Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Белорусский язык Электроннное пособіе.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
18.13 Mб
Скачать

Пытанні

1. Ахарактарызуйце агульны стан беларускай мовы ў 60-80-х гг. XX ст.

2. Якія падзеі 80–90-х гг. абумовілі пачатак адраджэння беларускай мовы?

3. Калі быў прыняты закон “Аб мовах у Беларускай ССР”?

4. Якая ацэнка была дадзена арфаграфічнай рэформе 1933 г. на навуковай канферэнцыі “Праблемы беларускага правапісу”, праведзенай ў 1992 г.?

Заданні

1. Выкажыце сваю пазіцыю да майскага рэферэндуму 1995 г.

2. Зрабіце пераклад на беларускую мову і выкажыце сваё стаўленне да наступнага выказвання К. Паўстоўскага:

По отношению каждого человека к своему языку можно совершенно точно судить не только о его культурном уровне, но и о его гражданской ценности.

Истинная любовь к своей стране немыслима без любви к своему языку. Человек, равнодушный к родному языку, дикарь. Он вредоносен по самой своей сути потому, что его безразличие к языку объясняется полнейшим безразличием к прошлому, настоящему и будушему своего народа”.

І ІІ. Беларускі правапіс. Тэндэнцыі развіцця беларускай мовы на сучасным этапе.

3.1. З гісторыі беларускага правапісу. Рэформы беларускага правапісу (1933 г., 1957 г.)

З 20-х гадоў XX ст. беларуская мова набывае шырокія грамадскія функцыі, што запатрабавала стварэння нацыянальнай тэрміналогіі, здольнай абслугоўваць важнейшыя сферы сацыяльна-грамадскага жыцця. У 1921 г. да ажыццяўлення гэтай задачы прыступіла Навукова-тэрміналагічная камісія, а ў 1922 г. заснаваны на яе базе Інстытут беларускай культуры. На працягу 1922–1930-х гадоў было апрацавана і выдадзена 24 тэрміналагічныя галіновыя слоўнікі.

У гэты перыяд разгарнулася шырокая дыскусія па пытаннях нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы. Для ўпарадкавання нормаў роднай мовы ў лістападзе 1926 г. была склікана Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Для апрацоўкі матэрыялаў канферэнцыі і канчатковай выпрацоўкі праекта правапісу была створана спецыяльная камісія ў складзе С. Некрашэвіча, А. Багдановіча, Я. Лёсіка, В. Ластоўскага, П. Бузука, Я. Бялькевіча, Я. Купалы, У. Чаржынскага. У 1933 г. быў выдадзены “Праект спрашчэння беларускага правапісу”, на аснове якога Саўнарком БССР прыняў пастанову “Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу”, якая ўпершыню ў гісторыі беларускай літаратурнай мовы заканадаўча абвясціла агульнадзяржаўнымі, г.зн. абавязковымі для кнігадрукавання, радыёвяшчання, школьнага выкладання, справаводства і г.д. пэўныя нормы беларускага правапісу і граматыкі. З улікам гэтай пастановы ў 1934 г. быў выдадзены разгорнуты і дэталёвы звод арфаграфічных правілаў “Правапіс беларускай мовы”. Арфаграфічная рэформа 1933 г. у гісторыі беларускага мовазнаўства – з’ява неадназначная. З аднаго боку, яна ў значнай ступені абагульніла і рэалізавала здабыткі беларускага мовазнаўства 20-х гадоў, пэўным чынам сістэматызавала правапіс, спрыяла стабілізацыі арфаграфічных нормаў беларускай мовы. З другога боку, рэформа падпала пад моцны палітыка-ідэалагічны ўплыў. Аб гэтым падрабязней.

Як вядома, на пачатку 1930-х гадоў па тэрыторыі Беларусі пракацілася хваля рэпрэсій. Многія настаўнікі беларускай мовы апынуліся ў турмах або ў ссылцы. У 1930 годзе была арыштавана і група асоб з папярэдняй мовазнаўчай камісіі, якая працавала з 1926 году па 1930 год, сярод іх такія дзеячы на ніве беларускай мовы і культуры, як Сцяпан Некрашэвіч, Язэп Лёсік і Вацлаў Ластоўскі. У гэты час былі спынены ўсе мовазнаўчыя даследаванні. У сітуацыі, калі не стала найважнейшых мовазнаўцаў Беларусі, была праведзена рэформа беларускага правапісу 1933 года, якая мела яўную асіміляцыйную накіраванасць на збліжэнне беларускай мовы з рускай. У прэамбуле да пастановы 1933 году было напісана: “...уносіць поўнае падпарадкаванне беларускага правапісу задачам выхавання працоўных мас у духу пралетарскага інтэрнацыяналізму”. Зразумела, што гэтыя задачы не маглі ставіцца навукоўцамі.

Пастанова Савету народных камісараў БССР ад 26 жніўня 1933 году аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу датычыла напісання галосных і зычных гукаў, слоў іншамоўнага паходжання, уласных імёнаў, прозвішчаў і геаграфічных назваў, а таксама ўстанаўлівала канчаткі ўскосных склонаў у розных часцінах мовы.

Вельмі многа змен уводзіла рэформа ў напісанне лексікі іншамоўнага паходжання. Найважнейшыя з іх – гэта:

1. Інтэрнацыянальныя рэвалюцыйныя словы не падпарадкоўваць агульнаму правілу аб аканні. Пісаць рэволюцыя, совет.

2. Іншамоўнае э пасля зычных перадаваць праз е, за выключэннем выпадкаў пасля д і т, напр. методыка замест мэтодыка.

3. Перадаваць гук л еўрапейскі ў іншамоўных словах не праз л мяккае, у выніку чаго знешняя форма цэлага шэрагу запазычаных слоў наблізілася да адпаведных слоў рускай літаратурнай мовы: блок, дыпламат, клуб, а не блёк, дыплямат, клюб.

4. У іншамоўных словах толькі пасля а, т і зацвярдзелых зычных трэба пісаць ы, а пасля ўсіх апошніх і: сістэма, фізіка, універсітэт замест сыстэма, фізыка, унівэрсытэт.

5. Іншамоўнае т (грэчаскае фіта) пачало перадавацца праз ф, а не праз т, напр. арыфметыка, міф, кафедра.

6. Іншамоўнае ф пачало пісацца праз ф, напр. форма, фунт; да гэтага часу запазычанае ф перадавалася праз х ці хв, як у беларускіх народных гаворках.

7. У словах тыпу алюміній, пролетарый, якія раней пісаліся з канчаткамі -і, -ы увесці рускія канчаткі -ій, -ый.

8. Увесці напісанне слоў комуніст, марксіст без канчатка -ы і скланяць іх як назоўнікі; раней яны скланяліся як прыметнікі: комуністы, комуністага і г. д.

Змены былі ўведзены і ў напісанне ўласных імёнаў, геаграфічных назваў, прозвішчаў. Так, у геаграфічных назвах прапаноўвалася не пісаць прыстаўны в перад пачатковымі націскнымі галоснымі о і у: Орша замест Ворша. Раней горад называўся Ворша, аб чым сведчаць пячаткі і паштовыя штэмпелі. Назва Менск заменена на Мінск, хаця вядома, што першы ўспамін пра Менск адносіцца да 1067 года. Паходжанне назвы этымалагічна апраўдана і звязана з ракой Менкай, а ў іншым тлумачэнні – з лексемай мена: у старажытныя часы, як мяркуюць, на месцы цяперашняга горада знаходзіўся менавы пункт – гандлёвы рынак.

Пастанова Савету народных камісараў БССР ад 26 жніўня 1933 года Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу ўносіла змены таксама ў граматыку, больш дакладна, у марфалогію. Да найбольш істотных трэба аднесці такія пункты, у якіх прапаноўвалася:

а) назоўнікі мужчынскага роду ў родным склоне адзіночнага ліку пісаць пераважна з канчаткамі -а, -я; завода, трактара, інстытута, соцыялізма, правапіса, але: жалю, гаю, цэменту.

б) выключыць паралельныя формы -ом, -ох у назоўніках мужчынскага і ніякага роду ў давальным і месным склонах множнага ліку; пісаць кіраўнікам – аб кіраўніках, братам – аб братах замест кіраўніком – аб кіраўнікох, братом – аб братох. Сістэма скланення назоўнікаў стала вельмі набліжанай да рускай мовы (зніклі формы тыпу у палёх, у садох) і г.д. Канчаткі -ом, -ох, якія, згодна з картамі Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы, характэрны не толькі цэламу паўднёва-заходняму дыялекту, але і большасці сярэднебеларускіх гаворак;

в) уніфікаваць залежныя склоны лічэбнікаў двадзьве, абодваабедзьве, для ўсіх трох родаў пісаць; двухабодвух, двумабодвум.

Прапановы русіфікацыі беларускай мовы не скончыліся на рэформе 1933 года. Ва ўмовах узятага кіраўніцтвам краіны курса на барацьбу з “нацдэмамі”, на збліжэнне народаў і зліццё іх культур у адну культуру з адной агульнай мовай важным стала не так адлюстроўваць нацыянальную спецыфіку беларускай мовы, як прывесці правапіс у адпаведнасць з рускай арфаграфічнай традыцыяй. У рэзалюцыі XVII з’езду КП(б)Б (1938) чытаем: “Практычна паставіць і вырашыць пытанні далейшага развіцця беларускай мовы, зліквідаваць вынікі шкодніцтва ў галіне літаратурнай мовы”. Яшчэ выразней выказвалася I сесія Вярхоўнага Савета БССР: “Руская мова па праву з’яўляецца дзяржаўнай мовай нашай рэспублікі”. Прыблізна праз месяц пасля гэтай пастановы ў “Звяздзе” ад 9.04.1938 года з’явіўся праграмны артыкул К. Гурскага, навуковага сакратара Інстытута мовы і літаратуры АН БССР, “Аб беларускім правапісе”, дзе паведамлялася, што ў складзе Інстытута і Наркамасветы створана камісія, мэта якой – “канчаткова ачысціць беларускую мову ад варожага шкодніцтва”.

Прапаноўвалася яшчэ змяніць у беларускай мове фанетычны прынцып напісання марфалагічным, згодна з ім пісаць: вода, голова, не адлюстроўваючы акання, якое нібыта “псуе пісьменнасць вучняў на рускай мове, перашкаджае яе вывучаць”. Гэткім жа спосабам была абгрунтавана і “шкоднасць канчаткаў: навошта ж пісаць арцеляў, калі па-расійску пішуць артелей”?

Сярод далейшых прапаноў рэформы беларускай мовы наступныя:

  • выкінуць прыстаўныя галосныя, канчаткі назоўнікаў мужчынскага роду адзіночнага ліку ў родным склоне і іншае,

  • пісаць соцыалізм, перыод, два чалавека, дзеясловы з абавязковым суфіксам -ір-, напр. аналізіраваць,

  • марфалагічны прынцып напісання перанесці таксама на правапіс зычных гукаў і пісаць: братскі, карыстны.

Потым на старонках прэсы, а менавіта, у “Советской Белорусии” з 16 лістапада 1939 года з’яўляецца артыкул дырэктара Інстытута Васіля Барысенкі пад назвай “Аб праекце рэформы беларускага правапісу”, у якім прапанаваў:

– выкінуць ў,

– апостраф замяніць цвёрдым знакам,

– прыметнікі пісаць з канчаткам -ій: белый, сіній,

– замест зваротнай часціцы -ся пісаць -сь і г.д.

Толькі “Літаратура і Мастацтва” забіла ў трывожны звон: мінскі настаўнік Н. Варанецкі ў сваім крытычным артыкуле стаў на абарону акання, іншых моўных асаблівасцей, зрабіўшы закід К. Гурскаму і В. Барысенку ў беспадстаўнасці і адсутнасці навуковага абгрунтавання іх пазіцыі. Выступілі на старонках прэсы таксама іншыя навукоўцы і літаратар М. Лынькоў, словы якога прагучалі вельмі моцна: “Ад самай калыскі, можна сказаць, акая наша нацыя і хоць бы што. Кажуць нават, што гэта – адна з галоўнейшых асаблівасцей беларускай мовы. Але Угрум-Бурчаеву гэта не да снадобы: – Зачым? Наакаліся, даволі, хопіць...”

Саветам народных камісараў была створана правапісная камісія, у склад якой уваходзілі: прэзідэнт АН БССР Канстанцін Гораў, Янка Купала, Якуб Колас, Міхась Лынькоў, Пятро Глебка, Міхась Клімковіч, Васіль Барысенка, Канстанцін Гурскі, выкладчык Г. Шахоцька і Е. Калубовіч ад Наркамасветы. 10 верасня 1940 года “Звязда” паведаміла, што праект у асноўным падрыхтаваны і будзе апублікаваны ў друку дзеля абмеркавання яе грамадствам. Да 15 лістапада павінны былі яго перадаць на разгляд у СНК БССР. Але праект у друку не з’явіўся, і след па ім на гэтым губляецца.

Пасля рэформы 1933 г. у беларускім правапісе заставалася шмат нявырашаных пытанняў, рускамоўных ужыванняў. Паступовае вяртанне да народнай лексікі, пэўныя нормы былі прапанаваны “Руска-беларускім слоўнікам” 1953 года, выдадзеным пад рэдакцыяй Якуба Коласа, Кандрата Крапівы і Пятра Глебкі. Варта адзначыць, што ў параўнанні з “Руска-беларускім слоўнікам” 1937 года пад рэдакцыяй А. Александровіча, які арыентаваўся на рускую мову, пераклады ў “Руска-беларускім слоўніку” 1953 года рабіліся на аснове жывой народнай беларускай мовы. Часта назіралася аднаўленне лексічных норм 20-ых гадоў, адлюстраваных, напрыклад, у “Расійска-беларускім слоўніку” С.М. Некрашэвіча і М.Я. Байкова 1928 года. Вось некалькі прыкладаў перакладаў рускіх слоў на беларускую мову:

1928

1937

1953

безударный

ненаціскны

безударны

ненаціскны

бесцветный

бескаляровы

бясцветны

бясколерны

воплощать

ажыцьцяўляць

уваплашчаць

увасабляць,ажыццяўляць

заблуджацца

памыляцца

заблуджацца

памыляцца

З гэтага вынікае, што ў 1953 годзе абазначыўся выразны паварот да роднай лексікі. Але, з другога боку, слоўнік 1953 году ўзаконіў ужыванне ў беларускай літаратурнай мове дзеепрыметнікаў незалежнага стану цяперашняга часу, такіх як, дрымучы, падрастаючы, падыходзячы і г.д. У якасці літаратурнай мовы быў таксама прыняты суфікс -ір- у дзеясловах іншамоўнага паходжання, але побач з напісаннем аналагічных форм без гэтага суфікса, напр.: дэфіліраваць, але дэфармаваць, жэстыкуліраваць, але ігнараваць і г.д.

З мэтай далейшага ўнармавання правапісных норм была створана Арфаграфічная камісія на чале з Я. Коласам і К. Крапівой, якая распрацавала праект змен і ўдакладненняў беларускага правапісу” (апублікаваны ў 1951 г., дапрацаваны ў 1956 г.), які быў зацверджаны ў маі 1957 г. спецыяльнай пастановай Савета Міністраў БССР “Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу”. 3 улікам гэтай пастановы ў 1959 г. быў выдадзены збор правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі.

У Пастанове Савета Міністраў ад 11 мая 1957 года “Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу прапаноўвалася зацвердзіць праект, падрыхтаваны Інстытутам Мовазнаўства імя Якуба Коласа акадэміі Навук БССР, які датычыў правапісу ненаціскных галосных о, э, правапісу зычных гукаў д, т і дз, ц, напісання раздзяляльнага апострафа і мяккага знака, падаўжэння зычных, правапісу складаных слоў і розных змен у марфалогіі.

Прапаноўвалася, напрыклад, ненаціскныя галосныя о і э перадаваць праз а незалежна ад паходжання слова. Аканне адлюстроўвалася таксама ў канцы запазычаных слоў за выключэннем такіх, у якіх гэтыя галосныя стаялі пасля галоснага гука, напр.: адажыо, трыо. Аканне ўводзілася таксама да ўласных назваў.

Сярод марфалагічных з’яў варта адзначыць:

– пашырэнне канчатка -у ў родным склоне,

– увядзенне для 1 асобы множнага ліку дзеясловаў абвеснага ладу канчатка -ом на месца ранейшага -эм. напр.: бяром, нясём, замест бярэм, нясем, як гэта было раней у 1920-х гадах.

Рэформа 1957 году ў пэўнай, вельмі нязначнай ступені накіроўвала беларускую мову ў бок яе нацыянальнай адметнасці. Найбольшыя змены ў карысным напрамку назіраліся ў галіне лексікі.|

Тэндэнцыю да беларусізацыі працягваў выдадзены ў 1962 г. “Беларуска-рускі слоўнік”. У галіне лексікі ім прапанавана вяртанне да народных гаворак, увядзенне шматлікіх арыгінальных слоў, якія захаваліся ў беларускіх дыялектах. Аднак, побач з гэтым, у навуковай і тэхнічнай тэрміналогіі адлюстроўваўся велізарны ўплыў рускай мовы.

Са зменай палітычнай сітуацыі ў канцы 1980-х гадоў, калі Беларусь стала суверэннай дзяржавай, калі сталі пашырацца сферы выкарыстання беларускай мовы, павялічвацца кола яе носьбітаў, пытанні аб новым удакладненні і ўдасканаленні правапісу зноў сталі на парадак дня. 19-20 лістапада 1992 г. у Мінску была праведзена канферэнцыя “Праблемы беларускага правапісу”. Удзельнікі канферэнцыі прынялі пастанову, у якой адзначаецца, што рэформа правапісу 1933 г. ёсць факт палітычнага ўмяшання ў моўны працэс.

26 студзеня 1990 г. 14-я сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла закон “Аб мовах у Беларускай ССР” і вызначыла парадак ужывання беларускай, рускай і іншых моў у рэспубліцы. Паводле гэтага закона беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай мовай на тэрыторыі Беларусі. Закон прадугледжваў аднаўленне беларускай мовы найперш у сферы афіцыйна-справавога ўжытку, у адукацыі.

На жаль, 14 мая 1995 г. адбыўся агульнарэспубліканскі рэферэндум, дзе большая частка насельніцтва выказалася за дзяржаўнае двухмоўе, г.зн., што беларуская мова пакуль не выкарыстоўваецца як дзяржаўная ў розных сферах жыцця краіны, не з’яўляецца рэальным сродкам зносін.