Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Новая лекцыя №1.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
606.21 Кб
Скачать

Viiі. Прыслоўе.

1. Прыслоўе як часціна мовы.

Прыслоўе – гэта самастойная часціна мовы, якая абазначае прымету дзеяння, стану, іншай прыметы ці прадмета. Прыслоўі могуць адносіцца да дзеясловаў (уважліва чытаць), да прыметнікаў (вельмі малы), да прыслоўяў (надта холадна), да назоўнікаў (размова па-англійску).

Прыслоўі – нязменныя словы: яны не спрагаюцца, не скланяюцца, не маюць формаў роду, ліку і склону. Ім уласцівы спецыфічныя суфіксы: -а, ‑е, -ому (-аму), -яму, -у,: мала, наверсе, па-веснавому, па-добраму, па-летняму, збоку, угары.

Якасныя прыслоўі маюць ступені параўнання: гяыбока – глыбей, больш глыбока і інш.; некаторыя прыслоўі маюць формы ацэнкі і меры якасці: рана - раненька, ранютка, ранюсенька.

У сказе прыслоўі звычайна з’яўляюцца акалічнасцямі: Алесь спяшаўся праверыць сваім вокам, што рабілася наўкола (Бр.). Далёка ўперадзе між высокіх пышна-зялёных ліп бялеліся шыферныя і гонтавыя дахі хат, што раскінуліся шырока – аж не ахопліваў позірк – налева і направа паабапал доўгай, вярсты са дзве, вуліцы (Дал.). І сонца не заходзіла, і не зойдзе, будзе нізка плысці над сопкамі і морам усю ноч, да самай раніцы, а раніцай пачне падымацца ўгору (Хомч.).

Прыслоўе можа выступаць у ролі іменнага выказніка або яго часткі: Апоўдні таго дня на Ростані было непрытульна. Мая сястра замужам. Ён ужо дома.

Калі прыслоўе адносіцца да назоўніка, яно выступае ў ролі недапасаванага азначэння: Мы ўбачылі абеліск з зоркай наверсе.

2. Асаблівасці ўтварэння і ўжывання формаў ступеней параўнання прыслоўяў у адрозненне ад рускай мовы.

Якасныя прыслоўі, утвораныя ад якасных прыметнікаў, маюць дзве ступені параўнання – вышэйшую і найвышэйшую, якія паказваюць на розную ступень праяўлення дзеяння, стану ці якасці. Ступені параўнання прыслоўяў маюць дзве формы – простую (сінтэтычную) і складаную (аналітычную).

Простая форма вышэйшай ступені параўнання ўтвараецца з дапамогай суфікса -ей (-эй, -ай), які далучаецца да ўтваральнай асновы прыслоўя. Яна звычайна супадае з асновай якаснага прыметніка, ад якога ўтворана прыслоўе: весела – весялей (прыметнік вясёлы), смачна – смачней (прыметнік смачны). У некаторых выпадках суфікс -ей (-эй, -ай) далучаецца непасрэдна да кораня: глыбока – глыбей, далёка – далей. Пры гэтым у прыслоўях могуць адбывацца гістарычныя чаргаванні гукаў [г], [к], [х] з гукамі [ж], [ч], [ш]: ціха – цішэй, дорага – даражэй, мякка - мякчэй: Прыляталі з выраю ластаўкі пазней за журавоў (Бял.). А хмары бягуць, сцелюцца ніжэй, гладчэй, раўней і аблягаюць усё неба (К-с).

Некаторыя прыслоўі (многа, мала, добра, дрэнна) утвараюць форму вышэйшай ступені параўнання ад суплетыўнай асновы з дапамогай суфікса -ш: мала – менш, добра – лепш, многа – больш, дрэнна – горш. Побач з формамі на існуюць і формы на -ей (-ай): меней, лепей, болей, горай: Лепей напішу пра сваіх малых (Як.). Няма, напэўна, горай пакарання, калі не свеціць над табой каханне (Грах.).

Формы вышэйшай ступені параўнання даўней, далей, раней могуць страчваць значэнне ступені параўнання і ўжывацца са значэннямі ‘калісьці’, ‘у мінулым’, ‘потым’: Даўней ні выхадных, ні свят не ведаў, усё ў пушчы прападаў (Парх.). Такое значэнне формы параўнання называецпа элятывам (гл. пытанне ІІ. Прыметнік. 3. Выкарыстанне элятыўных формаў у беларускай і рускай мовах (формы вышэйшай і найвышэйшай ступеней параўнання прыметнікаў).

Складаная форма вышэйшай ступені параўнання ўтвараецца з дапамогай слоў болей (больш), меней (менш), якія далучаюцца да якасных прыслоўяў: больш спакойна, менш напружана: Другіх гасцей сабака сустракаў больш ветліва (Луж.).

Простая форма найвышэйшай ступені параўнання прыслоўяў утвараецца далучэннем прыстаўкі най- да формы вышэйшай ступені: гучней – найгучней, бліжэй – найбліжэй: Шмат каму Колас дараваў кнігі, чытаў вершы, найчасцей толькі што напісаныя (Луж.). Складаная форма найвышэйшай ступені параўнання ўтвараецца з дапамогай слоў найбольш, найменш, якія далучаюцца да прыслоўяў: найбольш разумна, найменш памылкова: Мова – душа народа, і толькі на ёй можа народ найбольш поўна выказаць сябе (Каратк.).

Адценне самай высокай ступені якасці прыслоўям могуць надаваць часціцы ўсё, яшчэ, як, куды, чым, што, а таксама словы сама, за ўсё, якія далучаюцца да форм вышэйшай і найвышэйшай ступені: Сівавалосаму дасталося болей за ўсіх (Луж.). Але часцей за ўсё, як мы ведаем, таго, што павінна быць, не бывае (Я.С.). Прыгадвалася мноства знаёмых людзей – найчасцей па мянушках, якія звычайна куды лепш пасуюць да чалавека, чым сапраўднае прозвішча (Луж.).