на ўроках літаратуры можна прапанаваць наступныя пытанні для інтэрв’ю:

Тэма ўрока

Пытанні

М.Гарэцкі. Апавяданне “Роднае карэнне” (Х клас)

З.Бядуля. Апавяданне “Бондар” (Х клас)

А.Мрый. “Запіскі Самсона Самасуя”

(Х клас)

К.Крапіва. “Хто смяецца апошнім”

(Х клас)

М.Зарэцкі. “Кветка пажоўклая” (Х клас)

1. Якое месца і роля адукаванага чалавека ў грамадстве?

2. Чым павінен вызначацца адукаваны чалавек на думку дзеда Яхіма?

3. Чаму дзед Яхім вырашыў даць некалькі парад студэнту?

1. Чым вызначаецца ўнутраны свет таленавітага чалавека?

2. Якія ўмовы патрэбны яму для творчасці?

3. Ці можна адоранаму чалавеку замыкацца ў сваёй выключнасці, у пачуццях уласнай абранасці?

1. Якія з’явы грамадскага жыцця, паказаныя ў рамане, можна назваць анамальнымі?

2. Якія агульначалавечыя каштоўнасці адмаўляе сваёй дзейнасцю галоўны герой твора?

1. Як невукаў, кар’ерыстаў і прыстасаванцаў высмейвае драматург?

2. Чаму Туляга ў п’есе з’яўляецца самым псіхалагічна ўскладненым вобразам?

3. Чаму разумныя людзі часта ў жыцці бываюць безабароннымі?

1. Ці можа для чалавека прайсці беспакарана ўчыненае ім зло?

2. Ці мае чалавек права на людское спачуванне ў самых безнадзейных сітуацыях?

2.3.3. Адна з адукацыйных задач на этапе вывучэня новага матэрыялу – садзейнічаць засваенню вучнямі спосабаў і сродкаў, якія прывялі да пэўных вывадаў і абагульненняў, а таксама да асэнсавання паняццяў, правіл, законаў.

Для вучняў сярэдніх класаў можна выкарыстоўваць метад “Мікрафон”, для рэфлексійнай дзейнасці – метад “Астравы” [Дадатак 1].

У старэйшых класах больш прыдатная форма дыскусій, “Інтэлектуальныя арэлі” – гэта дыскусія па азначанай праблеме, пэўных актуальных пытаннях. Выказваючы сваё меркаванне, удзельнікі “разгойдваюць арэлі”. Ім прапануецца праблемнае пытанне. Звяртаючыся да канкрэтнага вучня, я прапаную яму выказацца. У ходзе выказвання каменцірую, наколькі інтэнсіўна ўдзельнік “разгайдаў інтэлектуальныя арэлі”. Ад аднаго ўдзельніка перадаецца эстафета “разгойдвання арэляў” да другога і г.д.

Напрыклад, пры вывучэнні аповесці Якуба Коласа “У палескай глушы” вучням прапануецца праблемнае пытанне: “Галоўнага героя твора Андрэя Лабановіча ў пачатку настаўніцкай дзейнасці хвалюе пытанне: для чаго жыве чалавек на зямлі? Прыгадайце выказванні бабкі Мар’і, настаўнікаў Турсевіча і Саханюка. Дайце свой адказ на гэта пытанне”. Нехта з вучняў дае адказ, я выслухоўваю яго, каменцірую адказ наконт інтэнсіўнасці “разгойдвання арэляў” і перадаю права слова наступнаму вучню. Магчыма, права перадачы адказу можа належаць і самому вучню, які выказаўся: ён прапануе адказаць таму аднакласніку, чыё меркаванне цікавіць яго асабіста. Затым падводзяцца вынікі дыскусіі.

Анкета “5 з 25” – гэта метад глыбокай і ўпарадкаванай дыскусіі, які вучыць удзельнікаў групы аргументаваць, пераконваць, слухаць партнёраў, дасягаць згоды. Ён прыдатны, калі трэба зрабіць добра прадуманы выбар са значнай колькасці варыянтаў, калі аналізуецца вобраз, з’ява, падзея. Правядзенне анкеты “5 з 25” адбываецца ў некалькі этапаў. На першым этапе (падрыхтоўка анкеты) загадзя рыхтую 25 варыянтаў адказу (гэта могуць быць характэрныя рысы, праблемы), каб атрымаўся пералік трапных і важных паняццяў, якія суадносяцца з заданнем і з якіх пазней трэба будзе рабіць выбар. Падрыхтаваную анкету лепш надрукаваць і памножыць так, каб яе атрымаў кожны ўдзельнік. Рыхтуецца варыянт анкеты і для кожнай падгрупы, што будзе ўтворана пазней. У дадатак пакідаецца некалькі анкет для ўзору.

Напрыклад, канкрэтная сітуацыя, дзе магчыма выкарыстанне названага метаду. Пры вывучэнні аповесці В.Быкава “Знак бяды” з вучнямі трэба разгледзець пытанне “Рысы нацыянальнага характару ў вобразах Петрака і Сцепаніды Багацькаў”.

Рыхтую пералік з 25 якасцей рыс беларускага характару. Напрыклад, у гэты пералік можа быць уключана наступнае: цярплівасць, упартасць, маральная трываласць, сціпласць, добрасуседскасць, міралюбства, цягавітасць, вернасць традыцыям, працавітасць, сумленнасць, свабодалюбства, аслабленая нацыянальная свядомасць, верацярпімасць, уменне прыстасавацца да абставін, справядлівасць, гаспадарлівасць, жыццялюбства, кемлівасць, таленавітасць, гасціннасць, кансерватызм, засяроджанасць на сабе, панурасць, знешняя суровасць, памяркоўнасць.

На другім этапе (індывідуальны выбар) тлумачу, што кожны павінен спачатку сам, без кансультацый з іншымі выбраць з прапанаванага пераліку пяць рыс, якія ён лічыць характэрнымі для вобразаў герояў. (Можна рабіць гэты выбар па чарзе – спачатку для вобраза Петрака, потым для вобраза Сцепаніды, а ў самым канцы супаставіць вынікі). Гэта вельмі важны этап працы, таму што кожны вучань павінен зрабіць прадуманы, самастойны выбар.

Калі кожны вучань вызначыўся з выбарам, падзяляю ўдзельнікаў на падгрупы па 5-7 чалавек. Гэты падзел можна зрабіць механічна, проста адлічваючы ўдзельнікаў, ці размеркаваць вучняў загадзя праз напісанне адпаведных нумароў на раздадзенай анкеце.

Падзеленыя на падгрупы школьнікі разам выбіраюць агульныя пяць рыс, з якімі згодны ўсе сябры падгрупы. Выбар павінен праходзіць толькі шляхам дыскутавання, пераканання, а не галасавання. Вынікі выбару ў падгрупе запісваюцца на асобнай анкеце.

Наступны этап – прадстаўленне вынікаў. На дошцы адводзіцца месца для запісу вынікаў выбару кожнай падгрупы. Прапаную прадстаўнікам кожнай падгрупы прэзентаваць свае вынікі і такім чынам пракаменціраваць свой выбар.

Пасля праведзенай прэзентацыі і тлумачэнняў абавязкова даецца ацэнка працы ў падгрупах. Перш за ўсё падкрэсліваюцца вартасці выбару кожнай падгрупы. Прапануецца вылучыць агульныя рысы, якія сустракаюцца ў пераліку кожнай падгрупы ці ў пераліку большасці падгруп. Такім чынам, шляхам прадуманага і цалкам дэмакратычнага абмеркавання выбіраюць пяць рыс. Падсумоўваюцца вынікі і падкрэсліваюцца, чыя падгрупа была бліжэй да канчатковага агульнага варыянту. Удзельнікі лепшай падгрупы і тыя асобы, што прэзентавалі выбар сваіх падгруп, атрымліваюць належныя адзнакі.

Як правіла, удзельнікі абмеркавання досыць трапна вылучаюць сутнасныя рысы ў характарах герояў аповесці В.Быкава, ствараецца магчымасць іх нагляднага супастаўлення і параўнання. Без пярэчанняў група згаджаецца з высновай, што героі В.Быкава маюць падобныя і адрозныя рысы. Характары Петрака і Сцепаніды – гэта нібы два бакі аднаго медаля, розныя праявы нацыянальнага характару.

Такім чынам, метад анкеты “5 з 25” дазваляе актыўна прымаць удзел у дыскусіі кожнаму з вучняў, глыбока прадумаць праблему і супаставіць сваё меркаванне з думкамі іншых, дапамагае аб’яднаць групу, першапачаткова разнародную і недаверлівую. Названы метад вучыць інтэнсіўна мысліць, фармуляваць і выказваць сваю думку, аргументаваць, спасылаючыся на мастацкі тэкст, адстойваць пазіцыю, пераконваць іншых і дасягаць згоды.

Інтэрактыўныя метады маюць шмат падобнага з гульнёй. Але ў гэтым бачыцца станоўчы бок, таму што менавіта ў гульнях чалавек рэалізуе сябе найбольш поўна і непасрэдна, а галоўнае – творча. Літаратурны матэрыял, прапанаваны ў школьных праграмах, дазваляе выкарыстоўваць такія формы інтэрактыўнага навучання, як “Бура прапаноў” і “Тэхніка намінальных груп”.

Метад “Бура прапаноў” лічыцца адным з самых простых па арганізацыі, даступным для выкарыстанна сярод вучняў розных узроставых катэгорый і рознаўзроўневай падрыхтоўкі. Метад надзвычай дынамічны і патрабуе асаблівай актывізацыі ўсёй групы. Ён прадуктыўны тады, калі дзеці добра ведаюць адзін аднаго, не баяцца выказваць уласныя думкі, ідэі, меркаванні. Можа не атрымацца праца паводле названага метаду ў групе малазнаёмай ці той, дзе няма паразумення, даверу.

На практычным вопыце пераканалася, што метадам “Бура прапаноў” для вырашэння канкрэтнай навучальнай задачы можна правесці своеасаблівую “размінку” ў выглядзе гульні, якая хутка “заводзіць” групу.

Можна параіць два варыянты “размінкі”.

Спачатку просім вучняў выбраць у класе нейкі прадмет, запісваем яго назву на дошцы і прапануем знайсці іншае слова ці выраз, якія выклікаюць блізкія асацыяцыі з запісаным. На дошцы фіксуюцца прапанаваныя словы і думкі. Як правіла, адна думка спараджае новую, што ўзнікла па асацыяцыі. Так ствараецца ланцужок асацыяцый.

Затым прапануецца выбраць самыя трапныя для абранага прадмета азначэнні. Звычайна выбар абмяжоўваецца нешматлікімі і досыць канкрэтным наборам паняццяў ці азначэнняў.

Або на дошцы запісваецца фраза: “Для чаго прыдасца…?” Замест шматкроп’я можа падыходзіць па сэнсе (стол, крэйда, сшытак і інш.). Групе прапануецца выказаць як мага больш ідэй па выкарыстанні гэтага прадмета, з якіх зноў жа выбіраюцца аптымальныя.

Так званая размінка можа быць выкарыстана і як самастойны элемент на ўроках мовы, літаратуры. Толькі “прадметам” у такім выпадку паслужаць тэрміны, літаратуразнаўчыя паняцці і інш.

Названыя практыкаванні ўспрымаюцца вучнямі з цікавасцю і спрыяюць актывізацыі мыслення пры выкананні больш складаных заданняў. (На занятках па мове і літаратуры ў старэйшых класах ў якасці аб’екта разважання прапаноўвалася паняцце родная мова ці беларуская мова. Ланцужок асацыяцый быў заўсёды напоўнены такімі якасцямі, як матчына, старажытная, лексічна багатая, але былі і такія, як занядбаная, загнаная, мала ўжывальная і інш.)

Выкарыстоўваць метад “Бура прапаноў” можна ў групах з рознай колькасцю вучняў, але не больш за 30.

На пачатковым этапе важна сфармуляваць заданне, над выкананнем якога будзе працаваць група. Найлепш, калі мы прапануем праблемнае пытанне. Напрыклад, пры вывучэнні рамана І. Мележа “Людзі на балоце” даецца заданне вызначыць рысы характару Васіля Дзятла – героя, які вызывае ў вучняў самыя розныя ацэнкі. Пытанне можа быць наступным: “Хто ён, Васіль Дзяцел?” Ці: “Якое меркаванне склалася ў вас пра Васіля Дзятла?” Даць адказ на гэтыя пытанні дапаможа абраны метад “Бура прапаноў”. Ён праводзіцца ў сем этапаў:

І этап збор прапаноў. Запісваем на дошцы азначэнні, якія вучні даюць гэтаму персанажу. Нумаруецца кожны варыянт: 1.Працавіты селянін. 2.Дбайны гаспадар. 3.Адналюб. 4.Негаваркі, маўклівы чалавек. 5.Ахвяра абставін (і г.д.). Азначэнні могуць быць узяты з мастацкага твора ці з крытычных артыкулаў, манаграфій, пры гэтым заахвочваюцца ўласныя выказванні пра героя. Запісваюцца нават самыя неверагодныя ідэі, самыя далёкія ад ісціны думкі і меркаванні (а яны абавязкова ўзнікнуць і будуць агучаны). Задача на гэтым этапе – зафіксаваць як мага больш разнастайных варыянтаў, якія будуць прапанаваны. Яны запісваюцца, але не крытыкуюцца і не аналізуюцца. Пры стварэнні дастаткова вялікага ланцужка выказаных прапаноў гэта праца спыняецца. (Практыка паказвае, што магчымы запіс каля 40 варыянтаў),

ІІ этап тлумачэнне. Уголас чытаюцца запісаныя варыянты. Калі некаторыя з прапаноў незразумелыя, то той, хто іх выказаў, тлумачыць, каменціруе, удакладняе.

ІІІ этап – аб’яднанне. На гэтым этапе выкрэсліваюцца прапановы, якія паўтараюцца. Падобныя ці блізкія па сэнсе можна аб’яднаць, абвёўшы кружком ці падкрэсліўшы. На этапах ІІ і ІІІ дапускаецца аналіз і крытыка запісаных варыянтаў. Гэта вельмі важны момант працы, паколькі вучні ацэньваюць, адстойваюць сваю думку, прыводзяць аргументаваныя доказы.

IV этап - выбар крытэрыяў ацэнкі. Перш чым працягнуць працу з запісанымі на дошцы азначэннямі, канкрэтызую задачу. Вучням прапануецца выбраць з наяўных варыянтаў 6-7 рыс, якія найбольш дакладна суадносяцца, на іх думку, з асобай Васіля Дзятла, яго характарам.

V этап - галасаванне. Выбар адбываецца шляхам звычайнага галасавання. На гэтым этапе зачытваю кожны варыянт. Удзельнікі галасуюць за абраныя імі ідэі, але выбар абмежаваны: кожны мае права на пэўную колькасць галасоў. Напрыклад, на дошцы запісана 36 варыянтаў. Колькасць галасоў вызначаецца па формуле n/3, дзе n=36. Значыць, кожны вучань мае права на 12 галасоў. Пасля галасавання падлічваецца колькасць прыхільнікаў названага варыянта, якая запісваецца насупраць дадзенага азначэння.

VI этап - падсумоўванне вынікаў. Варыянты, якія не атрымалі ніводнага голасу, выкрэсліваюцца, а вылучаюцца тыя, што набралі найбольшую колькасць галасоў і трапілі ў групу самага папулярнага выбару.

VII этап - каментарый. Асобна выпісваю абраныя 6-7 прапаноў, з якімі згодны практычна ўсе ўдзельнікі групы. Мая задача – пракаменціраваць абраныя азначэнні і патлумачыць іх іерархію. Гэтую працу пры належнай падрыхтоўцы могуць выканаць і самі вучні.

Як правіла, разыходжанні ў ацэнках розных груп вучняў адносна невялікія. Практычна заўсёды фармулюецца вывад, што І. Мележ стварыў у раманах “Палескай хронікі” самабытны характар: тып чалавека працавітага, гаспадарлівага, цягавітага, са сваім непаўторным, індывідуальным светам, які стаў увасабленнем няпростага лёсу беларускага народа ў перыяд складаных грамадскіх змен.

Станоўчыя рысы метаду: ён спрыяе росту ініцыятывы і творчасці вучняў, умацоўвае веру ва ўласныя магчымасці, садзейнічае выпрацоўцы ўмення самастойна фармуляваць думкі, абуджае цікавасць да гутаркі пры абмене думкамі.

Праблемныя моманты пры выкарыстанні метаду: часам цяжка заахвоціць вучняў на самым пачатку працы.

Метад “Тэхніка намінальных груп” мае шмат агульнага з такімі як “Анкета 5 з 25” і “Бура прапаноў”. Ён арыентуе на збор ідэй, якія прапануюць удзельнікі групы. Канчатковы варыянт выяўляецца шляхам прадуманага, дэмакратычнага выбару.

Метад “Тэхніка намінальных груп” дазваляе максімальна выкарыстоўваць вопыт кожнага вучня, стварае матывацыю для абдумвання, асэнсавання сваёй ідэі, прапановы і засцерагае групу ад стэрэатыпнага, аднапланавага мыслення. Можна дадаць, што гэта самы “спакойны” з вядомых інтэрактыўных метадаў і прычым не менш прадуктыўны.

Метад прыдатны пры абмеркаванні праблем, вырашэнне якіх вымагае пэўнай інтэлектуальнай працы, калі трэба, каб кожная прапанова (іх можа быць няшмат) была грунтоўна абдумана і дакладна сфармулявана, калі вучні яшчэ не дастаткова знаёмыя і разрозненыя па сваіх поглядах.

Выкарыстоўваць метад “Тэхніка намінальных груп” мэтазгодна ў невялікай групе, не большай за 12 чалавек. Калі ў групе больш вучняў, то яе можна падзяліць на падгрупы, і пазней неабходна супаставіць вынікі. Кожная падгрупа працуе паасобку, але ў адным месцы, паколькі метад не патрабуе павышанай дынамічнасці.

Мастацкая літаратура падае безліч складаных жыццёвых сітуацый, у якія трапляюць героі і якія спрабуюць асэнсаваць пісьменнікі. Пры вывучэнні такіх твораў прапаную вучням растлумачыць, як яны разумеюць і ацэньваюць адпаведныя паводзіны і ўчынкі тых ці іншых персанажаў. Вучні не пакідаюць без увагі сітуацыі, дзе герой апынуўся перад складаным выбарам свайго далейшага шляху. Пры гэтым зразумела, што герой і яго паводзіны заінтрыгоўваюць вучняў. У іх складваецца свой пункт гледжання, які суадносіцца з уласным жыццёвым вопытам і ўнутранымі перакананнямі. Напрыклад, пры вывучэнні трылогіі Якуба Коласа “На ростанях” вучні звяртаюць увагу на няпростыя адносіны настаўніка Андрэя Лабановіча і Ядвісі. Таму можна правесці ўрок на тэму “Чаму разышліся дарогі Андрэя Лабановіча і тых дзяўчат, з якімі яго звяло жыццё?”, як гэта прапанавана ў метадычным дапаможніку В. Ляшук “Вывучэнне трылогіі Якуба Коласа “На ростанях” у школе” (2001).

Метад “Тэхніка намінальных груп” складаецца з 5 этапаў:

І этап - абдумванне прапаноў. На дошцы запісваецца праблемнае пытанне “Чаму разышліся дарогі Лабановіча і Ядвісі?”. Вучні на асобных лістках (картках) занатоўваюць свае варыянты адказу. Усе працуюць індывідуальна, моўчкі, не раячыся з іншымі. Варыянтаў адказу павінна быць як мага больш. На гэту працу можна адвесці значную частку ўрока, каб вучні паспелі абдумаць і правільна выказаць свае думкі. Па заканчэнні працы прапаную зрабіць выбар: ці кожны будзе зачытваць уласныя думкі, ці карткі будуць сабраны і запісы на іх будуць агучаны як ананімныя.

ІІ этап - запісванне прапаноў. Са згоды групы вучні па чарзе зачытваюць з картак варыянты адказаў, а я сама ці памочнікі-асістэнты запісваюць іх на дошцы. Падобныя варыянты выкрэсліваюцца, а калі падчас чытання ўзнікаюць новыя, то яны фіксуюцца ў картцы і прапануюцца для запісу на дошцы. Кожны адказ атрымлівае свой нумар. Ідэі запісваюцца датуль, пакуль выказваюцца прапановы.

ІІІ этап - паўторны выбар (галасаванне). Пасля невялікага абдумвання прапаную вучням выбраць з запісаных на дошцы адказаў пяць варыянтаў, якія здаюцца найбольш пераканальнымі. Галасаванне можна правесці адкрыта, як пры метадзе “Бура прапаноў”. Для захавання спакойнага і размеранага ходу працы можна выбраць і іншую форму. Кожны вучань запісвае на лістку пяць прапаноў, якія ён лічыць найбольш верагоднымі. Закончыўшы выбар, вучні зноў пачаргова агучваюць свае варыянты. Фіксую тыя, што абіраюцца большасцю галасоў.

IV этап - абмеркаванне, дыскуціраванне. На гэтым этапе акцэнт робіцца на канчатковым выбары, з якім згодна большая колькасць вучняў. Галоўнае ў тым, каб падчас абмеркавання варыянтаў былі вылучаны арументы на іх карысць, каб кожны зразумеў прапанаваную фармулёўку.

V этап - падвядзенне вынікаў. На апошнім этапе падводжу вынік дыскусіі. Прымаюцца папраўкі і тлумачэнні, прыводзяцца аргументаваныя доказы. Магчымы выбар нейкага аднаго варыянта адказу, які можа быць падтрыманы бясспрэчнай большасцю ўдзельнікаў групы. Вынесенае на абмеркаванне пытанне пра ўзаемаадносіны герояў твора Якуба Коласа, як сведчыць практычны вопыт, не можа быць выражана адназначна. Таму абсалютна натуральна, што ў канчатковым варыянце застаецца некалькі фармулёвак. Можна прапанаваць размясціць іх па іерархіі, па сваёй значнасці. Але які варыянт стане прыярытэтным, спрагназаваць цяжка, бо гэта залежыць ад ўзроўню ўспрымання праблемы вучнямі. Звычайна група пагаджаецца з тымі выказваннямі і тлумачэннямі, якія ёсць у працах вядомых даследчыкаў А.Адамовіча, І. Навуменкі і інш., але могуць узнікнуць і свае, часам нечаканыя, варыянты адказу.

Праца па метадзе “Тэхніка намінальных груп” дазваляе прасачыць шлях разважанняў вучняў па прапанаванай праблеме. Вельмі важна пры гэтым абапірацца на індывідуальны вопыт удзельнікаў групы. Варта дадаць, што прымяненне метаду мае лепшы вынік у класах з дастаткова высокім узроўнем падрыхтоўкі. Метад патрабуе ад вучняў большай самастойнасці, дасведчанасці, удумлівасці, сур’ёзнай падрыхтоўкі. Тым не менш думаецца, што, маючы практычны вопыт работы з раней разгледжанымі інтэрактыўнымі метадамі, любая група вучняў будзе здольна, засвоіўшы пэўныя ўменні і навыкі, справіцца і з больш складанай задачай.

Неабходна прадбачыць нечаканыя павароты ў ходзе заняткаў, умець спрагназаваць канчатковы вынік, быць падрыхтаваным да спрэчных сітуацый, зрабіць пэўны каментарый і, безумоўна, аб’ектыўна ацаніць веды вучняў, іх уменні і навыкі.

2.3.4. На этапе замацавання новых ведаў і спосабаў дзейнасці арганізую работу школьнікаў па адпрацоўцы вывучаных дзеянняў праз іх выкарыстанне па ўзоры або ў змененай сітуацыі.

Метад Лагічны ланцужок служыць для актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў праз арганізацыю лексічнай камунікацыі і сэнсатворчасці. Неабходнае абсталяванне: карткі-звёны 2-3 лагічных ланцужкоў. Час рэалізацыі метаду – да 10 хвілін. Кожнаму вучню прапануецца на выбар адна з картак, на якой напісана слова або словазлучэнне. Гэта картка і яе ўладальнік з’яўляюцца адным са звёнаў ланцужка, які неабходна пабудаваць у пэўнай логіцы.

Усе карткі-звёны двух ланцужкоў трэба перамяшаць і перавярнуць так, каб дзеці не бачылі, што на іх напісана, і размясціць на папцы, якую праношу па класе. Пасля таго як карткі ўзяты, прапаную вучням арганізаваць гутарку паміж сабой, у выніку якой неабходна пабудаваць два лагічныя ланцужкі – адзін злева, другі справа. Нагадваю, што неабходна патлумачыць логіку пабудовы ланцужка і размяшчэння яго звёнаў. На першай картцы (звяне), якой пачынаецца лагічны ланцужок, павінна быць слова, што дае назву ўсяму лагічнаму ланцужку. Мая задача – карэкціраваць і стымуляваць узаемадзеянне, каб пазбегнуць страты часу.

Напрыклад, лагічны ланцужок “Мова”. Звёны лагічнага ланцужка (склад і логіка размяшчэння): гук, афрыката, літара, склад, слова, словазлучэнне, сказ, тэкст, стыль.

Тлумачэнне пабудовы ланцужка: лагічны ланцужок называецца “Мова”:найменшая моўная адзінка – гук, для беларускай мовы характэрна ўжыванне афрыкат [дж] і [дз]; на пісьме гукі перадаюцца пры дапамозе літар; гукі ўтвараюць склады, са складоў складаецца слова; у склад словазлучэння ўваходзяць два ці больш слоў; наступная па велічыні і сэнсавай значнасці адзінка – сказ. Тэксты складаюцца са сказаў. Кожны тэкст адносіцца да пэўнага стылю.

2.3.5. На этапе падагульнення ведаў і спосабаў дзейнасці арганізую працу вучняў па пераводзе асобных ведаў і спосабаў дзейнасці ў цэласную сістэму.

Метад “Алфавіт” з’яўляецца універсальным, ён не мае ні ўзроставых, ні змястоўных межаў. Яго можна выкарыстоўваць з вучнямі любога ўзросту – ад пачаткоўцаў да выпускнікоў. Перад урокам рыхтую тэхналагічную карту – ліст ватману, на якім зверху ўніз з левага боку запісаны маркерам алфавіт (за выключэннем літар, з якіх не можа пачынацца слова). Сярод паняццяў, якія можна прапанаваць вучням для рэалізацыі метаду, могуць быць любыя лінгвістычныя альбо літаратуразнаўчыя тэрміны, назвы мастацкіх твораў, тэмы ўрокаў, з’явы, паняцці. Запаўненне тэхналагічнай карты пачынаецца ў групе і заканчваецца тады, калі ля дошкі пабывалі ўсе ўдзельнікі хаця б па адным разе, або тады, калі на кожную літару алфавіта на тэхналагічнай карце запісана хаця б адно слова-паняцце.

Напрыклад, па тэме “Бацькі і дзеці ў трагікамедыі А.Макаёнка “Зацюканы апостал” “Алфавіт” можа выглядаць наступным чынам:

А – адкрытасць, аднолькавасць, адзінства;

Б – бацькі, блізкія людзі;’

В – выхаванне, вернасць, “выбрыкі”, вопыт;

Г – гонар, гульня, ганьба, гумар;

Д – давер, дапамога, дараванне, добразычлівасць, дружба, дом і г.д.

Хочацца спыніцца і на інтэрактыўных гульнях. Метад інтэрактыўнай гульні, як і любая гульня наогул, найбольш падабаецца непаседлівым, дынамічным вучням. Яны нават перастаюць заўважаць, што не толькі гуляюць, але і займаюцца сур’ёзнай справай. Так, у 6 -7 класах можна праводзіць гульні “Згодзен – не згодзен”, “Ты – мне, я - табе”[Дадатак 2]; гульню “Аўкцыён”[Дадатак 2] і іншыя.

Для старэйшых класаў больш цікавай будзе гульня “Гасцініца”. Асноўнымі ўдзельнікамі інтэрактыўнай гульні “Гасцініца” могуць быць 8-10 вучняў, усе астатнія – назіральнікі. Кожнаму з асноўных гульцоў прымацоўваецца этыкетка з абазначэннем ролі. Задача ўсіх удзельнікаў – праз ускосныя пытанні, на якія можна адказаць толькі “так” або “не”, дапамагчы кожнаму вучню вызначыць, якога героя ён прадстаўляе. Падказваць забараняецца.

Напрыклад, можна запытаць: “Я мужчына? Жанчына? Мне прыкладна 20 гадоў? (30? 50?...) Мой лёс у творы склаўся трагічна? Мая дзейнасць і маё жыццё мяне задавальняюць?” і г.д. Пасля таго як вызначаны ўсе героі, удзельнікі спрабуюць увайсці ў іх вобразы. Далей неабходна рассяліцца ў гасцініцы, у іх распараджэнні два 3-месныя нумары і адзін 2-месны (8 асноўных удзельнікаў). Пасяліцца ўсе павінны пры агульнай згодзе, пад прымусам нікога сяліць нельга. Героі могуць быць самыя розныя (з аднаго твора або з некалькіх). Пры размеркаванні герояў неабходна асцярожна і прадумана падыходзіць да іх выбару, каб не пакрыўдзіць вучня. Удзельнікі гульні называюць рассяленне ў нумары гасцініцы, да якога яны прыйшлі ў выніку абмеркавання, каменціруюць яго.

Прыклад рассялення літаратурных герояў “Гасцініцы”.

Героі: Чорны Война, Андрэй Лабановіч, пан Патоцкі, Кастусь Лукашэвіч, Янка Здольнік, Кроер, Гуж, Алесь Загорскі.

Варыянт рассялення: 3-месны нумар – Кастусь Лукашэвіч, Алесь Загорскі, Чорны Война – змагары па натуры, верныя ідэі вызвалення роднай зямлі са зброяй у руках; 2-месны нумар – Янка Здольнік, Андрэй Лабановіч – вясковыя настаўнікі, служаць на ніве асветы, нясуць адукацыю ў народ; 3-месны нумар – Кроер, Гуж, пан Патоцкі – жорсткія, эгаістычныя па натуры, бесчалавечныя, для іх не існуе маральных прынцыпаў.

Выкарыстанне інтэрактыўных метадаў на ўроках і ў пазакласнай рабоце з’яўляецца не мэтай, а сродкам актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў. Падчас такой дзейнасці вучань атрымлівае новыя веды, здабытыя ў працэсе ўзаемадзеяння. Такія веды будуць больш трывалымі, усвядомленымі, а гэта значыць, больш якаснымі. Як паказвае вопыт, пры арганізацыі на ўроках інтэрактыўнага ўзаемадзеяння рэзка памяншаецца колькасць часу, які неабходна патраціць на тое, каб атрымаць “якасны адукацыйны прадукт”. На ўроках падагульнення і сістэматызацыі ведаў і спосабаў дзейнасці ў старэйшых класах, калі ў сістэму прыводзяцца ўсе веды, выкарыстанне інтэрактыўных метадаў за кароткі прамежак часу дазваляе ўцягнуць у сур’ёзную аналітычную і практычную дзейнасць увесь клас, “перавярнуць” цэлыя пласты матэрыялу, убачыць у дзеянні кожнага вучня. У школьнікаў з’яўляюцца новыя матывацыйныя устаноўкі: яны прызнаюцца, што многіх з іх падштурхоўвае да актыўнасці на уроку нетрадыцыйная форма іх правядзення, да таго ж “сорамна не ведаць таго, што з цікавасцю вывучае ўвесь клас”. Вынікам інтэрактыўнага ўзаемадзеяння заўсёды бывае сітуацыя поспеху, таму што праз сумесную дзейнасць настаўніка і вучняў дасягаюцца мэты ўрока, знікаюць канфліктныя сітуацыі, вучні ўзбагачаюць свой камунікатыўны вопыт і пашыраюць матывацыйна-каштоўнасную сферу.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]