Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Стылі мовы.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
477.7 Кб
Скачать

Узор выканання структурна-семантычнага і лексіка-граматычнага аналізу тэксту

Электрычнае поле

Зараджаныя целы ўзаемадзейнічаюць адно з адным, адштурхоўваючыся або прыцягваючыся ў залежнасці ад знака іх зарадаў.

Але як ажыццяўляецца гэта ўзаемадзеянне, целы ж падзелены адлегласцю і паміж імі няма непасрэднага кантакту, такога, які мае месца, напрыклад, пры ўдары клюшкай па шайбе? Можа, вакол зараджаных цел узнікаюць нейкія дэфармацыі асяроддзя, напрыклад, сцісканне паветра, якое дасягае другога цела?

Ужо ў XVIII ст., выкарыстоўваючы разраджаючую помпу, англічанін Р. Бойл выявіў, што пры самым старанным адпампоўванні паветра зараджаныя целы ўзаемадзейнічаюць практычна з тымі ж сіламі, што і пры наяўнасці звычайнага паветра, а больш познія вымярэнні паказалі, што ў беспаветранай прасторы сілы электрычнага ўзаемадзеяння з’яўляюцца нават больш эфектыўнымі, чым у любым іншым асяроддзі.

Заўважым, што з перадачай дзеяння без прамежкавага рэчыўнага звяна (асяроддзя) мы ўжо сутыкаліся гэта сусветнае прыцяжэнне! Менавіта дзякуючы полю прыцяжэння, аб якім гаварылася ў курсе «Сусвет», Сонца ўтрымлівае на арбіце нашу Зямлю, аддаленую ад яго на 150 млн. км беспаветранай прасторы. Поле прыцяжэння (гравітацыйнае поле) Зямлі ўтрымлівае на арбіце Месяц і штучныя спадарожнікі Зямлі, прымушае падаць целы, ствараючы сілу цяжару.

Аналагічна гэтаму мы павінны прызнаць, што вакол зараджаных цел таксама існуе асобы стан прасторы, які робіць канкрэтныя дзеянні, што назіраюцца намі ва ўсіх апісаных доследах па электрычнасці. Інакш кажучы, мы павінны прызнаць існаванне звязанага з зараджанымі целамі электрычнага поля.

Паколькі гэта поле не дзейнічае на вядомыя нам прылады (дынамометр, тэрмометр, барометр) і на нашыя органы пачуццяў (зрок, дотык, нюх, слых), то можа ўзнікнуць сумненне: а ці існуе такое поле наогул, або яно з’яўляецца толькі прадуктам нашага ўяўлення? Не, электрычнае поле існуе аб’ектыўна, г.зн. незалежна ад вывучаючых яго суб’ектаў, што пацвярджаецца менавіта яго канкрэтным дзеяннем.

Сапраўды, каляровыя палоскі, прыклееныя да металічнага дыска (мал. 66), зараджаныя аднайменна, адштурхваюць адна адну, і гэта дзеянне не залежыць ад суб’ектаў, якія назіраюць і вывучаюць з’яву. Яно не зменіцца, калі ў якасці назіральнікаў у класе будзе група акадэмікаў або група першакласнікаў, або наогул не будзе нікога.

У навуцы ўсё тое, што рэальна існуе ў навакольным свеце незалежна ад нашай свядомасці, называецца зборным словам матэрыя. Выкарыстаўшы гэта слова, мы скажам, што электрычнае поле – гэта асобая форма матэрыі.

А цяпер паглядзім на папяровы «вожык» з другога боку: палоскі паперы, атрымаўшы зарад, знаходзяцца вышэй за сваё зыходнае становішча, г.зн. павялічваецца іх патэнцыяльная энергія. Але мы ўжо добра ведаем, што сама па сабе энергія ніколі не змяняецца, значыць, нейкія сілы, падымаючы палоскі, выконваюць работу супраць сілы цяжару. Безумоўна ж, гэта электрычныя сілы, г.зн. сілы, з якімі электрычнае поле адной палоскі дзейнічае на другую зараджаную палоску, якая трапіла ў гэта поле. Значыць, мы павінны прыпісаць электрычнаму полю здольнасць выконваць пэўную работу або, інакш, прыпісаць яму пэўную энергію. Менавіта за кошт энергіі электрычнага поля і перамяшчаюцца электроны ў навакольных простых і складаных прыладах: электралямпах, кіпяцільніках, маторах, калькулятарах, тэлевізарах (Л.І.).

Тэкст навуковага стылю (навукова-вучэбны падстыль), апавядальны з элементамі апісання і разважання.

Кампазіцыйна тэкст складаецца з 4-х частак.

Першы просты сказ (ён жа і абзац) служыць як бы тэмай (Зараджаныя целы ўзаемадзейнічаюць адно з адным, адштурхоўваючыся або прыцягваючыся ў залежнасці ад знака іх зарадаў), якая далей развіваецца наступнымі чатырма абзацамі.

Апошні сказ 5-га абзаца з’яўляецца вынікам усіх папярэдніх разважанняў (Інакш кажучы, мы павінны прызнаць існаванне звязанага з зараджанымі целамі электрычнага поля).

6-ы абзац – новая тэма: Існуе такое поле наогул, ці яно з’яўляецца прадуктам нашага ўяўлення? Прыклады з папяровымі палоскамі, зараджанымі аднайменна, якія адштурхоўваюць адна адну, даказваюць, што электрычнае поле існуе аб’ектыўна.

Зыходзячы з таго, што ў навуцы ўсё, што рэальна існуе ў навакольным свеце, называецца матэрыяй, аўтар падводзіць чытача да вываду (новая тэма), што электрычнае поле – гэта асобая форма матэрыі.

Наступны абзац (дзевяты) – новая тэма. Аўтар разам з чытачом разважае: Але мы ўжо добра ведаем, што сама па сабе энергія ніколі не змяняецца, значыць, нейкія сілы, падымаючы палоскі, выконваюць работу супраць сілы цяжару. I ў гэтым жа абзацы прыходзім да вываду, што гэта энергія электрычнага поля.

Разгляд кампазіцыі тэксту дазваляе зрабіць вывад, што тэкст пабудаваны лагічна правільна, паслядоўна, доказна.

На аснове тэксту лёгка скласці план, пункты якога могуць служыць асноўнымі вывадамі:

1. Электрычныя ўзаемадзеянні перадаюцца пры дапамозе электрычных палёў.

2. Электрычнае поле праяўляе сябе ў дзеянні на ўнесены ў гэтае поле электрычны зарад.

3. Электрычнае поле матэрыяльнае.

4. Электрычнае поле валодае энергіяй.

Тэксту ўласцівы спецыфічныя сродкі навуковага стылю. Так, з мэтай зацікавіць чытача, прыцягнуць да сумеснага разважання аўтар прымяняе канструкцыю «пытанне-адказ»: Але як ажыццяўляецца гэта ўзаемадзеянне, целы ж падзелены адлегласцю і паміж імі няма непасрэднага кантакту, такога, які мае месца, напрыклад, пры ўдары клюшкай па шайбе? Можа, вакол зараджаных цел узнікаюць нейкія дэфармацыі асяроддзя, напрыклад сцісканне паветра, якое дасягае другога цела? і інш. Выкарыстанне клічнага сказа служыць напамінам пра самае важнае ў курсе «Сусвет», з якім чытач ужо быў знаёмы: Заўважым, што з перадачай дзеяння без прамежкавага рэчыўнага звяна (асяроддзя) мы ўжо сутыкаліся гэта сусветнае прыцяжэнне!

Для большай доказнасці думак аўтар слушна праводзіць эксперымент з папяровымі палоскамі, дадае малюнак.

Правільнасць інфармацыі пацвярджаюць таксама лексічныя сродкі тыпу мы павінны прызнаць, мы ўжо добра ведаем, безумоўна, менавіта, сапраўды і інш.

Марфалогія і сінтаксіс таксама адпавядаюць навуковаму выкладу: тэксту неўласціва вобразнасць, словы ўжыты ў прамым сваім значэнні, шырока выкарыстоўваюцца тэрміны; большасць сказаў апавядальныя, ускладненыя дзеепрыметнікавымі і дзеепрыслоўнымі зваротамі, устаўнымі канструкцыямі, спасылкамі, удакладненнямі і інш.