
Васіль быкаў
Імя Васіля Быкава зрабіла беларускую літаратуру вядомай у свеце, праславіла Беларусь. Найвялікшай заслугай В. Быкава перад сусветнай літаратурай стаў праўдзівы паказ асобы на мяжы чалавечых магчымасцей.
Васіль Уладзіміравіч Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 г. у вёсцы Чарапоўшчына Ушацкага – цяпер Лепельскага – раёна Віцебскай вобласці. Да вайны ён вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы – хацеў стаць скульптарам. Але ляпіць чалавека ўрэшце стаў у слове.
Літаральна з першых дзён вайны ён апынуўся ў віры самых суровых падзей. Ваяваў у артылерыі і пяхоце, быў два разы паранены. Жорсткасць ваеннага лёсу вызначылі трагічны светапогляд пісьменніка і драматычны пафас яго творчасці.
Дэбютаваў пісьменнік ў 1949 г. апавяданнямі “У той дзень” і “Першы бой”, у якіх развенчваў франтавую рамантыку. Але потым доўга не друкаваўся, і апавяданні, выдадзеныя ў 1956 г., прагучалі як першыя. Сапраўдная ўдача пісьменніка – аповесць “Жураўліны крык” (1960). Аповесць уяўляе сабой як бы серыю партрэтаў салдат 1941 года, апавядае пра апошні дзень іх жыцця, дапоўнены экскурсамі ў іх мінулае. Падкрэслена будзённая, пазбаўленая вонкавай паэтыкі, аповесць тым не менш надзвычай трагічная. Сінтэз звычайнага і трагічнага будзе з таго часу прыкметнай адзнакай быкаўскага стылю.
Надзвычай густа і адчувальна паказаны франтавы быт у выдатнай аповесці “Трэцяя ракета” (1962). Тут, як ні ў якім іншым творы В.Быкава пра вайну, раскрыта сувязь паміж гераічным і звычайным. Пісьменнік прадэманстраваў глыбокае веданне псіхалогіі салдата, уменне перадаць у арганічным адзінстве драматызм падзей і драматызм унутранага жыцця герояў. Праўда вайны раскрываецца і дакладным адлюстраваннем трагічнага яе боку, і паказам гуманізму, бескарыслівасці савецкіх людзей, і перадачай атмасферы франтавога таварыства. У апавядальным маўленні аўтара – і гэта яго адкрыццё – выразна адчуваецца сінтэз эпічнасці, драматычнасці, лірызму.
Мастацкая індывідуальнасць В. Быкава выразная і сталая. У чымсьці самым істотным яна паўтараецца з твора ў твор, але паўтараецца кожны раз інакш, раскрываючы новыя грані. Так было ў “Жураўліным крыку”, “Здрадзе”, “Трэцяй ракеце”, “Альпійскай баладзе”, “Мёртвым не баліць”, “Круглянскім мосце”, “Праклятай вышыні”. Апошнія тры творы жорстка крытыкаваліся за паклёп на партызан, за “барацьбу ва ўласным акопе”, за “лабараторны рэалізм”. Але творы мастацтва неабходна судзіць па законах, выбраных самім пісьменнікам. Сюжэты В. Быкава носяць, як правіла, лакальны характар, у аснове кожнага з іх стаіць пэўная канкрэтная праблема. Напрыклад, у аповесці “Круглянскі мост” гэтая праблема надзвычай сур’ёзная: якія сродкі могуць быць выкарыстаны для дасягнення мэты? Чытачоў і крытыкаў, хутчэй за ўсё, уразіла як бы “здрада” пісьменніка сваёй тэме, гарантаванай біяграфічным вопытам аўтара, і пераходам да тэмы партызанскай, жыццёвы матэрыял якой не быў яму вядомы. Сапраўды, у “партызанскіх” аповесцях сустракаюцца сэнсавыя неадпаведнасці і сюжэтныя выпадзенні, немагчымыя ў “франтавых” творах. Але пісьменнік застаецца верны маральна-філасофскім праблемам вайны, пры гэтым сэнсавы акцэнт перамяшчаецца з вонкавых абставін на ўнутраны змест асобы, пра што выдатна засведчыла самая вядомая, бадай, аповесць В. Быкава – “Сотнікаў” (1971 г.).
У аповесці “Сотнікаў” сутыкаюцца дзве жыццёвыя канцэпцыі, супрацьстаяць прынцыповасць і прагматызм.
Два партызаны – Рыбак і Сотнікаў – выходзяць з лесу, каб здабыць ежу для галодных, напалову акружаных ворагам таварышаў. Пасля розных перыпетый і адносін з мясцовым насельніцтвам абодва трапляюць у палон. На допыце Сотнікаў трымаецца мужна, а Рыбак вырашае абхітрыць немцаў і астацца жыць. Гэта яму ўдаецца, але яго адразу робяць паліцэйскім. І крок за крокам ён ідзе па шляху здрады.
Аповесць у свой час выклікала бурную палеміку, і сёння таксама ўспрымаецца па-рознаму – як і кожны значны твор. Героі – не аднамерныя, нельга сказаць, што адзін – ва ўсім станоўчы, другі – адмоўны. Сотнікаў – чалавек адукаваны і выхаваны, з цвёрдымі ўнутранымі перакананнямі, думкі і пачуцці якога падпарадкаваны пэўным прынцыпам. Усё мінулае Рыбака – прыстойнае існаванне натуральнай, непатрабавальнай натуры чалавека: жыве ён так, як гэта дыктуецца звыклым ходам рэчаў. Выпрабавання смерцю ён не вытрымлівае. У яго не хапае духу застацца стойкім у такой сітуацыі, калі выбар вельмі жорсткі: прынцыпы і смерць або беспрынцыпнасць і жыццё. Рыбак яшчэ ўнутрана не дарос да разумення, што прынцыпы могуць быць даражэй за жыццё, і па гэтай прычыне ён шукае кампрамісаў. Калі ён дапамагае немцам вешаць Сотнікава, то ўдзельнічае зноў-такі ў натуральнай, з яго пункту гледжання, сітуацыі, якая дыктуецца ў дадзены момант мацнейшым ворагам. Такога паняцця, як маральная перамога над ворагам, для яго не існуе. Перамогу і паразу ён успрымае проста, у фізічным плане: або ты знішчаеш, або цябе знішчаюць.
Сёння аповесць “Сотнікаў” ацэньваецца як прытча, у якой ставяцца вечныя праблемы чалавечага існавання: яна нагадвае біблейскі сюжэт пра Хрыста і здрадніка Юду. Пры шматзначнасці сітуацый і вобразаў аповесць сцвярджае максімалізм духоўных патрабаванняў, вечны маральны закон жыцця.
Тое, што гуманізм вечна жывы і духоўна творчы, нават у час вайны, сцвярджаюць аповесці В. Быкава “Абеліск”, “Яго батальён”, “Пайсці і не вярнуцца”, “Дажыць да світання”. У аповесцях пісьменнік гаворыць пра шматлікасць формаў народнага гераізму, пра складанасць барацьбы ва ўмовах надзвычай жорсткага акупацыйнага рэжыму, які дыктаваў своеасаблівыя, часам нават парадаксальныя, на цяперашні погляд, паводзіны чалавека.
Значны крок у творчасці пісьменніка – аповесць “Знак бяды” (1982 г.), для якой характэрна філасофска-псіхалагічнае і сацыяльна-гістарычнае асэнсаванне сувязі часоў, так што і гэты твор набывае характар прытчы, а яе героі Пятрок і Сцепаніда Багацькі ўспрымаюцца як своеасаблівыя варыянты нацыянальнага характару беларуса, персаніфікуюць розныя віды яго менталітэту. За аповесць “Знак бяды” В.Быкаў атрымаў Ленінскую прэмію (1986) – фактычна самую высокую тады прэмію СССР. Дзяржаўная прэмія СССР (1974), некалькі прэстыжных іменных літаратурных прэмій, званне Героя Сацыялістычнай Працы (1984), народнага пісьменніка БССР (1980) – за ўсю дзейнасць пісьменніка, яго ідэйна-эстэтычныя пошукі ў жанры аповесці. В. Быкаў садзейнічаў далейшай драматызацыі літаратуры, набліжаў мастацкую творчасць да жыццёва-дакументальнай першаасновы, развіваў такія неад’емныя якасці беларускай прозы як філасафічнасць, аналітычнасць, псіхалагізм.
Аповесці В. Быкава пабудаваны на перасячэнні найважнейшых каардынатаў чалавечага быцця. Раманы “Карьер” (1985 г.), аповесці “У тумане” (1988 г.), “Аблава” (1989 г.), “Сцюжа” (1991) падсумоўвалі творчыя здабыткі пісьменніка, паглыбляліся ў беларускую гісторыю, развенчвалі рэпрэсіі 30-х гг. Як сёння бачыцца, творы таго часу не былі пазбаўлены некаторай прамалінейнасці, пэўнай схематычнасці – гісторыя, пасля адкрыцця шмат якіх дакументаў, усё ж аказалася больш складаная, чым бачылася тады пісьменніку. Праўда, неабходна памятаць, што творчасць В. Быкава зусім не аднаўляе пэўныя гістарычныя падзеі, а гаворыць перш за ўсё пра чалавека ў складаных жыццёвых, часта неверагодных, абставінах; пры гэтым літаратуры абавязкова ўласцівая так званая мастацкая ўмоўнасць. Крытыкі пішуць пра экзістэнцыялізм прозы В.Быкава ў гэты час, пра нарастанне ў ім адчування ўсё большай абсурднасці быцця. У многім творчасць пісьменніка садзейнічала змяненню каштоўнасцей савецкага чалавека, спрыяла выспяванню нацыянальнай самасвядомасці беларуса, што вынікла, урэшце, у стварэнні, пасля развалу СССР, нашай найвялікшай каштоўнасці – незалежнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь.
У 90-я гады ХХ ст. і ў пачатку нулявых гадоў ХХІ ст. многія ідэйныя рысы творчасці В.Быкава набываюць яшчэ большую вастрыню. Своеасаблівым запаўненнем нішаў беларускай гісторыі сталі зборнікі апавяданняў і прытчаў “Сцяна”, “Пахаджане”, аповесці “Пакахай мяне, салдацік”, “Балота”. Яны не набылі такой шырокай вядомасці, як творы савецкага часу, таму, што сітуацыя ў краіне змянілася, змянілася і стаўленне да кнігі – людзям стала не да чытання, тым больш чытання твораў складаных, часта трагічных, – трагізму стала зашмат у жыцці.
У гэты час В. Быкаў звяртаецца да абнаўлення нацыянальнай эстэтычнай традыцыі алегарычна-сімвалічнага паказу рэчаіснасці ў “Байках жыцця”, аповесцях “Труба” і “Ваўчыная яма”. У канцы жыцця В.Быкаў моцна хварэе, часта выязджае за мяжу, жыве даволі доўга ў розных краінах Еўропы, але ўрэшце ўсё ж вяртаецца ў родную Беларусь. Памёр пісьменнік у 2003 г. у Мінску.