Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Белорусский язык Электроннное пособіе.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
18.13 Mб
Скачать

Пытанні да самакантролю:

1. Якія сродкі арганізацыі навуковага тэксту вам вядомы?

2. Якую функцыю выконвае выкарыстанне разнастайных шрыфтоў у тэксце?

3. Якія часткі тэксту атрымалі назву буферы-актывізатары? Прывядзіце прыклады такіх элементаў.

4. Як у навуковы тэкст уводзяцца спасылкі?

5. Якія спосабы ўключэння цытат у навуковы тэкст вам вядомы?

6. Які спосаб арганізацыі навуковага тэксту называецца нумарацыяй? Чаму спрыяе афармленне матэрыялу такім чынам? Якімі спосабамі можна выкарыстаць гэты прыём?

5.1.4. Моўныя асаблівасці навуковага тэксту

5.1.4.1. Лексічныя і фразеалагічныя асаблівасці навуковага тэксту

Сістэма моўных сродкаў навуковага стылю адлюстроўвае спецыфіку даследчай сферы дзейнасці чалавека.

На лексічным узроўні навуковае маўленне мае свае яркія асаблівасці. Для яго характэрны строгі адбор, дакладнасць моўных сродкаў, адназначнасць словаўжывання, выкарыстанне тэрмінаў.

Лексіку твораў навуковага стылю можна ўмоўна падзяліць на некалькі груп. Найбольшую групу складаюць так званыя агульныя, стылістычна нейтральныя словы, або міжстылёвыя, якія сустракаюцца ва ўсіх стылях мовы. Гэтыя словы суадносяцца з шырока распаўсюджанымі і звыклымі паняццямі рэчываў, прадметаў, з’яў, дзеянняў, колькасці, прасторы, часу, ацэнкі з’яў навакольнага свету: вада, газ, стол, будынак, ручка, мароз, дождж, ісці, гаварыць, пісаць, бачыць, адзін, два, дзесяць, многа, вуліца, поле, лес, дзень, ноч, месяц, год, лёгка, хутка, вельмі і інш. Сюды, акрамя самастойных часцін мовы (назоўнікі, прыметнікі, дзеясловы, займеннікі, лічэбнікі, прыслоўі), адносяцца і службовыя словы (злучнікі, прыназоўнікі, часціцы) са звычайнымі для іх функцыямі і значэннямі: і, а, але, ці, калі; у, за, да, без, з; не, ні, хоць, бы(б) і інш. Аднак асобныя прыназоўнікі і злучнікі (па, дзякуючы, насуперак, па лініі і г.д.) ужываюцца ў навуковым маўленні пераважна ў вузкаспецыфічным значэнні.

Міжстылёвыя словы складаюць аснову ўсёй мовы. У плане ацэнкі яны нейтральныя, не маюць стылістычнай афарбоўкі.

У навуковых працах і канкрэтная лексіка можа служыць для выражэння агульных паняццяў. Так, у энцыклапедычным тэксце Хата, жылая пабудова, пераважна зробленая з дрэва. Як тып жылля гістарычна развілася ад будана і зямлянкі да наземнай пабудовы (БелЭН) назоўнік хата абазначае не адзінкавы канкрэтны прадмет, а род адпаведных будынкаў, выражае агульнае паняцце.

Параўнаем энцыклапедычнае вызначэнне хаты з мастацкім апісаннем: Па-над Прыпяццю між лясоў, пяскоў і балот туліцца невялічкая вёсачка, хат, можа, так трыццаць ці сорак, і хаты няроўныя тут, як і людзі: адна большая, другая меншая, старэйшая ці навейшая. Але хата дзеда Талаша ўсё ж такі зварачае на сябе ўвагу. Не так знадворным выглядам, як адзіноцтвам: стаіць яна наводшыбе і ў блізкім суседстве з хмызняком ускрай балота. Побач з хатай, прыкрываючы яе ад летняга сонца, красуецца высокая разложыстая груша. Вясною, усыпаная белым цветам, як маладая дзяўчына, яна проста аздабляе дзедаў двор, і не толькі дзед Талаш, а і бусел з гнязда, змайстраванага на дзедавай клуні, залюбуецца ёю (Я. Колас). Аўтар падрабязна не апісвае знадворнага выгляду дзедавай хаты. I ўсё ж яе лёгка адрозніць ад іншых вясковых хат па індывідуальных прыметах. Запамінальны вобраз Талашовай хаты робіць эмацыянальнае ўздзеянне на чытача, У тэксце з энцыклапедыі слова хата не выконвае вобразна-ацэначнай функцыі, а дае толькі паняцце пра тып пабудовы.

Да другой групы адносяцца словы агульнанавуковага выкарыстання, якія не ўваходзяць у пэўную тэрміналагічную сістэму. Яны ўжываюцца ў навуковых працах самых розных галін ведаў: аналіз, сінтэз, дослед, змяненне, працэс, пошук, рух, гіпотэза, мадэль, сістэма, тэорыя, эксперымент, даказаць, абумовіць, абгрунтаваць, вызначыць, планаваць і інш. Неабходна адзначыць, што сярод слоў гэтай групы шмат іншамоўных – пераважна лацінскага ці грэчаскага паходжання. Напрыклад, слова асіміляцыя (ад лац. assimilatio – прыпадабненне, супастаўленне) выкарыстоўваецца ў біялогіі, лінгвістыцы, сацыялогіі; слова асацыяцыя (ад лац. аssociatio – аб’яднанне, злучэнне) ужываецца ў псіхалогіі, хіміі, астраноміі, батаніцы; слова індэкс (ад лац. іndeх –указальнік, спіс) – у матэматыцы, эканоміцы, метэаралогіі.

Часта агульнанавуковыя словы па-за навуковымі тэкстамі становяцца агульнаўжывальнымі. Напрыклад, слова перыяд ужываецца ў розных галінах навукі; у астраноміі яно выкарыстоўваецца са значэннем ‘прамежак часу, на працягу якога адбываюцца ўсе фазы якога-небудзь паўторнага працэсу’, у матэматыцы – са значэннем ‘адна лічба ці група паўтаральных лічбаў у перыядычным дробе’, у лінгвістыцы – са значэннем ‘складаная сінтаксічная пабудова, якая пры чытанні распадаецца па інтанацыі на дзве (ці болей) часткі’, у геалогіі – са значэннем ‘час, на працягу якога ўтварыліся горныя пароды, якія складаюць геалагічную сістэму’, у фізіцы – са значэннем – ‘перыяд вагання, прамежкі часу, праз якія сістэма, якая ажыццяўляе ваганне, вяртаецца ў зыходны стан; ці перыяд паўраспаду – час, за які распадаецца палова з наяўных атамаў радыеактыўнага рэчыва’. Але гэта ж слова перыяд агульнавядомае, звычайна ўжываецца з наступнымі значэннямі: 1) ‘прамежак часу, на працягу якога адбываецца што-небудзь’; 2) ‘этап грамадскага развіцця, грамадскага руху’.

Да трэцяй групы, найбольш спецыфічнай для навуковага маўлення, належаць тэрміны – словы і словазлучэнні, якія гранічна дакладна абазначаюць спецыяльныя паняцці або прадметы. Як адзінкі мовы, яны ўваходзяць у тую ці іншую тэрміналагічную сістэму (напрыклад, тэрміны гісторыі, лінгвістыкі, матэматыкі, біялогіі, машынабудавання, эканомікі і інш.) і суадносяцца з навуковымі або прафесійнымі паняццямі: залатнік, поршань, каленчаты вал (тэхн.), вена, аорта, тахікардыя (мед.), вакалізм, кансанантызм, дысіміляцыя (лінгв.), шэльф, рэльеф, арыдны клімат (геагр.), іцтэграл, дробавы лік, сінус, косінус (мат.). Кожны тэрмін мае сэнс толькі як член пэўнай тэрміналагічнай сістэмы, і ў межах гэтай сістэмы ён стылістычна нейтральны.

Любы тэрмін у пэўнай сістэме паняццяў у процівагу звычайнаму слову (або словазлучэнню) павінен мець абмежаваны, дакладна акрэслены змест, што вызначаецца паняццем, якое тэрмін выражае. Гэты змест уласцівы тэрміну незалежна ад кантэксту. Звычайнае слова ўдакладняе сваё значэнне, набывае розныя сэнсавыя адценні ў кантэксце, у спалучэнні з іншымі словамі, напрыклад: цёплы дзень, цёплы позірк, цёплы прыём; пустая бочка, пустая гаворка; мядзведзь (звер), мядзведзь (чалавек). Тэрмін жа павінен быць “кантэкстава нерухомы” ў сваім значэнні, яго змест залежыць ад зместу і метадалогіі той навукі, да якой ён адносіцца.

Узнікненне і функцыянаванне тэрмінаў абумоўлена развіццём навукі, тэхнікі, мастацтва. Тэрміналогія хутка папаўняецца новымі адзінкамі. Асаблівасці тэрміна вылучаюць, адасабляюць навукова-тэхнічную тэрміналогію ад агульналітаратурнай лексікі. Гэта дае падставу разглядаць яе як асобную падсістэму літаратурнай мовы, якая характарызуецца замкнутасцю і сістэмнай суаднесенасцю ўнутры тэрміналогіі, у той час як лексіка агульналітаратурная ўяўляе сабой незамкнутую сістэму.

Фразеалогія навуковага маўлення таксама мае спецыфічныя асаблівасці. Яна значна абмежавана ў сваіх рэсурсах і экспрэсіўных магчымасцях. Навуковыя тэксты ў параўнанні з мастацкімі і публіцыстычнымі вызначаюцца невялікай колькасцю такіх устойлівых спалучэнняў слоў, напрыклад: краевугольны камень, чырвоная нітка, пад знакам, аддаваць належнае, камень спатыкнення і інш. Не распаўсюджаны ў навуковым стылі і прыказкі, прымаўкі, надзвычай рэдка ўжываюцца крылатыя словы і афарызмы.

Калі ж некаторыя фразеалагізмы і сустракаюцца ў навуковым маўленні, то яны выконваюць тут спецыфічную функцыю – намінатыўную, у той час як у мастацкіх і публіцыстычных тэкстах яны выкарыстоўваюцца, каб надаць мове вобразнасць, выразнасць.

Шырока выкарыстоўваюцца ў навуковым стылі ўстойлівыя словазлучэнні тэрміналагічнага характару (або тэрміналагічныя словазлучэнні фразеалагічнага тыпу): пасіўны баланс, дзяржаўнае права, бягучы рахунак, каленчаты вал, аналітычныя мовы, бронзавы век, касмічная хуткасць, удзельная вага, рухавік унутранага згарання, дэвонскі перыяд, жаночая рыфма і інш. У параўнанні з іншымі тыпамі словазлучэнняў устойлівыя словазлучэнні тэрміналагічнага характару, як правіла, не маюць сінонімаў. Так, для навуковага паняцця, што называецца словазлучэннем удзельная вага, існуе толькі дадзеная фразеалагічная адзінка. У іншых стылях, напрыклад у публіцыстычным, гэты выраз можа быць выкарыстаны ў пераносным значэнні як сінонім да словазлучэння вялікае значэнне.