Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
z.viern_-_80_000_kilamietrau_pad_vadoj.docx
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
776.85 Кб
Скачать

Раздзел семнаццаты Ад мыса Горн да Амазонкі

Не памятаю, як я трапіў на палубу. Магчыма, што мяне перанёс туды канадзец. Я дыхаў поўнымі грудзямі, з асалодай уцягваючы ў лёгкія пахнуўшы соллю марскі вецер. Мае таварышы побач са мною з захапленнем пілі ўдосыць свежы подых мора. Чалавек, які доўга галадаў, павінен з вялікай стрыманасцю есці прапанаваную яму ежу, інакш ён захварэе. Іншая справа мы, — мы не павінны былі ні ў чым абмяжоўваць сябе, і мы дыхалі, дыхалі, набіраючы поўныя лёгкія паветра, і п’янелі ад гэтай волі, п’янелі ад бадзёрасці, якая ўлівалася ў наша цела з кожным подыхам.

— Ах, — ускрыкнуў Кансель, якое цудоўнае свежае паветра! Няхай гаспадар дыхае ўволю — тут хопіць усім!

Нэд Лэнд — той не размаўляў, але ён так шырока адчыняў рот, што яму пазайздросціла-б нават акула. І з якой сілай уцягваў ён паветра ў лёгкія! Канадзец, смактаў яго са свістам, як палаючая печка.

Сілы хутка вярнуліся да нас. Зусім ачуняўшы і агледзеўшыся навакол, я ўбачыў, што мы адны на палубе. Нікога з матросаў “Наўтылуса” не было тут. Не з’явіўся і капітан Нэма. Гэтыя дзіўныя людзі, відаць, задавальняліся паветрам, цыркулюючым у сярэдзіне карабля. Ніхто з іх не прыйшоў усцешыцца свежасцю марскога ветрыка.

Першымі вымаўленымі мною словамі былі словы падзякі маім спадарожнікам і верным таварышам. Нэд Лэнд і Кансель выратавалі мне жыццё, калі ў мяне пачалася агонія. Ніякімі словамі нельга было аддзякаваць за гэтую паслугу.

— Хопіць, спадар прафесар, — спыніў мяне Нэд Лэнд, — аб гэтым не варта гаварыць. У нас-жа і заслугі ніякай няма. Гэта было чыста матэматычнае пытанне — ваша жыццё даражэй за наша, значыцца, яго і трэба было захаваць у першую чаргу!

— Не, Нэд, яно не даражэй за ваша! Нічыё жыццё не можа быць каштоўней жыцця добрага і благароднага чалавека, а вы і добры і благародны!

— Добра, добра! — прамармытаў засаромлены канадзец.

— А ты, мой дарагі Кансель, ты дужа пакутаваў?

— Мне не хапала некалькі глыткоў свежага паветра, але я думаю, што хутка прызвычаіўся-б дыхаць і гэткім. Акрамя таго, калі я бачыў, як корчыцца ў муках гаспадар, мне і дыхаць не хацелася. Як гаворыцца ў такіх выпадках, у мяне дыханне сціскала ў...

Засаромлены Кансель змоўк, так і не скончыўшы фразы.

— Сябры мае, — расчулена адказаў я, — перажытыя гадзіны злучылі нас назаўсёды непарушанай дружбай, і вы маеце права патрабаваць ад мяне...

— І патрабуем! — спыніў мяне канадзец.

— Што? — запытаў Кансель.

— Каб спадар прафесар пайшоў за намі, калі мы будзем уцякаць з гэтага праклятага “Наўтылуса”.

— Дарэчы, — запытаў Кансель, — куды накіроўваецца “Наўтылус”? Ці ідзём мы на поўнач?

— Вядома, — адказаў я, — мы-ж ідзём насустрач сонцу, а ў гэтых месцах сонца — гэта поўнач.

— Але цяпер застаецца даведацца, ці накіроўваемся мы ў Атлантычны або Ціхі акіян, гэта значыць у людныя ці ў пустынныя моры, — сказаў канадзец.

На гэтае пытанне я не мог даць адказу. Але я баяўся, што капітан Нэма павядзе свой карабель у той вялізны акіян, які амывае берагі Азіі і Амерыкі. Такім чынам ён закончыць сваё кругасветнае падарожжа і вернецца ў тую частку свету, дзе “Наўтылус” карыстаўся найбольшай воляй.

Але як ажыццявіць план Нэда Лэнда, калі мы зноў апынёмся ў пустынных водах Ціхага акіяна, далёка ад заселеных зямель?

Адказ на гэтае важнае пытанне мы павінны былі атрымаць у самым хуткім часе. “Наўтылус” плыў з вялікай шпаркасцю. Мы хутка мінулі палярны круг і ўзялі курс на мыс Горн.

Трыццаць першага сакавіка каля сямі гадзін увечары мы былі ўжо на траверзе гэтага крайняга пункта амерыканскага сухазем’я.

Да гэтага часу перажытыя пакуты пачалі ўжо забывацца. Страцілі сваю прыкрасць і ўспаміны аб днях няволі ў ільдах Мы думалі толькі аб будучым. Капітан Нэма не паказваўся ні ў салоне, ні на палубе.

Адзнакі, якія штодзённа наносіў на карту памочнік капітана, паказвалі мне курс нашага карабля. У гэты вечар стала відаць, што мы ідзем у Атлантычны акіян.

Я паведаміў Канселю і Нэду Лэнду вынікі сваіх назіранняў.

— Гэта радасная вестка, — сказаў канадзец. — Але куды ідзе “Наўтылус”?

— Пакуль не магу вам сказаць гэтага, Нэд.

— Можа ваш капітан хоча пасля паўднёвага полюса адкрыць паўночны і адтуль прайсці ў Ціхі акіян славутым Паўночна-заходнім праходам?

— Мы-ж у кожным разе не будзем падбухторваць яго! — сказаў Кансель.

— Але мы пастараемся пазбавіць яго нашай прысутнасці раней, чым ён прывядзе ў выкананне свой план, — адказаў канадзец.

— Як-бы там ні было, — заявіў Кансель, — ён малайчына, гэты капітан Нэма, і я на буду шкадаваць аб тым, што пазнаёміўся з ім.

— Асабліва пасля таго, як развітаецеся з ім, — іранічна дадаў канадзец.

На другі дзень, 1 красавіка, калі “Наўтылус” за некалькі хвілін да поўдня падняўся на паверхню мора, мы апынуліся каля нейкага берагу. Гэта была Вогненная Зямля, якая атрымала гэтую назву ад першых даследчых з-за шматлікіх дымкоў, якія курыліся над стрэхамі тубыльскіх халуп.

Вогненная зямля — гэта архіпелаг, які прасціраецца на сто дваццаць кіламетраў у даўжыню і трыста дваццаць у шырыню паміж 53° і 56° паўднёвай шыраты і 67°50´ і 77°15´ заходняй даўгаты. Бераг бліжэйшага да нас вострава быў нізкі, але на кругавідзе відаць былі высокія горы. Я, здаецца, пазнаў гару Сарміента, якая падымаецца на дзве тысячы семдзесят метраў над узроўнем мора. Стромкая вяршыня гэтай гары праракае маракам добрае або дрэннае надвор’е, у залежнасці ад таго, ці вольная яна ад воблакаў, ці ахутана туманам. Так сказаў мне Нэд Лэнд.

— І што-ж, Нэд, барометр аказваецца верным? — спытаў я.

— Надзвычайна верным, спадар прафесар, — адказаў канадзец. — Ён ні разу не ашукаў нас, калі мы ішлі Магеланавай пратокай.

Вяршыня гары ў гэтую хвіліну рэзка вызначалася на сінім фоне неба. Гэта праракала добрае надвор’е.

Апусціўшыся зноў у ваду, “Наўтылус” з вялікай хуткасцю паплыў далей на поўнач.

Увечары мы падышлі да Фалклендскіх астравоў, і калі досвіткам наступнага дня мы ўсплылі на паверхню акіяна, я ўбачыў суровыя вяршыні гор.

Акіян тут быў неглыбокі. Гэта навяло мяне на думку, што абодва галоўных востравы архіпелага і ўсе прылягаючыя да іх маленькія астраўкі ў даўнейшыя часы складалі частку Магеланавай зямлі.

Фалклендскія астравы былі, відаць, адкрыты славутым Джонам Дэвісам, які даў ім назву Дэвісавых паўднёвых астравоў. Значна пазней Рычард Гаўкінс назваў іх астравамі святой Дзевы. У пачатку XVIII стагоддзя маракі з Сен-Мало назвалі гэтыя астравы Малуінскімі ў гонар свайго роднага горада, і, нарэшце, англічане, якім гэтыя астравы належаць і зараз, назвалі іх Фалклендскімі астравамі.

Дзікія гусі і качкі зграямі кружыліся над палубай, і шмат каму з іх прыйшлося ў гэты дзень аздобіць наш абедзены стол. З рыб я звярнуў увагу на касцістых членаў сямейства коўбневых, у асаблівасці на бычкоў-коўбняў даўжынёй у дваццаць сантыметраў, скрозь усеяных бураватымі і жоўтымі плямамі.

Калі зніклі з віду апошнія вяршыні гор Фалклендскіх астравоў, “Наўтылус” апусціўся ў ваду і на глыбіні дваццаці-дваццаці пяці метраў паплыў уздоўж амерыканскіх берагоў.

Капітан Нэма па-ранейшаму не паказваўся.

Да 3 красавіка мы плылі ў патагонскіх водах, то апускаючыся ў акіян, то ўсплываючы на яго паверхню. 4 красавіка “Наўтылус” абмінуў шырокі ліман, створаны дэльтай Ла Платы, і апынуўся на траверзе Уругвая, але за пяцьдзесят міль ад берагу. Ён па-ранейшаму трымаў кірунак на поўнач, ідучы за ўсімі звілінамі берага амерыканскага кантынента. З моманту нашага ўступлення на борт падводнага карабля, у Японскім моры, ён зрабіў шаснаццаць тысяч лье, або шэсцьдзесят чатыры тысячы кіламетраў.

Каля адзінаццаці гадзін раніцы мы перасеклі тропік Казерога на трыццаць сёмым мерыдыяне. Відаць, капітану Нэма, на вялікую непрыемнасць Нэду Лэнду, не падабалася суседства гэтых заселеных месцаў Бразіліі, і ён вёў свой карабель з галавакружальнай хуткасцю. Ніводная рыбіна, ніводная птушка, якімі хуткімі яны ні былі, не маглі ўгнацца за “Наўтылусам”, і таму мы не мелі магчымасці назіраць фауну гэтых мораў.

Аж да 9 красавіка мы ішлі з той-жа шалёнай хуткасцю. Увечары гэтага дня мы апынуліся блізка ля самага ўсходняга пункта паўднёва-амерыканскага сухазем’я — каля мыса Рок. Але тут “Наўтылус” сышоў з курса і на значнай глыбіні паплыў да падводнай лагчыны, якая злучала гэты мыс з Сіера-Леонэ на афрыканскім беразе. Гэтая лагчына раздвойваецца на высаце Антыльскіх астравоў і канчаецца на поўначы вялікай нізінай, якая ідзе ў глыбіню на дзевяць тысяч метраў. У гэтых месцах геалагічны разрэз акіянскага дна да самых Малых Антыльскіх астравоў мае выгляд стромкага ўцёса вышынёю ў шэсць тысяч метраў.

Каля астравоў Зялёнага мыса праходзіць другая, не менш высокая сцяна, якая замыкае з поўдня патануўшае сухазем’е Атлантыды. Дно гэтай вялізнай даліны месцамі ўсеяна горамі, якія робяць асабліва прыгожым падводны пейзаж. Я кажу аб гэтым, галоўным чынам на падставе рукапісных карт, складзеных, відаць, самім капітанам Нэма па непасрэдных назіраннях.

На працягу двух дзён мы наведалі ўсе глыбіні гэтых вод. “Наўтылус” пачаў дзейнічаць сваімі стырнамі глыбіні, робячы вертыкальныя зігзагі. Але 2 красавіка ён раптам усплыў на паверхню, і мы зноў убачылі зямлю ля вусця ракі Амазонкі, прасторная дэльта якой вылівае ў мора столькі вады, што на многа міль ад берагу акіянская вада прэсная.

Мы перайшлі экватар. На дваццаць міль да захаду ад нас засталася Гвінея, французская калонія, дзе мы знайшлі-б добры прытулак. Але вецер дзьмуў з сілай урагана, і шалёныя хвалі не дазвалялі і думаць, каб спусціць на ваду простую шлюпку. Гэта было відавочна нават для Нэда Лэнда, бо ён не пачынаў са мной гутаркі аб уцёках. З свайго боку і я не рабіў ніякіх намёкаў па гэтаму пытанню, каб не штурхнуць яго на бязглуздую спробу, якая немінуча павінна была скончыцца бядой.

Ды гэтая адтэрміноўка мяне і не засмучала, бо я цешыўся цікавымі назіраннямі. На працягу двух дзён — 11 і 12 красавіка — “Наўтылус” увесь час заставаўся на паверхні мора, і невад яго прынёс багаты ўлоў зоафітаў і рыб. Адну з трапіўшых ў невад рыб Канселю суджана было запамятаць надоўга.

Вось як была справа.

Закінуты матросамі невад прынёс у ліку іншых рыб разнавіднасць ската, плоскага і — каб яму адрэзаць хвост — зусім круглага. Скат гэты быў досыць вялікім і павінен быў важыць не менш дваццаці кілаграмаў. Бруха ў яго было белае, спіна бурая, з вялікімі мармуровымі плямамі, з гладкай скурай і двухлопаснымі плаўнікамі. Выкінуты з невада на палубу скат шалёна выкручваўся, спрабуючы перавярнуцца на жывот, і ў сваіх корчах так блізка падкаціўся на край палубы, што яшчэ секунда — і ён зваліўся-б назад у ваду. Але Кансель, якога гэта рыба зацікавіла, кінуўся да яе і, раней чым я паспеў папярэдзіць яго, схапіў яе абодвума рукамі.

У тую-ж секунду ён паваліўся на палубу дагары нагамі, напалову паралізаваны.

Ён закрычаў:

— Ах, гаспадар, гаспадар! Ратуйце!

Гэта быў першы выпадак за ўвесь час нашага знаёмства, калі ён звяртаўся да мяне не як да трэцяй асобы.

Канадзец і я паднялі яго на ногі і пачалі энергічна масіраваць. Калі ён вярнуў магчымасць валодаць сваім целам, гэты вечны класіфікатар прашаптаў слабым голасам:

— Клас рыб, падклас храшчавых рыб, атрад скатаў, сямейства электрычных скатаў, від мармуровых электрычных скатаў...

— Так, мой сябар, — сказаў я, — мармуровы электрычны скат і прывёў цябе ў гэткае гаротнае становішча.

— Гаспадар можа мне паверыць, — адказаў Кансель, — што я адпомшчу гэтаму скату.

— Якім чынам?

— Я яго з’ем!

І ён выканаў сваё абяцанне ў той-жа вечар, але, відаць, толькі дзеля таго, каб адпомсціць, бо мяса ската было агідным на смак.

Няшчасны Кансель сутыкнуўся з самай небяспечнай разнавіднасцю электрычных скатаў.

Гэты дзіўны скат у вадзе — добрым правадніку тока — забівае рыб на адлегласці ў некалькі метраў, настолькі моцны яго электрычны зарад.

Назаўтра, 12 красавіка, “Наўтылус” наблізіўся ўдзень да берагу галандскай калоніі, каля вусця ракі Мароні.

Тут мы ўбачылі некалькі сямействаў ламантынаў. Гэта былі манаты, якія, як дзюгоні, належаць да атрада сірэн, або марскіх кароў. Гэтыя буйныя жывёліны, даўжынёй у шэсць-сем метраў, важаць каля чатырох тысяч кілаграмаў.

Я расказаў Канселю, якую карысную ролю прызначыла мудрая прырода гэтым сысунам: разам з цюленямі яны пасвяцца ў падводных прэрыях, знішчаючы зараслі, якія засмечваюць вусці трапічных рэк.

— Ці ведаеце вы, — дадаў я, — што адбылося з таго часу, як чалавек зусім знішчыў гэтых жывёлін? Гніючыя ў вусцях рэк водарасці атруцілі ваду і паветра, а ў атручаным паветры расквітнела жоўтая трасца, няшчасце гэтых прывабных краін. Атрутныя расліны напоўнілі ўсе ўзбярэжжы трапічных мораў, і гэтая хвароба распаўсюдзілася ад Рыо-дэ-ла-Плата да самай Фларыды.

Калі верыць Туснэлю, гэта яшчэ глупства ў параўнанні з тымі няшчасцямі, якія пагражаюць нашым патомкам, калі будуць знішчаны апошнія цюлені і кіты. Тады моры, якія напаўняюцца медузамі і кальмарамі, зробяцца вялізнымі асяродкамі ўсялякіх інфекцый, бо не будзе больш “гэтых ёмістых страўнікаў, якім прырода дала заданне ачышчаць моры”.

Каманда “Наўтылуса”, відаць, мала верыла ў гэтыя тэорыі і таму не пасаромілася забіць з паўдзесятка гэтых манатаў, мяса якіх значна смачней за ялавічыну. Паляванне на гэтых жывёл было зусім нецікавае — манаты дазвалялі забіваць сябе, не абараняючыся і не спрабуючы ратавацца ўцяканнем. Такім чынам кладоўкі “Наўтылуса” папоўніліся некалькімі тысячамі кілаграмаў мяса, якое ў засушаным выглядзе забяспечыла нас надоўга смачнай ежай.

У гэты-ж дзень арыгінальнае паляванне ў гэтых багатых водах яшчэ больш павялічыла страўныя запасы “Наўтылуса”. У выцягнутых на палубу невадах аказалася некаторая колькасць рыб, галовы якіх канчаліся авальнымі пласцінкамі з мясістымі, загнутымі берагамі. Гэта былі прыліпалы з сямейства макрэлевых рыб. Іхняя авальная пласцінка складаецца з папярочных рухавых храшчыкаў, між якіх гэтая рыба можа ствараць пустату, што дае ёй магчымасць прысосвацца да кожнай паверхні. Нашы матросы ўсіх знойдзеных у невадзе прыліпал зараз-жа адкладалі ў спецыяльна падрыхтаванае вядро з вадою.

Калі рыбная лоўля была скончана, “Наўтылус” наблізіўся да берага да месца, дзе на паверхні вады драмала добрая колькасць буйных марскіх чарапах. Заўладаць гэтымі каштоўнымі марскімі жывёламі было нялёгка, бо яны прачынаюцца ад малейшага шолаху, а іх цвёрды панцыр абараняе іх ад гарпуна. Але з дапамогай прыліпал лоўля чарапах надзвычайна простая справа. Гэтая рыбка — жывы кручок, які ашчаслівіў-бы кожнага рыбалова.

Матросы насадзілі на хвасты прыліпал кольцы, даволі шырокія, каб не перашкаджаць іхнім рухам, і да гэтых кольцаў прывязалі доўгія вяроўкі, другі канец якіх прымацавалі да поручаў палубы.

Прыліпалы, спушчаныя ў ваду, зараз-жа падплылі да чарапах і прыліплі да іхніх панцыраў. Яны так моцна ўчапіліся за іх, што іх лягчэй было разадраць, чым ададраць ад панцыра. Цяпер заставалася толькі пацягнуць за вяроўку, каб выцягнуць на палубу чарапах, да якіх яны прыліплі.

Гэтым паляваннем скончылася наша стаянка ля вусця Амазонкі, і з надышоўшай ноччу “Наўтылус” зноў пайшоў у адкрытае мора.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]