Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
z.viern_-_80_000_kilamietrau_pad_vadoj.docx
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
776.85 Кб
Скачать

Раздзел шаснаццаты Недахоп паветра

Такім чынам, “Наўтылус” з усіх бакоў, зверху і знізу, быў абкружаны непранікальнымі ледзянымі сценамі. Мы былі палоннікамі суцэльных ільдоў.

Канадзец стукнуў вялізным кулачышчам па стале, Кансель маўчаў. Я, не адрываючыся, глядзеў на капітана. Яго твар зноў зрабіўся спакойным. Скрыжаваўшы рукі на грудзях, ён думаў.

“Наўтылус” стаяў нерухома.

Капітан Нэма спакойна загаварыў:

— У тым становішчы, у якім мы цяпер знаходзімся, ёсць два спосабы развітацца з жыццём.

Гэты незразумелы чалавек вёў перад намі прамову з выглядам прафесара матэматыкі, які чытае лекцыю студэнтам.

— Першы — гэта быць раздушанымі ільдзінамі. Другі — памерці ад удушша. Я выключаю зусім небяспеку ад голаду, таму што запасы прадуктаў на “На-уцілусе” безумоўна перажывуць нас. Цяпер узважым нашы шансы на той ці іншы спосаб смерці.

— Я думаю, што нам няма чаго баяцца смерці ад удушша, капітан, — вымавіў я, — паколькі рэзервуары “Наўтылуса” поўныя сціснутым паветрам.

— Гэта правільна, — адказаў капітан, — але яны забяспечваюць нам толькі двухдзённую нармальную патрэбу паветра. А мы ўжо трыццаць шэсць гадзін знаходзімся ў вадзе, і згушчанае паветра ў сярэдзіне карабля патрабуе аднаўлення. Праз сорак восем гадзін запас будзе вычарпаны.

— З гэтага выходзіць, капітан, што мы павінны вырвацца на волю менш як за сорак восем гадзін!

— Мы паспрабуем гэта зрабіць. Паспрабуем свідраваць сцяну ільду.

— З якога боку? — запытаўся я.

— Гэта пакажа нам зонд. Я пасаджу зараз “Наўтылус” на дно нашай ледзяной клеткі, і мае матросы, надзеўшы скафандры, вызначаць, якая з ледзяных сцен найменш шчыльная.

— Ці можна адчыніць акяніцы салона?

— Вядома. Мы-ж не рухаемся цяпер.

Капітан Нэма выйшаў з салона. Неўзабаве пачуўся свіст, які сведчыў пра тое, што ў рэзервуары наліваюць ваду. “Наўтылус” павольна апусціўся на дно сваёй ледзяной клеткі, на глыбіню трыста пяцьдзясят метраў.

— Сябры мае, — сказаў я Канселю і Нэду Лэнду, — мы трапілі ў небяспечнае становішча, але я не сумняваюся, што вы не страціце ўласцівых вам бадзёрасці і энергіі.

— Спадар прафесар можа быць упэўнены, што ў такі момант я не буду лезці да яго са скаргамі і лямантам, — сказаў канадзец. — Я гатоў зрабіць усё, што патрэбна для агульнага збавення.

— Добра сказана, Нэд! — адказаў я, паціскаючы руку канадца.

Дадам, — сказаў ён, — што я таксама добра валодаю кіркаю, як і гарпуном, і калі я магу быць карысным капітану Нэма, ён можа распараджацца мною.

— Не сумняваюся, што ён не адмовіцца ад вашай дапамогі. Хадземце, Нэд.

Я прайшоў разам з канадцам у гардэробную, дзе матросы “Наўтылуса” апраналіся ў скафандры. Я сказаў капітану Нэма аб прапанове канадца. І ён зараз-жа прыняў яго. Нэд Лэнд надзеў скафандр адначасова з усімі матросамі. Кожны з іх начапіў на плечы апарат Рукверойля, напоўнены свежым паветрам з рэзервуараў, — гэта памяншала агульны запас паветра на “Наўтылусе”, але такую страту нельга было лічыць непатрэбнай. Што тычыцца лямп Румкорфа, дык яны былі зусім непатрэбныя ў гэтым ярка асветленым асяроддзі.

Калі Нэд апрануўся ў скафандр, я вярнуўся ў салон, акяніцы якога былі ўжо адчынены. Усеўшыся разам з Канселем ля акна, я пачаў разглядаць ледзяныя сцены, якія абкружалі “Наўтылус”.

Праз некалькі хвілін мы ўбачылі, як дванаццаць чалавек вадалазаў узышлі на ледзяную падлогу. Сярод іх лёгка было пазнаць Нэда Лэнда, які вызначаўся сваім высокім ростам. Капітан Нэма таксама быў у гэтай групе.

Перш чым калоць лёд, ён загадаў прасвідраваць некалькі дробных дзірак, каб выявіць найвыгаднейшы кірунак пралому. Даўгія свердлы былі ўтыркнуты ў бакавыя сцены, але, прасвідраваўшы пятнаццаць метраў ў тоўшчы ільда, яны ўсё яшчэ не дайшлі да вады. Было-б зусім недарэчна спрабаваць сячы столь тунеля, бо гэта была ніжняя паверхня суцэльнага лёду, таўшчынёй не менш як чатырыста метраў. Тады капітан Нэма загадаў свідраваць падлогу тунэля. Выявілася, што ў гэтым кірунку таўшчыня ледзянога пласта не перавышала дзесяці метраў. Трэба было, значыцца, выразаць з гэтага ледзянога поля каля шасці з паловай тысяч кубічных метраў лёду, каб атрымалася адтуліна, скрозь якую “Наўтылус” змог-бы апусціцца ў ніжнія, вызваленыя ад лёду пласты вады.

Да гэтай працы вадалазы прыступілі неадкладна і павялі яе з неаслабнай энергіяй. Капітан Нэма распарадзіўся сячы лёд не непасрэдна пад “Наўтылусам”, што значна ўскладніла-б працу, а ў васьмі метрах лявей корпуса судна. Вадалазы начарцілі гіганцкі авал на лёдзе і ўзяліся за працу ў некалькіх месцах адразу. Іхнія кіркі адначасова ўрэзваліся ў пласт лёду, высякаючы з іх вялікія глыбы. Цікавая дэталь гэтай працы: высечаныя кавалкі, дзякуючы таму, што ўдзельная вага лёду менш як вады, самі ўсплывалі да столі тунеля, які патаўшчаўся настолькі, наколькі патанчалася яго падлога. Але гэта ніколькі не трывожыла нас, бо таўшчыня падлогі ўсё-ж змяншалася!

Нэд Лэнд вярнуўся ў салон, стаміўшыся пасля двухгадзіннай напружанай працы. На змену яму і яго таварышам на лёд выйшла новая партыя матросаў “Наўтылуса”, да якой далучыліся я і Кансель. Памочнік капітана кіраваў нашай працай.

Вада здавалася мне спачатку вельмі халоднай, але, папрацаваўшы кіркай, я хутка нагрэўся. Я не адчуваў ніякага сціску ў руках, не гледзячы на ціск у трыццаць атмасфер.

Вярнуўшыся на “Наўтылус” пасля двух гадзін працы, каб пад’есці і крышку адпачыць, я тут-жа адчуў рэзкую розніцу паміж чыстым паветрам апарата Рукверойля і згушчанай, перанасычанай вуглекіслатой атмасферай “Наўтылуса”. Паветра не аднаўлялася ў сярэдзіне карабля амаль сорак восем гадзін і было ўжо мала прыгоднае для дыхання.

За дванаццаць гадзін бесперапыннай працы мы здолелі высячы з абрысаванага на лёдзе авала пласт таўшчынёй толькі ў адзін метр. Калі кожны наступны метр патрабуе таксама дванаццацігадзіннай працы, нам спатрэбіцца яшчэ пяць начэй і чатыры дні, каб давесці да канца працу.

— Пяць начэй і чатыры дні! — сказаў я сваім таварышам. — А ў нас у рэзервуарах запас паветра ўсяго на двое сутак!

— Не кажучы ўжо пра тое, — дадаў Нэд Лэнд, — што вырваўшыся з гэтай праклятай турмы, мы павінны будзем яшчэ некаторы час ісці пад суцэльным лёдам, не маючы магчымасці падняцца на паверхню.

Заўвага Нэда Лэнда была правільнай. Сапраўды, немагчыма было вызначыць, колькі часу нам неабходна, каб вырвацца на волю, і ці не загінем мы ўсе ад удушша, пакуль “Наўтылус” выберыцца на паверхню вады. Можа нам усім суджана было знайсці сабе магілу ў ільдах...

Наша становішча было сапраўды трагічным. Але мы ўсе глядзелі небяспецы прама ў вочы і рашылі выканаць свой абавязак да канца.

Як я і прадбачыў, за ноч яма ў лёдзе паглыбілася яшчэ на адзін метр. Але ўранні, надзеўшы скафандр, я выйшаў на лёд і заўважыў, што бакавыя сцены тунэля некалькі зблізіліся: пласты вады, якія дакраналіся да іх і не саграваліся працай вадалазаў, замярзалі.

Гэта была новая і грозная небяспека, якая прыводзіла да нуля нашы шансы на збавенне. Як і чым можна было спыніць замярзанне вады і злучэнне сценак тунэля, пагражаўшае раструшчыць “Наўтылус”, як крохкае шкелца?

Я нічога не сказаў сваім таварышам пра гэтую новую небяспеку. Навошта было паралізаваць іх волю, накіраваную на ратунак? Але, вярнуўшыся на борт, я сказаў капітану Нэма аб гэтым сур’ёзным ускладненні.

— Я ўжо заўважыў гэта, — сказаў ён сваім роўным голасам, у якім не адчувалася хвалявання. — Гэта новая пагроза, але я бяссільны папярэдзіць яе. Адзіная наша надзея на выратаванне ў тым, каб выбрацца з пасткі раней, чым вада зледзянее. Вось і ўсё.

Вось і ўсё, — сказаў ён! Я павінен быў ужо прызвычаіцца да яго манеры размаўляць!..

На працягу дня я некалькі разоў выходзіў на лёд і старанна працаваў кіркай. Гэтая праца бадзёрыла мяне. Акрамя таго працаваць — значыла мець магчымасць пакінуць “Наўтылус” і дыхаць свежым паветрам рэзервуараў, замест густой, беднай кіслародам, задушлівай атмасферы карабля. Да вечара яма зрабілася глыбей на адзін метр.

Калі я вярнуўся на борт, я ледзь не задыхнуўся, уцягнуўшы ў лёгкія насычанае вуглекіслатой паветра. Шкада, што ў нас не было хімічных сродкаў для знішчэння гэтага шкоднага для дыхання газа! Кіслароду-ж нам хапала. Ён знаходзіўся ў вялізнай колькасці ў акаляючай нас вадзе, і нам лёгка было здабыць яго, разлажыўшы ваду электрычным токам з нашых батарэй. Я падумаў аб гэтым, але пазней адмовіўся ад гэтай думкі, бо яна не вырашала праблемы выдалення з атмасферы вуглекіслаты, якую мы вылучаем пры выдыханні і якая запоўніла ўсё судна з канца ў канец, Каб паглынуць яго, трэ’ было-б напоўніць вялікія пасудзіны едкім натрам і бесперапынна размешваць яго. Але едкага натра на “Наўтылусе” не было, і замяніць яго мы нічым не маглі.

Увечары капітану Нэма прышлося адчыніць краны сваіх рэзервуараў і выпусціць некалькі кубічных метраў паветра ў атмасферу судна. Каб ён не зрабіў гэтага, мы не прачнуліся-б раніцаю.

На другі дзень, 26 сакавіка, я зноў узяўся за працу гарняка, вырубаючы пяты метр яміны. Бакавыя сцены і столь тунэля значна сціснуліся. Ясна было, што пры такім тэмпе працы яны злучацца раней, чымсь “Наўтылус” паспее вызваліцца. У мяне ледзь кірка не выпала з рук. Навошта было калоць лёд, калі ўсё роўна мы павінны немінуча загінуць ад удушша або быць расціснутымі лёдам у такіх пакутах, якіх не выдумалі-б для сваіх палоннікаў самыя жорсткія дзікуны? Мне здавалася, што я схоплены сківіцамі нейкай жудаснай жывёліны і яны няўхільна сціскаюцца.

У гэтую хвіліну кіраваўшы нашай групай і сам энергічна працаваўшы кіркай капітан Нэма прайшоў каля мяне. Я затрымаў яго і паказаў рукою на сцяну нашай турмы. З боку штырборта яна наблізілася да карабля за ноч не меней як на чатыры метры.

Капітан Нэма зразумеў мяне і зрабіў мне знак следваць за ім. Мы вярнуліся на борт.

Зняўшы скафандр, я прайшоў за ім у салон.

— Спадар прафесар, — сказаў ён, — нам трэба будзе зрабіць якія-небудзь гераічныя захады, або нас замуруюць ільды шчыльней як цэмент.

— Так, — адказаў я, — але што мы можам зрабіць?

— О, — ускрыкнуў ён, — каб толькі мой “Наўтылус” быў настолькі моцным, каб вытрымаць гэты ціск і не расплюшчыцца!

— Дык што было-б тады? — запытаўся я, не разумеючы думкі капітана.

— Няўжо вам не зразумела, што замярзанне вады было-б для нас падмогай? Ператварыўшыся ў лёд вада-ж павінна заняць вялікі аб’ём і немінуча расшчапіць трымаючае нас у палоне ледзяное поле, як расшчэплівае яна, замярзаючы, нават скалы! Няўжо вы не разумееце, што гэта было-б нашым ратункам, а не гібеллю?

— Так, капітан, магчыма. Але якім трывалым ні быў-бы “Наўтылус”, ён не зможа вытрымаць такога страшэннага ціску, і лёд сплюшчыць яго ў тоненькі аркушык.

— І я гэта ведаю, прафесар. Таму я і не спадзяюся больш на дапамогу прыроды, а разлічваю толькі на самога сябе. Трэба, чаго-б яно ні каштавала, перашкодзіць далейшаму замярзанню вады! Трэба яго спыніць! Цяпер ужо збліжаюцца не толькі бакавыя сценкі, але і перад носам і за кармой “Наўтылуса” засталося не больш як па дзесяць футаў вольнай вады. Наша ледзяная клетка звужаецца з усіх бакоў.

— На колькі часу, — запытаў я, — хопіць запасу паветра, які знаходзіцца ў рэзервуарах?

Капітан паглядзеў мне прама ў вочы.

— Паслязаўтра, — сказаў ён пасля нядоўгага маўчання, — рэзервуары апусцеюць!

Я заліўся халодным потам. Між тым гэты адказ не павінен быў здзівіць мяне: 22 сакавіка “Наўтылус” апусціўся ў мора каля полюса. Сёння было 26 сакавіка, — значыцца, мы ўжо пяць дзён жылі за кошт запасаў паветра на “Наўтылусе”. Акрамя таго шмат паветра забіралі падводныя работы.

Цяпер, калі я пішу гэтыя радкі, успаміны аб перажытым так хвалююць мяне, што сударга жаху крывіць маё цела, і я прагна глытаю паветра, як быццам яго не стае маім лёгкім...

Між тым капітан Нэма, задуменны і маўклівы, напружана думаў. Раптам я убачыў, што яго захапіла нейкая думка. Спачатку ён быццам адштурхнуў яе, як відаць, незадаволены. Але потым з яго вуснаў сарваліся словы:

— Кіпяток, кіпяток!

— Кіпяток? — ускрыкнуў я.

— Так, прафесар. Мы замкнуты ў зусім вузкай прасторы. Чаму-б струменямі кіпятку, які выкідалі-б насосы “Наўтылуса”, не падняць тэмпературы акаляючай нас вады і не спыніць працэс яе замярзання.

— Трэба паспрабаваць гэты спосаб, — сказаў я.

— Паспрабуем, спадар прафесар.

Тэрмометр, выведзены за борт, паказваў тэмпературу — сем градусаў ніжэй нуля. Я прайшоў за капітанам Нэма на кухню, дзе стаялі ёмістыя кіпяцільнікі для перагонкі марской вады ў прэсную.

У кіпяцільнікі даверху налілі вады, і ўся сіла электрычных батарэй “Наўтылуса” была пераключана на награванне змеевікоў, скрозь якія праходзіла вада. У некалькі хвілін вада дайшла да пункта кіпення. Насосы пачалі выпампоўваць яе, а на яе месца зараз-жа прылівала новая халодная вада. Цеплыня, якая развівалася электрычнымі батарэямі, была настолькі вялікай, што паступаўшая ў змеявік халодная марская вада выходзіла з яго нагрэтай да ста градусаў.

Пасля трохгадзіннай бесперапыннай работы тэрмометр падняўся на адзін градус і паказваў мінус шэсць градусаў. Яшчэ праз дзве гадзіны тэмпература паднялася да чатырох градусаў ніжэй нуля.

— Падзейнічала, — сказаў я капітану, праверыўшы паказанні тэрмометраў. — Цяпер поспех забяспечаны!

— Так, — адказаў капітан, — і я гэтак думаю. Мы не будзем расціснутыя. Застаецца толькі выратавацца ад пагражаючага нам удушша.

На працягу ночы тэмпература вады паднялася да аднаго градуса ніжэй нуля. Колькі мы ні стараліся падняць яе вышэй, гэта не ўдалося. Ды і не было патрэбы, бо замярзанне спынілася.

Наступнай раніцай, 27 сакавіка, глыбіня яміны ўзрасла да шасці метраў. Заставалася такім чынам высячы толькі чатыры метры. Гэта патрабавала яшчэ сарака васьмі гадзін працы.

Паветра ў сярэдзіне “Наўтылуса” ў гэты дзень не аднаўлялася, бо нязначную рэштку яго ў рэзервуарах капітан Нэма хаваў для падводнай працы. Дыхаць на караблі з кожнай гадзінай рабілася ўсё цяжэй.

Нібы вялікі цяжар ціснуў мне на грудзі. У тры гадзіны па поўдні пакуты зрабіліся нясцерпнымі. Я ўвесь час пазяхаў. Лёгкія мае сударгава ўцягвалі ў сябе паветра, шукаючы ў згушчонай атмасферы “Наўтылуса” атамы жыватворнага кісларода, якога заставалася ўсё меней і меней з кожным удыхам. Мяне ахапіла нейкае здрантвенне, якое паралізавала рухі і мозг. Я ляжаў знясілены, амаль страціўшы свядомасць. Мой добры Кансель, які пакутаваў не менш за мяне, не пакідаў мяне ні на секунду. Ён браў маю руку, надаваў мне бадзёрасці, і я чуў як ён шаптаў:

— Ах, каб я мог не дыхаць, каб захаваць паветра гаспадару!

Слёзы выступілі ў мяне на вачах пры гэтых словах.

Чым цяжэй рабілася дыхаць у сярэдзіне судна, тым з большай ахвотай мы адзявалі скафандры, калі прыходзіла наша чарга працаваць. Кіркі звінелі, утыкаючыся ў лёд. Плечы і спіны нылі ад стомы, рукі пакрываліся мазалямі, але што значылі гэтыя стамленні і боль, калі была магчымасць поўнай грудзямі ўдыхаць свежае паветра, калі можна было дыхаць!

І тым не менш ніхто не заставаўся пад вадою больш, чым трэба было. Адпрацаваўшы свае дзве гадзіны, кожны з нас спяшаўся перадаць свайму пакутуючаму ў душнай атмасферы карабля таварышу збавіцельны рэзервуар з чыстым паветрам. Капітан Нэма першы падаваў прыклад суровай дысцыпліны. Калі канчаўся час працы пад вадою, ён цвёрдым крокам вяртаўся на карабель, у атрутную атмасферу. Твар яго па-ранейшаму быў спакойны і строгі, і ніводная скарга не зрывалася з яго вуснаў.

У той дзень праца ішла з яшчэ большай напружанасцю. Два метры лёду былі высечаны за суткі, і цяпер толькі два метры аддзялялі нас ад вольнай вады. Але рэзервуары паветра былі зусім апустошаныя, і заставаўся толькі той запас, які знаходзіўся ў апаратах Рукверойля.

Калі я вярнуўся на борт і скінуў скафандр, я зараз-жа ледзь не задушыўся. Якую ноч я правёў! Апісаць яе немагчыма — такія пакуты нельга перадаць словамі. Раніцай дыханне маё было сціснута яшчэ больш. Да болю. галавы далучаліся яшчэ частыя галавакружэнні, у часе якіх я хістаўся быццам п’яны. Спадарожнікі мае пакутавалі таксама, як і я. Некаторыя з матросаў ужо хрыпелі.

У гэты шосты дзень нашага палону капітан Нэма. разумеючы, што праца кіркамі надта марудная і запас паветра скончыцца раней, чым яна будзе скончана, рашыў паспрабаваць іншым спосабам прабіць пласт лёду, які аддзяляў нас ад вольнай вады. Гэты чалавек захаваў усю яснасць розуму, энергію і спакойнасць. Напружаннем волі ён прымушаў сябе не заўважаць фізічных пакут. Ён разважаў, вынаходзіў, дзейнічаў.

Па яго загаду з рэзервуараў “Наўтылуса” была выпампавана частка вадзянога баласта. Калі карабель усплыў са дна, яго ўстанавілі ў цэнтры вялізнай авальнай выемкі, выкапанай намі. Тады рэзервуары былі зноў напоўнены, і карабель апусціўся акурат на сярэдзіну выемкі.

Тады ўся каманда вярнулася на борт, і падвойныя дзверы герметычна зачынілі. “Наўтылус” ляжаў цяпер на пласту лёду таўшчынёй не больш аднаго метра, да таго-ж прадзіраўленым у тысячы мясцінах. Тады краны былі шырока адчынены, і рэзервуары зноў даверху напоўніліся вадою, павялічыўшы вагу “Наўтылуса” на сто тысяч кілаграмаў.

Мы прыслухоўваліся і напружана чакалі, забываючыся нават на свае пакуты. Наша збавенне было пастаўлена на карту.

Не гледзячы на моцны шум у вушах, я хутка пачуў, як трашчыць лёд пад корпусам “Наўтылуса”. Трэск гэты ўсё павялічваўся. Мы яўна асядалі ніжэй. Нарэшце пачуўся грукат расколатых пластоў лёду, і “Наўтылус” пачаў апускацца.

— Мы праходзім, — шапнуў мне на вуха Кансель.

Я не мог адказаць яму. Я схапіў яго руку і сударгава сціснуў.

Раптам, пад цяжарам свайго баласта, “Наўтылус” каменем паляцеў на дно.

У момант уся энергія батарэй была пераключана на насосы і вада са свістам пачала вылятаць з рэзервуараў. Прайшло некалькі хвілін, і наша паданне затрымалася, а пасля і зусім спынілася, і стрэлка манометра паказала, што пачаўся пад’ём.

Тут вінт “Наўтылуса” запрацаваў з такой хуткасцю, што ўвесь корпус судна затросся мелкай і частай дрыготай, і мы панесліся на поўнач.

Але колькі часу павінна было працягнуцца гэтае плаванне пад лёдам да адкрытага мора? Яшчэ дзень? Тады я не дажыву да яго канца...

Я ляжаў на канапе ў бібліятэцы. Я задыхаўся. Мой твар пасінеў, вусны зусім счарнелі. Я не мог паварушыць пальцам. Я нічога не бачыў і не чуў, страціў уяўленне аб часе. Мае мускулы страцілі здольнасць скарачацца...

Не магу сказаць, колькі гадзін я праляжаў у такім становішчы. Але ў рэдкія хвіліны прытомнасці я адчуваў, што знаходжуся ў агоніі. Я разумеў, што паміраю...

Раптам я ачуняў. Свежае паветра абмыла мае лёгкія. Няўжо мы вышлі на паверхню вады? Як-жа я не заўважыў, што мы мінулі паласу суцэльных ільдоў?

Не, мы ўсё яшчэ былі пад ільдом! Гэта Кансель і Нэд Лэнд, мае адданыя прыяцелі, ахвяравалі сабою, каб выратаваць мяне. У адным з апаратаў Рукверойля захавалася яшчэ крышку паветра. Замест таго, каб самім удыхнуць яго, яны падаравалі гэтае паветра мне і, задыхаючыся, вярталі мне жыццё! Прачнуўшыся, я хацеў адштурхнуць збавіцельны апарат, але яны затрымалі мае рукі, і на працягу некалькіх хвілін я з вялікай асалодай паглынаў жыватворны газ.

Я паглядзеў на гадзіннік. Было адзінаццаць гадзін раніцы. Наступіла ўжо 28 сакавіка. “Наўтылус” імчаўся са страшэннай хуткасцю — сорак міль у гадзіну, стралой уразаючыся ў ваду.

Дзе быў капітан Нэма? Ці выжыў ён? Ці выратаваліся яго таварышы?

У гэтую хвіліну стрэлка манометра паказвала, што мы знаходзіліся ўсяго за дваццаць футаў ад паверхні мора. Ад вольнага паветра нас аддзяляла толькі тонкае ледзяное поле. Няўжо яго нельга было раскалоць?

Не, можна! У кожным разе “Наўтылус” збіраўся паспрабаваць зрабіць гэта. Я адчуў, што ён апускае карму і паднімае свой востры форштэвень. Даволі было пусціць трохі вады ў рэзервуар на карме, каб судна заняло такое становішча. Потым, штурхнутае ўверх сваім магутным вінтам, яно атакавала ледзяное поле, як вялізны таран. “Наўтылус” настойліва калаціўся ў яго, па некалькі разоў з разбегу ўдараючыся ў адно і тое-ж месца, пакуль, нарэшце, пласт лёду не паддаўся і мы не вынырнулі на паветра, ламаючы сваім цяжарам лёд.

Люк быў адчынены, вярней сарваны, і свежае паветра струменямі хлынула ва ўсе закавулкі “Наўтылуса”...

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]