Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Белорусский язык Электроннное пособіе.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
18.13 Mб
Скачать

Пытанні:

  1. Што разумееце пад паняццямі “тэрмін”, “тэрміналогія”?

  2. Якія патрабаванні прад'яўляюцца да тэрмінаў як спецыяльных найменняў?

  3. Чаму тэрмін павінен быць адназначным?

  4. На аснове якіх сэнсавых і фармальных адрозненняў тэрміны проціпастаўляюцца агульнаўжывальным словам?

5.1.6. З гісторыі фарміраванне беларускай тэрміналогіі

Актыўнае фарміраванне беларускай тэрміналогіі прыпадае на 20-ыя гг. XIX стагоддзя і звязана з сацыяльна-эканамічнымі зменамі, якія адбываліся пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Беларуская мова пачала выконваць шырокія функцыі ў новым грамадстве і адчувала вялікую патрэбу ў сродках намінацыі для развіцця новых для яе функцыянальных стыляў – навуковага, публіцыстычнага, афіцыйна-дзелавога, без якіх яна не магла выконваць функцыю мовы дзяржаўнай. Найменш развітым пластом лексікі таго перыяду былі спецыяльныя найменні. З улікам гэтага ў 1921 г. была заснавана тэрміналагічная камісія, якая на працягу 20 – пачатку 30-х гадоў падрыхтавала і апублікавала серыю выпускаў беларускай навуковай тэрміналогіі па важнейшых галінах навукі і культуры.

Адметнай асаблівасцю развіцця беларускага слоўніка ў гэты час была паскоранасць. Каб зрабіцца універсальным сродкам масавай камунікацыі, здольным абслугоўваць усе сферы дзейнасці чалавека, беларуская літаратурная мова павінна была адразу ж, у спешным парадку адлюстраваць усе здабыткі агульначалавечай культуры, знайсці сродкі для моўнага выражэння тых ідэй, з’яў і паняццяў, якія ў іншыя мовы пранікалі на працягу стагоддзяў. Гэта паскоранасць выразна праявілася пры стварэнні тэрміналагічнай лексікі, якой беларуская літаратурная мова да рэвалюцыі не паспела і не магла ўзбагаціцца.

Пры такім паскораным развіцці лексіка-семантычнай сістэмы беларускай літаратурнай мовы для дзейнасці стваральнікаў тэрміналогіі, якая ажыццяўлялася не толькі пры адсутнасці адпаведных тэарэтычных даследаванняў, але і якіх-небудзь сталых традыцый ў тэрмінатворчасці, уласцівы былі ў той ці іншай меры эмпірычнасць і інтуітыўнасць.

Асноўным метадалагічным прынцыпам стварэння новых тэрмінаў было выкарыстанне сродкаў народна-гутарковай мовы. На базе агульнаўжывальных існуючых лексем шляхам іх тэрміналагізацыі, былі створаны тэрміны, якія трывала замацаваліся практыкай.

Неабходна адзначыць, што стварэнне тэрміналагічных намінацый на аснове агульнаўжывальнай лексікі было мэтанакіраваным і залежала ад канкрэтных асоб, таму тэрміны ў некаторай ступені мелі штучны характар. Відавочным было імкненне аўтараў максімальна выкарыстаць уласныя моўныя рэсурсы, каб пазбегнуць ужывання запазычанняў з рускай мовы (якая была дамінуючай у дакастрычніцкі перыяд) і распрацаваць тэрміналогію на базе ўнутраных сродкаў мовы, г.зн. зрабіць тэрміны матываванымі, каб быў відаць унутраны змест слова. У агульным падыходзе аўтараў слоўнікаў да запазычанняў знайшлі адлюстраванне тэндэнцыі нацыянальнага пурызму, характэрныя для ўсіх народаў у перыяд фарміравання нацый. Замест запазычаных слоў прапаноўвалася выкарыстоўваць агульнаўжывальныя словы, дыялектныя словы і пурыстычныя наватворы, напр.: брахнепіс – пасквіль, веслакрыл – пінгвін, ветралёт – лётчык, вястун – рэпарцёр, дапішчык – карэспандэнт, двусьпеў – дуэт, кругадрэз – сегмент, мокраступы – галошы, мятла – камета, пакрытніца – эпітэлій, палудзеньнік – мерыдыян, простакутнік – прамавугольнік, пэўнік – аксіёма, роўналежнабочнік – паралелаграм, слухальня – аўдыторыя, смутнагляд – песімізм, спрэчкапіс – палеміка.

Узнікненне адзінак такога кшталту можна растлумачыць і практычнай адсутнасцю навуковай літаратуры на беларускай мове, у сувязі з чым шмат паняццяў і з’яў не мелі акрэсленага азначэння. Такое становішча вымушала або прапаноўваць свой варыянт патрэбнага тэрміна або выкарыстоўваць іншамоўны.

Некаторыя тэрмінолагі, усведамляючы нерэальнасць і заганнасць поўнага адмаўлення ад усіх відаў запазычанняў, імкнуліся ўстанавіць разумны баланс паміж нацыянальнымі і інтэрнацыянальнымі сродкамі выражэння тэрміналагічнага значэння. На практыцы падобны падыход рэалізоўваўся ў адначасовым прывядзенні абодвух варыянтаў, прычым першым падаваўся той тэрмін, якому аўтары аддавалі перавагу. Такім чынам, адной з асаблівасцей намінацый таго перыяду можна лічыць той факт, што для выражэння аднаго зыходнага паняцця прапаноўваліся сінанімічныя варыянтныя адзінкі, якія выносіліся на суд масавага чытача і павінны былі прайсці выпрабаванне часам. Наяўнасць такіх варыянтаў – «нармальная і непазбежная з’ява, якая адлюстроўвае зараджэнне, станаўленне і эвалюцыю навуковага стылю нацыянальнай мовы»7. Ідэальны стан тэрміна (адсутнасць сінаніміі, мнагазначнасці, аманіміі ў межах тэрміналагічнай сістэмы) – толькі заключны вынік фарміравання пэўных тэрмінасістэм.

Значная частка створаных неалагізмаў таго часу аказалася нежыццяздольнай з прычыны шырокай ужывальнасці інтэрнацыянальных і славянскіх, у першую чаргу рускіх, адпаведнікаў, а таксама з прычыны штучнасці асобных наватвораў і недакладнай адпаведнасці навуковаму зместу абазначаемых паняццяў. У сучасных тэрміналогіях замацаваліся галоўным чынам словы агульнанародныя, вядомыя літаратурнай мове яшчэ на этапе іх тэрміналагізацыі, з ліку ж вузкаспецыяльных і тэрыта-рыяльна абмежаваных у якасці тэрмінаў працягваюць ужыванне асобныя мясцовыя прафесійныя назвы, мясцовыя элементы традыцыйных тэрміна-лагічных сістэм (сельскагаспадарчай, рыбалоўнай, жывёлагадоўчай і інш.).

Пурыстычныя тэндэнцыі, якія ўзніклі пад уплывам росту нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, значна абмежавалі пранікненне ў тэрміналогію слоў іншамоўнага паходжання. Аднак нягледзячы на гэту акалічнасць і складанасць моўнай сітуацыі, беларуская тэрміналогія папоўнілася вялікай колькасцю запазычанай лексікі. На працягу 20–пачатку 30-х гадоў выйшлі тэрміналогіі анатоміі, грамадазнаўства і права, заалогіі і глебазнаўства, геалогіі, мінералогіі і крышталяграфіі, матэматыкі, літаратуры, геаграфіі і касмаграфіі, логікі і псіхалогіі, музыкі, лясной гаспадаркі, хіміі і бухгалтэрыі, граматыкі, лінгвістыкі, педагогікі, тэхнікі і інш. Калі прыняць пад увагу, што гэтыя тэрміналогіі для беларускай мовы былі пераважна новымі, то няцяжка ўявіць, які вялікі паток іншамоўных і інтэрнацыянальных слоў уліўся ў беларускі лексікон у гэты час. Запазычванне як працэс папаўнення беларускай лексікі зусім не ігнараваўся членамі Навукова-тэрміналагічнай камісіі. Побач з пошукамі тэрмінаў у народнай лексіцы ўкладальнікі слоўнікаў выкарыстоўвалі і запазычаную лексіку, усведамляючы яе неабходнасць і незамяняльнасць. Зварот да запазычанняў тлумачыцца не толькі тым, што для абазначэння многіх паняццяў навукі, тэхнікі, культуры, афіцыйных і грамадска-палітычных адносін у беларускай мове не было адпаведных лексічных сродкаў, але і таму, што аўтары праектаў галіновых тэрміналогій уважліва адносіліся да вопыту выпрацоўкі тэрмінасістэм у іншых мовах, дзе іншамоўная і інтэрнацыянальная лексіка мае вялікую ўдзельную вагу і скарыстоўвалі гэты вопыт у сваёй рабоце. Спробы ствараць навукова-тэхнічныя тэрміны па структурна-семантычных мадэлях, складзеных “на хаду” і не замацаваных папярэдняй моўнай практыкай народа не мелі поспеху. Многія штучныя і дыялектныя ўтварэнні 20-х гадоў былі адкінуты моўнай практыкай і заменены словамі інтэрнацыянальнага паходжання або рускага паходжання.

У новых умовах, калі ўзнікла патрэба ў паскораным развіцці лексічнага саставу, беларуская мова не магла абысціся без запазычанняў і па той прычыне, што мела недастаткова ўпарадкаваную словаўтваральную сістэму, адносна бедныя спосабы і сродкі ўтварэння слоў-тэрмінаў (гэта звязана з перарывам літаратурна-пісьмовых традыцый). Таму ўвага тагачасных даследчыкаў была звернута на лексічныя і словаўтваральныя сродкі рускай мовы, якая ў адрозненне ад беларускай, бесперапынна развіваючыся, сінтэзавала лексіка-граматычныя багацці ўсіх велікарускіх дыялектных зон, стараславянскай, іншых славянскіх і неславянскіх моў і сфарміравала на гэтай аснове багатую і разгалінаваную словаўтваральную сістэму.

З канца 30-х гадоў узмацняецца раней абмежаваны рознымі фактарамі прыток у беларускую мову інтэрнацыянальнай і іншамоўнай лексікі. У пасляваенны ж час (канец 40-х–50-я гады), як і ў перыяд вайны, амаль поўнасцю адмаўляюцца запазычанні і нават замяняюцца раней асвоеныя лексічныя запазычанні словамі з роднай мовы.

Выклікана гэта было актывізацыяй ідэалагічнай работы, якая вялася пад лозунгам барацьбы супраць “касмапалітызму” і “нізкапаклонства перад Захадам”. У гэты час запазычваюцца толькі асобныя тэхнічныя і некаторыя іншыя тэрміны інтэрнацыянальнага паходжання.

Апошнія пасляваенныя дзесяцігоддзі (60–80-я гады) характарызуюцца актывізацыяй працэсу запазычвання, пашырэннем кола тэрміналагічных і лексіка-семантычных груп сярод запазычанай лексікі. Гэтыя змены былі выкліканы тымі палітычнымі пераўтварэннямі, якія адбыліся ў краіне: быў заключаны рад міжнародных дагавораў аб культурных і гандлёва-эканамічных сувязях, што садзейнічала паступовай ліквідацыі “жалезнай заслоны”, якая існавала ў першыя пасляваенныя гады паміж лагерам сацыялізму і капіталістычнымі краінамі Захаду і стрымлівала ўсякі іншамоўны ўплыў, у тым ліку і ў галіне лексікі. Паступовае змацаванне міжнародных кантактаў у самых разнастайных галінах чалавечай дзейнасці паспрыяла раўнамернаму і выніковаму ўваходжанню запазычанняў у рускую мову, а праз яе і ў беларускую.

Другім стымулюючым фактарам, які садзейнічаў запазычванню, быў навукова-тэхнічны прагрэс, які праявіўся ў аўтаматызацыі вытворчасці, выкарыстанні атамнай энэргіі, асваенні космасу, выкарыстанні электрон-на-вылічальных машын, вырабе сінтэтычных матэрыялаў і ў многіх іншых формах. Па колькасці і актуальнасці ўжывання сярод запазычанняў на першае месца выйшла навуковая і тэхнічная тэрміналогія. Запазычваюцца ў гэты час у большай колькасці ў параўнанні з 20–30-мі гадамі рускія неалагізмы, утвораныя шляхам спалучэння рускіх і інтэрнацыянальных або толькі інтэрнацыянальных словаўтваральных элементаў.

Працэс запазычвання інтэрнацыянальнай і іншамоўнай лексікі не спыняецца і ў наш час. Бурнае развіццё навукі і тэхнікі ва ўсіх краінах сведчыць аб тым, што колькасць запазычанняў будзе расці.

Такім чынам, па інтэнсіўнасці пранікнення і лексіка-семантычных асаблівасцях іншамоўнай лексікі ў гісторыі беларускай тэрміналогіі можна ўмоўна выдзеліць чатыры перыяды: 20–30, 40–50, 60–80, 90-я гады – па сённяшні дзень.

Перыяд канца 80-х – пач. 90-х гадоў характарызуецца аднаўленнем пурыстычных тэндэнцый. Тлумачэнне гэтаму можна знайсці ў тых сацыяльных зменах, што адбыліся пасля распаду адзінай дзяржавы і набыцця Беларуссю незалежнасці. Як гэта ўжо было не раз, палітыка моцна ўплывае на натуральны ход развіцця мовы. Грамадству зноў прапаноўваецца паўтарыць ужо пройдзены шлях, хаця ўвесь папярэдні вопыт сведчыць аб заганнасці ідэі замкнутага, чыста нацыянальнага характару тэрміналогіі.

Канцэпцыя самабытнага развіцця беларускай навукова-тэхнічнай тэрміналогіі зводзіцца ў асноўным да трох напрамкаў: 1) прыцягненне ў спецыяльныя падмовы рэгіянальных дыялектызмаў з папярэднім расшырэннем іх семантычнага аб’ёму; 2) стварэнне штучных альтэрнатыўных тэрміналагічных наватвораў пры наяўнасці тэрмінаў, трывала замацаваных у мове; 3) шырокага выкарыстання паланізмаў.

Калі ў 20-я гады ўкладальнікі слоўнікаў прыбягалі да не заўсёды апраўданага выкарыстання дыялектызмаў у асноўным з мэтай надаць беларускай мове навукі і тэхнікі нацыянальны характар і каларыт. То сучасныя аўтары з прычыны недастатковага ведання дыялектнай лексікі часцей за ўсё займаюцца вынаходніцтвам новых штучных слоў, каб як мага далей “адштурхнуцца” ад рускай мовы і не дапусціць ужывання рускіх запазычанняў. Таму на старонках перыядычных выданняў і слоўнікаў узнікаюць тэрміналагічныя найменні, накшталт: абыймо – аб’ём, вытвар – праграмны прадукт, злучво – інтэрфікс, надайнік – датчык, падзвіжнік – рычаг, почапка – сярга, мяшанецгібрыд, вуза, камора – ячэйка, каморнік – землемер, кампутар – камп’ютар, кругавід – гарызонт, крывіна – крывізна, прысада – алея, рольніцтва – земляробства, рысунак – чарцёж, травень – май, шматвугловік – многавугольнік.

Аналіз лексічнага складу беларускай тэрміналогіі паказвае, што выбар лексічных сродкаў (уласных ці запазычаных) залежыць ад мноства прычын. Адной з важнейшых, калі не вызначальных, з’яўляецца агульнае палітычнае становішча ў краіне і сацыяльныя працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве. Такая прычына з’яўляецца універсальнай для ўсіх моў. Кожная мова ў сваім развіцці мае перыяды ўзмацнення пурыстычнага ўплыву. У Расіі гэта звязана з пачаткам XIX ст., калі зараджаецца грамадска-літаратурны рух славянафілаў, прадстаўнікамі якога былі А.С. Шышкоў, Г.Р. Дзяржавін, С.А. Шырынскі-Шыхматаў, А.С. Хвастоў, Дз.І. Хвастоў, А.А. Шахаўской, Дз.П. Гарчакоў, Б.В. Галіцын, І.С. Захараў і інш. У сваіх артыкулах і кнігах прыхільнікі гэтага напрамку выступалі супраць еўрапеізацыі рускай мовы, якую праводзілі карамзісты: яны поўнасцю ігнаравалі запазычанні, шырока выкарыстоўвалі разам з агульнаўжывальнымі літаратурнымі словамі царкоўнаславянізмы, дыялектныя словы, калькі і штучна створаныя лексічныя адзінкі. Акрамя таго, выкарыстанне ўласных словаўтваральных магчымасцей, у прыватнасці калькавання, у тэрміналогіі мела на мэце даказаць здольнасць рускай мовы абслугоўваць гэту параўнальна новую для яе галіну.

У цэлым дзеянні адэптаў пурыстычнай словатворчасці мелі даволі агрэсіўны характар: яны імкнуліся навязаць свае распрацоўкі, рэалізаваць іх заканадаўча. Валюнтарысцкія прадпісанні, адарваныя ад рэальнага жыцця, не мелі поспеху, большасць пурыстычных наватвораў не захавалася ў мове і ўспрымаецца зараз як лінгвістычны кур’ёз, напрыклад: лечезнание – медицина, телообразие – физика, сомерочетие – математика.

Схільны да пурызму і некаторыя сучасныя рускія даследчыкі: усведамляючы немагчымасць поўнай адмовы ад лексікі іншамоўнага паходжання, яны прапаноўваюць абмежавацца запазычаннямі толькі з роднасных славянскіх моў (польскай, чэшскай). Такія погляды не могуць прэтэндаваць на арыгінальнасць, паколькі ідэнтычныя перакананні былі распаўсюджаны ў XVIII ст.

Працягласць пурыстычнага ўплыву вызначаецца асаблівасцямі гістарычнага развіцця краіны. Устойлівымі пурыстычныя традыцыі аказаліся ў чэшскай мове, якая “аберагалася” ад нямецкіх запазычанняў яшчэ з XV ст., што было звязана з агульнай барацьбой чэшскага народа супраць нямецкага засілля. “Чэхі старанна вызвалілі сваю мову ад усяго нямецкага, прычым падчас гэта вызваленне і словатворчасць набывалі смешны характар, таму што шэраг новых тэрмінаў, створаных чэшскімі лінгвістамі, можна было і не ствараць, паколькі гэтыя тэрміны ўжо ўвайшлі ў інтэрнацыянальны абыходак”.

У Францыі 70-х гадоў ажыццяўлялася пратэкцыянісцкая палітыка ў галіне мовы, якая перашкаджала пранікненню англіцызмаў. Пазней намеціўся некаторы адыход ад жорсткіх патрабаванняў па арыентацыі на словаўтваральныя магчымасці ўласнай мовы.

У ісламскім Іране, краіне, вядомай негатыўнымі адносінамі яе кіраўніцтва да заходніх духоўных і культурных каштоўнасцей, пастановай меджліса наогул забаронена ўжыванне любых запазычанняў. Прычым гэтай забароны не пазбеглі нават такія шырока распаўсюджаныя словы, як «камп’ютар» і «факс».

Вопыт замежных краін паказвае, што ў пераломныя гістарычныя этапы арыентацыя выключна на ўнутраныя рэзервы ўласнай мовы нясе на сабе адбітак палітычнай барацьбы.