- •Раздзел другі За і супраць
- •Раздзел трэці Як будзе пажадана гаспадару
- •Раздзел чацвёрты Нэд Лэнд
- •Раздзел пяты Пагоня наўздагад
- •Раздзел шосты На ўсіх парах
- •Раздзел сёмы Кіт невядомага віду
- •Раздзел восьмы
- •Рухомы ў рухомым
- •Раздзел дзевяты Нэд Лэнд абураны
- •Раздзел дзесяты Чалавек прорвы
- •Раздзел адзінаццаты
- •Раздзел дванаццаты Усё праз электрычнасць
- •Раздзел трынаццаты Некалькі лічбаў
- •Раздзел чатырнаццаты Чорная рака
- •Раздзел пятнаццаты Пісьмовае запрашэнне
- •Раздзел шаснаццаты Прагулка па раўніне
- •Раздзел сямнаццаты Падводны лес
- •Раздзел васямнаццаты
- •19 000 Кіламетраў пад Ціхім акіянам
- •Зундэрлянд. Раздзел дзевятнаццаты Ванікоро
- •Раздзел дваццаты Тарэсава пратока
- •Раздзел дваццаць першы Некалькі дзён на сухазем’і
- •Раздзел дваццаць другі Маланка капітана Нэма
- •Раздзел дваццаць трэці Зноў у турме
- •Раздзел дваццаць чацвёрты Царства каралаў
- •Частка другая раздзел першы Індыйскі акіян
- •Раздзел другі Новая прапанова капітана Нэма
- •Раздзел трэці Перл коштам у 10 000 000 франкаў
- •Раздзел чацвёрты Чырвонае мора
- •Раздзел пяты Аравійскі тунэль
- •Раздзел шосты Грэцкі архіпелаг
- •Раздзел сёмы у сорак восем гадзін праз Міжземнае мора
- •Раздзел восьмы Бухта Віго
- •Раздзел дзевяты Загінуўшае сухазем’е
- •Раздзел дзесяты Падводныя капальні
- •Раздзел адзінаццаты Саргасава мора
- •Раздзел дванаццаты Кашалоты і кіты
- •Раздзел трынаццаты у ільдах
- •Раздзел чатырнаццаты Паўднёвы полюс
- •Раздзел пятнаццаты Няшчасны выпадак, ці нязначнае здарэнне
- •Раздзел шаснаццаты Недахоп паветра
- •Раздзел семнаццаты Ад мыса Горн да Амазонкі
- •Раздзел васямнаццаты Спруты
- •Раздзел дзевятнаццаты Гальфштрэм
- •Раздзел дваццаты
- •Раздзел дваццаць першы Брацкая магіла
- •Раздзел дваццаць другі Апошнія словы капітана Нэма
- •Раздзел дваццаць трэці Заключэнне
Раздзел дваццаць другі Маланка капітана Нэма
Не ўстаючы, мы азірнуліся ў бок лесу. Мая рука замярцвела на паўдарозе да рота, але Нэд Лэнд свой кавалак данёс да рота.
— Каменні звычайна не падаюць з неба, — сказаў Кансель. — Калі-ж гэта здараецца, яны завуцца аэралітамі.
Другі камень, кінуты больш трапна, вырваў з рук Канселя смачную ножку вяхіра, падмацоўваючы важкасць яго заўвагі.
Ускочыўшы на ногі і ўскінуўшы стрэльбы на плечы мы ўсе трое гатовы былі сустрэць усякі напад.
— Няўжо гэта малпы? — сказаў Нэд Лэнд.
— Бадай што, — адказаў Кансель. — Гэта дзікуны.
— Да шлюпкі! — скамандаваў я і скіраваўся да вады.
І сапраўды час быў адступаць, бо за сотню крокаў, на ўзлессі, што засланяла кругавід налева ад нас, паказалася чалавек дваццаць дзікуноў, узброеных лукамі і прашчамі.
Да шлюпкі было дваццаць метраў. Дзікуны набліжаліся, не спяшаючыся, але з зусім варожымі намерамі. Камні і стрэлы дажджом сыпаліся на нас.
Нэд Лэнд не захацеў кінуць сабраны харч і, не гледзячы на пагражаючую небяспеку, пацягнуў да лодкі тушы забітых кабана і кенгуру.
За дзве хвіліны мы перанеслі ў лодку харч, зброю, штурхнулі яе на ваду, прыладзілі вёслы і селі самі. Не паспелі мы ад’ехаць на два кабельтавы, як сотня выючых і рыкаючых дзікуноў зайшла ў мора па пояс. Я думаў, што іхнія крыкі пачуюць на “Наўтылусе”. Але не: палуба падводнага карабля заставалася зусім пустыннай.
Праз дваццаць хвілін мы прычалілі да “Наўтылуса”. Люк быў адчынены. Прывязаўшы шлюпку да борта, мы спусціліся ў судна.
Я зайшоў у салон, адкуль данесліся гукі аргана. Капітан Нэма іграў з такім захапленнем, што не заўважыў нават майго прыходу.
— Капітан, — сказаў я.
Ён не чуў.
— Капітан, — паўтарыў я, дакрануўшыся да яго пляча.
Ён здрыгануўся і хутка павярнуўся.
— Ах, гэта вы, спадар прафесар! — сказаў ён. — Ну, як было паляванне? Якія расліны знайшлі?
— Надта добра капітан, дзякую. Але скажу па шчырасці, мы прывялі за сабой зграю двухногіх, суседства якіх мне здаецца небяспечным...
— Двухногіх?
— Дзікуноў.
— Дзікуноў? — з насмешкаю паўтарыў капітан Нэма. — Вас, мабыць, здзівіла, прафесар, што, ступіўшы нагой на адну з зямель нашай планеты, вы натрапілі на дзікуноў? Дзе толькі няма дзікуноў!.. Ды і чым яны горшыя ад іншых, гэтыя людзі, якіх вы называеце дзікунамі?
— Але, капітан...
— Што тычыцца мяне, дык я дзікуноў сустракаў усюды.
— Але ўсё-ж такі, — адказаў я, — калі вы не хочаце дапусціць навалы гэтай аравы на “Наўтылус”, раю вам прыняць меры перасцярогі.
— Супакойцеся, прафесар, няварта аб гэтым турбавацца.
— Але гэтых дзікуноў вельмі многа!
— Колькі?
— Не менш сотні!
— Спадар Аранакс, — сказаў капітан, зноў апускаючы пальцы на клавішы аргана, — каб усё тубыльскае насельніцтва Новай Гвінеі сабралася на гэтым пляжы, то і ў гэтым выпадку “Наўтылусу” нічога не пагражала-б.
Пальцы капітана забегалі па клавішах інструмента. Я звярнуў увагу на тое, што ён удараў толькі па чорных костках, што надавала яго музыцы мінорныя адценні. Хутка ён забыўся на маю прысутнасць і цалкам захапіўся ігрой. Я не асмеліўся больш адрываць яго і ціха выйшаў з салона.
Я падняўся на палубу. Была ўжо ноч — у гэтых нізкіх шыротах дзень раптам, без змроку, пераходзіць у ноч. Востраў Гвебараар ледзь быў відаць у цемры.
Але шматлікія агні кастроў, запаленых на беразе, сведчылі аб тым, што дзікуны і не думалі пакідаць яго.
Я заставаўся ў адзіноце на палубе на працягу доўгіх гадзін, то ўспамінаючы пра тубыльцаў, але ўжо без ніякай трывогі, бо капітан Нэма заразіў мяне сваёй упэўненасцю, то проста аддаўшыся захапленню гэтай трапічнай ноччу. Мае мары звярталіся да Францыі пры поглядзе на бліскучыя на паўночным схіле неба зоркі, якія праз некалькі гадзін павінны былі ўбачыць маю радзіму. Месяц пачаў падымацца, гасячы сузор’і. Я падумаў, што гэты адданы спадарожнік зямлі праз два дні падыме марскую ваду і здыме “Наўтылус” з мелі. Каля поўначы, пераканаўшыся, што пацямнеўшая паверхня вады таксама спакойная, як і сонны бераг, я вярнуўся ў сваю каюту і спакойна заснуў.
Ноч прайшла без здарэнняў. Дзікуны, відаць, спалохаліся аднаго выгляду страшыдлы, якое ляжала на вадзе, бо скрозь адчыненыя люкі яны мелі вольны доступ ва ўнутр “Наўтылуса”.
А шостай гадзіне раніцы 8 студзеня я зноў падняўся на палубу. Ранне толькі разганяла начныя цені. Неўзабаве скрозь разарваныя клоччы туману паказаўся востраў — раней пляж, а потым і верхавіны дрэў.
Тубыльцы ўсё яшчэ былі тут, толькі стала іх болей — чалавек пяцьсот-шэсцьсот. Некаторыя з іх, карыстаючыся адлівам, па аголеных верхавінах рыфаў наблізіліся да “Наўтылуса” і спыніліся на адлегласці не больш двух кабельтоваў ад яго.
Я добра бачыў іх няўзброеным вокам. Гэта былі папуасы гіганцкага росту, добра складзеныя, з высокім прамым ілбом, з вялікім, але не сплюснутым носам і з асляпляюча белымі зубамі; іхнія кучаравыя валасы, афарбаваныя ў чырвоны колер, рэзка вылучаліся на бліскучым чорным целе. У мочках іхніх вушэй, разрэзаных на дзве часткі і адцягнутых уніз, віселі касцяныя бусы.
Большасць мужчын былі зусім голымі. Некалькі жанчын, якія знаходзіліся тут-жа, былі апрануты ў сплеценую з траў спадніцу да кален, падтрымліваемую поясам з ліян. У некаторых, як відаць, правадыроў, шыя была ўбрана паўкальцом альбо маністамі з каляровых — белых і чырвоных — шкелак. Усе былі ўзброены лукамі, стрэламі, шчытамі. У многіх за спіной матляліся сеткі з круглымі каметамі, якімі яны з надзвычайным майстэрствам страляюць з прашчы.
Адзін з правадыроў падышоў бліжэй, за ўсіх да “Наўтылуса” і разглядваў яго з пільнай увагай. Відаць, гэта была важная персона, бо ён быў захутаны ў накідку з лісцяў банана, з зубцамі па краях, размалёванымі яркімі фарбамі.
Мне няцяжка было забіць гэтага дзікуна, які стаяў вельмі блізка, але я рашыў, што лепш пачакаць, пакуль ён сам не выявіць варожых намераў. Калі еўрапеец сустрэнецца з дзікуном, ён павінен абараняцца, а не нападаць.
Увесь час, пакуль працягваўся адліў, дзікуны бадзяліся каля “Наўтылуса”. Але яны нічым не выяўлялі сваёй варожасці. Я чуў, як яны часта паўтаралі слова “окан” і па іхніх жэстах я зразумеў, што яны запрашаюць мяне сыйсці на бераг. Аднак я палічыў за лепшае адхіліць гэтае запрашэнне.
У той дзень, вядома, шлюпка не пакідала борта “Наўтылуса”, на вялікі жаль Нэда Лэнда, якому надта хацелася папоўніць свае запасы харчоў. А пакуль што канадзец заняўся рыхтаваннем на запас прывезеных з вострава Гвебараара мяса і “хлеба”.
Дзікуны вярнуліся на бераг каля адзінаццаці гадзін раніцы, як толькі прыліўныя хвалі пачалі пакрываць верхавіны скал. Але колькасць іх на беразе ўвесь час павялічвалася. Магчыма, што яны сцякаліся сюды з суседніх астравоў. Але, з другога боку, я пакуль яшчэ не бачыў ніводнай тубыльскай пірогі. Не маючы магчымасці лепш правесці час, я рашыў паскрабсці драгай празрыстую ваду, дазваляўшую бачыць на дне мноства чарапашак, зоафітаў і марскіх раслін. Гэта было тым больш своечасовым, што сёння быў апошні дзень нашай стаянкі ля берагоў Новай Гвінеі, — у тым выпадку, вядома, калі прароцтва капітана Нэма спраўдзіцца, і прыліў сапраўды падыме “Наўтылус” на паверхню.
Я паклікаў Канселя, і ён прынёс мне лёгкую драгу, падобную да тых, якімі ловяць вустрыц.
— А як сябе трымаюць дзікуны? — запытаўся Кансель. — З дазволу гаспадара скажу, што на мяне яны робяць уражанне не надта злых людзей.
— І тым не менш гэта людаеды, сябар мой!
— Можна быць людаедамі і ў той час заставацца добрымі хлопцамі, — адказаў Кансель, — таксама, як можна быць ласуном і разам з тым прыстойным чалавекам. Адно не выключае другога.
— Добра, Кансель, я ўступлю табе, — гэта сумленныя людаеды і яны паядаюць сваіх нявольнікаў з захаваннем усіх правіл далікатнасці. Аднак мне не хочацца быць з’едзеным нават чэснымі асобамі, і я буду на варце, бо капітан “Наўтылуса” не прымае ніякіх мер перасцярогі. А цяпер — за працу!
На працягу двух гадзін мы шчыра закідвалі драгу, але нічога цікавага не злавілі: трапляліся кальмары, грабенчатыя вісельнікі, марскія звёзды, — бадай самыя прыгожыя экземпляры, якія калі-небудзь трапляліся мне, — галатурыі і маленькія чарапахі, якіх мы рашылі перадаць на кухню. І вось у тую хвіліну, калі я менш за ўсё чакаў, я ўбачыў цуд... Уласна кажучы, убачыў незвычайна рэдкае выродства. Кансель толькі што закінуў драгу і выцягнуў яе, поўную рознымі чарапашкамі, не маючымі нічога цікавага. Таму ён быў надзвычайна здзіўлены, калі ўбачыў, як я раптам рвануў драгу, выцягнуў з яе ракавіну і выдаў крык канхіліёлага, гэта значыць, самы прарэзлівы, які калі-небудзь вырываўся з чалавечай глоткі.
— Што здарылася з гаспадаром? — здзіўлена запытаўся Кансель. — Гаспадара ўкусіў хто-небудзь?
— Не, мой сябар, але я з ахвотай аддаў-бы палец за гэтую находку!
— Якую нахадку?
— За гэтую чарапашку! — радасна сказаў я.
— Але-ж гэта самая звычайная пурпуравая аліва, з віду аліў, сямейства грабенчатажаберных, атрада бруханогіх, класа малюскаў...
— Зусім правільна, Кансель, але замест таго, каб закручвацца справа налева, гэтая ракавіна закручваецца злева направа!
— Ці мажліва гэта? — крыкнуў Кансель.
— Так, мой любы. Гэта ракавіна-ляўша!
— Ракавіна-ляўша? — паўтарыў Кансель з дрыготай у голасе.
— Паглядзі на яе закрутак.
— Гаспадар можа мне паверыць, — сказаў Кансель, з замілаваннем беручы ў рукі чарапашку, — што я ніколі яшчэ гэтак не хваляваўся.
І сапраўды было з чаго прыйсці ў хваляванне. Усім вядома, што ў прыродзе рух часцей за ўсё ідзе справа налева. Зоркі і іхнія спадарожнікі круцяцца справа налева. У чалавека правая рука дужэйшая за левую, і таму ўсе яго інструменты, прылады, апараты, замкі, гадзіннікавыя пружыны прыстасаваны да карыстання імі справа налева. Прырода захоўвае гэты-ж закон, — калі толькі можна назваць гэта законам, — і ў закручванні малюскаў: усе яны закручаны справа налева, і ў тых вельмі рэдкіх выпадках, калі трапляюцца ракавіны-ляўшы аматары гатовы плаціць за іх якія хочаш сумы.
Кансель і я былі захоплены разглядваннем нашага скарба.
Я ўжо марыў аб тым, як я падарую яго Музею прыродазнаўства ў Парыжы, — і вось раптам камень, кінуты дзікуном, разбіў гэтую каштоўнасць у руках Канселя.
Я дзіка закрычаў. Кансель кінуўся да маёй стрэльбы і нацэліўся ў дзікуна, які размахваў прашчой за дзесяць метраў ад нас. Я хацеў стрымаць Канселя, але не паспеў. Ён стрэліў і куля разбіла бранзалет з амулетаў на руцэ дзікуна.
— Кансель! — з дакорам крыкнуў я. — Кансель!
— Што? Хіба гаспадар не бачыць, што гэты людаед першы напаў на нас?
— Ніякая ракушка не варта чалавечага жыцця, Кансель!
— Ах, нягодны!.. Я лепш згадзіўся-б, каб ён зламаў мне плячо! — ускрыкнуў Кансель.
Кансель казаў зусім шчыра, але не пераканаў мяне ў сваёй правасці.
Між тым за апошнія хвіліны, пакуль мы былі захоплены разгляданнем ракавіны-ляўшы, становішча змянілася. Штук дваццаць тубыльскіх пірог акружылі “Наўтылус”. Гэтыя пірогі, выдзяўбаныя ў ствале дрэва, вузкія, даўгія, прыстасаваны для хуткага ходу, ураўнаважваюцца на вадзе пры дапамозе падвойнага бамбукавага балансіра, які плыве побач з іхнімі бортамі.
Мяне ўстрывожыла гэтае наступленне.
Было відаць, што папуасы ўжо сустракаліся з еўрапейцамі і бачылі раней іхнія караблі. Але што яны павінны былі падумаць аб гэтай жалезнай цыгары, без мачт, без труб, ледзь выступаючай з вады? Відаць, нічога добрага, бо яны доўга трымаліся на значнай адлегласці ад яе. Аднак, пераканаўшыся, што яна не праяўляе ніякай агрэсіўнасці, яны паступова прызвычаіліся да яе выгляду, набраліся адвагі і цяпер рашылі бліжэй пазнаёміцца з ёй. Але акурат гэтаму знаёмству і трэба было перашкодзіць. Нашы стрэльбы, страляючыя без шуму, не маглі зрабіць моцнага ўражання на дзікуноў, паважаючых толькі магутныя грымоты гармат. Гэтак і маланка, каб яна не была разам з громам, не палохала-б людзей, хоць усім вядома, што небяспечная іменна маланка, а не гром.
У гэтую хвіліну некалькі пірогаў злучыліся вакол “Наўтылуса”, і хмара стрэлаў пасыпалася на палубу.
— Чорт вазьмі! — крыкнуў Кансель. — Ідзе град! І яшчэ можа атручаны...
— Трэба папярэдзіць капітана Нэма, — сказаў я, накіроўваючыся да люка.
Я зайшоў у салон, але там нікога не было. Тады я паспрабаваў пастукаць у дзверы пакоя капітана Нэма.
— Уваходзьце, — адказалі мне з-за дзвярэй.
Я застаў капітана Нэма за нейкімі складанымі вылічэннямі; куча паперы, якая ляжала перад ім, была спісана алгебраічнымі знакамі.
— Я патурбаваў вас? — з далікатнасці запытаўся я.
— Сапраўды, спадар прафесар, — адказаў мне капітан, — але я думаю, што ў вас ёсць сур’ёзныя падставы жадаць бачыць мяне безадкладна?
— Вельмі сур’ёзныя. Нас акружылі пірогі тубыльцаў, і мусіць, не пазней як праз некалькі хвілін шмат соцень дзікуноў нападуць на нас.
— Ага, — сказаў зусім спакойна капітан, — яны з’явіліся на пірогах?
— Так, капітан.
— У такім выпадаў досыць зачыніць люк.
— Акурат гэта я і хацеў вам параіць.
— Нічога не можа быць прасцей, — адказаў капітан Нэма.
І, націснуўшы кнопку электрычнага званка, ён перадаў адпаведны загад у каюту каманды.
— Вось і ўсё, — сказаў ён мне пасля хвіліннага маўчання. — Шлюпка пастаўлена на месца, і люк зачынены. Спадзяюся, вы не баіцеся, што дзікуны зламаюць борты, супраць якіх былі бяссільныя ядры “Аўраама Лінкальна”?
— Не, не баюся. Але ёсць яшчэ адна небяспека, капітан.
— Якая, прафесар?
— Заўтра ў гэты-ж час прыйдзецца адчыніць люкі, каб аднавіць запас паветра на “Наўтылусе”.
— Зусім правільна, прафесар, бо мой карабель дыхае таксама, як кіты.
— Але-ж, калі ў гэты час папуасы будуць яшчэ на палубе карабля, я не бачу, як вы можаце перашкодзіць ім уварвацца ўнутр?
— Значыцца, вы ўпэўнены, прафесар, што яны прыйдуць на борт “Наўтылуса”?
— Зусім упэўнены.
— Што-ж, няхай прыходзяць. Не бачу ніякіх падстаў перашкаджаць ім у гэтым. Гэта-ж толькі бедныя, цёмныя дзікуны. І я нізавошта не хачу, каб маё наведванне вострава Гвебараара каштавала жыцця аднаму з гэтых няшчасных.
Я хацеў развітацца і пайсці, але капітан Нэма затрымаў мяне і запрасіў сесці побач з ім. Ён з цікавасцю распытваўся пра нашы экскурсіі на востраў, пра паляванне, і зрабіў выгляд, нібы не разумее, чаму канадзец так нудзіцца без мяса. Потым гутарка перайшла на іншыя тэмы. І на гэты раз ён застаўся стрыманым, але ўсё-ткі выявіў больш далікатнасці.
Гутарка між іншым закранула і становішча “Наўтылуса”, сеўшага на мель акурат у той пратоцы, дзе амаль не загінулі караблі Дзюмона-Дзюрвіля. Па гэтаму поваду капітан Нэма сказаў:
— Дзюрвіль быў адным з найвялікшых маракоў і адным з адукаванейшых людзей Францыі. Гэта французскі капітан Кук. Бедны вучоны! Змагацца з ільдамі паўднёвага полюса, з караламі Акеаніі, з людаедамі Ціхаакіянскіх астравоў і нарэшце быць забітым у час крушэння поезда прыгараднай чыгункі! Каб акалічнасці далі час на развагу гэтаму мужнаму чалавеку ў апошнія хвіліны яго жыцця, ці ўяўляеце вы сабе, што ён павінен быў-бы думаць?
Гаворачы гэта, капітан Нэма здаваўся ўсхваляваным. Гэта хваляванне рабіла яму гонар. Затым, узброіўшыся картай, мы пераглядзелі ўсе работы вялікага французскага мораплаўцы, усе яго кругасветныя падарожжы, яго двухразовую спробу адкрыць паўднёвы полюс, што скончылася няўдачай, але затое прывяло да адкрыцця зямель Адэлі і Луі-Філіпа.
Нарэшце мы ўспомнілі зробленыя ім гідраграфічныя даследаванні вакол важнейшых астравоў Ціхага акіяна.
— Тое, што ваш Дзюрвіль зрабіў на паверхні акіяна, я паўтараю ў яго глыбінях, але больш вычарпальным і пэўным спосабам і з меншай тратай энергіі. “Астралябія” і “Старанная” — караблі Дзюмона-Дзюрвіля, якія ўвесь час траплялі ў буры і гураганы, вядома, не могуць параўняцца з “Наўтылусам” — сапраўдным падводным домам, у спакойных кабінетах якога ніхто не перашкаджае працаваць.
— Аднак, капітан, з аднаго боку лёс “Наўтылуса” падобны да лёсу “Астралябіі” і “Стараннай”, — сказаў я.
— З якога, спадар прафесар?
— З таго, што “Наўтылус” сеў на мель таксама, як і яны, і ў тым-жа месцы.
— “Наўтылус” не садзіўся на мель — няветліва адказаў мне капітан Нэма. — “Наўтылус” пабудаваны для таго, каб адпачываць на марскім дне, і мне не прыдаецца столькі пакутваць, як Дзюмон-Дзюрвілю пры спуску на ваду яго караблёў. “Астралябія” і “Старанная” ледзь не загінулі, між тым як майму “Наўтылусу” не пагражае ніякая небяспека.
Заўтра, у вызначаны мною час, у азначаны мною дзень, прыліў павольна падыме яго, і ён зноў паплыве па морах.
— Капітан, — пачаў я, — не сумняваюся, што...
— Заўтра, — перапыніў мяне капітан Нэма, устаючы з крэсла, — у дзве гадзіны сорак хвілін па поўдні “Наўтылус” паплыве і без ніякага пашкоджання выйдзе з Тарэсавай пратокі!
Сказаўшы гэтыя словы адрывістым голасам, капітан Нэма трохі пакланіўся. Гэта значыць, што ён лічыць гутарку скончанай. Мне засталося толькі выйсці, што я і зрабіў.
Вярнуўшыся ў свой пакой, я застаў там Канселя, які жадаў ведаць вынікі маёй гутаркі з капітанам.
— Сябар мой, — сказаў я яму, — капітан пасмяяўся з мяне, калі я сказаў, што яго “Наўтылусу” пагражаюць тубыльцы. Магу табе сказаць толькі што капітану можна даверыць. Можаш спакойна спаць!
— Гаспадар не адчувае зараз патрэбы ў маіх паслугах?
— Не, дзякую. Што робіць Нэд Лэнд?
— З дазволу гаспадара скажу, што Нэд Лэнд у гэты час гатуе паштэт з кенгуру, ад якога пальчыкі абліжаш!
Застаўшыся адзін у пакоі, я лёг у пасцелю, але спаў вельмі дрэнна.
Над маёй галавою часта раздаваўся тупат ног дзікуноў па жалезнай абшыўцы палубы і іхнія гучныя галасы.
Ноч прайшла спакойна. Каманда па-ранейшаму заставалася бяздзейнай. Як відаць, яе столькі-ж турбавала прысутнасць дзікуноў на палубе, як салдат якога-небудзь бліндыраванага форта непакояць мурашкі, што бегаюць па бліндажах.
У шэсць гадзін раніцы я ўстаў. Люкі яшчэ не адчыняліся. Значыцца, паветра не аднаўлялася з учорашняга дня. Але гэта і не адчувалася, бо рэзервуары своечасова дадалі ў збяднеўшую атмасферу падводнага карабля некалькі кубічных метраў кісларода.
Я працаваў у сваёй каюце да поўдня, не бачыўшы капітана Нэма. На борце судна не было відаць ніякіх рыхтаванняў да адплыцця.
Я пачакаў яшчэ некалькі часу, а потым пайшоў у салон. Гадзіннік паказваў палову трэцяй. Праз дзесяць хвілін прыліў павінен быў дасягнуць вышэйшага пункта і, калі капітан Нэма не памыліўся ў сваіх разліках, “Наўтылус” павінен быў усплыць на паверхню вады. Калі-ж гэта не здарыцца, пройдзе яшчэ шмат месяцаў, пакуль ён здолее пакінуць каралавае дно.
Неўзабаве корпус судна пачаў уздрыгваць. Я пачуў, як рыпела абшыўка аб шурпатае дно.
У дзве гадзіны трыццаць пяць хвілін капітан Нэма выйшаў у салон.
— Зараз мы адправімся, — сказаў ён.
— Ага, — буркнуў я.
— Я загадаў адчыніць люкі.
— А папуасы?
— Папуасы? — капітан Нэма паціснуў плячыма.
— Яны-ж забяруцца ў сярэдзіну “Наўтылуса”.
— Якім чынам?
— Праз люк, які вы загадалі адчыніць.
— Прафесар, — спакойна адказаў капітан Нэма, — праз люк “Наўтылуса” не заўсёды можна прайсці нават тады, калі ён адчынены.
Я паглядзеў на капітана.
— Вы не разумееце? — запытаўся ён.
— Нічога не разумею.
— У такім выпадку ідзіце за мной. Вы ўбачыце.
Мы пайшлі да сходаў, што вялі да люка. Там ужо знаходзіліся Нэд Лэнд і Кансель, з вялікай цікавасцю глядзеўшыя на працу некалькіх матросаў, адчыняўшых люк пад акампанімент шалёных крыкаў і лямантаў, якія несліся з палубы.
Дзверцы люка адкінуліся ў бакі. Адразу-ж у адтуліне паказаліся дваццаць раз’юшаных твараў. Але першы-ж з дзікуноў, які палажыў руку на поручні лесвіцы, быў адкінуты невядома якой сілай і пабег эксцэнтрычна падскокваючы і дзіка крычучы.
Дзесяць яго сяброў паследвалі яго прыкладу, і ўсе дзесяць такім-жа чынам адступілі.
Кансель быў у захапленні. Нэд Лэнд, пад уплывам свайго ваяўнічага тэмперамента, кінуўся праведваць адступаючага ворага; але не паспеў ён ухапіцца рукою за поручні, як у сваю чаргу быў адкінуты назад.
— Тысяча чарцей! — закрычаў ён. — Мяне ўдарыла маланка!
Гэтыя словы растлумачылі мне ўсё. Поручні лесвіцы былі ператвораны ў праваднік току высокага напружання. Кожны, хто датыкаўся да іх, атрымліваў страшэнны штуршок. Гэты штуршок быў-бы смяротным, каб капітан Нэма пажадаў накіраваць у поручні ток з усіх сваіх батарэй. Але ён абмежаваўся тым, што стварыў не смяротны, але непраходны бар’ер паміж нападаючымі і нутром свайго карабля.
Між тым перапалоханыя насмерць папуасы паспешна адступалі. Мы, стрымліваючы ўхмылкі, суцяшалі Нэда Лэнда, які лаяўся, як вар’ят.
У гэтую хвіліну “Наўтылус”, падняты хваляй прыліву, усплыў на паверхню акіяна. Было роўна дзве гадзіны сорак хвілін — момант, вызначаны капітанам Нэма.
Вінт карабля паважана пачаў біць ваду. Але паступова хуткасць вярчэння павялічвалася, і цэлы, някрануты “Наўтылус” выгнаў з небяспечных месцаў Тарэсавай пратокі.
