Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Новая лекцыя №1.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
606.21 Кб
Скачать

1. Утварэнне і ўжыванне формаў ступеней параўнання якасных прыметнікаў.

Як вядома, прыметнікі абазначаюць прыкмету. Гэтая прыкмета можа праяўляцца ў прадмеце ў большай ці меншай ступені. Існуюць фромы прыметніка, якія выражаюць непаўнату якасці: глыбакаваты, бялявы; ёсць формы, якія паказваюць на высокую ці вельмі высокую або нізкую ці вельмі нізкую ступень якасці, што выяўляецца ў прадмеце без параўнання з іншым прадметам: вялізны, малюсенькі, дробненькі. Гэтыя словы не з’яўляюцца граматычнымі формамі ступеняў параўнання, бо апошнія ўтвараюцца толькі пры параўнанні прадмета з іншым прадметам: лягчэйшы, найлягчэйшы, больш лёгкі, самы лёгкі.

Ступені параўнання маюць толькі якасныя прыметнікі.

Існуе дзве ступені параўнання – вышэйшая і найвышэйшая.

Формы ступеняў параўнання бываюць простыя і складаныя.

Вышэйшая ступень параўнання паказвае, што ў пэўным прадмеце якасці больш ці менш у параўнанні з іншым прадметам: волава цяжэйшае за жалеза. Форма вышэйшай ступені можа паказваць і на тое, што пэўны прадмет змяніў сваю якасць пры пэўных абставінах: Сёння ён ужо трохі весялейшы.

Простая форма вышэйшай ступені параўнання ўтвараецца далучэннем да асновы прыметніка суфікса -ейш (-эйш): цвёрды – цвярдзейшы, дарагі – даражэйшы.

Пры ўтварэнні формы можа адбывацца чаргаванне зычных (г, з // ж; к // ч; х // ш; д // дз’; т // ц’).

Часам простая форма вышэйшай ступені параўнання ўтвараецца пры дапамозе суфікса -ш- ад розных асноў: добры – лепшы, дрэнны – горшы. Такія асновы называюцца суплетыўнымі.

Простая форма не ўтвараецца:

а) ад прыметнікаў, якія паходзяць з дзеепрыметнікаў: калючы, балючы, гаючы, вядомы і інш.;

б) ад якасных прыметнікаў з суфіксамі -ав-, -іст-, -аўн-, -ат-, -к-: перадавы, агністы, сакаўны, шурпаты, ліпкі.

Складаная форма з’яўляецца больш пашыранай у параўнанні з простай. Яна ўтвараецца далучэннем да прыметнікаў слоў больш (болей), менш (меней): шырокі – больш (болей) шырокі, менш (меней) шырокі.

Да формаў вышэйшай ступені параўнання могуць далучацца часціцы яшчэ і куды (яны надаюць узмацняльнае значэнне): яшчэ большы, куды большы, яшчэ больш моцны.

Пры простай форме вышэйшай ступені параўнання залежны ад прыметніка назоўнік ці займеннік ужываецца ў форме вінавальнага склону з прыназоўнікам за: брат старэйшы за сястру, яна старэйшая за яго. Параўн.: у рускай мове ў такіх выпадках залежнае слова ставіцца ў родным склоне без прыназоўніка: брат старше сестры, дуб выше берёзы. У гутарковай мове і мове мастацкай літаратуры зрэдку ў такіх словазлучэннях выкарыстоўваецца прыназоўнік ад: На дом гляджу руплівым вокам, на край, мілейшы ад краёў (Е. Л.).

Пры абедзвюх формах могуць ужывацца параўнальныя звароты са злучнікамі чым, як: На свеце лепшага кутка няма, чым той куток, дзе маці нарадзіла (Гіл.). Сёлета ўраджай у нас лепшы, як летась (Скр.).

Утварэнні ж з суфіксам -ш- (малодшы, старшы), што пры абазначэнні пасады ці звання ўваходзяць у тэрманалагічныя спалучэнні накшталт малодшы лабарант, малодшы лейтэнант, старшы навуковы супрацоўнік, старшы сяржант, параўнальнай прыметы не маюць і формамі вышэйшай ступені не з’яўляюцца, параўн.: Бутрым старэйшы за Алеся ажно на тры гады (Я. Брыль). Старшы лейтэнант стаў адразу збірацца (І. Мележ). Безадносную якасць выражаюць прыметнікі малодшы, старэйшы і ў тых выпадках, калі яны ўжываюцца ў значэнні ‘больш позні (ранні) па часе свайго з’яўлення’: малодшы брат, старэйшы сын.

Найвышэйшая ступень параўнання паказвае, што пэўнай якасці найбольш або найменш у параўнанні з усімі іншымі прадметамі: Чалавек – найразумнейшая істота на зямлі.

Простая форма найвышэйшай ступені параўнання ўтвараецца ад простай формы вышэйшай ступені пры дапамозе прыстаўкі най-: найвышэйшы, найлягчэйшы, найлепшы, найгоршы.

У рэдкіх выпадках утварэнне адбываецца прыставачна-суфіксальным спосабам: найвялікшы, найноўшы.

Складаныя формы найвышэйшай ступені параўнання ўтвараецца далучэннем да якаснага прыметніка займенніка самы (самы сціплы, самы цяжкі) або прыслоўяў найболыш, найменш (найбольш складаны, найменш выразны).

Не ўтвараюць ні простых, ні складаных формаў ступеняў параўнання тыя прыметнікі, якія абазначаюць абсалютную (колькасна нязменную, статычную) якасць:

● некаторыя прыметнікі са значэннем стану асобы ці істоты: жывы, мёртвы, сонны; халасты, жанаты і інш.;

● прыметнікі, якія абазначаюць прымету на аснове якой-небудзь характэрнай фізічнай знешняй адзнакі: бязногі, аднарукі, барадаты, вусаты, чубаты, хвастаты і інш.;

● некаторыя прыметнікі, якія абазначаюць масці жывёл і жывых істот ці прадметаў: вараны, гняды, буланы, шызы, русы; карычневы, кафейны, бэзавы, мышасты, паласаты, попельны, зямлісты, бронзавы і інш.;

● прыметнікі, якія з’яўляюцца якаснымі толькі ў пераносным значэнні: жалезная воля, пшанічныя вусы, алавяныя вочы, каменнае сэрца і інш.;

● прыметнікі, якія ўжываюцца ва ўстойлівых спалучэннях са спецыялізаваным значэннем: лёгкая атлетыка, цяжкая прамысловасць, Блізкі Усход.

Пералічаны самыя пашыраныя групы.

Існуюць цэлыя групы прыметнікаў, ад якіх утвараюцца толькі складаныя формы ступеняў параўнання. Да іх ліку адносяцца:

● некаторыя невытворныя якасныя прыметнікі: упарты, бадзёры, пануры, прыкры, варожы, благі, любы, ліхі, хцівы і інш.;

● некаторыя вытворныя прыметнікі:

а) з суфіксамі -н- (ад назоўнікаў і дзеясловаў): радасны, надзейны, марозны, сумны, мірны, звычайны, адважны, стыхійны, трывожны і інш.;

б) з суфіксамі -ічн- (-ычн-): крытычны, паэтычны, гераічны, рытмічны і інш.;

в) з суфіксамі -льн-, -альн-, -яльн-: натуральны, максімальны, спрыяльны і інш.;

г) з суфіксамі -ів- (-ыв-), -лів-: бурлівы, імклівы, фальшывы, дакучлівы і інш.;

д) з суфіксамі -ат-, -аст-, -іт-, -авіт-: касматы, стракаты, мурзаты, выгінасты, хваравіты і інш.;

е) з суфіксамі -к-, -ск- (-цк-): вёрткі, колкі, гнуткі, геройскі, таварыскі, здрадніцкі і інш.