Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
z.viern_-_80_000_kilamietrau_pad_vadoj.docx
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
776.85 Кб
Скачать

Раздзел дваццаць другі Апошнія словы капітана Нэма

Страшная здань знікла, і вокны зачыніліся. Але святло ў салоне не запалялася. Цемра і цішыня панавалі на “Наўтылусе”. Ён імкліва бег з гэтага месца руйнавання і тугі.

Я вярнуўся ў свой пакой, дзе Нэд і Кансель чакалі мяне ў глыбокай маўклівасці. Я адчуваў непераможны жах перад капітанам Нэма. Якія-б пакуты не перанёс ён ад людзей, ён усё-ж не меў права іх так караць. І ён зрабіў мяне калі не ўдзельнікам, дык сведкай сваёй помсты. Гэта было ўжо занадта!

А адзінаццатай гадзіне запалілася электрычнае святло. Я прайшоў у салон. Там нікога не было. Я паглядзеў на прыборы: “Наўтылус” ішоў на поўнач з хуткасцю дваццаць пяць міль у гадзіну, то па паверхні мора, то пад вадой на глыбіні трыццаць футаў.

Знайшоўшы наша месцазнаходжанне на карце, я ўбачыў, што мы прайшлі вусце Ламанша і нясёмся цяпер з небывалай хуткасцю да паўночных мораў.

Да вечара мы прайшлі дзвесце лье па Атлантычнаму акіяну. Змрок згушчаўся, і да ўсходу месяца мора пакрылася цемрай.

Я вярнуўся ў свой пакой. Але заснуць мне не ўдавалася. Мяне душылі кашмары. Уся гэтая жудасная сцэна гібелі судна неадступна стаяла перад маімі вачыма.

З гэтага дня на карце пакінулі адзначаць пройдзены за дзень шлях.

Хто можа сказаць, як далёка забіраўся “Наўтылус” на поўнач Атлантычнага акіяна, несучыся ўперад з неаслабнай хуткасцю сярод паўночных туманаў? Ці набліжаўся ён да Шпіцбергена або ён ішоў да берагоў Новай Зямлі? Можа ён праходзіў па мала вядомых марах: Беламу мору, Карскаму, Обскай губе, каля архіпелага Лярава, міма амаль невядомых берагоў Паўночнай Азіі. Я не мог-бы адказаць на гэта.

Я страціў здольнасць сачыць за часам. Здавалася, быццам дзень і ноч, як на полюсе, не чаргаваліся больш у звычайнай сваёй паслядоўнасці. Я адчуваў, што ўцягнуты ў край таямнічага і страшэннага, больш уласцівага хворай фантазіі Эдгара По, чымсь сапраўднаму жыццю. Кожную хвіліну я чакаў, што ўбачу, падобна герою твора По, Гардону Піму, “загорнутую ў пакрывала чалавечую фігуру, якая размерамі сваімі перавышала ўсе жывыя істоты на зямлі, якая зачыняла доступ да полюса”.

Мне здаецца, — а можа я і памыляюся, — што гэтае вандраванне наўдачу працягвалася або пятнаццаць або дваццаць дзён, і я не ведаю, колькі яшчэ яно цягнулася-б, каб не здарылася катастрофа, якой скончылася наша падарожжа.

Капітана Нэма нібы не існавала на караблі, таксама як і яго памочніка. Ніхто з каманды не паказваўся ні на адну хвіліну. “Наўтылус” амаль увесь час плыў пад вадой. Калі ён падымаўся на паверхню, каб набраць паветра, акяніцы адчыняліся і зачыняліся аўтаматычна.

Я зусім не ведаў, дзе мы знаходзімся.

Да таго-ж канадзец, вычарпаўшы ўсе свае сілы і цярпенне, больш не паказваўся. Ён упарта маўчаў. Кансель не мог дабіцца ад яго ніводнага слова і непакоіўся, каб ён не скончыў самагубствам у прыпадку роспачы і суму па радзіме. Ён неадступна сачыў за кожным яго рухам.

Вядома, пры ўсіх гэтых умовах жыццё зрабілася нязносным.

Аднойчы — я не магу сказаць якога чысла — я заснуў досвіткам хваравітым і цяжкім сном. Калі я прачнуўся, я ўбачыў Нэда Лэнда, які стаяў, схіліўшыся над маёй галавой.

Ён прашаптаў мне:

— Мы ўцякаем!

— Калі? — запытаўся я.

— Бліжэйшай ноччу. На “Наўтылусе” не існуе цяпер ніякага нагляду. Судна як быццам заснула. Вы згодны, спадар прафесар?

— Але. Дзе мы знаходзімся?

— Каля нейкай зямлі. Мне ўдалося разгледзець яе сёння раніцай у тумане, за дваццаць міль на ўсход.

— Якая-ж гэта зямля?

— Я не ведаю, але якой-бы яна ні была, мы будзем шукаць на ёй прытулку.

— Так, Нэд... Так, гэта вырашана, мы ўцякаем у гэтую ноч, нават калі нам суджана загінуць у моры!

— Мора бурнае, вецер моцны, але зрабіць дваццаць міль у лёгкай лодачцы “Наўтылуса” не так ужо цяжка. Мне ўдалося паціху аднесці ў яе сёе-тое з прыпасаў і некалькі бутэлек вады.

— Я паследую за вамі!

— Ведайце-ж, калі я пападуся, я буду абараняцца. Я гатоў лепш памерці, чым здацца!

— Мы памром разам, дарагі Нэд.

Я быў гатовы на ўсё. Канадзец выйшаў. Я падняўся на палубу. Там ледзь можна было трымацца на нагах, такія моцныя былі ўдары хваляў. Неба было грознае. Але таму што за гэтым туманам знаходзілася зямля, трэба было ўцякаць! Мы не павінны былі траціць ні дня, ні гадзіны.

Я вярнуўся ў салон, баючыся і разам з тым жадаючы сустрэцца з капітанам Нэма; мне хацелася і не хацелася яго бачыць. Што я яму скажу? Ці здолею я захаваць той мімавольны жах, які ён надаваў мне? Не! Лепш нам не сустракацца тварам да твару! Лепш забыць яго! І ўсё-ж...

Як доўга цягнуўся гэты дзень, апошні дзень, які я павінен быў правесці на “Наўтылусе”! Я заставаўся ўвесь час адзін. Нэд Лэнд і Кансель баяліся гаварыць са мной, каб не выдаць сябе.

А шостай гадзіне я абедаў. Я не быў галодны, але я прымушаў сябе есці, не гледзячы на агіду, каб падтрымаць сілы.

А палове сёмай Нэд Лэнд увайшоў у мой пакой. Ён сказаў мне:

— Мы болей не ўбачымся да самага моманту ўцякання. У дзесяць гадзін месяц яшчэ не з’явіцца. Скарыстаем цемру. Ідзіце прама да лодкі. Я з Канселем будзем чакаць вас там.

Канадзец выйшаў, не даўшы мне часу адказаць яму.

Я хацеў праверыць кірунак “Наўтылуса” і вярнуўся ў салон. Мы ўзялі курс на поўнач-паўночны ўсход і ішлі са страшэннай хуткасцю на глыбіні пяцьдзясят метраў.

Я кінуў апошні ўзрок на цуды прыроды і творы мастацтва, якія хаваліся ў гэтым музеі, на ўсе гэтыя калекцыі, не маючыя роўных сабе на ўсім зямным шары і прызначаныя на пагібель разам з тым, хто сабраў іх тут. Мне хацелася надоўга захаваць усё гэта ў памяці. Я цэлую гадзіну аддаваўся маўкліваму сузіранню скарбаў, раскладзеных пад шклом і асвятлёных яркім электрычным святлом, якое мякка лілося са столі. Потым я вярнуўся ў свой пакой.

Там я пераапрануўся ў шчыльны марскі гарнітур, сабраў усе свае нататкі і схаваў іх пад вопратку. Сэрца маё ўзмоцнена калацілася. Маё хваляванне, мой узбуджаны выгляд напэўна выдалі-б мяне капітану Нэма, каб я трапіў яму на вочы.

Што ён рабіў у гэты момант? Я падышоў да яго дзвярэй і прыслухаўся. Я пачуў шолах крокаў. Капітан Нэма быў там. Кожны шум палохаў мяне. Мне здавалася, што зараз ён выйдзе і запытаецца, чаму я хачу ўцякаць. Мяне апанаваў жах, выабражэнне разгулялася. Гэтае становішча было такім пакутлівым, што я мімаволі запытваў сябе, ці не лзтгш сустрэцца з капітанам твар-у-твар?

Вядома, гэта было-б вар’яцтвам, і на шчасце я ў самы час стрымаў сябе. Вярнуўшыся ў свой пакой, я расцягнуўся на ложку і пастараўся супакоіцца.

Хваляванне маё патрохі сціхла, але мозг працягваў шалёна працаваць. Я ўспамінаў, што я перажыў на борце “Наўтылуса”, усе шчаслівыя і няшчасныя падзеі, якія адбыліся з часу майго падання з палубы “Аўраама Лінкальна”. Падводныя паляванні, Тарэсава пратока, нова-гвінейскія дзікуны, прыпынак на мяліне, каралавы магільнік, Аравійскі тунель, востраў Сантарын, крыцкі вадалаз, Атлантыда, ледзяны затор, паўднёвы полюс, суцэльныя ільды, бойка са спрутамі, бура ў Гальфштрэме, “Мсцівец” і нарэшце гэтая жудасная сцэна гібелі ваеннага судна з усёй яго камандай! Усе гэтыя карціны праносіліся перад маімі вачыма, як дэкарацыі, бясконца змяняючыся на тэатральнай сцэне, і ва ўсіх гэтых успамінах нязменна прымаў удзел капітан Нэма. У маім уяўленні асоба яго прымала страшэнныя памеры. Гэта быў не чалавек, падобны да ўсіх людзей, а нейкі таемны жыхар вод, геній акіяна.

Было ўжо дзевяць з паловай гадзін. Галава мая палала, я сціснуў яе рукамі і заплюшчыў вочы. Я спрабаваў ні аб чым не думаць. Заставалася яшчэ паўгадзіны. Паўгадзіны немарасці! Яны зробяць мяне вар’ятам!

Раптам да мяне дайшлі ціхія гукі аргана, сумная мелодыя, нейкая песня. Ледзьве дыхаючы, я ўсёй сваёй істотай убіраў у сябе гэтыя гукі, ахоплены, як і капітан Нэма, нейкім музычным натхненнем.

Потым раптоўная думка ашаломіла мяне: капітан Нэма пакінуў свой пакой. Ён знаходзіўся ў салоне, праз які мне трэба было прайсці праз паўгадзіны! Я сустрэнуся з ім у апошні раз, і ён завядзе гутарку са мною! Адзін яго жэстаў можа знішчыць мяне, адзінае яго слова можа назаўсёды прыкаваць мяне да гэтага карабля!

Прабіла дзесяць гадзін. Надышоў момант, калі я павінен быў пакінуць пакой і далучыцца да маіх таварышаў. Я не мог болей вагацца, нават калі сам капітан Нэма з’явіцца перада мной.

З найвялікшай перасцярогай я трохі адчыніў дзверы, — мне здавалася, што яны паварочваюцца на сваіх петлях з жахлівым рыпаннем. Мажліва, рып гэты існаваў толькі ў маёй галаве.

Я прабіраўся вобмацкам па цёмных пераходах “Наўтылуса”, спыняючыся на кожным кроку, каб сцішыць стуканне свайго сэрца.

Нарэшце я дабраўся да дзвярэй салона і ціха адчыніў іх. У салоне была глыбокая цемра. Ціха гучалі акорды аргана. Капітан Нэма быў там. Ён не бачыў мяне. Я думаю, ён не ўбачыў-бы мяне і пры самым яркім дзённым святле, — такім вялікім быў экстаз, ахапіўшы яго.

Я ступіў на дыван, палохаючыся малейшага шолаху, які мог-бы выдаць маю прысутнасць. Спатрэбілася цэлых пяць хвілін, каб дайсці да дзвярэй, якія знаходзіліся ў глыбіні салона і. вялі ў бібліятэку.

Я нарыхтаваўся ўжо адчыніць іх, як раптам пачуў уздых капітана Нэма. Гэты ўздых прымацаваў мяне да месца. Я зразумеў, што капітан Нэма ўстаў са свайго месца, я нават разгледзеў у цемры яго сілуэт, бо слабыя праменні святла пранікалі сюды з бібліятэкі. Ён ціха набліжаўся да мяне са скрыжаванымі на грудзях рукамі, — здавалася, ён не ідзе, а соўгаецца, як цень. Яго грудзі уздымаліся ад рыданняў. Я пачуў словы, якія ён прашаптаў, — апошнія яго словы, пачутыя мною:

— Годзе, годзе!

Значыцца, сумненне мучыла гэтага чалавека?..

Не памятаючы сябе, я кінуўся ў бібліятэку. Я падняўся па галоўнай лесвіцы і праз верхні праход прабраўся да лодкі.

Адтуліна ў жалезнай абшыўцы “Наўтылуса” шчыльна завінчвалася з дапамогаю англійскага ключа, якім Нэд Лэнд загадзя запасся. Крышка лодкі закручвалася такім-жа спосабам, і канадзец узяўся ўжо адкручваць гайкі, апошняе, што прывязвала нас да падводнага судна, як раптам мы пачулі глухі шум, які ішоў з глыбіні судна. Што гэта магло быць? Можа там заўважылі наша знікненне? Я адчуў, як Нэд Лэнд сунуў мне ў руку нож.

— Так, — прашаптаў я, — мы павінны быць гатовы да смерці...

Канадзец спыніў сваю працу. Але адно слова, паўторанае дзясяткі разоў, адно страшнае слова адкрыла мне прычыну, дзіўнага хвалявання на борце “Наўтылуса”.

І зусім не наша ўцяканне з’яўлялася прычынай яго.

“Мальштром, мальштром!”

Мальштром! Гэта самае жахлівае, што мы маглі пачуць. Значыцца, мы знаходзіліся ў найбольш небяспечных месцах, ля нарвежскага берагу! Няўжо “Наўтылусу” суджана было трапіць у гэты гібельны вір акурат у тую самую хвіліну, калі мы рыхтаваліся адвязаць нашу лодку і вырвацца на волю?

Ёсць вядома, што тут, у час прыліву, вада, сціснутая астравамі Фарарскімі і Лафадэнскімі, нясецца з нястрыманай сілай. Ствараецца вір, з якога яшчэ не выходзіў ніводзін карабель. Адусюль, з усіх пунктаў гарызонта, сюды набягаюць страшэнныя валы. Яны ствараюць тут бяздонны вір, які называюць “пуп акіяна” і дацэнтравая сіла якога пашыраецца на пятнаццаць кіламетраў. У гэты вір трапляюць не толькі караблі, але і кіты і нават белыя мядзведзі арктычных краін.

І вось сюды мімаволі, а можа і нарокам, прывёў капітан Нэма свой “Наўтылус”. Карабель ішоў па спіральнай лініі, радыус якой паступова змяншаўся. Разам з ім са страшэннай хуткасцю круцілася і наша лодка, прывязаная яшчэ да яго борта. Я адчуваў балючае галавакружэнне. Шалёны жах ахапіў нас, кроў спынілася ў нашых жылах. Сэрца пераставала стукаць. Мы абліваліся халодным потам, як у апошнія хвіліны агоніі! Які дзікі шум вакол гэтай крохкай лодачкі! Які рэў, што бясконца паўтарае рэха на адлегласці дзясяткаў міль! Які грукат хваляў, што разбіваюцца аб рэбры падводных скал, там у глыбіні, дзе самыя шчыльныя целы, самыя магутныя камлі дрэў ператвараюцца ў нікчэмныя трэскі!

Што за становішча! Нас страшэнна гойдала. “Наўтылус” абараняўся ад удараў хваль, да жывая істота. Яго сталёвыя мускулы трашчалі. Часамі карабель нібы станавіўся на дыбкі, і мы разам з ім!

— Трэба моцна трымацца за “Наўтылус”, — сказаў Нэд. — Паспрабуем закруціць усе гайкі зноў. Калі мы не адарвёмся ад “Наўтылуса”, магчыма мы яшчэ здолеем выратавацца.

Ён не паспеў скончыць, як раздаўся страшэнны трэск. Гайкі павыскоквалі, і лодка, вырваная з свайго гнязда, была выкінутая, як камень з прашчы, у самую сярэдзіну віра.

Мая галава ўдарылася аб жалезны борт, і ад моцнага штуршка я страціў прытомнасць.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]