Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
БІЯГРАФІЯ НА ФОНЕ ЭПОХІ.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
216.58 Кб
Скачать

Кандрат крапіва

Прызнаны класік беларускай літаратуры Кандрат Крапіва (Кандрат Кандратавіч Атраховіч) працаваў у самых розных жанрах: драматургіі, паэзіі, прозе, крытыцы, перакладзе, быў выдатным вучоным-моваведам, стваральнікам шматлікіх слоўнікаў: беларуска-рускага, руска-беларускага, тлумачальнага. Найперш ён вядомы як сатырык і гумарыст, які яскрава ўвасобіў уласцівы для беларусаў здаровы гумар, у цэлым смехавую культуру народа. Тройчы быў узнагароджаны Дзяржаўнымі прэміямі, у 1956 г. яму прысвоена званне народнага пісьменніка Беларусі.

К. К. Атраховіч нарадзіўся 22 лютага (5 сакавіка) 1896 г. у вёсцы Нізок Уздзенскай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерніі (цяпер Дзяржынскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і.

Закончыў царкоўна-прыходскую школу, гарадское вучылішча ў Стоўбцах, затым такое ж вучылішча ў мястэчку Койданава (цяпер Дзяржынск), атрымаў званне народнага настаўніка. Выкладаў нядоўга, бо ў 1915 г. яго забралі ў войска. З Гатчынскай школы прапаршчыкаў выйшаў афіцэрам. Трапіў на фронт у кастрычніку 1916 г. Дэмабілізаваўся як настаўнік у 1918 г. У роднай вёсцы перажыў нямецкую акупацыю, затым польскую. Пасля ўстанаўлення савецкай улады быў прызваны ў Чырвоную Армію, удзельнічаў у баях супраць бандаў Булак-Балаховіча.

Пісаць пачаў з газетных карэспандэнцый, вершаў і фельетонаў на бытавыя і палітычныя тэмы. Дэмабілізаваўшыся ў 1923 г., паехаў да бацькоў у Нізок – ужо з маладой жонкай і сынам. Але з 1925 г. Атраховіч з сям’ёй канчаткова перабраўся ў Мінск, тут жа акунуўшыся ў вір надзвычай тады бурлівага літаратурнага жыцця: працавалі розныя літаратурныя суполкі, творчыя аб’яднанні, маладыя паэты спрачаліся са старымі, актыўна наступалі, сцвярджаючы сябе, свае погляды на мастацтва. Інтэнсіўна працаваў і Крапіва, які ўзяў сабе “пякучы” псеўданім з-за сатырычнага напрамку творчасці. Адна за адной выходзяць яго кнігі: “Асцё”, “Крапіва”, “Біблія”, “Апавяданні”, “Байкі”. Сваёй творчасцю ён сцвярджаў у беларускай літаратуры новыя жанры, новыя тэмы і сюжэты.

Не ўсе творы Крапівы 20-х гг. аказаліся даўгавечныя: большасць сатырычных вершаў і баек выкліканы да жыцця канкрэтнымі праблемамі свайго часу. Сам Крапіва, адчуўшы недастатковасць тэарэтычнай падрыхтоўкі, паступіў у БДУ – ужо сталым чалавекам і прызнаным пісьменнікам. Усё ж вялікая частка яго творчай спадчыны стала значным набыткам гісторыі культуры, трывала ўвайшла ў народную свядомасць.

У адрозненне ад сваіх залішне ўзнёслых і лозунгавых калег – так званых маладнякоўцаў – Крапіва пісаў проста і зразумела для простага чалавека, смела ўводзячы ў паэзію бытавыя рэаліі жыцця. Напрыклад, у вершы “Ціт заводзіць новы быт” (1923 г.) апавядаецца, як селянін прыбраў у хаце, выгнаў адтуль свіней, не б’е больш жонку, бо савецкая ўлада гэта забараняе, а таму і выведзены ў вершы як прыклад.

Але самым каштоўным, што стварыў Кандрат Крапіва ў 20-я гады, былі, бясспрэчна, байкі. І да Крапівы на Беларусі байкі пісалі Ф. Багушэвіч, Я. Купала, Я. Колас. Але толькі ў творчасці Крапівы байка дасягнула сапраўднага росквіту і мастацкай дасканаласці. У беларускай літаратуры як байкапісец ён не ведае сабе роўных.

Звычайна Крапіва браў сюжэты, як і ў вершах, з вясковага побыту, але сэнс паказанай сітуацыі выходзіў за межы сялянскага жыцця – такая ўласцівасць байкі: яна праз канкрэтны факт, выпадак раскрывае сутнасць пэўнай з’явы ў яе, так бы мовіць, універсальнасці. Шмат якія байкі сталі класікай: “Дзед і баба”, “Сука ў збане”, “Дыпламаваны баран”, “Махальнік Іваноў”, “Сава, Асёл ды сонца”, “Жаба ў каляіне”, “Ліслівае цяля” і інш. Для кожнага з персанажаў аўтар знаходзіў трапныя азначэнні, словы, якія дакладна акрэслівалі партрэты, уласцівасці натуры. Многія творы выраслі з прыказак, маюць іх эпіграфамі, напрыклад, у байкі “Саманадзейны конь” такі эпіграф: “Вялікаму каню – вялікі хамут”, а да байкі “Кувада” пра ныцікаў і малавераў паэт узяў наступнае народнае выслоўе: “Карова целіцца, а ў быка зад баліць”. Увогуле байкі Крапівы сапраўды народныя: тут выкарыстоўваюцца не толькі фальклорныя сродкі формы, але і выяўляецца народны погляд на рэчы. Некаторыя выразы з яго баек, у сваю чаргу, шырока пайшлі ў народ, напрыклад, пра неадукаваных самаўпэўненых дурняў мы гаворым словамі Крапівы: “Другі баран – ні бэ, ні мя, // А любіць гучнае імя”. У сваіх творах паэт выкарыстоўваў самыя розныя сродкі камічнага: сарказм, з’едлівую іронію, вясёлы гумар, добрую ўсмешку.

Не сакрэт, што сёння наша мова страшна збяднела, стала нівеліраванай, стандартнай, англізаванай. Звяртанне да насычанай фразеалагізмамі паэзіі Крапівы ў многім дапамагло б аднавіць слоўнік народнай мовы, зрабіла б яе больш яркай, вобразнай, а значыць, больш даходлівай. Добрае валоданне мовай дапамагае ў любой працы.

Выдатным майстрам сатыры паказаў сябе Крапіва і ў прозе, стварыўшы ў 20-я гады шмат апавяданняў, у аснове якіх – часта анекдатычныя выпадкі. У іх Крапіва высмейваў розныя праявы ўласніцкай псіхалогіі. Але найбольш поўна яго талент празаіка раскрыўся ў рамане “Мядзведзічы” (1932 г.). Працаваў над кнігай Крапіва ў час калектывізацыі, вострай барацьбы на вёсцы, і гэта наклала адбітак на кнігу. Сёння яна мае значную гістарычную і этнаграфічную цікавасць, паказвае магчымасці беларускай прозы ў рэалістычным адлюстраванні жыцця.

У 1934 г. Крапіва нараджаецца як драматург: была пастаўлена першая яго п’еса – драма “Канец дружбы”. З таго часу іншыя жанры адышлі ў творцы на другі план. П’есы Крапівы карысталіся вялікім поспехам, ставіліся на сцэне многіх тэатраў СССР. Толькі ў Беларускім акадэмічным тэатры імя Я.Купалы спектаклі па яго п’есах паказвалі каля васьмісот разоў.

У п’есе “Канец дружбы” аўтар вырашае праблемы маралі – дружбы, прынцыповасці, ідэйнасці. Здаецца, сёння п’еса была б не да месца, састарэла. Якраз наадварот. У любым грамадстве цэніцца вернасць слову, ідэалам маладосці, таварыскасці, а двурушніцтва не вітаецца.

Наступная п’еса – драма “Партызаны” (1937 г.) – апавядае пра змаганне з інтэрвентамі на Беларусі ў час грамадзянскай вайны.

Аднак найбольшы поспех прынесла Крапіве камедыя “Хто смяецца апошнім” (1939 г.), якая па праву лічыцца адной з лепшых у еўрапейскай камедыяграфіі ХХ ст. Звыш васьмідзесяці тэатраў ставілі п’есу, пасля вайны яе экранізавалі, прычым ігралі і ў спектаклях, і ў кіно карыфеі беларускай сцэны: П.Глебаў, А.Рахленка, З. Браварская, А.Ржэцкая. Камедыя і сёння гучыць надзённа, хоць змяніўся і час, і сацыяльны лад, і людзі. Канфлікт п’есы народжаны непрымірымасцю інтарэсаў сапраўдных працаўнікоў і карыслівых, эгаістычных інтарэсаў прыстасаванцаў. Супрацьстаяць паміж сабою сумленныя людзі, сапраўдныя вучоныя – і кар’ерысты, махляры ў навуцы. Адзін з такіх прайдзісветаў – Гарлахвацкі – трапляе на пасаду дырэктара інстытута геалогіі. Тут ён дзейнічае даволі паспяхова, выкарыстоўваючы падхалімаў тыпу Зёлкіна. Дэмагагічна жангліруючы рэвалюцыйнымі фразамі, Гарлахвацкі шальмуе таленавіта вучонага прафесара Чарнавуса, запалохвае і тэрарызуе сумленнага, але вельмі баязлівага вучонага Тулягу. Тады, ва ўмовах рэпрэсій, лёгка было паклёпнічаць на чалавека. Драматургу трэба было мець вялікую грамадзянскую смеласць, каб выкрываць адмоўныя з’явы часу. Хоць у прынцыпе канфлікт п’есы – на ўсе часы: заўсёды ёсць зайздроснікі, двурушнікі, паклёпнікі, шантажысты, якія ва ўмовах канкурэнцыі знішчаюць сумленных людзей, а тыя, як правіла, не ўмеюць абараніць сябе. Праўда, Туляга ў рэшце рэшт знаходзіць у сабе сілы і з дапамогай сяброў умела выкрывае прыстасаванца і невука Гарлахвацкага. Але на тое і жанр камедыі ў літаратуры, каб паказваць арыгінальныя і дасціпныя выхады з рознага роду драматычных ці недарэчных сітуацый.

К.Крапіва ўдзельнічаў у савецка-фінскай вайне 1940 г., а потым у Вялікай Айчыннай вайне. Такім чынам, ён – удзельнік чатырох войнаў. У 1945 г. напісаў яшчэ адну сатырычную камедыю – “Мілы чалавек”, якая выклікала шмат спрэчак. З’явілася, відаць, не ў час: народ прагнуў героікі, а тут – сатыра. Але ў гераічныя эпохі, калі народ мабілізуе ўсе свае рэзервы, прайдзісветы тыпу Жлукты (персанаж п’есы) – асабліва небяспечныя.

Пасля вайны Крапіва працягваў пісаць камедыі і драмы (“Пяюць жаваранкі”, “Зацікаўленая асоба” і інш.). Найбольшы поспех яму прынесла філасофска-фантастычная камедыя “Брама неўміручасці” (1974 г.) – аб вынаходніцтве эліксіру несмяротнасці. Поспех навукі ставіць вельмі складаныя маральна-этычныя праблемы, у прыватнасці: хто мае права на несмяротнасць? Нягледзячы на ўмоўнасць канфлікту, персанажы намаляваны яскрава, з непаўторнымі індывідуальнымі рысамі – як заўсёды ў Крапівы.

Пражыў К. Крапіва доўга (памёр у 1991 г.) і ўспрымаўся як сапраўдны патрыярх у літаратуры, несумненны аўтарытэт сярод пісьменнікаў. Гумарыст і сатырык у творчасці, ён у жыцці быў маўклівым, нешматслоўным, нават змрочным чалавекам. Скажам, ён ведаў таямніцу смерці Я.Купалы, але панёс яе з сабой у магілу, так і не выдаўшы, як бы яго не распытвалі. І працаваў да канца ў Акадэміі навук, нягледзячы на слабыя вочы. Прыклад сапраўднага майстра ў літаратуры і выдатнага вучонага.