Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
z.viern_-_80_000_kilamietrau_pad_vadoj.docx
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
776.85 Кб
Скачать

Раздзел дваццаты

Пад 47°24´ шыраты і 17°28´ даўгаты

Бура адкінула нас на ўсход. Усе надзеі уцячы каля Нью-Ёрка або св. Лаўрэнція зніклі. Беднага Нэда апанаваў адчай, ён трымаўся ў баку ад усіх, як капітан Нэма. Мы з Канселем не разлучаліся.

Я сказаў ужо, што “Наўтылус” быў адкінуты на ўсход, дакладней кажучы — да паўночнага ўсходу. На працягу некалькіх дзён ён вандраваў або пад вадой, або на паверхні мора, бадай увесь час у тумане, такім небяспечным для мораплаўцаў. Туманы гэтыя ствараюцца галоўным чынам ад раставання айсбергаў, што насычае атмасферу вадзянымі парамі.

Колькі суднаў гіне ў гэтых краях, спрабуючы дабрацца да берагу, арыентуючыся на нявернае мігценне яго аганькоў! Колькі няшчасцяў здарылася з-за туманаў! Колькі сутычак суднаў, не гледзячы на агні ліхтароў, не гледзячы на свісткі, не гледзячы на трывожны звон суднавых званоў! Колькі ўдараў аб падводныя камні там, дзе вецер заглушае шум прыбою!

Нядзіва, што дно марское ў гэтых месцах нагадвала поле бойкі; рэшткі крушэнняў усцілалі яго — адны старыя і трухлявыя, другія свежыя, з бліскучай яшчэ медзянай абшыўкай, у якой адбівалася святло нашага пражэктара. Колькі тут ляжала суднаў, якія загінулі без вестак з усёй сваёй камандай і жывым грузам эмігрантаў! Колькі крушэнняў кожны год здараецца ў гэтых адзначаных ва ўсіх даведніках небяспечнейшых зонах — вострава Сен-Поль, мыса Рас, пратокі Бель-Іль, вусця ракі Лаўрэнція! Толькі за некалькі апошніх гадоў у жалобны спіс патануўшых у гэтых месцах караблёў прышлося занесці “Сальвея”, “Ізіду”, “Парамату”, “Венгерца”, “Канадца”, “Англа-Сакса”, “Гумбольта”, “Злучаныя штаты”, усе патопленыя ураганамі, “Арктыку” і “Ліёнца”, загінуўшых пры сутычцы, “Прэзідэнта”, “Ціхі акіян”, “Горад Глазго”, загінуўшых ад невядомых прычын.

“Наўтылус” плыў сярод адломкаў крушэнняў, нібы робячы смотр мерцвякам.

Пятнаццатага траўня мы знаходзіліся на паўднёвым канцы Ньюфаўндлендскай мяліны. Мяліну гэтую зрабілі марскія наносы. Гэта значнае згрупаванне ўсялякіх арганічных матэрыялаў, занесеных сюды або з экватара Гальфштрэмам, або з паўночнага полюса супрацьлеглым халодным цячэннем, якое абгінае амерыканскі бераг. Тут сабралася таксама страшэнная груда рыб і касцей, рэштак малюскаў і зоафітаў, якія мільярдамі гінуць тут.

На Ньюфаўндлендскай мяліне глыбіня мора зусім нязначная: некалькі соцень футаў, — не больш. Але на поўдні раптам пачынаецца глыбокая нізіна — правалле ў тры тысячы метраў. Тут Гальфштрэм пашыраецца. Ён разліваецца тут у цэлае мора, але не губляе пры гэтым сваю хуткасць і тэмпературу.

Сярод рыб, якіх “Наўтылус” пужаў сваім набліжэннем, я разгледзеў круглапёраў, паўметра велічынёю, з чарнаватай спіной і аранжавым брухам, — яны з’яўляюцца прыкладам выключнай супружнай вернасці; даўгіх смарагдавых мурэн, вельмі прыемных на смак; каркасаў з вялікімі вачыма, галава якіх мае некаторае падабенства з сабачай; бычкоў і губанаў. Але часцей за ўсё нам сустракалася траска, якую мы знайшлі ў яе ўлюбёным месцы, — на невычарпальных мялінах Ньюфаўндленда.

Можна смела сказаць, што траска — гэта горная рыба, бо Ньюфаўндленд не што іншае, як падводная гара. Калі “Наўтылус” пракладваў сабе дарогу сярод шчыльных фаланг траскі, Кансель не мог стрымацца ад крыку здзіўлення.

— Як, і гэта траска! А я быў упэўнены, што траска такая-ж плоская, як камбала.

— Што за глупства! Траска бывае плоскай толькі ў рыбных крамах, куды яна трапляе ўжо выпатрашанай. У моры гэта такая-ж верацёнападобная рыба, як галаўль, і добра прыстасаваная да плавання!

— Гаспадару лепш ведаць, — адказаў Кансель. — Але якая тут процьма рыбы, сапраўдны мурашнік!

— Яе было-б куды больш, каб не драпежніцкі лоў яе. Ці ведаеш ты, колькі ікрынак налічваюць у адной самкі?

— Дапусцім, што пяцьсот тысяч, — адказаў Кансель.

— Адзінаццаць мільёнаў, любы мой!

— Адзінаццаць мільёнаў? Ну, гэтаму я ніколі не паверу, пакуль не пералічу сам.

— Пералічы! Але я думаю, ты зберажэш час, калі паверыш мне. Не забывайся, што французы, англічане, амерыканцы, датчане, нарвежцы ловяць траску ў вялікай колькасці. Яе ўжываюць надзвычай многа, і каб не незвычайная ўласцівасць пладзіцца, ад гэтай рыбы даўно нічога не засталося-б. Так, у адной толькі Англіі і Амерыцы пяць тысяч суднаў і семдзесят пяць тысяч маракоў занятыя лоўляй траскі. Кожнае судна за сезон вылоўлівае ў сярэднім не менш сарака тысяч штук, што складае разам каля дваццаці мільёнаў. Ля берагоў Нарвегіі яе ловяць у такой-жа колькасці.

— Добра, — сказаў Кансель. — Я веру гаспадару і не буду лічыць іх.

— Што лічыць, Кансель?

— Адзінаццаць мільёнаў ікрынак. Але я павінен зрабіць адну заўвагу.

— Якую?

— А тое, што каб з кожнай ікрынкі вырасла рыба, даволі было-б двух пар траскі, каб накарміць усю Англію, Амерыку і Нарвегію.

У той час, як мы праходзілі над Ньюфаўндлендскімі мялінамі, ледзь не зарываючыся кілем у пясок, я паспеў добра разгледзець даўгія тонкія вяроўкі, маючыя дзвесце кручкоў, якіх кожная лодка налічвае тузінамі. Кожная вяроўка, прывязаная адным канцом да крука, трымалася на паверхні мора пры дапамозе буйка. “Наўтылусу” прыходзілася ўважліва манеўраваць сярод гэтых падводных сетак.

Аднак падводны карабель нядоўга заставаўся ў гэтых людных месцах. Ён падняўся да шыраты Ньюфаўндленда, дзе на востраве Сен-Джонс выходзіць амерыканскі канец трансатлантычнага кабеля.

Адсюль “Наўтылус”, замест таго, каб працягваць свой шлях на поўнач, узяў кірунак на ўсход, нібы жадаючы даследваць тое плоскае ўзвышша, дзе ляжаў кабель, — рэльеф яго быў вядомы да малейшых дэталей, дзякуючы незлічоным вымярэнням.

Сямнаццатага траўня за пяцьсот міль ад Сен-Джонса, на двух тысячах васьмістах метрах глыбіні, я ўбачыў прасцёрты на пяску кабель. Кансель, якога я не паспеў папярэдзіць, прыняў яго за гіганцкую марскую змяю і нарыхтаваўся ўжо класіфікаваць па свайму метаду. Але я расчараваў добрага хлапца і, каб суцешыць яго, расказаў яму цэлы шэраг падрабязнасцей пра тое, як быў пракладзены гэты кабель.

Першы кабель быў пракладзены на працягу 1857 і 1858 гадоў. Але, перадаўшы чатырыста тэлеграм, ён раптам спыніў работу. У 1863 годзе інжынеры пабудавалі новы кабель, у тры тысячы чатырыста кіламетраў даўжыні; ён важыў чатыры тысячы пяцьсот тон, і для ўкладкі гэтага велізарнага грузу быў спецыяльна прыстасаваны параход “Great Eastern”. Але і гэтая спроба не ўдалася.

Дваццаць пятага траўня “Наўтылус”, апусціўшыся на глыбіню тры тысячы восемсот трыццаць шэсць метраў, трапіў акурат на тое месца, дзе здарыўся разрыў кабеля. Гэта адбылося за шэсцьсот трыццаць восем міль ад берагоў Ірландыі. А другой гадзіне па поўдні заўважылі, што зносіны з Еўропай спынены. Інжынеры, якія знаходзіліся на борце “Great Eastern”, знайшлі месца разрыву і да адзінаццаці гадзін вечара здолелі выцягнуць з вады абодва канцы. Паправіўшы кабель, яны зноў апусцілі яго ў ваду. Але праз некалькі дзён здарыўся разрыў, і на гэты раз дастаць кабель з глыбіні акіяна не ўдалося.

Але амерыканцы не адступалі перад цяжкасцямі. Сайрус Фільд, адважны ініцыятар усёй гэтай справы, улажыўшы ў яе ўсю сваю маёмасць, арганізаваў новую падпіску. Акцыі новага выпуску былі зараз-жа раскуплены. Быў зроблены новы кабель, больш дасканалай канструкцыі. Пучок дроту, ізаляваны гумавай абалонкай, быў абкручаны падушкай з валакністай матэрыяй і замкнёны ў металёвую арматуру.

“Great Eastern” выйшаў у мора 13 ліпеня 1866 года.

Усё ішло добра. Але аднойчы адбылося наступнае. Раскручваючы кабель перад спускам, інжынеры заўважылі, што ў некалькіх месцах ён праткнуты цвікамі, відаць, з мэтай сапсаваць сярэдзіну.

Капітан Андэрсан, карабельныя афіцэры і інжынеры сабраліся, абмеркавалі гэтую справу і пастанавілі, што калі знойдуць вінаватага, ён будзе выкінуты за борт без усякага суда. З гэтага часу злачынныя спробы больш не паўтараліся.

Дваццаць трэцяга ліпеня “Great Eastern”, які знаходзіўся не больш як за восемсот кіламетраў ад Ньюфаўндленда, атрымаў тэлеграму з Ірландыі, што Прусія і Аўстрыя заключылі замірэнне пасля бітвы пры Садове. 27-га, прабіраючыся ў тумане, карабель дасягнуў амерыканскага ўзбярэжжа. Задача была шчасліва выканана, і маладая Амерыка паслала старой Еўропе тэлеграму, вітаючую заключэнне міру.

Вядома, я не думаў убачыць электрычны кабель у яго першапачатковым стане, гэта значыць такім, якім ён выйшаў з майстэрань завода.

Металёвая змяя, якая выцягнулася на сваім камяністым ложку, пакрылася вапеннай карой, якая захоўвала кабель ад нападу малюскаў-свідравальшчыкаў. Кабель ляжаў на дне, захаваны ад марскіх хваляванняў, і перадача па ім электрычнай іскры з Еўропы ў Амерыку займала ўсяго трыццаць дзве сотых секунды. Кабель гэты будзе існаваць вечна, бо заўважана, што гума толькі ўмацоўваецца пад уплывам марской вады. Да таго-ж кірунак кабеля быў выбраны так удала, што ён ні пры якіх умовах не можа апусціцца на такую глыбіню, дзе моцны ціск вады пагражаў-бы яму разрывам.

“Наўтылус” дайшоў да найбольшай глыбіні залягання кабеля — чатыры тысячы чатырыста трыццаць адзін метр. Адтуль мы адправіліся да месца, дзе ў 1863 годзе здарылася аварыя. Дно акіяна стварала тут шырокую лагчыну ў сто дваццаць метраў шырыні. Каб сюды можна было перанесці Манблан, вярхушка яго не выступала-б з вады. Лагчына гэтая канчалася ў сваёй усходняй частцы скалістай сцяной, вышынёю ў дзве тысячы метраў. Мы дасягнулі гэтай лагчыны 28 траўня. “Наўтылус” знаходзіўся цяпер не больш як за сто пяцьдзесят кіламетраў ад Ірландыі.

Можа капітан Нэма збіраўся абагнуць Брытанскія астравы? Не. На маё вялікае здзіўленне, ён зноў накіраваўся на поўдзень, да еўрапейскіх мораў.

Калі мы абміналі востраў Энглезі, я на момант убачыў агні яго маяка, якія асвятлялі шлях тысячам суднаў, якія ідуць з Глазга або Ліверпуля.

Важнае пытанне займала мой розум. Ці адважыцца “Наўтылус” увайсці ў Ламанш? Нэд Лэнд, які вылез з сваёй нары, як толькі мы наблізіліся да зямлі, бясконца пытаў мяне аб гэтым. Што я мог яму адказаць? Капітан Нэма, як і раней, не паказваўся. Ён падражніў канадца берагамі Амерыкі — ці не збіраецца ён падражніць цяпер мяне берагамі Францыі?

Тым часам “Наўтылус” плыў далей на поўдзень. 30 траўня ён прайшоў каля вострава Ленда, недалёка ад Брытанскіх астравоў.

Калі капітан Нэма хацеў увайсці ў Ламаншскі канал, ён павінен быў браць кірунак на ўсход.

Але ён не зрабіў гэтага.

Увесь дзень 31 траўня “Наўтылус” рабіў у моры нейкія дзіўныя кругі, надзвычай цікавіўшыя мяне. Здавалася, ён шукаў нейкае месца і не знаходзіў яго. А поўдні капітан Нэма сам зрабіў назіранне. Ён не звярнуўся да мяне з ніводным словам. Ён быў хмуры, як ніколі. Што магло яго засмуціць? Можа блізкасць берагоў Еўропы? Ці можа трывожылі яго якія-небудзь успаміны аб яго пакінутай радзіме? Што адчуваў ён — раскаянне ці шкадаванне? Гэтая думка доўгі час непакоіла мой розум. У мяне было нібы прадчуванне, што выпадак так або інакш выявіць тайну капітана Нэма.

На другі дзень, 1 чэрвеня, “Наўтылус” працягваў свае дзіўныя манеўры. Было відаць, што ён шукаў нейкае зусім пэўнае месца ў акіяне. Капітан Нэма, таксама як і напярэдадні, сам вымяраў вышыню сонца. Мора было спакойнае, неба чыстае. За восем міль на ўсход на гарызонце выразна вызначаўся контур вялікага судна, якое ішло на ўсіх парах. На ім не было ніякага сцяга, і я не мог высветліць яго нацыянальнасць.

Капітан Нэма, у момант, калі сонца праходзіла праз мерыдыян, узяў секстант і зрабіў назіранне з асаблівай стараннасцю. Гэта было зусім лёгка зрабіць, бо мора было абсалютна спакойнае. Зусім нерухомы “Наўтылус” не адчуваў ні бакавой, ні кілевай качкі. Я знаходзіўся ў гэты момант на палубе.

Як толькі пеленгацыя скончылася, капітан Нэма каротка сказаў:

— Гэта тут!

Ён спусціўся ўніз. Ці бачыў ён судна, якое, здавалася, зменшыла свой ход і набліжалася да нас? Я не магу гэтага сказаць.

Я вярнуўся ў салон. Люк зачынілі, і я пачуў сіпенне вады ў рэзервуарах. “Наўтылус” пачаў апускацца. Ён апускаўся па вертыкальнай лініі, бо вінт не працаваў.

Праз некалькі хвілін ён спыніўся на глыбіні восемсот трыццаць тры метры і дакрануўся носам да дна.

Святло ў салоне пагасла. Акяніцы адчыніліся, і скрозь акенную шыбу я ўбачыў мора, на паўмілі ярка асветленае праменнямі нашага пражэктара.

З левага акна я нічога не бачыў, акрамя спакойнай масы вады. З правага-ж борта судна я заўважыў у глыбіні нейкую цмяную масу, якая прыцягнула маю ўвагу. Гэта быў нейкі прадмет, пакрыты нібы абалонкай з белых чарапашак, быццам снежным накрыццём. Прыгледзеўшыся ўважлівей, я ўбачыў абрысы карабля без мачтаў, які, відаць, пайшоў на дно носам. Гэты адломак крушэння павінен быў шмат гадоў пакоіцца на дне акіяна, каб да такой ступені абрасці вапеннымі адлажэннямі.

Што гэта было за судна? Чаму “Наўтылус” прыйшоў наведаць яго магілу? Можа зусім не марская бура была прычынай яго гібелі?

Я не ведаў, што падумаць, як раптам капітан Нэма загаварыў марным голасам:

— Калісьці гэтае судна называлася “Марселец”. Яно было спушчана на мора ў 1762 годзе і мела на сваім борце семдзесят чатыры гарматы. Трынаццатага жніўня 1778 года, пад камандай Ла-Пойпа-Вертрые, карабель гэты мужна біўся з “Прэстонам”. Чацвёртага ліпеня 1779 года ён у складзе эскадры адмірала д’Этэна прымаў удзел ва ўзяцці Грэнады. У 1781 годзе, пятага верасня, ён змагаўся пад начальствам графа дэ-Граса ў бухце Чызпік. У 1794 годзе французская рэспубліка змяніла яго назву. Шаснаццатага красавіка гэтага-ж года ён далучыўся ў Брэсце да эскадры Віларэ-Жуаэза, якой было даручана праважаць транспарт з хлебам, ішоўшы з Амерыкі пад камандай адмірала Ван-Стабеля. Адзінаццатага і дванаццатага прэрыяля другога года эскадра гэта сустрэлася з англійскімі суднамі. спадар прафесар, сёння трынаццатае прэрыяля — першае чэрвеня 1868 года. Роўна семдзесят чатыры гады назад на гэтым самым месцы, пад 47°24´ шыраты і 17°28´ даўгаты, пасля гераічнай бойкі, амаль затопленае, згубіўшае ўсе мачты і трэць сваёй каманды судна палічыла за лепшае апусціцца ў ваду, чым здацца... Трыста пяцьдзясят шэсць застаўшыхся ў жывых байцоў, падняўшы на карме сцяг Рэспублікі, пайшлі на дно, гучна выклікаючы: “Няхай жыве Рэспубліка!”

Гэта “Мсцівец”? — ускрыкнуў я.

— Так, спадар прафесар, “Мсцівец”. Прыгожае імя, — прашаптаў капітан Нэма, скрыжаваўшы рукі.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]