Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гіст бел літ-ва і кр-кі.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
886.27 Кб
Скачать

3. Літаратуразнаўства і крытыка на Беларусі ў хvii – XVIII стст.

Рознабаковым філолагам еўрапейскага ўзроўню, фалькларыстам і літаратуразнаўцам быў Саламон Рысінскі (памёр у 1625), які ганарыўся сваім беларускім паходжаннем, свядома называў сябе беларусам. Некалькі дзесяцігоддзяў збіраў ён беларускія і польскія прымаўкі і прыказкі, якія выдаў у 1618 г. у Любчы з адпаведнікамі на лацінскай і іншых мовах. У гэтых афарыстычных выразах ён бачыў «ядро і сок» мовы, гістарычны вопыт народа. Рысінскі быў вялікім кніжнікам, сабраў надзвычай багатую бібліятэку антычных і сучасных аўтараў. Паэзію ён лічыў найвышэйшай праявай чалавечага духу, папулярызаваў і перакладаў на лацінскую мову творы свайго сучасніка беларускага паэта А. Рымшы. 3 поспехам займаўся класічнай філалогіяй, выказваў цікавыя думкі пра літаратурную спадчыну Авідзія і Плаўта, у спецыяльнай кнізе (Нюрнберг, 1620) скрупулёзна прааналізаваў тэксталогію твораў Сенекі, разам з нямецкім юрыстам і паэтам К. Рытэрсгузіусам падрыхтаваў каментарыі да творчасці рымскага паэта IV ст. н. э. Аўзонія.

У ХVII cт. фарміруецца барочная канцэпцыя літаратуры, як і ўсяго мастацтва. Барока давала мастаку свабоду і адначасова стрымлівала яго правіламі. З'яўляюцца цікавыя тэарэтычна-філалагічныя працы, у прыватнасці, у галіне вершазнаўства.

Першыя на ўсходнеславянскіх землях тэарэтычныя звесткі па вершаскладанні былі пададзены беларускім і ўкраінскім педагогам і перакладчыкам Лаўрэнціем Зізаніем (памёр каля 1634) у яго знакамітай «Грамматике словенской», выдадзенай у 1596 г. у Вільні. Ужо ва ўводных матэрыялах да «Грамматики» змешчана нататка «О метре и о рифме. Пересторога хотячим верше складати». У канцы кнігі, пасля чатырох асноўных раздзелаў тагачаснай граматыкі («орфография», «прасодия», «етимология» і «синтаксис»), Зізаннй змясціў невялікі дадатковы раздзел «О метре поетском», дзе пазнаёміў чытачоў з паняццем аб «ноге» (стапе) і даў уяўленне аб пяці стопах, якія ўжываліся паэтамі антычнасці: дактылі, спандэі, трахеі (харэі), пірыхіі і ямбе. Да разумення асноў тэорыі вершаскладання чытач падводзіўся ў раздзеле «Прасодия», якую аўтар «Грамматики словенской» разумеў як вучэнне аб націску, даўжыні гукаў і складзе (а таксама аб знаках прыпынку). Зізаніем вызначаліся тры асноўныя вершаваныя «метры»: «ироическое метро», «елегическое» і «намвическое». Для ілюстрацыі прыводзіліся прыклады асобных «метров» на царкоўнаславянскай мове. Цікава, што ў саміх назвах «метров» заключалася плённая думка пра залежнасць формы твора ад зместу.

Прапанаваная Зізаніем сістэма вершаскладання, заснаваная на антычнай традыцыі, была далёкая ад мастацкай практыкі ўсходнеславянскіх паэтаў таго часу. У самой «Грамматике» Зізанія было апублікавана некалькі вершаў («Епиграмма на грамматику», «Типограф младенцем» і інш.), напісаных па іншых прынцыпах. Вельмі няхутка ямб і харэй у пераўтвораным выглядзе стаўшы атрыбутам сілабатонікі, загучаць у творах паэтаў Беларусі, Украіны, Расіі. Тым не менш вершазнаўчыя матэрыялы ў «Грамматике» Зінанія гістарычна важныя як першая, пакуль яшчэ тэарэтычная, спроба дастасаваць сістэму «класічных» вершаваных памераў да версіфікацыі на «рускай» (царкоўнаславянскай) мове. Яна пашырала філалагічны, літаратуразнаўчы кругагляд чытача, даючы ўяўленне пра тое, што існуе асаблівае няпростае мастацтва паэзіі, што форма твора непарыўна звязана з яго зместам.

Наступным этапам на шляху развіцця вершазнаўства ў Беларусі, як і на ўсіх усходнеславянскіх землях, была «Грамматика» Мялеція Сматрыцкага, якая выйшла ў 1619 г. у Еўі. Падручнік Сматрыцкага, які з'явіўся праз няпоўныя чвэрць стагоддзя пасля «Грамматикн словенской» Зізанія, сведчыў пра далейшае ўдасканаленне сістэмы філалагічных ведаў за гэты параўнальна непрацяглы час. Падручнік быў складзены так удала, што заставаўся папулярным у Беларусі, Украіне і Расіі да самай сярэдзіны XVIII ст. «Вратами учености» называў, як вядома, «Грамматнку» Сматрыцкага М. В. Ламаносаў.

Сматрыцкі ўпершыню ўвёў у сваёй «Грамматнке» паняцце пра вобразную пісьменніцкую мову. «Синтаксис» (гэты тэрмін у Сматрыцкага жаночага роду) ён дзяліў на «простую» і «образную». «Образная синтаксис, — паводле Сматрыцкага, — есть образ глаголення противу правилам Синтаксеос, искусных писателей употребленнем утверженый». Гэта было вучэнне пра тропы і фігуры, нарыс стылістыкі, першае на ўсходнеславянскіх землях тэарэтычнае паняцце пра мастацкую спецыфіку паэтычнага слова.

Вершазнаўству Сматрыцкі прысвяціў цэлы разгорнуты раздзел «О просодии стихотворной», якую вызначыў як вучэнне «метром или мерою количества стихи слагати». Сматрыцкі падрабязна, з прыкладамі і ілюстрацыямі, характарызаваў двухскладовыя і трохскладовыя вершаваныя стопы, якія ён называў «ногами» або «степенями», і «роды» вершаў. У надзвычай цікавым параграфе «О страстех в речении» гаварылася пра дапушчальныя змены, своеасаблівыя інверсіі, у словах (речениях) «меры ради стихотворны». Гэта зноў жа была размова пра спецыфіку паэтычнага слова, пра своеасаблівасць пісьменніцкай мовы.

«Прасодия стихотворная» Мялеція Сматрыцкага, нягледзячы на свой часткова адцягнены характар, надоўга заставалася адзіным разгорнутым вучэннем аб вершы і мастацкасці, створаным на царкоўнаславянскай мове. У гэтым сэнсе яна адыграла выдатную ролю ў гісторыі ўзнікнення навукі пра літаратуру не толькі ў Беларусі, але і ва Украіне і Расіі.

Вялікае распаўсюджанне ў Беларусі XVII-XVIII cтст. атрымалі вучэбныя рыторыкі і паэтыкі на лацінскай мове, рукапісныя і друкаваныя, арыгінальныя і кампілятыўныя, а то і проста эпігонскія. Падсумоўваючы дасягненні еўрапейскай тэарэтычна-літаратуразнаўчай думкі, яны на тым або іншым узроўні давалі цэлую сістэму паняццяў аб літаратуры (паэзіі) і гістарычна-літаратурным працэсе.

3 Беларуссю цесна звязаны жыццё і творчасць буйнейшага новалацінскага паэта («сармацкі Гарацый») і тэарэтыка літаратуры Мацея Казіміра Сарбеўскага (1595—1640), які сумяшчаў у сваёй паэтыцы элементы Рэнесансу і барока. Ён чытаў курс паэтыкі і рыторыкі ў Полацкім калегіуме, затым быў прафесарам акадэміі ў Вільні, прапаведнікам пры двары караля Уладзіслава IV у Варшаве.

Полацкія і віленскія курсы лекцый леглі ў аснову яго літаратуразнаўчых і эстэтычных трактатаў на лацінскай мове: «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер», «Пра трагедыю і камедыю, або Сенека і Тэрэнцый», «Своеасаблівасць лірыкі, або Гарацый і Піндар», «Пра вартасці і недахопы элегіі, або Авідзій», «Пра фігуры думкі», «Пра жарт і дасціпнасць, або Сенека і Марцыял» і інш. Нават самі назвы трактатаў выразна характарызуюць арыентацыю Сарбеўскага на класічныя ўзоры антычнай літаратуры. Сарбеўскі развіваў у іх прагрэсіўныя тэндэнцыі антычнасці і Адраджэння, выступаў за свабоду мастацкай творчасці.

Паводле Сарбеўскага, паэзія не толькі пераймае тварэнні прыроды, але і паляпшае іх (прынцып ідэалізацыі). Асновай зместу паэтычнага твора ён лічыў фабулу. А паколькі фабула найбольш поўна раскрываецца ў эпічным жанры, то эпас уяўляўся яму вянцом паэзіі. Эпас, на думку Сарбеўскага, сумясціў у сабе ўсе навукі і мастацтвы, а эпічная паэма здавалася яму цэлым сусветам, народжаным фантазіяй паэта.

Да недасканалых відаў паэзіі Сарбеўскі адносіў элегію і часткова лірыку, а эпіграму зусім выключаў з паэзіі. Гэта не перашкодзіла яму прысвяціць лірыцы вялікі трактат, у якім даследавалася своеасаблівасць лірычнай выяўленчасці і лірычны стыль. Падрабязна спыніўся ён таксама і на элегічнай паэзіі.

Драматычную паэзію Сарбеўскі змясціў недзе пасярэдзіне паміж эпасам і лірыкай. Яго трактат «Пра трагедыю і камедыю, або Сенека і Тэрэнцый» прызначаўся для практычнага кіраўніцтва ў школьным тэатры Беларусі, Літвы і Польшчы таго часу. Ён ахарактарызаваў «недасканалыя віды» паэзіі: сатыру і букалічную паэзію, байку, ідылію, панегірык, гімн і інш. У спецыяльным трактаце Сарбеўскі выклаў тэорыю досціпу, вызначаючы яго як «адзінства згоднага і нязгоднага», сумяшчэнне гармоніі з дысгармоніяй (барочная канцэпцыя).

Арыентуючыся на антычнае мастацтва, Сарбеўскі ў той жа час высока ставіў творчасць Дантэ і асабліва Каханоўскага. Такі падыход быў наватарскі і аб'ектыўна мог стымуляваць развіццё беларускай нацыянальнай літаратуры.

Паэтыка Сарбеўскага зрабіла значны ўплыў на фарміраванне мастацкай культуры барока на землях Беларусі і суседніх краін. Яна захоўвала папулярнасць нават у XVIII ст. Яе водгалас знаходзім у шматлікіх рыторыках і паэтыках, якія ўжываліся ў школах Беларусі, Літвы, Украіны, Расіі, Польшчы. Знаходзіліся ў яго паслядоўнікі (і нават плагіятары) у Італіі, Іспаніі, Англіі, Галандыі.

Быў звязаны з Беларуссю (вучыўся ў Нясвіжы, выкладаў у Полацку) вялікі знаўца рытарычнага мастацтва, рэктар Віленскай акадэміі Казімір Каяловіч (памёр у 1674), аўтар папулярнай кнігі на лацінскай мове «Настаўленне ў рыторыцы», выдадзенай у 1654 г. у Вільні.

Другім прадстаўніком беларускага лацінамоўнага літаратуразнаўства эпохі барока быў Сігізмунд Лауксмін (1597—1670), прафесар рыторыкі ў Віленскай акадэміі, у Полацкім і Нясвіжскім калегіумах. У Нясвіжы ў 1631—1635 гг. Лауксмін напісаў кнігу «Практычнае красамоўства або правілы мастацтва рыторыкі». Выдадзеная ў Брунсбергу ў 1648 г., яна доўгі час служыла падручнікам рыторыкі для студэнтаў. Гэта праца была настолькі папулярнай, што яна двойчы выдавалася ў Вялікім княстве Літоўскім і адзінаццаць разоў за мяжой (у Мюнхене, Франкфурце, Кёльне, Празе, Вене і інш.).

Даследчыкі (найперш Я. Парэцкі) апісалі Слуцкі кампендыум па рыторыцы, выдадзены ў Любчы каля 1629—1631 гг. Да нашага часу дайшлі таксама рукапісныя рыторыкі і паэтыкі 1663—1676 гг. з Полацка, 1693 г. з Наваградка, 1691—1692 гг. з Пінска, 1692 г. з Брэста. У розныя часы ў гарадах Беларусі рыторыку і паэтыку выкладалі аўтары ўцалелых рукапісных курсаў на лацінскай мове А. Вардацкі (1614—1687), А. Вырвіч (1636—1698), Б. Данкварт (1629—1699), М. Карвоўскі (1650—1706), К. Ласеўскі, П. Пузына (1662-1717), М. Суфчынскі (1670-1714), А. Шырма (1660-1734). Лацінскамоўныя рыторыкі і паэтыкі, несумненна, актыўна ўдзельнічалі ў фарміраванні эстэтычных густаў свайго часу, у пашырэнні і паглыбленні гістарычна-тэарэтычных ведаў пра літаратуру.

Найбольш яркім прадстаўніком эстэтыкі барока «ўсходнеславянскай разнавіднасці» (У. Конан) быў Сімяон Полацкі (1629— 1680), які абапіраўся на дасягненні беларускай і еўрапейскай культур свайго часу. Ужо ў маладыя гады Сімяон раздумваў пра прыроду мастацтва. Імкненнем спасцігнуць таямніцы творчасці прасякнуты яго ранні верш на польскай мове «Наследаванне». На думку Сімяона, творца-мастак вучыцца прыгажосці ў прыроды, належным чынам перастварае гэтую прыгажосць, атрымліваючы новую якасць. У яго трактаце аб іканапісным мастацтве, напісаным у сааўтарстве з мастаком С. Ушаковым, знайшла адлюстраванне канцэпцыя магутнасці і высокага прызначэння мастацтва. Універсальны характар у дачыненні да ўсяго мастацтва і літаратуры мела таксама глыбокае палажэнне аб плюралізме і ўнутраным адзінстве мастацкіх стыляў, выказанае Сімяонам дапасавальна да музыкі ў палемічным трактаце «Жезл правлення» (1667).

Сімяон быў бліскучым знаўцам антычнай і сучаснай яму літаратуры. У яго творах называецца мноства імён антычных аўтараў і міфалагічных герояў. Згадваў ён і класічны прыклад легендарнага крытыка Заіла, які праследаваў злоснымі нападкамі вялікага старца Гамера. Сімяон марыў пра зычлівую і разумную крытыку, яму бачыўся ў ідэале «правый писаний читатель, не слов ловитель, но ума искатель».

Сапраўдны падзвіжнік-руплівец культуры, Сімяон у духу старажытных традыцый высока ставіў кніжную мудрасць, літаратуру, асвету, з пашанай схіляўся перад словам. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова прывесці тыповыя загалоўкі яго вершаў: «Академия», «Философия», «Розум», «Мысль», «Учитися и учити», «Чтение», «Учение», «Учитель» і г. д. У вершах «Книга», «Мир есть книга» гучыць думка, што галоўнай кнігай, галоўнай крыніцай пазнання (і ў рэшце рэшт — мастацтва) з'яўляецца ўсё-такі само жыццё, увесь шматстайны сусвет: «Первая книга — мир сей...», «Мир сей преукрашенный, книга есть велика...». 3 другога боку, ужо само такое збліжэнне сведчыць пра тое высокае становішча, якое займала кніга ў выпрацаванай Сімяонам шкале каштоўнасцяў.

Як і Скарына, вялікае значэнне Сімяон надаваў распаўсюджванню кнігі, кнігадрукаванню. Ён быў буйным арганізатарам свецкага кнігадрукавання ў Маскве і заклікаў цара ўсяляк развіваць кніжную справу дзеля славы Расіі. У вершы «Желание творца» (пасляслоўе да вершаванага цыкла «Гусль доброгласная») намаляваны вобраз асвечанага гасудара, спрыяльніка кнігадрукаванню, цаніцеля літаратуры і паэзіі.

Сімяон Полацкі зрабіў буйны ўклад у развіццё ўсходнеславянскага верша. Яго паэтычнай практыкай і творчым роздумам вершаскладанне ўсходніх славян было замацавана на сілабічнай аснове, галоўным прынцыпам якой быў строгі падлік складоў. «Стихи краесогласныя» Сімяона на многія дзесяцігоддзі сталі ўзорам і школай сілабічнай версіфікацыі.

Далейшае развіццё атрымаў у Сімяона такі літаратуразнаўчы жанр, як прадмова (адносім сюды і пасляслоўе). У адрозненне ад прадмоў Скарыны яны сталі больш шматслоўнымі, па-барочнаму квяцістымі. Як буйны паэт Сімяон Полацкі пісаў прадмовы не толькі ў прозе, але і вершам. Барочная пышнасць уплывала і на афармленне кніг, спрыяла з'яўленню вялікай колькасці прадмоў, па некалькі на кожную кнігу. Падлічана, што ў сямі кнігах Сімяона 1660—1670-х гадоў змяшчаецца трыццаць тры прадмовы і пасляслоўі. У адной толькі «Псалтыри рифмотворной» восем прадмоў і два пасляслоўі да асобных раздзелаў.

Хоць у «смиренного рифмотворца» Сімяона Полацкага, які жыў у іншую эпоху і іншых умовах, не было такога развітага пачуцця ўласнай годнасці, як у Скарыны, тым не менш ён узмацніў у шэрагу прадмоў аўтабіяграфічны пачатак. Па сутнасці, увесь творчы шлях паэта даволі падрабязна выкладзены ў вершаванай прадмове да «Рифмологиона» (1679).

Писах в начале по языку тому,

иже свойственный бе моему дому, —

успамінаў паэт беларускі перыяд сваёй творчасці. Далей адзначаліся намаганні, каб авалодаць «чистым славенским языком», на якім Сімяон пісаў у Маскве, называліся яго асноўныя паэтычныя кнігі («Вертоград многоцветный», «Псалтырь рифмотворная», нарэшце, «Рифмологион» — збор вершаў розных гадоў, складзены да пяцідзесяцігоддзя Сімяона). Паэт здолеў ўставіць у вершаваную канву сваёй прадмовы нават дакладныя даты, якія, праўда, часам даводзіцца разгадваць, як своеасаблівыя рэбусы. Усе гэтыя штукарствы стымуляваліся паэтыкай барока.

Важным літаратуразнаўчым дакументам той эпохі з'яўляецца аўтарская прадмова да «Вертограда многоцветного» (1678). Радуючыся таму, што «рифмотворное писание распространяется в нашем славенскем книжном языце», Сімяон параўноўваў паэзію з квітнеючым садам, а паэта — з умелым садоўнікам, гаварыў пра літаратуру як сродак зносін паміж людзьмі, «понеже человек несть зверь дивый, но содружный». Надзвычай важная думка — пра плённасць культурнага абмену паміж народамі, паколькі багацці і мастацтвы нераўнамерна размеркаваны ў свеце. У прадмове называліся шматлікія літаратурныя жанры. Вельмі красамоўнае паэтычнае напаўненне атрымала традыцыйнае параўнанне паэзіі з лекавымі травамі, якія вылечваюць маральныя хворасці і немачы. Аўтар супрацьстаўляў сваю сілабічную паэзію сухой рыторыцы, хоць, па сутнасці, у яго вершах было нямала рытарычнага.

У прадмове да «Псалтыри рифмотворной» (1678) расказвалася гісторыя стварэння гэтай кнігі, адзначалася, што вершаваныя псалтыры існавалі яшчэ ў старажытнасці, з прафесійнай тонкасцю характарызавалася сілабічная сістэма вершаскладання. Непасрэдным штуршком для задуманай Сімяонам працы паслужыў польскі вершаваны Псалтыр Яна Каханоўскага. Цікавыя думкі ў прадмове датычылі тэорыі паэтычнага перакладу.

У XVIII ст. завяршаецца працэс станаўлення класіцызму як мастацкага метаду (яго істотныя элементы даследчыкі адзначаюць ужо ў эстэтыцы Сарбеўскага і Сімяона Полацкага). Класіцызм стымуляваў распрацоўку тэорыі літаратуры. Аднак патрабуючы для «высокіх» жанраў «высокай» мовы (польскай, лацінскай, стараславянскай) і дапускаючы ўжыванне беларускага прастамоўя толькі ў «нізкіх» жанрах, нарматыўная эстэтыка класіцызму стрымлівала развіццё ўласна беларускай літаратуры.

Беларускае літаратуразнаўства ў гэты перыяд было па-ранейшаму багата прадстаўлена традыцыйнымі школьнымі рукапіснымі паэтыкамі і рыторыкамі. Доўгі час захоўваў папулярнасць курс паэтыкі, прачытаны на пачатку XVIII ст. у Кіева-Магілянскай акадэміі вядомым дзеячам культуры ўсходнеславянскіх народаў Феафанам Пракоповічам (1681—1736), які з пазіцый класіцызму і позняга барока дзяліў паэзію па ступені важнасці на сем родаў: паэзія эпічная, драматычная, букалічная, сатырычная, элегічная, лірычная, эпіграматычная.

Працы Пракаповіча прапагандаваў яго вучань украінскі і беларускі пісьменнік, царкоўны і культурны дзеяч Георгій Каніскі (1717—1795). У 1786 г. ён выдаў у Магілёве паэтыку («De arte Poetica») Пракаповіча, якая выкарыстоўвалася ў якасці падручніка ў заснаванай Каніскім Магілёўскай семінарыі. Г. Каніскі і сам быў аўтарам курса паэтыкі («Правілы паэтычнага мастацтва»), блізкага да вучэння Пракаповіча, папулярызаваў творы Ламаносава, Кантэміра.

Тыповым для таго часу быў таксама смаленскі курс паэтыкі, прачытаны ў 1752—1753 гг. беларусам Мануілам Базілевічам, аўтарам драмы «Дэкламацыя», пастаноўка якой у Смаленску суправаджалася беларускімі інтэрмедыямі. М. Базілевіч высока ацэньваў у сваім курсе творчасць Я. Каханоўскага і М. Сарбеўскага.

У канцы XVIII ст. у літаратуразнаўчых трактатах усё выразней адчуваліся ўплывы асветніцкіх ідэй як водгук на радыкальныя змены, што адбываліся ў грамадстве. У 1781 г. з артыкулам «Паэзія» выступіў вядомы асветнік-рэфарматар Літвы-Беларусі I. Храптовіч. Адступаючы ад афіцыйнай дактрыны класіцызму, ён наблізіўся да поглядаў, характэрных для ракако і сентыменталізму.

У трактаце «Пра красамоўства і паэзію» (1788) прафесар Віленскага універсітэта Філіп Галянскі (1753— 1824), прытрымліваючыся ў асноўным класіцысцкіх поглядаў (ён лічыцца першым кадыфікатарам літаратурнай дактрыны класіцызму на землях Рэчы Паспалітай), звязваў у той жа час развіццё літаратуры і прамоўніцкага мастацтва з грамадскай свабодай, сцвярджаў, што толькі ў свабодных народаў могуць з'явіцца Дэмасфены і Цыцэроны. Ён лічыў, што мастацкай прозе папярэднічала паэзія, якая была школай прыгожай мовы. Услед за М. Сарбеўскім найбольш высокім жанрам паэзіі лічыў ён эпапею, спасылаўся на творчасць Гамера, Вергілія, Арыёста, Камоэнса, Мільтана, Вальтэра.

Класіцысцкімі ў сваёй аснове былі літаратуразнаўчыя працы Якуба Фалькоўскага (1778—1837), які да 1818 г. выкладаў літаратуру ў Наваградку і Гродне. Яго лекцыйны курс дайшоў да нас у рукапісе (бібліятэка Віленскага універсітэта). У разуменні літаратуры ён ішоў шмат у чым за традыцыямі старых рыторык, аднак спасылаўся не толькі на антычных аўтараў, але і на выдатных пісьменнікаў і вучоных новага часу (Дэкарт, Мантэск'ё, Дзідро, Д'Аламбер, Кандыльяк і інш.). У раздзеле «Пра паэзію» Фалькоўскі характарызаваў розныя жанры мастацкай літаратуры. Пытанне аб драматычнай паэзіі ён разбіраў найбольш грунтоўна, паколькі па паняццях класіцызму драматургія была вяршыняй мастацтва. Тут жа прыводзіліся вядомыя «тры адзінствы», ставілася пытанне аб мастацкай праўдзе. У адпаведнасці з эстэтыкай класіцызму Фалькоўскі сцвярджаў, што лепшыя ўзоры трагедыі стварылі старажытныя грэкі, але арыгінальна тлумачыў гэта свабодалюбствам грэкаў. Вельмі высока цаніў ён творчасць Шэкспіра, які, паводле слоў Фалькоўскага, «стварыў правілы тэатральнага мастацтва, што дзейнічаюць і дагэтуль». Даследчыкі лічаць, што такая ацэнка Шэкспіра, далёка не характэрная для прыхільнікаў класіцызму, была выклікана ўплывам на Фалькоўскага новых эстэтычных плыняў: рамантызму і рэалізму.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]