Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
z.viern_-_80_000_kilamietrau_pad_vadoj.docx
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
776.85 Кб
Скачать

Зундэрлянд. Раздзел дзевятнаццаты Ванікоро

Гэта трагічная сустрэча адкрыла сабой цэлую серыю марскіх катастроф, сляды якіх “Наўтылус” сустрэў на сваім шляху. З таго часу, як мы апынуліся ў больш ажыўленых морах, мы часта пачалі сустракацца з затануўшымі суднамі, якія дагнівалі, вісячы ў вадзе. У больш глыбокіх пластах, на дне нам сустракаліся гарматы, ядры, якары, ланцугі і тысячы іншых жалезных прадметаў, з’едзеных іржавінай.

11 снежня мы наблізіліся да архіпелага Паўмоту, якому Бугенвіль у свой час даў назву “Небяспечнай групы астравоў”; астравы гэтага архіпелага параскіданы на працягу больш двух тысяч кіламетраў са ўсходне-паўднёвага ўсхода на заходне-паўночны захад між 13°3´ — 20°50´ паўднёвай шыраты і 125°30´ — 151°30´ заходняй даўгаты. Крайні ўсходні востраў групы завецца востравам Дзюсі, крайні заходні — востравам Лазарава.

Гэты архіпелаг займае плошчу ў трыста семдзесят квадратных лье і складаецца з пяцідзесяці груп астраўкоў, у ліку якіх знаходзіцца і група Гамб’е, належачая Францыі. Астравы гэтыя — каралавыя. Павольная, але несупынная праца паліпаў падымае іх з вады і раней ці пазней злучыць паміж сабою. Потым гэты новы востраў злучыцца з бліжэйшымі архіпелагамі, і паміж Новай Зеландыяй і Новай Каледоніяй, з аднаго боку, і Маркізскімі астравамі — з другога, узнікне новае сухазем’е.

У той дзень, калі я развіў гэтую тэорыю перад капітанам Нэма, ён холадна адказаў мне:

— Зямля адчувае патрэбу не ў новых сухазем’ях, а ў новых людзях!

Выпадкова курс “Наўтылуса” ішоў міма вострава Клермон-Тонера, аднаго з цікавейшых ва ўсім архіпелагу, адкрытага ў 1882 годзе капітанам “Мінеўры” Бэлем. Гэтая выпадковасць дазволіла мне азнаёміцца з дзіўнымі калоніямі мадрэпор, якім абавязаны жыццём астравы гэтай часткі Ціхага акіяна.

Мадрэпоры, якіх не трэба змешваць з караламі, з’яўляюцца тканінай, пакрытай вапеннай абалонкай. Розніца ў структуры іх абалонкі дала Мільн-Эдвардсу, майму славутаму настаўніку, магчымасць падзяліць іх на пяць груп. Гэтыя мікраскапічныя жывыя істоты, выдзяленні якіх ствараюць паліпнякі, мільярдамі жывуць у сваіх ячэйках. З выдзяляемай імі вапны вырастаюць скалы, кручы, астраўкі і астравы. Тут яны ствараюць вапнавы абруч, акружаючы лагуну, альбо маленькае возера, якое злучаецца з морам праз падводныя шчыліны; там яны будуюць бар’еры з скал, падобныя да тых, якія аблямоўваюць берагі Новай Каледоніі, альбо цэлыя астравы, як напрыклад, архіпелаг Паўмоту. У іншых месцах, напрыклад на астравах Маўрыкія, яны ўзводзяць зубчатыя скалы, высокія стромкія сцены, ля падножжа якіх глыбіня акіяна вельмі значная.

Мы плылі на адлегласці некалькіх кабельтоваў ад падножжа вострава Клермон-Тонера, і я не спыняўся захапляцца грандыёзнай працай, зробленай драбнюткімі будаўнікамі.

Кансель задаў мне пытанне, колькі часу патрабуе ўзвядзенне гэткай сцяны, і надзвычайна быў здзіўлены, калі я паведаміў яму, што вучоныя вылічылі, што за год вышыня сцяны вырастае на тры міліметры.

— Значыцца, для таго, каб пабудаваць гэтую сцяну вышынёй у трыста метраў...

— Патрабавалася сто тысяч гадоў, сябар мой Кансель! Выходзіць, што біблія занадта амаладзіла зямлю. Апрача таго, біблійскія сцвярджэнні робяцца яшчэ менш праўдападобнымі, калі ўспомніць, якія велізарныя тэрміны патрабуюцца для таго, каб дапатопныя лясы ператварыліся ў каменны вугаль!

Калі “Наўтылус” выплыў на паверхню акіяна, я змог разглядзець ва ўсіх дробязях гэты востраў Клермон-Тонер, ледзь выступаючы з вады і зарослы густым лесам. Яго вапнавая глеба была заплоднена, мусіць, гураганамі і бурамі. Калісьці якое-небудзь зерне, падхопленае гураганам на суседняй зямлі, упала на яго глебу, угноеную рэшткамі рыб і водарасцяў. Следам за тым бурныя хвалі выкінулі на яго какосавы арэх, вырасшы на пальме, што знаходзілася за тысячы міль. Зерні далі парасткі, выраслі дрэвы. Дрэвы затрымлівалі выпарэнні. Узніклі раўчакі. Расліннасць пачала пашырацца. Якія-небудзь жучкі, чарвякі, закінутыя сюды дрэвамі, якія бура прынесла з бліжэйшай зямлі, былі першымі жыхарамі вострава. Затым чарапахі сталі закопваць у берагавы пясок свае яйкі. Птушкі звілі гнёзды на маладых дрэвах. Паступова развілося жывёльнае царства. Нарэшце, прываблены свежай зелянінай і багаццем жывёлы, сюды перасяліўся чалавек.

Гэтак на гэтых астравах, створаных працай мікраскапічных жывёлінак, пачынала расквітаць жыццё.

Пад вечар Клермон-Тонер знік у аддаленні, і “Наўтылус” рэзка змяніў свой курс.

Дайшоўшы да тропіка Казерога пад 135° даўгаты, ён накіраваўся на захад — паўночны захад, астаючыся ўнутры трапічнай зоны. Хаця праменні трапічнага сонца былі занадта гарачыя, мы зусім не цярпелі ад гарачыні: на трыццаць — сорак метраў пад узроўнем мора тэмпература вады не перавышала дзесяць-дванаццаць градусаў.

15 снежня мы прайшлі з заходняга боку прывабныя астравы Таварыства і прыгожы востраў Таіці, перл Ціхага акіяна. Раніцай я здалёк убачыў высокія горныя верхавіны гэтага вострава.

У яе вадзе мы злавілі некалькі добрых рыб — макрэлей, тунцоў — і разнавіднасць марской змяі — двухколерную пеламіду.

“Наўтылус” прайшоў восем тысяч сто міль. У той дзень, калі мы праплылі каля архіпелага Тонга-Табу, дзе загінулі каманды “Арго”, “Порт-о-Прэнс” і “Дзюк-оф-Портлэнд”, лаг “Наўтылуса” адзначыў дзевяць тысяч семсот дваццатую пройдзеную мілю.

Затым мы абышлі астравы Фіджы, дзе дзікуны забілі каманду карабля “Юніён” і капітана Бюро, камандзіра “Ласкавай Жазефіны”. Гэты архіпелаг цягнецца на чатырыста кіламетраў з поўначы на поўдзень і трыста шэсцьдзесят ад усходу на захад, між 6° і 2° паўднёвай шыраты і 144° заходняй даўгаты. Ён складаецца з раду астравоў, астраўкоў і скал, буйнейшыя з якіх — Віці-Леву, Вануа-Леву і Кандубон.

Гэтыя астравы былі адкрыты Тасманам у 1643 годзе, у тым-жа годзе, калі Тарычэлі вынайшоў барометр, а Людовік XIV уступіў на прастол Францыі. У 1714 годзе іх наведаў Кук, у 1793-м — д’Антркасто, і нарэшце ў 1827 годзе Дзюмон-Дзюрвіль разблытаў увесь гэты геаграфічны клубок.

“Наўтылус” наблізіўся да бухты Ваілеа, памятнай па жахлівых прыгодах капітана Дзілона, які першым выявіў тайну пагібелі караблёў Лаперуза.

Мы некалькі разоў закідвалі драгу на дно гэтай бухты і выцягнулі шмат вустрыц. Мы жэрлі з прагнасцю, расчыняючы іх па рэцэпту Сенекі36 тут-жа за сталом. Вустрычная мяліна бухты Ваілеа была вельмі значнай па размерах.

Кожная вустрыца дае да двух мільёнаў яек, і вустрычныя расады, вядома, хутка запоўнілі-б бухты, каб не тысячы ворагаў, якія не даюць вустрыцам множыцца.

Калі Нэд Лэнду не давялося пашкадаваць аб сваім пражэрстве, дык толькі таму, што вустрыцы — адзіная страва, якая не выклікае нястраўнасці. Сапраўды трэба з’есці не менш шаснаццаці тузінаў гэтых безгаловых малюскаў, каб праглынуць тыя трыста пятнаццаць грамаў азоцістых рэчаў, з якога павінен складацца дзённы рацыён дарослага чалавека.

25 снежня “Наўтылус” плыў сярод астравоў Нова-Гебрыдскага архіпелага, адкрытага Квірасам у 1606 годзе, даследаванага Бугенвілем у 1768 годзе, і якому Кук даў яго сучасную назву ў 1773 годзе. Гэты архіпелаг складаецца з дзевяці вялікіх астравоў, і раду дробных і цягнецца паласой у чатырыста восемдзесят кіламетраў з паўночна-паўночнага захаду на паўднёва-паўднёвы ўсход, паміж 15° і 2° паўднёвай шыраты і 164° і 168° даўгаты. Мы прайшлі даволі блізка ад вострава Ватэ. У час палудзённых назіранняў шыраты я выйшаў на палубу і ўбачыў гэты востраў. Ён быў пакрыты суцэльным лясным масівам, увенчаным вельмі высокім горным пікам.

Я не бачыў капітана Нэма ўжо дзён восем. Нарэшце раніцай 27 снежня ён выйшаў у салон і кіўнуў галавой з выглядам чалавека, які разлучыўся з вамі не больш як пяць хвілін таму. У гэты час я шукаў на карце шлях “Наўтылуса”.

Капітан падышоў да стала, апусціў палец на карту і вымавіў толькі адно слова:

— Ванікоро.

Гэта слова прагучэла, як стрэл. Гэта была назва маленькага вострава, дзе загінулі караблі Лаперуза!

Я ўскочыў на ногі.

— “Наўтылус” трымае курс на Ванікоро?

— Так, прафесар, — адказаў капітан.

— І я здолею наведаць гэты славуты востраў, дзе разбіліся “Бусоль” і “Астралябія”?

— Калі пажадаеце.

— Калі-ж мы прыйдзем у Ванікоро?

— Мы ўжо прышлі, прафесар.

У суправаджэнні капітана Нэма я падняўся на палубу і стаў прагна ўглядацца ў кругавід.

На паўночным усходзе відаць былі два астравы, бясспрэчна вулканічнага паходжання. Іх акружаў каралавы бар’ер, даўжынёй прыблізна сорак міль. Мы знаходзіліся перад востравам Ванікоро, ля ўваходу ў маленькі порт Вану, які знаходзіцца пад 16°4´ паўднёвай шыраты і 164°32´ усходняй даўгаты. Востраў парос лесам ад берагу акіяна і да самай верхавіны гары Капога, вышынёй дзевяцьсот дваццаць метраў.

“Наўтылус”, увайшоўшы праз вузкую пратоку ўнутр каралавага бар’ера, апынуўся за лініяй прыбою, у гавані глыбінёй пяцьдзесят-шэсцьдзесят метраў. Пад ценем высокіх пальмаў я ўбачыў некалькі дзікуноў, якія з велізарным здзіўленнем сачылі за нашым набліжэннем. Яны, мусіць, прымалі чорны верацянападобны корпус “Наўтылуса” за велізарнага кіта і палахліва наглядалі за яго рухамі.

Капітан Нэма запытаў мяне ў гэтую хвіліну, што я ведаю аб гібелі Лаперуза.

— Тое, што вядома ўсяму свету, капітан, — адказаў я.

— Вельмі добра. Але ці не можаце вы паведаміць мне тое, што вядома ўсяму свету? — не без іроніі запытаў капітан Нэма.

— Вельмі ахвотна, — адказаў я.

І я расказаў яму змест паведамленняў Дзюмон-Дзюрвіля.

Вось коратка гэтыя факты.

Лаперуз і яго памочнік капітан дэ-Ланэль у 1785 годзе былі пасланы Людовікам XVI у кругасветнае плаванне на двух карветах — “Бусоль” і “Астралябія”.

У 1791 годзе французскі ўрад, устрывожаны доўгай адсутнасцю караблёў Лаперуза, наладзіў выратоўчую экспедыцыю ў складзе двух фрэгатаў — “Вышук” і “Надзея”, якія вышлі ў плаванне з Брэста 28 верасня пад камандай Бруні д’Антркасто. Праз два месяцы ўрад даведаўся з паказанняў нейкага Боўэна, капітана карабля “Эльбермейль”, што нейкія адломкі крушэння ён бачыў ля берагоў Паўночнай Георгіі. Але д’Антркасто, не ведаючы пра гэтае паведамленне, дарэчы кажучы, досыць няпэўнае, працягваў свой шлях да астравоў Адміралцейства, якія ў рапарце капітана Гунтэра паказваліся, як месца крушэння карветаў Лаперуза.

Пошукі д’Антркасто не мелі поспеху.

“Вышук” і “Надзея” прайшлі міма Ванікоро, не спыняючыся. Плаванне было дужа нешчаслівым, бо каштавала жыцця самому д’Антркасто, двум яго памочнікам і многім матросам экспедыцыі.

Першым на бясспрэчныя сляды крушэння караблёў Лаперуза натрапіў стары марскі воўк, капітан Дыльён. 15 траўня 1824 года яго карабель “Святы Патрык” спыніўся ля вострава Тыкопія, які належыў да Новагебрыдскай групы. Там адзін тубылец прадаў яму срэбны эфес шпагі, на якім яшчэ відаць былі сляды нейкага выразанага надпісу. Той-жа тубылец паведаміў Дыльёну, што шэсць гадоў назад ён бачыў на Ванікоро двух еўрапейцаў з суднаў, якія разбіліся аб рыфы недалёка ад таго вострава шмат гадоў назад.

Дыльён здагадаўся, што гаворка ідзе пра караблі Лаперуза, знікненне якіх хвалявала ўвесь свет. Ён рашыў адправіцца на Ванікоро, дзе, па словах тубыльца, хаваліся шматлікія сляды крушэння. Але вятры і цячэнне не далі яму выканаць гэтае жаданне.

Дыльён вярнуўся ў Калькуту. Там ён здолеў зацікавіць сваім адкрыццём Азіяцкае таварыства і Ост-Індскую кампанію, і яму далі карабель, які атрымаў назву “Вышук”.

23 студзеня 1827 года, суправаджаемы французскім прадстаўніком, Дыльён адплыў з Калькуты.

Пасля раду прыпынкаў у розных пунктах Ціхага акіяна, 7 чэрвеня 1827 года “Вышук” кінуў якар у той самай гавані Вану, дзе цяпер знаходзіўся “Наўтылус”.

Тут Дыльён знайшоў шматлікія рэшткі крушэння, — якары, прылады, блокі, камнямёт, васямнаццаціфунтавае ядро, зламаныя астранамічныя прылады і нарэшце бронзавы звон з надпісам: “Мяне адліў Базен”, кляймом Брэсцкага арсенала і датай “1785”. Цяпер сумненням не заставалася месца.

Дыльён, каб сабраць больш доказаў, заставаўся ў Ванікоро да кастрычніка 1827 года. Затым ён падняў якар і праз Новую Зеландыю адправіўся ў Калькуту, куды і прыбыў 7 красавіка 1828 года. З Калькуты Дыльён выехаў у Францыю, дзе яго вельмі ласкава сустрэлі.

У гэты час Дзюмон-Дзюрвіль, камандзір карабля, названага “Астралябіяй” у гонар загінуўшага карабля Лаперуза, нічога не ведаючы аб адкрыцці Дыльёна, працягваў пошукі слядоў катастрофы зусім у іншым кірунку: са слоў аднаго кітабоя яму стала вядома, што ў дзікуноў Новай Каледоніі і Лузіяды бачылі медаль і ордэн св. Людовіка.

Праз два месяцы пасля таго, як Дыльён пакінуў Ванікоро, Дзюмон-Дзюрвіль кінуў якар ля Гобарт-Тоўна. Толькі тут ён даведаўся пра ўдачу Дыльёна. Тут-жа ён азнаёміўся з паказаннем нейкага Джэймса Гобса, памочніка капітана карабля “Юніён” з Калькуты. Гэты Гобс сцвярджаў, што прыстаўшы да вострава, які знаходзіцца пад 8°18´ паўднёвай шыраты і 156°30´ усходняй даўгаты, ён бачыў у тубыльцаў жалезныя палосы і кавалкі тканіны.

Дзюмон-Дзюрвіль, збянтэжаны гэтымі супярэчлівымі звесткамі, і не ведаючы ці можна ім давяраць, рашыўся ўсё-такі адправіцца па слядах Дыльёна.

10 лютага 1828 года “Астралябія” падышла да вострава Тыкопія, забрала на борт у якасці лоцмана жыўшага тут збеглага матроса і ўзяла курс на Ванікоро. Падышоўшы да вострава 12 лютага, “Астралябія” заставалася за межамі яго каралавага кальца дзевяць дзён і толькі 20 лютага ўвайшла ў гавань Вану.

23-га “Астралябіі” прынеслі некалькі малакаштоўных абломкаў крушэння. Тубыльцы адмовіліся паказаць месца крушэння і на ўсе пытанні адказвалі незразуменнем і няведаннем. Такія падазроныя паводзіны тубыльцаў навялі на думку, што яны дрэнна абыходзіліся з пацярпеўшымі крушэнне; і сапраўды, тубыльцы, як відаць, баяліся, што Дзюмон-Дзюрвіль з’явіўся, каб адпомсціць за гібель Лаперуза і яго няшчасных спадарожнікаў.

Але 26 лютага, спакушаныя абяцаннямі падарункаў і ўпэўніўшыся, што ім не пагражае помста, тубыльцы паказалі памочніку капітана, Жакіно, месца крушэння.

Там, на глыбіні чатырох-пяці метраў, між скаламі Паку і Вану, ляжалі якары, гарматы, жалезныя і свінцовыя чушкі баласта, якія пакрыліся ўжо вапнавымі адкладамі. Шлюпкі “Астралябіі” накіраваліся да гэтага месца і з вялікімі цяжкасцямі паднялі з дна якар, які важыў тысячу восемсот фунтаў, гармату, страляючую васьміфунтавымі ядрамі, адну свінцовую чушку і два медных камнямёты.

Дзюмон-Дзюрвіль, апытаўшы тубыльцаў, даведаўся, што Лаперуз, згубіўшы абодва свае караблі ля берагоў вострава, пабудаваў з абломкаў іх трэці маленькі карабель, выйшаў у адкрытае мора і загінуў без звестак...

Камандзір “Астралябіі” загадаў тады пабудаваць над ценем мангіфер помнік адважнаму мораплаўцу і яго таварышам.

Гэта была простая чатырохсценная мураваная піраміда на каралавым п’едэстале. Ні кавалка жалеза не пайшло на гэты помнік, каб у тубыльцаў не было спакусы яго разбурыць.

Пасля гэтага Дзюмон-Дзюрвіль хацеў зараз-жа здымацца з якара. Але каманда “Астралябіі” была знясілена трасцай, карай гэтых месцаў, ды і сам ён быў хворы. Таму ён мог адправіцца назад толькі 17 сакавіка.

Між тым французскі ўрад, баючыся, што Дзюмон-Дзюрвіль нічога не ведае аб адкрыцці Дыльёна, паслаў у Ванікоро карвет “Байёнезку” пад начальствам Легоарана дэ Тромелена. “Байёнезка” кінула якар ля берагоў Ванікоро праз некалькі месяцаў пасля адплыцця “Астралябіі”, не знайшла ніякіх новых дакументаў, але ўпэўнілася, што дзікуны пашкадавалі помнік Лаперузу.

Вось усё, што я мог паведаміць капітану Нэма.

— Значыцца, — сказаў ён мне, — па гэты дзень нікому невядома, дзе загінуў гэты трэці карабель, пабудаваны пацярпеўшымі крушэнне на Ванікоро?

— Ніхто не ведае гэтага.

Капітан Нэма нічога не адказаў мне, але знакам прапанаваў ісці следам за ім у салон. “Наўтылус” спусціўся на некалькі метраў у глыбіню, і жалезныя акяніцы рассунуліся.

Я кінуўся да акна і пад каралавымі адкладамі і зараснікамі зоафітаў і водарасцяў, сярод мноства сноўдаючых ва ўсе бакі рыб, я заўважыў адломкі крушэння, якія не былі выцягнуты драгамі: якары, гарматы, мачты, ланцугі, ядры. Усё гэта зарасло жывымі кветкамі зоафітаў.

І ў той час, як я разглядаў гэтыя трагічныя адломкі, капітан Нэма з сумам у голасе сказаў:

— Экспедыцыя капітана Лаперуза адплыла ад берагоў Францыі 7 снежня 1785 года на карветах “Бусоль” і “Астралябія”. Яна зайшла спачатку ў Батані-Бай, на востраў Тонга, на Новую Каледонію, затым накіравалася ў Сандра-Круцу і спынілася на Намука, востраве, які належыць да Гавайскай групы. Нарэшце караблі Лаперуза падышлі да невядомых скал Ванікоро. Карвет “Бусоль”, які ішоў наперадзе, напароўся на рыфы на паўднёвым беразе. “Астралябія” паспяшалася да яго на дапамогу і ў сваю чаргу таксама наляцела на рыф. Першы карвет загінуў амаль умомант. Другі, сеўшы на мель пад ветрам, змагаўся некалькі дзён. Тубыльцы аказалі досыць добры прыём пацярпеўшым крушэнне. Яны абсталяваліся на востраве і пачалі будаваць маленькі карабель з адломкаў двух вялікіх карветаў. Некалькі матросаў добраахвотна засталіся ў Ванікоро. Астатнія, стомленыя хваробамі, знясіленыя, паехалі з Лаперузам у напрамку да Саламонавых астравоў і там загінулі ўсе да аднаго ля галоўнага вострава групы, між мысамі Расчаравання і Задавальнення.

— Але адкуль вы гэта ведаеце? — ускрыкнуў я.

— Вось што я знайшоў на самым месцы апошняга крушэння!

І капітан Нэма паказаў мне бляшаную шкатулку, на крышцы якой быў выбіты герб Францыі. Шкатулка ўся праржавела ў салёнай вадзе. Ён расчыніў яе, і я ўбачыў пачак пажоўклых, але захаваўшыхся дакументаў.

Гэта была інструкцыя марскога міністра капітану Лаперузу з уласнымі адзнакамі Людовіка XVI па краях!

— Вось гэта смерць, вартая марака! — сказаў капітан Нэма. — Ён ляжыць у спакойнай каралавай магіле, і я быў-бы дужа рады, каб у маіх таварышоў і ў мяне была такая самая магіла.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]