
Іван шамякін
Сёння, у час зусім не паэтычны, не гуманітарны, а хутчэй рацыянальны, тэхналагічны, ужо цяжка ўявіць, якой каласальнай папулярнасцю на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў карысталася творчасць майго бацькі – Івана Шамякіна. Старэйшае пакаленне ўспамінае яго кнігі з любасцю, больш за тое, мне часта, нават цяпер, не кажучы ўжо пра савецкі час, прыходзілася чуць, што многія чытачы беларускую літаратуру ведалі і любілі дзякуючы Шамякіну, з беларускіх пісьменнікаў чыталі менавіта яго.
Пасля смерці Шамякіна (2004 г.) на ўрадавым узроўні было вырашана выдаць навукова-масавае выданне яго Збору твораў у 23 тамах. Навукоўцы, якія рыхтуюць выданне, а сярод іх акадэмікі, дактары навук, прызнаюцца, што Шамякін сёння прачытваецца па-новаму, і ў творчасці яго адкрываюцца нябачныя раней глыбіні, хоць даследчыкі заўсёды адзначалі яго вострую сацыяльнасць, крытычнасць, выдатнае валоданне псіхалагічным аналізам і пры гэтым цудоўнае сюжэтнае майстэрства, якое нязменна трымала чытачоў у напружанні. Акадэмік Уладзімір Гніламёдаў назваў Шамякіна “летапісцам дзвюх эпох” – савецкай і постсавецкай. І сапраўды, Шамякін, як ніхто, адлюстраваў самае карэннае і галоўнае ў жыцці беларусаў на працягу пасляваеннага пяцідзесяцігоддзя.
Нарадзіўся Іван Пятровіч Шамякін 30 студзеня 1921 г. у вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Маці яго была з багатай сялянскай сям’і, бацька – з беднай. Бацька ў 1920-я гады стаў лесніком. Сям’я часта пераязджала. Нейкі час Пятру Шамякіну прыйшлося служыць у лесе каля вялікай вёскі Церуха Гомельскага раёна. Там у пятым класе Іван вучыўся з будучай сваёй жонкай – Машай Кротавай. Потым яны сустрэліся ўжо ў Гомелі, дзе ён быў студэнтам тэхнікума будаўнічых матэрыялаў, а яна займалася ў медвучылішчы. У 1940 г. Маша стала яго жонкай. Каханне да Марыі, маёй маці, Іван пранёс праз усё жыццё, увасобіў яе ў шматлікіх жаночых, надзвычай абаяльных, вобразах сваіх раманаў і аповесцей. Асабліва паэтычна ён апісаў юнацкае каханне ў аповесці “Непаўторная вясна”, якая ўжо на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў нязменна ўключаецца ў школьныя праграмы па літаратуры.
У 1940 г. Шамякіна прызвалі ў войска. Служыў ён у Мурманску, на зенітнай батарэі, дзе і сустрэў вайну. Вялікую Айчынную прайшоў, як гаворыцца, “ад званка да званка”. Разам са сваім дывізіёнам перамяшчаўся з Поўначы ў Польшчу, затым у Германію. Там пачаў пісаць. Першая аповесць “Помста” адразу выклікала цікавасць, была надрукавана ў 1946 г. Тады ж Іван Пятровіч дэмабілізаваўся, вярнуўся да сям’і, настаўнічаў, пісаў свой першы раман – пра партызан Гомельшчыны: на аснове аповедаў блізкіх жонкі, звязаных з партызанамі. У 1950 г. раман “Глыбокая плынь” быў адзначаны Сталінскай прэміяй.
І. Шамякін – не толькі майстра сюжэту, ён вызначаецца і надзвычай ўдалымі загалоўкамі сваіх твораў. У 2005 годзе, да 60-годдзя Перамогі, на студыі “Беларусфільм” рэжысёр М. Касымава зняла фільм паводле раманаў І. Шамякіна “Глыбокая плынь” і “Снежныя зімы”. Кінастужка атрымала назву “Глыбокая плынь”, і ўжо ва ўмовах іншага часу, праз дзесяцігоддзі пасля заканчэння вайны, яе назва ўяўляецца нават больш сімвалічнай, чым у канцы 40-х гадоў, – дзякуючы напластаванню розных культурных сэнсаў. Само слова “плынь” вызначае дынаміку і пастаянную змену падзей. “Глыбіня” выклікае цэлы ланцуг асацыяцый: “глыбокі” – значыць, важны, неадназначны, мудры. Назва – на гэты раз кінастужкі – нагадвае і пра ўсенародную барацьбу, у якой, безумоўна, не ўсё было адназначна, і пра імклівыя змены ў нашым сённяшнім грамадстве: яны не асабліва і заўважаюцца, а тым больш не заўсёды асэнсоўваюцца ў будзённай, заўсёды павярхоўнай, плыні жыцці, але на самай справе – выключна дынамічныя і для ўважлівага, пранікнёнага, позірку вызначальныя ў фарміраванні будучай культурна-сацыяльнай парадыгмы ХХІ стагоддзя.
Пасля поспеху “Глыбокай плыні” былі іншыя раманы, якія прыносілі ўсё большую папулярнасць пісьменніку, – “У добры час”, “Крыніцы”, “Трывожнае шчасце”. Апошні – пенталогія, складаўся з 5 аповесцей, менавіта аповесць “Непаўторная вясна” стала пачаткам рамана. Пенталогія – адзін з лепшых твораў беларускай літаратуры пра вайну і пра каханне, пра вернасць, чалавечую сардэчнасць, абавязак, патрыятызм. Твор і сёння вельмі добра чытаецца. А назва яго стала крылатай. Сам аўтар асабліва любіў менавіта гэты раман, таму што ён найбольш аўтабіяграфічны. Апошняя аповесць пенталогіі “Мост” расказвае пра надзвычай цяжкае, але тым не менш радаснае жыццё ў першы год пасля вайны. Бадай, пра пасляваенную беларускую вёску больш праўдзівага твора ў беларускай літаратуры няма.
Велізарную папулярнасць у СССР набыў раман “Сэрца на далоні” (1964 г.). Назва твора выяўляе цеплыню чалавечых адносін – увогуле яскравую асаблівасць твораў Шамякіна. У рамане своеасабліва пераплецены падзеі жыцця беларусаў пачатку 60-х гг. – і перыяду Айчыннай вайны; справы інтэлігентаў, тагачаснай бюракратыі, рабочых – са справамі падпольшчыкаў у час акупацыі. Выключна ўдалы вобраз – жывое чалавечае сэрца былой падпольшчыцы Зосі Савіч на далоні хірурга Антона Яраша – робіць назву твора адной з лепшых у беларускай літаратуры, ды, бадай, і ў савецкай таксама. Я пазней неаднаразова сустракала такую ж назву ў публіцыстыцы – нарысах, артыкулах журналістаў. Сэрца на далоні – сімвал дзейснага гуманізму.
Яшчэ адзін маштабны твор І. Шамякіна – “Атланты і карыятыды” (1974) – пра архітэктараў. Назва – таксама сімвалічная. Як вядома, атланты і карыятыды – гэта калоны ў выглядзе антычных скульптур, якія падтрымліваюць стрэхі збудаванняў. У міфалогіі Атлант трымаў на сваіх плячах Неба, уласна, увесь Сусвет. Раман – пра людзей, на якіх трымаецца грамадства, яго культура. Паказальна, што пэўныя ідэі, выказаныя героямі твора (а значыць, аўтарам) адносна горадабудаўніцтва, рэалізуюцца ўжо толькі ў наш час, а некаторыя і да сёння не рэалізаваныя. Раман атрымаўся, як заўсёды ў Шамякіна, чытабельны, сюжэтна напружаны. Цікава, што беларускія архітэктары раптам высветлілі, што “Атланты і карыятыды” – адзіны пра іх значны твор у беларускай літаратуры – так, як медыкі найбольш цэняць “Сэрца на далоні”.
У 70-я гады ўзрастае непрыняцце пісьменнікам шмат якіх з’яў у тагачаснай савецкай рэчаіснасці. Адчуванне трагізму ў функцыянаванні грамадства выявіў раман “Вазьму твой боль” (1979). Раман скіраваны супраць раўнадушша людзей, абывацельскай псіхалогіі. Выдатны фільм паводле рамана зняў наш знакаміты рэжысёр Міхаіл Пташук, а галоўную ролю Івана Батрака сыграў адзін з самых таленавітых акцёраў сучаснасці Уладзімір Гасцюхін. Амаль усе творы Шамякіна экранізаваныя. Гэтая экранізацыя – з ліку найбольш удалых. Ёсць і іншыя, напрыклад “Гандлярка і паэт” па аднайменнай аповесці (рэжысёр Самсон Самсонаў). У свой час аповесць у прэсе грамілі, сёння яе ацэньваюць выключна высока, як твор наватарскі. Праўда, наватарскімі былі, уласна кажучы, амаль усе творы Шамякіна. Ён, скажам, аўтар адзінага ў беларускай прозе маштабнага рамана пра трагедыю Чарнобыля – “Злая зорка” (1987 г.).
Дастаткова актыўна працаваў пісьменнік ў 90-я гады і на пачатку новага стагоддзя – да самай смерці. А сёння даследчыкі са здзіўленнем канстатуюць, што лепш Шамякіна пра “ліхія 90-я” ніхто не напісаў. Праўда, з добрага, надзвычай чалавекалюбівага аўтара ён стаў бязлітасны, выкрывальны, магчыма, нават залішне крытычны.
З 1948 г. Шамякін з сям’ёю жыў у Мінску, дзе ўжо і я нарадзілася (усяго ў Шамякіных было чацвёра дзяцей, мой брат Саша памёр у 1991 г.). Іван Пятровіч вучыўся ў Вышэйшай партыйнай школе, дваццаць шэсць гадоў быў першым сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі, дзесяць гадоў – галоўным рэдактарам Беларускай энцыклапедыі імя П.Броўкі, стаў акадэмікам. Увогуле розных ганаровых прэмій і званняў меў шмат: Герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат Сталінскай прэміі, некалькіх Дзяржаўных прэмій Беларусі, Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, рознага роду іменных літаратурных прэмій, узнагароджаны ці не трыццаццю (разам з ваеннымі) ордэнамі і медалямі. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і СССР, Старшынёй Вярхоўнага Савета БССР, Старшынёй Беларускага камітэта міру і інш. Сам Шамякін ужо ў канцы жыцця з усёй сваёй надзвычай актыўнай грамадскай дзейнасці найбольш цаніў работу ў Саюзе пісьменнікаў, свой клопат пра калег: ганарыўся, што адных кватэр для пісьменнікаў “выбіў” у чыноўнікаў каля 200. Сапраўды, гады, калі СП кіравалі Максім Танк і Іван Шамякін, – залаты час для пісьменнікаў.
Кнігі Шамякіна выдаваліся на 57 мовах. Толькі ў Кітаі выйшла больш за 10 кніг Шамякіна – самі кітайскія перакладчыкі прызнаваліся, што з усіх беларускіх, нават савецкіх пісьменнікаў, ім найбольш спадабаўся менавіта Шамякін.
Кнігі, бясспрэчна, забываюцца, але ўсё ж паспрабуем памятаць, што ў нашых сённяшніх поспехах ёсць доля і пісьменніка Шамякіна, які сваімі творамі з добрымі і чалавекалюбівымі героямі выхоўваў дзядоў і бацькоў сённяшняга маладога пакалення беларусаў.