
- •Андрэй Мрый. Кароткія звесткі пра жыццё і творчасць пісьменніка. Раман “Запіскі Самсона Самасуя” – твор пра анамаліі грамадскага жыцця сярэдзіны 1920-х гадоў
- •Ход урока
- •Арганізацыйны момант
- •Актуалізацыя ведаў
- •Тлумачэнне новага матэрыялу
- •Замацаванне вывучанага
- •Рэфлексія
- •Падвядзенне вынікаў урока
- •Дамашняе заданне
Андрэй Мрый. Кароткія звесткі пра жыццё і творчасць пісьменніка. Раман “Запіскі Самсона Самасуя” – твор пра анамаліі грамадскага жыцця сярэдзіны 1920-х гадоў
Мэты:
Адукацыйныя: узгадаць найбольш важныя звесткі біяграфіі і творчай дзейнасці А. Мрыя; аднавіць змест першага скрутка рамана “Запіскі Самсона Самасуя”, паглыбіць веды вучняў пра час, адлюстраваны ў творы; узнавіць веды пра гумар, і ронію, сатыру, шарж, даць паняцце “сатырычны раман”, папоўніць слоўнікавы запас вучняў.
Развіццёвыя: развіваць лагічнае мысленне і маўленне вучняў.
Выхаваўчыя: выхоўваць грамадзянскую пазіцыю старшакласнікаў.
Абсталяванне: партрэт А. Мрыя, табліца “Рысы, якія характарызуюць Самсона Самасуя”.
Ход урока
Арганізацыйны момант
Добры дзень! На мінулых уроках мы з вамі знаёміліся з асобай К. Крапівы, знаёміліся з творамі пісьменніка (байкамі і камедыяй “Хто смяецца апошнім”), аналізавалі сатырычную камедыю, імкнуліся вытлумачыць вобразы герояў – Гарлахвацкага, Тулягі, Зёлкіна, Чарнавуса, Веры, Левановіча. На мінулым уроку мы напісала з вамі тэст па тэме “Жыццёвы і творчы шлях К. Крапівы” (вучням паведамляюцца адзнакі за тэставае заданне).
Актуалізацыя ведаў
Сёння мы будзем знаёміцца з жыццёвым і творчым шляхам А. Мрыя, творчасць якога вам яшчэ не была вядома. Асоба гэтага творцы ў беларускай літаратуры вельмі значная. На сённяшнім уроку мы і даведаемся, што значнага ўнёс А. Мрый у беларускую літаратуру, паспрабуем узнавіць змест І скрутка рамана “Запіскі Самсона Самасуя”, пагаворым пра час, адлюстраваны ў творы, а таксама пазнаёмімся з новым для вас паняццем “сатырычны раман”.
Тлумачэнне новага матэрыялу
Адзін з вучняў падрыхтаваў біяграфію А. Мрыя. Паведамленне на 10 хвілін.
Сапраўднае імя пісьменніка – Андрэй Антонавіч Шашалевіч, нарадзіўся ў в. Палуж Краснапольскага раёна ў сям’і валаснога пісара. У дзевяцігадовым узросце Андрэй Антонавіч асірацеў, таму далейшае жыццё будучага пісьменніка было даволі складаным. Хлопец цікавіўся музыкай, сам навучыўся іграць на віяланчэлі, разам з братам Васілём не раз даваў канцэрты для аднавяскоўцаў.
Пасля А. Шашалевіч вучыўся ў духоўным вучылішчы, у якое не вельмі хацеў паступаць, а за ім – у семінарыі. Нягледзячы на тое, што ў гэтых навучальных установах хлопцу не вельмі хацелася вучыцца, скончыў іх А. Шашалевіч бліскуча. У час Першай сусветнай вайны А. Шашалевіч ваяваў прапаршчыкам, удзельнічаў у грамадзянскай вайне ў радах Чырвонай арміі. У 1918 г. ён быў кулямётчыкам у ЧА. Потым сямейнікі Мрыя-Шашалевіча ўзгадвалі, што для іх было загадкай, як будучы пісьменнік стаў прапаршчыкам, афіцэрам, - магчыма, закончыў вайсковую акадэмію.
З 1921 па 1926 гг. Працаваў настаўнікам у Краснаполлі. Краснапольскі перыяд жыцця адзначаны тым, што ў гэты час адбывалася станаўленне на новай ідэйнай аснове нацыянальнай культуры. А. Шашалевіч займаецца краязнаўчай працай, выдае рукапісны часопіс, арганізуе драматычны тэатр. Будучы пісьменнік актыўна змагаецца за ідэалы Кастрычніка.
З 1926 па 1930 гг. А. Шашалевіч працуе інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства ў Мінску. Член літаратурнага аб’яднання “Узвышша”. Піша гумарыстычныя і сатырычныя апавяданні.
Наступны перыяд жыцця А. Мрыя самы змрочны і чорны. Ён апісаны ў неадасланым дакуменце – лісце “Другу працоўных Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну”, дзе засведчаны пакуты душы, розуму найсумленнейшага чалавека, якому цяжка паверыць у тое, што ён – вораг народа, шкоднік і злачынец. У 1929 г. быў надрукаваны лепшы твор пісьменніка – раман “Запіскі Самсона Самасуя”, за які ў 1934 г. пісьменнік быў арыштаваны па прычыне негатыўнай ацэнкі твора крытыкамі. Пісьменніка таксама абвінавацілі ва ўдзеле ў нацыянал-фашысцкай дзейнасці настаўнікаў Краснапольскага раёна. Гэта быў час беспадстаўных абвінавачванняў і рэпрэсій. А. Мрыя называлі контррэвалюцыянерам, ворагам народа. Гэта быў чалавек, абвінавачаны беспадстаўна. У 1937 годзе яго справа была перагледжана, пісьменніку далі пашпарт. А. Мрый нядоўга працуе ў Валагодскай воласці, потым у Мурманскай. У 1940 г. А. Мрыя зноў арыштавалі і прысудзілі да 5 гадоў лагераў. Справу аднавілі і проста давялі да канца. Памёр А. Мрый у 1943 г. нібыта ад паралічу сэрца, але ёсць і іншыя звесткі, якія сведчаць, што пісьменніка забілі на адной з чыгуначных станцый злачынцы-рэцэдывісты, адпушчаныя Берыем на волю, калі той ужо вяртаўся пасля вызвалення дадому.
Для даваеннага часу біяграфія А. Мрыя тыповая. Гэта біяграфія ахвяры таталітарный дзяржавы, якая імкнулася д камуністычных ідэалаў, але не лічылася з індывідуальнымі поглядамі і інтарэсамі людзей. Пісьменнік быў рэабілітаваны ўжо пасля смерці, у наш час.
Што датычыць творчасці пісьменніка, то яе ўмоўна можна падзяліць на два перыяды – даўзвышанскі і ўзвышанскі. Быў і трэці – пасляўзвышанскі, але ўсё напісанае ў высылцы не захавалася. Першы перыяд – гэта час пошукаў самога сябе, пісьменнік шукае свой індывідуальны стыль. Творчасць разнастайная па тэматыцы: горад і вёска, жыццё прыроды і чалавека, старое і новае, вечнае і часовае. У гэты перыяд А. Мрый стварае замалёўкі з натуры, нарысы, допісы, дарожныя нататкі, занатоўкі. Ужо ў ранніх творах А. Мрый асэнсаваў маскараднасць паслякастрычніцкай рэчаіснасці, заўважыў у ёй моманты фальшывасці, падману. Пісьменнік адчуў, што не ўсё ў свеце ў парадку, таму ў яго апавяданнях нярэдкімі сталі героі-прайдзісветы, героі-двурушнікі.
Узлёт празаічнай творчасці А. Мрыя – 1927-1928 гг, калі пісьменнік быў у літаб’яднанні “Узвышша”.
Вельмі важна на сённяшнім уроку пазнаёміцца і з гісторыяй стварэння рамана “Запіскі Самсона Самасуя”.
Першы скрутак рамана быў закончаны ў Мінску 9 снежня 1928 г., 31-м ліпеня 1929 г. датуецца другі скрутак рамана. Упершыню твор быў надрукаваны ў часопісе “Узвышша” ў 1929 г. пасля арышту пісьменніка размова пра гэты і іншыя творы спынілася. Другое нараджэнне мастака і яго выдатнага твора адбылося ўжо ў 80-я гг.: у 1988 г. “Полымя” надрукавала раман. Паводле сюжэта “Запісак Самсона Самасуя” быў пастаўлены тэлефільм.
Як вы думаеце, чаму твор А. Мрыя быў забаронены, чаму яго імя ў літаратуры не згадвалася аж да 1980-х гадоў? ( Гэтым творам аўтар імкнуўся паказаць дэфармаваны вобраз эпохі 1920-х гг.)
Чаму пра твор “Запіскі Самсона Самасуя” ўспомнілі менавіта ў 80-я гг.? Якая палітыка праводзілася савецкай дзяржавай у гэты час? (Палітыка перабудовы і галоснасці сярэдзіны 80-х гг. дала магчымасць сказаць усю праўду пра недахопы савецкай сістэмы, пра пралікі партыі). Менавіта ў 80-я гг. раман “Запіскі Самсона Самасуя” стаў ацэньвацца як наватарскі, прарочы, арыгінальны.