Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
z.viern_-_80_000_kilamietrau_pad_vadoj.docx
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
776.85 Кб
Скачать

Раздзел дваццаць першы Брацкая магіла

Дзіўная манера гаворкі, нечаканасць усёй гэтай сцэны, гэтая гісторыя карабля патрыётаў, пачатая абы-якім тонам і скончаная з нейкім асаблівым хваляваннем, гэта імя “Мсцівец”, значэнне якога не магло прайсці па-за маёй увагай, — усё гэта глыбока здзівіла мяне. Я не мог адарваць вачэй ад капітана. Паказваючы рукою ў мора, ён прагным зрокам ўглядаўся ў гэтыя славутыя адломкі.

Можа мне ніколі не прыйдзецца дазнацца, кім быў капітан Нэма, адкуль ён прыйшоў і куды ідзе, але я бачыў, як чалавек у ім бярэ верх над вучоным. Не простае чалавеканенавісніцтва замкнула ў гэтыя сталёвыя сцены капітана Нэма і яго таварышаў, а страшная грозная нянавісць, якую нават час не мог паслабіць.

Ці прагнуў ён помсты? Будучае павінна было паказаць гэта.

Тым часам “Наўтылус” павольна падымаўся на паверхню мора, і абрыс “Мсціўца” паступова знікаў з віду. Неўзабаве лёгкае калыханне паказала, што мы плывём па паверхні. У гэты момант я пачуў глухі выбух. Я паглядзеў на капітана. Ён не варухнуўся.

— Капітан? — сказаў я.

Ён не адказаў.

Я пакінуў яго і падняўся на палубу. Кансель і канадзец ужо былі там.

— Адкуль гэты грукат? — запытаўся я.

— Ад гарматнага стрэла, — адказаў Нэд Лэнд.

Я паглядзеў у той бок, дзе знаходзілася судна. Яно набліжалася да “Наўтылуса” на ўсіх парах. Нас аддзяляла не больш шасці міль.

— Што гэта за судна, Нэд?

— Іду ў заклад, што гэта ваеннае судна, — адказаў канадзец. — Гэта адразу відаць па яго снасцях і па вышыні яго мачтаў. Ох, каб яно напала на нас і патапіла гэты пракляты “Наўтылус”!

— Дарагі Нэд, — адказаў Кансель, — якую шкоду можа гэтае судна зрабіць “Наўтылусу”? Яно-ж не можа ні атакаваць яго пад вадой, ні абстраляць у глыбіні мора.

— Скажыце, Нэд, — запытаўся я, — ці можаце вы вызначыць нацыянальнасць гэтага судна?

Канадзец, нахмурыўшы бровы і прыплюшчыўшы вочы, стаў напружана ўглядацца ў абрысы судна.

— Не, прафесар, — адказаў ён нарэшце, — я не магу вызначыць яго нацыянальнасці — яго сцяг не ўзняты. Але я ўсёроўна сцвярджаю, што гэта ваеннае судна, бо на яго гротмачце развяваецца доўгі вымпел.

На працягу чвэрці гадзіны мы разглядалі карабель, які накіроўваўся прама на нас.

Ён паволі набліжаўся.

Я не магу сабе ўявіць, што ён пазнаў “Наўтылус” на такой адлегласці, больш таго, я не думаў, што яму наогул вядома аб існаванні гэтага падводнага карабля.

Неўзабаве канадзец абвясціў мне, што гэта вялікае ваеннае судна, з біўнем і двума браніраванымі палубамі. Густы чорны дым узнімаўся з яго труб. Убраныя парусы зліваліся з рэямі. На ім не было сцяга. Адлегласць перашкаджала разгледзець колеры яго вымпела, які пляскаўся ў паветры, як вузкая стужка.

Ён хутка набліжаўся. Калі капітан Нэма дазволіць яму падыйсці блізка, нам можа трапіцца выпадак выратавацца.

— Прафесар, — сказаў Нэд Лэнд, — калі гэтае судна наблізіцца да нас на адлегласць адной мілі, я кінуся ў мора і прапаную вам паследваць майму прыкладу!

Я нічога не адказаў на прапанову канадца, і ўсё разглядаў судна, якое расло на вачах. Няхай сабе яно англійскае, французскае, амерыканскае ці рускае, — яно ўсёроўна падбярэ нас, абы толькі ўдалося даплысці да яго.

— Гаспадар памятае, напэўна, што ў нас ёсць некаторая практыка ў справе плавання, — сказаў Кансель. — Ён можа пакінуць мне клопат узяць яго на буксір, калі ён вырашыць паследваць парадзе сябра Нэда.

Я збіраўся ўжо адказаць, як раптам на носе ваеннага судна паказаўся белы дымок. Праз некалькі секунд вада, успененая паданнем цяжкога цела, заліла карму “Наўтылуса”. Гук стрэла аглушыў мяне.

— Як? Яны страляюць па нас? — ускрыкнуў я.

— Адважныя людзі, — прашаптаў канадзец.

— Значыцца, яны не лічаць нас пацярпеўшымі крушэнне, што ратуюцца на якім-небудзь абломку карабля?

— Калі гаспадар пажадае... — пачаў Кансель.

У гэты момант новае ядро, упаўшае яшчэ бліжэй, абдало яго слупам пырскаў з ног да галавы.

— З дазволу гаспадара, скажу, — працягваў Кансель, — што яны прымаюць нас за нарвала і абстрэльваюць гэтага нарвала.

— Але яны павінны бачыць, што маюць справу з людзьмі! — ускрыкнуў я.

— Можа акурат таму яны і страляюць, — адказаў Нэд Лэнд, выразліва паглядзеўшы на мяне.

Гэтыя словы з’явіліся нейкім адкрыццём для мяне. Не было сумнення, што цяпер ужо ўсяму свету было вядома, якой думкі трэба трымацца адносна існавання міфічнага страшыдла. У часе сутычкі з “Аўраамам Лінкальнам”, калі канадзец ударыў страшыдла сваім гарпуном, капітан Фарагут паспеў распазнаць, што нарвал, гэтае страшэннае стварэнне, быў ні чым іншым, як падводнаю лодкай, больш небяспечнай, чым самае незвычайнае кітападобнае!

Але, так яно і было, і цяпер на ўсіх морах праследуюць гэтае небяспечнае судна.

І сапраўды, гэтае судна магло зрабіцца страшэннай пагрозай, калі, як лёгка можна было меркаваць, капітан Нэма збіраўся прысвяціць “Наўтылус” справе помсты. Цяпер я болей не сумняваўся, што ў тую ноч, у Індыйскім акіяне, калі капітан Нэма засадзіў нас у сталёвую камеру, “Наўтылус” змагаўся з нейкім суднам. Я не сумняваўся больш у тым, што чалавек, які пакоіўся цяпер на каралавым могільніку, быў ахвярай сутычкі, наўмысля выкліканай “Наўтылусам”.

Заслона над таемным жыццём капітана Нэма крыху прыўзнімалася. І калі асоба яго не была яшчэ распазнаная, то ў кожным разе прадстаўнікі розных нацый, аб’яднаўшыся, праследвалі цяпер не няўлоўную жывёліну, а заўзятага ворага, чалавека, напоенага непрымірымай нянавісцю да ўсяго чалавецтва.

Усё гэта жудаснае мінулае прамільгнула перад маімі вачыма. Замест сяброў мы павінны былі спаткаць на караблі, што набліжаўся да нас, толькі бязлітасных ворагаў.

Тым часам ядры ўсё сыпаліся вакол нас. Некаторыя з іх, трапіўшы на паверхню вады пад пэўным вуглом, адляталі рыкашэтам на вялікую адлегласць і гінулі ў хвалях. Але ніводнае ядро не дасягнула да “Наўтылуса”.

Ваеннае судна знаходзілася цяпер на адлегласці не больш трох міль ад нас.

Не гледзячы на ўсё большую кананаду, капітан Нэма не паказваўся на палубе. А між тым, каб адно з гэтых канічных ядраў ўдарыла прама ў корпус “Наўтылуса”, гэты стрэл мог быць смяротным для падводнага карабля.

Канадзец сказаў мне:

— Спадар прафесар, мы павінны зрабіць усё, каб паказаць нападаючаму на “Наўтылус” караблю, што мы не маем ніякага дачынення да ягоных злачынстваў. Зробім спробу сігналізаваць. Тысяча чарцей! Можа яны ўсё-такі зразумеюць, што маюць справу з сумленнымі людзьмі!

Нэд Лэнд выняў з кішэні хустку. Але ледзь ён толькі паспеў разгарнуць яе, як быў схоплены жалезнаю рукою і, не гледзячы на сваю выключную сілу, кінуты на зямлю.

— Няшчасны! — ускрыкнуў капітан. — Ты хочаш, каб я пракалоў цябе біўнем нават раней, чым мы нападзём на гэты карабель?

Было страшна слухаць капітана Нэма, але яшчэ жудасней было глядзець на яго. Твар яго быў смяротна бледны. Зрэнкі звузіліся ад гневу. Голас, больш нагадваў рык звера. Схіліўшыся над ляжачым канадцам, ён з вялізнай сілай сціскаў яго плечы.

Нарэшце ён кінуў яго і павярнуўся тварам да ваеннага карабля, які ўсё сыпаў, ядры наўкол нас:

— А, ты ведаеш, хто я такі, карабель праклятага народу? — ускрыкнуў ён грамовым голасам. — Мне не трэба бачыць колеры твайго сцяга, каб пазнаць цябе! Глядзі! Зараз я табе пакажу свой сцяг!

І капітан Нэма разгарнуў чорны сцяг, падобны да таго, які ён падняў на паўднёвым полюсе.

У гэты момант ядро ўдарылася аб карму “Наўтылуса”, не зрабіўшы ёй шкоды; ледзь не крануўшы рыкашэтам капітана Нэма, яно ўпала ў мора.

Капітан паціснуў плячыма. Абярнуўшыся да мяне, ён рэзка сказаў:

— Пайшлі ўніз. Вы і вашыя таварышы...

— Капітан, — крыкнуў я, — няўжо вы думаеце атакаваць гэтае судна?

— Не толькі атакаваць, але і патапіць, спадар прафесар.

— Вы не зробіце гэтага.

— Я зраблю гэта, — сурова адказаў капітан Нэма. — Не падумайце судзіць мяне, спадар прафесар. Выпадкова вы ўбачылі тое, чаго не павінны былі-б бачыць. Мае ворагі напалі на мяне, ім будзе дадзены страшны адпор.

— Чыё гэта судна?

— Вы не ведаеце гэтага? Тым лепей. Яго нацыянальнасць прынамсі будзе захавана ад вас. Ідзіце-ж!

Канадзец, Кансель і я, мы не адважыліся пярэчыць. Пятнаццаць матросаў “Наўтылуса” абкружылі капітана, гледзячы на судна, якое набліжалася, з непрымірымай нянавісцю. Адчувалася, што прагнасць да помсты ўладала імі ўсімі ў аднолькавай ступені.

У той час, калі я спускаўся ўніз, новы снарад крануў карму “Наўтылуса”. Я пачуў, як крычаў капітан:

— Страляй-жа, няшчаснае судна! Губляй свае нікчэмныя ядры. Ты не ўцячэш, ад біўня “Наўтылуса”. Але я пагублю цябе не тут, не ў гэтым месцы. Я не хачу, каб твае абломкі змяшаліся з благароднымі абломкамі “Мсціўца”.

Я пайшоў у свой пакой. Капітан і яго памочнік засталіся на палубе. Вінт пачаў рухацца. “Наўтылус” хутка аддаляўся і неўзабаве быў па-за дасягальнасцю стрэлаў ваеннага судна. Але праследванне не спынялася, і капітан Нэма падтрымліваў усё тую-ж дыстанцыю.

А чацвёртай гадзіне дня, не маючы сілы стрымаць нецярплівасць і трывогу, я падышоў да галоўнай лесвіцы.

Дзверы былі расчыненыя. Я ціхенька вылез на палубу. Капітан усхвалявана хадзіў па ёй узад і ўперад. Ён не спускаў вачэй з судна, якое ішло пад ветрам на адлегласці якіх-небудзь пяці-шасці міль ад нас. Ён кружыў наўкол карабля, як дзікі звер, зацягваючы яго на ўсход, дазваляючы яму праследваць сябе. Але пакуль што сам не нападаў на яго. Можа ён яшчэ вагаўся?

Я зрабіў спробу зноў умяшацца ў гэтую справу. Але я ледзьве паспеў выказаць слова, як капітан Нэма прымусіў мяне змоўкнуць.

— Справядлівасць і права на маім баку, — сказаў ён. — Я прыгнечаны, а вось прыгнятальнік! Гэта праз яго я страціў усё, што любіў, усё, што для мяне было дарагім і -святым, — радзіму, жонку, дзяцей, бацьку, маці — усё! Усё, што я ненавіджу, — тут, на гэтым караблі! Маўчыце-ж!

Я кінуў апошні зрок на ваенны карабель, які набліжаўся пад усімі парамі, і спусціўся ўніз, да Нэда Лэнда і Канселя.

— Мы павінны ўцякаць! — сказаў я.

— Вельмі добра, — адказаў Нэд. — Але чыё гэта судна?

— Гэтага я не ведаю. Так або інакш, але яно будзе пушчана на дно яшчэ да наступлення ночы. У кожным выпадку, лепш загінуць разам з ім, чым зрабіцца ўдзельнікам учынку, аб справядлівасці якога мы не можам судзіць.

— Таксама і я думаю, — сурова адказаў Нэд. — Пачакаем ночы.

Ноч надышла. Глыбокая маўклівасць панавала на караблі. Компас паказваў на тое, што “Наўтылус” не змяніў свайго кірунку. Я чуў мерныя ўдары яго вінта. Ён трымаўся на паверхні.

Мы рашылі ўцячы ў той момант, калі карабель наблізіцца да нас настолькі, каб нас маглі пачуць або хоць убачыць, — праз тры дні павінен быў наступіць поўнік, і месяц свяціў даволі ярка. Апынуўшыся на борце гэтага судна, мы калі і не здолеем папярэдзіць яго гібель, дык ў кожным разе паспрабуем зрабіць усё, што будзе можна. Многа разоў мне здавалася, што “Наўтылус” рыхтуецца пачаць бой; але, дазволіўшы свайму супраціўніку наблізіцца на некаторую адлегласць, ён зноў павялічваў хуткасць і аддаляўся ад яго.

Частка ночы прайшла спакойна. Скупа перакідваючыся словамі, мы чакалі зручнага моманту. Мы былі вельмі ўсхваляваныя. Нэд Лэнд хацеў пусціцца плысці да карабля. Я прымушаў яго чакаць. Я быў упэўнены, што “Наўтылус” нападзе на свайго праследвальніка на паверхні мора, а ў гэтым выпадку ўцячы нам будзе не толькі магчыма, але і лёгка.

А трэцяй гадзіне раніцы, палаючы ад непакою, я зноў падняўся на палубу. Капітан Нэма быў там. Ён стаяў на носе. Чорны сцяг развяваўся над яго галавой. Ён не адрываў вачэй ад карабля. Яго напружаны зрок нібы прыцягваў праследвальніка, гіпнатызаваў яго, цягнуў яго за сабою, як буксірны канат.

Месяц праходзіў праз мерыдыян. На ўсходзе паказаўся Юпіцер. Усё было ціха навакол. Здавалася, што неба і акіян спаборнічалі адзін з адным у спакоі.

І калі я параўноўваў гэтае зацішша стыхій з нянавісцю, кіпеўшай у кожным кутку няўлоўнага “Наўтылуса”, я адчуваў, як уздрыгвала ўся мая істота.

Карабель быў за дзве мілі ад нас. Ён набліжаўся, ідучы ўвесь час па слядах фасфарычнага святла, што вылучаў пражэктар “Наўтылуса”. Я бачыў яго распазнавальныя агні, — зялёныя і чырвоныя, — і белы ліхтар, які вісеў на фок-мачце. Снапы іскраў вырываліся з яго труб, асвятляючы прастору, — як відаць, ён давёў ціск пары да вышэйшага пункта.

Я заставаўся на палубе да шасці гадзін раніцы. Капітан Нэма па-ранейшаму не заўважаў мяне. Ваенны карабель знаходзіўся ўсяго за паўтары мілі ад нас і з першым пробліскам світання аднавіў абстрэл.

Набліжаўся момант, калі “Наўтылус” павінен быў напасці на свайго супраціўніка, і, як толькі гэта здарыцца, я і мае таварышы пакінем назаўсёды гэтага чалавека, якога я не асмельваўся абвінавачваць.

Я збіраўся спусціцца ўніз, каб папярэдзіць Канселя і Нэда Лэнда; у гэты момант памочнік капітана і некалькі матросаў падняліся па палубу. Капітан Нэма не бачыў іх ці не хацеў іх бачыць. На “Наўтылусе” рыхтаваліся да бою. Рыхтаванні гэтыя былі вельмі простыя. Былі спушчаны поручы, абкружаўшыя палубу. Вышкі пражэктара і штурвальнай рубкі былі ўцягнуты ў сярэдзіну корпуса падводнай лодкі — яны ледзь выступалі цяпер над ім. Паверхня доўгай жалезнай цыгары не мела больш ніводнае пукатасці — нішто не перашкаджала ёй цяпер манеўраваць.

Я вярнуўся ў салон. “Наўтылус” заставаўся на паверхні, якая асвятлялася першымі ранішнімі праменнямі сонца.

Надышоў жудасны дзень 2 чэрвеня.

А пятай гадзіне лаг паказаў мне, што “Наўтылус” зменшыў сваю хуткасць. Я зразумеў, што ён хоча падпусціць фрэгат на блізкую адлегласць. Гарматныя стрэлы рабіліся ўсё больш гучнымі. Ядры пенілі ваду вакол нас, уразаючыся ў яе з нейкім рэзкім свістам.

— Сябры мае — сказаў я, — час прыйшоў! Паціснем адзін аднаму рукі, і няхай будзе, што будзе!

Нэд Лэнд быў поўны рашучасці, Кансель — спакойны, я ледзь стрымліваў ахапіўшае мяне хваляванне.

Мы прайшлі ў бібліятэку. У той момант, калі я штурхануў створку дзвярэй, якія вялі на галоўную лесвіцу, я пачуў, як раптоўна зачынілася крышка люка.

Канадзец кінуўся да прыступак, але я затрымаў яго. Добра знаёмае сіпенне сказала мне, што рэзервуары “Наўтылуса” папаўняюцца вадой. І сапраўды, праз некалькі хвілін “Наўтылус” апусціўся на некалькі метраў ніжэй паверхні мора.

Я зразумеў яго манеўр. Было надта позна, каб дзейнічаць. “Наўтылус” не збіраўся нападаць на фрэгат наверсе, дзе той быў абаронены непранікальным панцырам. Ён хацеў атакаваць яго пад вадой, ніжэй ватэр-лініі, там, дзе канчалася яго металёвая абшыўка.

Такім чынам, мы зноў палоннікі, ды яшчэ вымушаныя сведкі надыходзячай жудаснай драмы. Аднак, час быў неадпаведным для разважанняў. Схаваўшыся ў маім пакоі, мы моўчкі глядзелі адзін на аднаго. Глыбокі жах апанаваў мяне. Я знаходзіўся ў тым напружаным становішчы, якое звычайна бывае перад якім-небудзь страшэнным узрушэннем. Я балюча чакаў выбуху, я прыслухоўваўся да кожнага шолаху, я ўвесь напружыўся.

Між тым “Наўтылус” значна павялічыў хуткасць. Відаць, ён браў разгон. Увесь корпус яго дрыжаў.

Раптам я ўскрыкнуў. Адбылася сутычка. Адносна, гэта быў лёгкі штуршок. І ўсё-ж я адчуў, з якой сілай сталёвы бівень увайшоў у дрэва. Пачуўся скрып і трэск. І “Наўтылус”, па інерцыі руху, прайшоў праз карабель, як ігла праходзіць праз халсціну.

Я не мог болей вытрымаць. Ашалеўшы ад жаху я пабег з пакоя ў салон.

Капітан Нэма быў там. Маўклівы, пахмуры, няўмольны, ён глядзеў на тое, што адбывалася за шклом.

Вялізная нязграбная маса цямнела пад вадой і, каб да канца прысутнічаць пры яе агоніі, “Наўтылус” апускаўся на дно разам з ёй. За дзесяць метраў ад сябе я бачыў расколаты амаль надвое корпус судна, — вада залівала яго з страшэнным шумам. На палубе рухалася мноства чорных ценяў.

Вада ўсё прыбывала. Няшчасныя кідаліся на ванты, узбіраліся на мачты, выкручваліся пад вадой. Гэта быў чалавечы мурашнік, раптоўна захоплены паводкай.

Паралізаваны жахам, з валасамі, стаўшымі ўгару, ледзьве дыхаючы, шырока расчыніўшы вочы, я глядзеў на гэты жудасны спектакль, не маючы сілы адарваць вачэй ад шкла, быццам прыкаваны да акна.

Вялізны карабель павольна апускаўся. “Наўтылус” ішоў за ім следам. Раптам адбыўся выбух. Сціснутае паветра разарвала палубу з такой сілай, быццам узарваўся парахавы склеп. Ціск вады быў такі вялікі, што “Наўтылус” адкінула ў бок.

Тады няшчаснае судна пачало хутчэй ісці на дно. Мільгнулі яго мачты, аблепленыя ахвярамі, рэі, якія гнуліся пад цяжарам цел, затым вярхушка грот-мачты, — і нарэшце цёмная маса знікла ў віры з усёй сваёй камандай мерцвякоў...

Я павярнуўся да капітана Нэма. Гэты страшны суддзя, сапраўдны дэман нянавісці, па-ранейшаму глядзеў у цемру. Калі ўсё было скончана, ён накіраваўся да дзвярэй свайго пакоя, адчыніў іх, пераступіў парог.

Я сачыў за ім вачыма.

У глыбіні пакоя, на сцяне, пад партрэтамі яго ўлюблёных герояў, я ўбачыў партрэт зусім яшчэ маладой жанчыны і двух маленькіх дзяцей.

Капітан Нэма глядзеў на іх некалькі імгненняў і, упаўшы на калені, заплакаў.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]