
Біяграфія на фоне эпохі
БЕЛАРУСКІЯ КЛАСІКІ
ЯНКА КУПАЛА
Вопыт развіцця некаторых краін і рэгіёнаў на мяжы стагоддзяў (Японія, Кітай, ісламскі свет) паказвае, што самыя сучасныя тэхналогіі, літаральна прарывы ў навуцы і тэхніцы дасягаюцца на аснове беражлівага і любоўнага стаўлення народаў да сваёй уласнай культурнай спадчыны. Так і беларусам варта лепш ведаць уласны, родны Беларускі Свет. А пачынаць неабходна з ведання выдатных людзей Беларусі.
Продкі Купалы (сапраўднае прозвішча Луцэвіч) вядомыя з ХVII ст. Род гэты шляхецкі, зямлю атрымаў ад Радзівілаў, але дакументаў, каб пацвердзіць дваранскае паходжанне, у дзеда Купалы – Ануфрыя – не знайшлося. 45 гадоў цягнулася справа ў царскай Расіі! За гэты час новы ўладальнік зямлі князь Вітгенштэйн сагнаў Луцэвічаў з роднага гнязда, дзе яны жылі ўжо некалькі стагоддзяў. З таго часу продкі Купалы пачалі пераязджаць з месца на месца і ўсё больш бяднелі.
Я.Купала нарадзіўся 7 ліпеня 1882 г. у вёсцы Вязынка каля Радашковічаў, у цяперашнім Маладзечанскім раёне. Стаўшы паэтам, Іван Дамінікавіч Луцэвіч возьме сабе псеўданім – Янка Купала, па назве народнага свята – Купалля, у дзень якога ён нарадзіўся.
У маладосці Я.Купала памяняў шмат прафесій. Закончыўшы Беларускае народнае вучылішча, ён пасля смерці бацькі у 1902 г. працаваў на гаспадарцы, быў хатнім настаўнікам, пісарам у судовага следчага, малодшым прыказчыкам у памешчыка, рабочым на бровары, урэшце супрацоўнікам беларускай газеты “Наша Ніва” і адначасова бібліятэкарам бібліятэкі “Веды” ў Вільні.
У 1909-1913 гг. вучыўся на агульнаадукацыйных курсах А.С.Чарняева ў Пецярбургу. Стаў рэдактарам “Нашай Нівы” ў 1914-1915 гг., але газета закрылася, калі фронт Першай сусветнай вайны падступіў да горада. Таму Купала выехаў у Маскву, дзе вучыўся ў народным універсітэце А.Л.Шаняўскага. У студзені 1916 г. быў прызваны ў войска. Служыў у Мінску, Полацку, Смаленску. У 1919 г. канчаткова пераехаў у Мінск, дзе жыў да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. На вуліцы Я.Купалы ў Мінску, на ўзбярэжжы Свіслачы, знаходзіцца музей Я.Купалы, які стаіць на месцы загінуўшага ў вайну дома паэта. У музеі можна ўбачыць макет гэтага дома, пабудаваны савецкай уладай, – ён даволі вялікі. Тут Купала жыў з маці і жонкай Уладзіславай Францаўнай Але нярэдка ў ім гасцявалі ці нават падоўгу жылі маладыя, прыехаўшыя з правінцыі, паэты, якія шырока карысталіся гасціннасцю сям’і. Пад час вайны Купала эмігрыраваў у Казань і Маскву, дзе трагічна загінуў у гасцініцы “Масква” 28 чэрвеня 1942 г. Да гэтага часу смерць Я.Купала лічыцца таямніцай, хоць, хутчэй за ўсё, была абумоўлена прыступам нервовай хваробы.
Пачаў пісаць Я.Купала на польскай мове, але хутка перайшоў на беларускую. Першы надрукаваны верш на беларускай мове – “Мужык” – апублікаваны ў мінскай газеце “Северо-Западный край” 15 мая 1905 г. Яшчэ да рэвалюцыі Купала публікуе тры паэтычныя зборнікі – “Жалейка” (1908 г.), “Гусляр” (1910 г.), “Шляхам жыцця” (1913 г.), а таксама асобныя паэмы. У савецкі час яго творы выходзілі ледзь не штогод. У пачатку ХХ ст., у час беларускага нацыянальнага адраджэння, Купала і Колас успрымаліся асветнікамі, будзіцелямі беларускага народа, яго песнярамі, выразнікамі нацыянальнага духу. У савецкі час яны ўжо – прызнаныя класікі, якія аказалі каласальны ўплыў на станаўленне і развіццё беларускай літаратуры ХХ – пачатку ХХІ стст.
Літаратуразнаўцы лічаць, што найбольш значныя свае творы Я.Купала стварыў у дарэвалюцыйны час. Асноўная тэма яго лірыкі – паэтызацыя вобраза мужыка-працаўніка, беларускага народа як мужыцкага. Мужык і беларус для паэта – словы-сінонімы. “Я – мужык-беларус, пан сахі і касы”, - гаворыць Купала ад імя яго героя. Звышзадача творчасці Я.Купалы нашаніўскага перыяду (бо ў асноўным друкаваўся ў “Нашай Ніве”) – абудзіць мужыкоў да гістарычнай творчасці, згуртаваць іх у грамаду, зрабіць актыўнымі. У яго паэзіі шмат заклікаў, пабуджальных слоў, але ёсць і роздум, журбота, перажыванні з прычыны цяжкай долі свайго народа. Такім чынам, лірыка Купалы багатая на самыя розныя пачуцці. Рамантычнасць найбольш характарызуе творчасць песняра.
Акрамя мужыка, героем паэзіі Купалы стала і яго радзіма, ўвасобленая ў вобразе маладой дзяўчыны, якая ў той жа час сімвалізуе вясну, а значыць, адраджэнне жыцця (вершы “Маладая Беларусь”, “Ужо днее”). У той жа час паэту балюча ўсведамляць, што на яго бацькаўшчыне былі перыяды не толькі росквіту, але і заняпаду. Ён бярэцца вярнуць народу напалову забытыя (як і сёння) скарбы культуры.
У пейзажных вершах Я.Купалы поўна казачных дзіваў – лесуноў, русалак, хохлікаў. З фальклорных вобразаў часта сустракаюцца і прарочыя птушкі (сокал, жаўранак, сарока) – сувязныя паміж Небам і Зямлёй, увасабленне вольналюбства, непакорнасці, мужнасці народа, а таксама прастораў жыцця. Сярод вобраза-сімвалаў у творах найбольш часта сустракаецца курган – сапраўды, прыкметная асаблівасць айчыннага ландшафту, і крыж – знак лёсу, цярпення, нават смерці, але ў той жа час – шляху да ўваскрэсення.
Вельмі трагічныя дарэвалюцыйныя паэмы Я.Купалы – “Зімою”, “У піліпаўку”, ”Калека”, “Адплата каханню”, “Курган”, “Бандароўна”, “Сон на кургане”, “Адвечная песня”. Тут выразна прасочваецца апазіцыя – жыццё-смерць. Глыбокія філасофскія ідэі Я.Купала агортвае ў нацыянальную форму. Большасць герояў паэм гіне. На першы погляд правіць баль у творах смерць – яна ўспрымаецца як з’ява памежная, што абсалютна раздзяляе два светы (жывых і памерлых), абясцэньвае зямное быццё. На самай справе думка на жыццё і смерць у паэта народная: смерць – неабходны момант існавання, за ёю жыццё зноў уладарыць і працягваецца. Асабліва паказальны ў гэтым плане эпізод з ранняй паэмы “На куццю”, дзе мёртвыя ацэньваюць жывых. Канчатковая выснова наконт жывых беларусаў мёртвага князя (на самай справе аналага язычніцкага бога Рода) такая: “На ўмруць, не ўмруць ужо яны, // Раз хочуць сонца, славы, песні”. Смерць становіцца ў заўсёды пераможны рад жыцця, у агульную іерархічную карціну свету, і ні для кога не з’яўляецца істотным канцом. Пры гэтым пастаянным клопатам паэта застаецца клопат пра душу чалавечую.
Паэмы Я.Купалы выяўляюць ўсю сістэму духоўных уяўленнях эпохі, суму духоўнага вопыту самога аўтара. Думка Я.Купалы найперш скіраваная ў мінулае, якое ўключае ў сябе ўстойлівую культурную традыцыю, але менавіта духоўныя каштоўнасці праецыруюцца ў будучае – такім чынам адбываецца своеасаблівая стыкоўка часоў. Філасофскія аспекты паэм Я.Купалы робяць яго творчасць глыбока актуальнай, надзённай для нашага часу.
Я.Купала – фактычны заснавальнік айчыннай драматургіі. Самы, бадай, вядомы яго драматычны твор – камедыя “Паўлінка” (1912 г.), хоць на самай справе гэта трагікамедыя. “Паўлінка” – адзін з нямногіх твораў у беларускай літаратуры пачатку ХХ ст., дзе паказаны заможныя гаспадары, прычым ва ўсіх персанажаў былі прататыпы. Дзеянне п’есы адбываецца ў багатай хаце Крыніцкіх у два асеннія вечары, мяркуючы па ўсім, на свята Пакрова. Пакуль бацькі на кірмашы, Паўлінку сустракаецца са сваім каханым Якімам Сарокам. Потым прыязджаюць бацькі разам з родзічамі і разважаюць пра пана Быкоўскага, за якога хочуць выдаць замуж Паўлінку. У другім акце паказана свята ў доме, песні, танцы. Увогуле дзеянне надзвычай дынамічнае, шмат дасціпных выразаў, надзвычай каларытныя характары. Найперш гэта характар самой гераіні – дзяўчыны, якая ўвасабляе Маладую Беларусь, гордай, незалежнай, дасціпнай, умелай, працалюбівай. Асноўны канфлікт твора – паміж розумам і пачуццём. Другі канфлікт – бацькоў і дзяцей, таксама з разраду вечных.
“Паўлінка” адыграла каласальную ролю ў станаўленні беларускага тэатру. Першы раз яе паставілі ў 1913 г. у Вільні беларускім літаратурна-музычным гуртком. На прэм’еры быў сам Купала, якому акцёры падарылі гадзіннік. Потым п’есу ігралі шмат якія тэатральныя калектывы. На чацвёрты дзень пасля адкрыцця Беларускага дзяржаўнага тэатра ў 1920 г. таксама ігралі “Паўлінку”. І з таго часу ёю адкрываецца кожны сезон самага праслаўленага, знакамітага Беларускага драматычнага тэатра імя Я.Купалы. Гэта, можна сказаць, наш нацыянальны брэнд. Само імя Паўлінкі ўспрымаецца як тыпова беларускае.
Акрамя гэтай знакамітай камедыі варта ведаць пра драму “Раскіданае гняздо” (1913 г.) і трагікамедыю “Тутэйшыя”. У драме ўвасоблены эпізод з гісторыі роду Луцэвічаў, якіх пазбавілі зямлі. Драма як бы падагульняла думкі Купалы пра жыццё сялянства. Трагікамедыя “Тутэйшыя” была пастаўлена ў 1923 г. і ўвасабляе тыя гістарычныя пераломныя часы, калі на Беларусі пастаянна мянялася ўлада: царская, нямецкая, польская, савецкая. Але думка драматурга шырэйшая – увогуле пра лёс беларускага народа, які знаходзіцца на скрыжаванні, у такім месцы Еўропы, якое заўсёды выклікала зайздрасць суседзяў.
Спадчына беларускага класіка багатая і значная, ёю павінен ганарыцца кожны беларус.
ЯКУБ КОЛАС
У ацэнцы дзейнасці класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа неабходна ўлічваць рознага кшталту фактары: унікальнасць Расійскай імперыі, у склад якой уваходзіла Беларусь у пачатку ХХ ст.; унікальнасць самой Беларусі з яе драматычнай гісторыяй; нарэшце, уласны жыццёвы шлях пісьменніка на фоне гістарычных падзей.
Шмат якія майстры слова Беларусі лічылі сябе вучнямі Я. Купалы і Я. Коласа. Пра гэта добра сказаў П. Броўка ў вершы «Купала і Колас, вы нас гадавалі...»: «Мы з імі выходзілі заўжды ў дарогу, // А як акрыяла нас іхняе слова, // Што сказана простаю, // Матчынай мовай. // Мы з імі адолелі буры і хвалі... // Купала і Колас, вы нас гадавалі...»
Сапраўды, класікі разам з усім народам прайшлі праз «буры і хвалі», праз бурлівыя падзеі самага трагічнага за два тысячагоддзі нашай эры ХХ ст. І многія з гэтых падзей знайшлі так ці інакш адлюстраванне ў іх творчасці.
Я. Купала і Я. Колас таму класікі, што ўмелі бачыць глыбінныя працэсы жыцця, сувязі паміж рознымі яго з’явамі, часта незаўважаныя простым чалавекам, выпісвалі яскравыя характары, рабілі значныя абагульненні. Большасць створаных імі характараў, тыпаў, сімвалаў, вобразаў аказаліся эстэтычным адкрыццём.
Ад Коласа ідзе надзвычай важнае паняцце ў беларускай культуры – «родны кут», гэта значыць, малая радзіма чалавека. Каб зразумець гэтае паняцце, уявім увогуле прасторавую культуру беларусаў як нацыі. Яна фарміравалася пад уплывам характэрных для нашай краіны ландшафтаў. Так, У. Караткевіч гаварыў: «Тыповы беларускі краявід: поле, а за ім – лес». Інакш кажучы, прастора даволі адкрытая, хоць і не бяскрайні стэп, і беларус любіць акінуць вокам шырока, але на краі, на даляглядзе, хоць бы з аднаго боку, а часцей, з усіх, поле, луг закрываюцца лесам. Гэта і надае беларускім ландшафтам асаблівую ўтульнасць. Адсюль – кут. Кут – абмежаванасць, але яна стварае ў чалавека адчуванне абароненасці ў свеце.
У лісце да землякоў Я. Колас пісаў: «Даўно мяне цягне свой родны куток, дзе я гадаваўся, вучыўся, дзе правёў свае маладыя гады. Куток, якога я не бачыў ужо з 1915 года. З гэтага часу я бываў у Мікалаеўшчыне толькі ў мыслях ды ў сне».
Карані Я. Коласа – на Стаўбцоўшчыне, спрадвечнай зямлі беларусаў, даволі ўрадлівай. Усе продкі – са старажытнай вёскі Мікалаеўшчына. Знаходзілася вёска каля цэнтральнай сядзібы князёў Радзівілаў – Нясвіжа. У канцы ХІХ ст., калі нарадзіўся будучы пісьменнік, Радзівілы яшчэ захоўвалі агромністыя латыфундыі зямлі, на якіх размяшчаліся не толькі палі, але і лясы, рэчкі, паселішчы. Бацька Коласа Міхась Міцкевіч служыў лесніком у князя Радзівіла, і яго час ад часу пераводзілі па службе з месца на месца. Служба ў князя бацькі Коласа была зусім не лёгкая, таму ён усё жыццё марыў пра набыццё ўласнай зямлі.
Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч – такое сапраўднае імя і прозвішча Я. Коласа – нарадзіўся 3 лістапада 1882 г. у засценку Акінчыцы. Бацькі тут пражылі да вясны 1883 года. Засценак, а пасля вёска Акінчыцы сёння ўключана ў межы горада Стоўбцы.
Я. Колас пісаў: «Пры шляху шырокім, // Дзе стаіць камора, // Я на свет радзіўся // Пад глухі шум бору. // Позняю парою, // Восенню гнілою (Верш «На раздарожжы»).
У Ластоку сям’я жыла да 1890 г. Сядзіба ў цэлым захавалася ад часоў маленства Коласа. Асабліва любіў пясняр Альбуць, дзе Міцкевічы жылі з 1890 па 1904 г. У паэме «Новая зямля» Альбуць апісана як Парэчча. Адсюль будучы паэт хадзіў на вучобу ў народнае вучылішча ў вёску Мікалаеўшчына, тут напісаў свой першы верш, за які атрымаў ад бацькі рубель (гэта на той час вялікія грошы: на 50 капеек можна было паабедаць).
Калыска таленту – тысячы ніцей, якімі звязаны чалавек са светам прыроды. Менавіта жыццё на ўлонні прыроды пад апякунствам мудрых дарослых, напрыклад, дзядзькі Антося, выхоўвалі ў маленькім Костусю назіральнасць, дапытлівасць, любасць да жывога. Некаторыя прыхільнасці, засвоеныя ў дзяцінстве, засталіся ў Коласу на ўсё жыццё. Напрыклад, ён вельмі любіў збіраць грыбы; каля ўласнага дома пасярод горада адводзіў дзялянку і вырошчваў жыта (у яго ж і псеўданім – Колас).
Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч з дзяцінства вылучаўся выдатнымі здольнасцямі, любоўю да навучання. У 1898–1902 гг. ён вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, дзе давалі грунтоўную адукацыю. Нясвіж - фактычна культурная сталіца Беларусі, з мноствам старадаўніх будынкаў у стылі барока. Іх сузіранне як бы далучала маладога чалавека да еўрапейскай культуры.
Затым ён чатыры гады працаваў вясковым настаўнікам на Палессі – у вёсцы Люсіна, а ў 1904–1906 гг. у Пінкавічах каля Пінска.
Летам 1906 г. Колас быў адным з арганізатараў першага з’езда беларускіх настаўнікаў у вёсцы Мікалаеўшчына. Тут упершыню заявіла пра сябе новая палітычная сіла – маладыя вясковыя інтэлігенты, выхадцы з народа. Канстанцін Міхайлавіч паводзіў сябе баявіта, актыўна. Але за ўдзел у з’ездзе быў пазбаўлены працы.
Гады працы Я. Коласа настаўнікам ён сам яскрава апісаў у трылогіі «На ростанях», якая пісалася на працягу 1922–1954 гг.: тут ён вяртаўся ў сваё незабыўнае юнацтва.
Пачатак самастойнай працы будучага класіка амаль супаў з сур’ёзным сацыяльным выбухам, які адбыўся ў Расійскай імперыі, – першай рускай рэвалюцыяй (1905–1907 гг.). На гэты ж час (1906 г.) прыходзіцца і пачатак літаратурнай творчасці Я. Коласа. Першыя свае творы ён друкуе ў першых нумарах газеты «Наша доля», якая выдавалася ў Вільні.
Стаўшы пісьменнікам, Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч бярэ сабе арыгінальны псеўданім – Якуб Колас. Гэта імя выяўляе міфалагічныя погляды нашых продкаў на свет і гаворыць пра разуменне самім пісьменнікам універсальнага сімвалу кола-круга, а таксама сонечнага культу і культу маці-зямлі. Колас як расліна сімвалізуе сабою вечны кругазварот жыцця. Слова ўтворана ад кораня «кола», а з кругавой формай сутнасна звязваецца касмічнае жыццё ў цэлым і быццё чалавека ў самых розных яго праявах, у тым ліку свята Каляды, што прыходзіцца на зімовы сонцаварот, а таксама ператварэнне душы чалавека (нараджэнне – смерць – новае нараджэнне). Такім чынам, не толькі пра сялянскасць сюжэтаў і матываў сведчыць псеўданім Якуба Коласа, а з’яўляецца філасофска-сімвалічнай матрыцай яго творчасці ў цэлым.
Зімою 1906-1907 гг. жыў на ўрочышчы Смольня, вёў прыватную школу. У 1907 г. працаваў у газеце “Наша ніва” ў Вільні.
У 1908 г. улады ўзбудзілі суд за арганізацыю настаўніцкага з’езда ў 1906 г., і Колас быў асуджаны на тры гады астрогу.
У турме Канстанцін Міхайлавіч шмат пісаў. Сябры, што заставаліся на волі, у 1910 г. выдалі зборнік яго вершаў «Песні-жальбы». Пра знаходжанне ў засценку Коласа апавядае верш М. Арочкі «Якуб Колас у Мінскім астрозе»: «Дзень абарвалі скрыгатам ключы. // Як спёрла грудзі ў мяшку каменным! // Бі ў дзверы акаваныя, крычы – // За дротам не пачуе дзень праменны. // Няўжо там дзень? // Густы, цягучы змрок... <...> //... І ў гэты міг пакут, // Праз ноч, праз гэту цвіль каменняў // Пранікла, быццам пасмачка прамення, // І азарыла зрок: мой родны кут! // Мой родны кут! // Лугі над Прынямоннем, // Дубы, як вежы... // Шаты стромых хвой... // Як добра, што ў дзень нялёгкі той // Прыйшлі сюды вы, у чорнае сутонне!»
У 1912 годзе Я. Колас ажаніўся. Усё жыццё ён шчасліва пражыў з Марыяй Дзмітрыеўнай, вырасціў трох сыноў. Адзін з іх, на жаль, загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны.
У 1912-1914 гг. працаваў настаўнікам у прыходскім вучылішчы ў Пінску. У час першай сусветнай вайны разам з сям’ёй эвакуіраваўся ў Маскоўскую губернію. Быў мабілізаваны ў войска. Скончыў ваеннае вучылішча. Служыў у запасным палку ў Пермі. Летам 1917 г. быў накіраваны на Румынскі фронт, але цяжка захварэў і быў эвакуіраваны ў горад Абаянь. К 1918 г. звольнены як настаўнік. Працаваў на Куршчыне настаўнікам, школьным інструктарам. Па выкліку ўрада БССР у маі 1921 г. прыехаў у Мінск. Выкладаў у Мінскім педтэхнікуме, у БДУ.
Як прызнаваўся сам паэт і як відаць з яго эпісталярнай спадчыны, найбольш шчасліва ён пачуваў сябе на пачатку 20-х гадоў. Можа, таму яны і далі такі багаты творчы плён: паэмы “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, дзве першыя аповесці з трылогіі “На ростанях”.
З дня ўтварэння Акадэміі Навук БССР (1929 г.) быў яе нязменным віцэ-прэзідэнтам. Народны паэт Беларусі з 1926 г. Нярэдка ездзіў па краіне, па СССР, быў нават у Парыжы, які яму не спадабаўся.
У савецкі час Я. Колас працаваў у розных жанрах, з’яўляўся заснавальнікам многіх з іх.
Я. Колас і актыўна падтрымліваў, і сам ствараў літаратурную эпоху, якая будзе названа эпохай нацыянальнага адраджэння. З пачатку 20-х гадоў ён стаў адным са стваральнікаў беларускай савецкай літаратуры.