- •Краязнаўства Беларусі
- •Развіццё гістарычнага краязнаўства ў беларусі хvі – 1-я пал. Хіх ст.
- •Руская плынь
- •Польская плынь
- •Развіццё краязнаўства ў другой палове хіх ст.
- •Музей старажытнасцяў
- •Віленская археаграфічная камісія
- •Дзейнасць краязнаўцаў 2-й паловы хіх – пачатку хх ст.
- •Развіццё краязнаўства ў Беларусі з 1917 г. Да нашых дзён
- •Краязнаўства ў 1930-я гг.
- •Заходняя Беларусь
- •Краязнаўства ў другой палове хх – пачатку ххі ст. Краязнаўства 1950-я гг. – сярэдзіна 1980-я гг.
- •Краязнаўства з сярэдзіны 1980-я гг. – пачатак ххі ст.
- •15 Гужалоўскі, а.А. Музеі Беларусі (1941–1991 гг.) / а.А. Гужалоўскі. – Мінск: нарб, 2004. – 218 с.
Дзейнасць краязнаўцаў 2-й паловы хіх – пачатку хх ст.
Гаворскі Ксенафонт Антонавіч (1821–1871), археолаг, гісторык, выдавец. Ганаровы член Віцебскага губернскага статыстычнага камітэта. З 1852 г. член-карэспандэнт Імператарскага Археалагічнага таварыства. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1845). З 1840 г. працаваў выкладчыкам Полацкай духоўнай семінарыі. У 1857–1858 гг. рэдагаваў неафіцыйную частку “Витебских губернских ведомостей”. З 1858 г. неафіцыйная частка складалася амаль толькі з ягоных публікацый. У 1862–1869 гг. рэдактар-выдавец часопіса “Вестник Западной России”. Адзін з ініцыятараў і галоўных праваднікоў палітыкі заходнерусізма на Беларусі. Менавіта яго хацелі прызначыць першым кіраўніком Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актавых кніг.
У пачатку 1850-х гадоў даследаваў 10 курганоў на Полаччыне, упершыню апісаў іх будову. Пісаў пра раскопкі курганоў, даследаванні каменных крыжоў. Вывучаў старажытную “Альгердаву дарогу” з Полацка на Вільню. Пісаў пра гісторыю праваслаўных цэркваў на Беларусі. Аўтар не надрукаванай работы “Гісторыя Полацкай епархіі”.
Семянтоўскі (Семянтоўскі-Курыла) Аляксандр Максімавіч (1821, Палтаўшчына – 1893), беларускі і рускі этнограф, археолаг, краязнаўца, фалькларыст. Паходзіў з Палтаўшчыны (Украіна).
Апісваў гісторыю Віцебскай губерні, Барысавы камяні, Полацкі Сафійскі сабор, сабор у Бельчыцах, старажытныя помнікі, археалагічныя знаходкі, крыж Лазара Богшы і іншыя. Сабраў звесткі пра 30 замкаў і замчышчаў на Віцебшчыне, больш як пра 1200 земляных насыпаў. Упершыню правёў класіфікацыю археалагічных аб’ектаў паводле іх прызначэння.
Стварыў карту археалагічную Віцебскай губерні, працы “Статыстычны нарыс Віцебска” і “Сінельна-набойная вытворчасць у г. Віцебску”. “Аб мерах і вазе, якія выкарыстоўваюцца цяпер і ўжываліся ў мінулыя гады ў Віцебскай губерні” (1878)
Асноўнай этнаграфічнай працай А. Семянтоўскага пра побыт і культуру беларусаў з’яўляецца “Этнаграфічны агляд Віцебскай губерні” (1872), а таксама “Памятники старины Витебской губернии” (1867), “Белорусские древности” (1890).
Шэйн Павел Васільевіч (1826, Магілёў – 14(27).08.1900, Дубулты), этнограф, фалькларыст, педагог. Працаваў выкладчыкам у Віцебскай гімназіі. Найбольш поўны беларускі матэрыял прадстаўлены ў кнізе «Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (т. 1–3, 1887–1902). Праца “Беларускія народныя песні”. Была адзначана малым залатым медалём РГТ.
Меў шырокую сетку карэспандэнтаў. З мэтай удасканалення збору матэрыялаў выдаў напісаную пад уплывам міфалагічнай школы “Праграму для збірання помнікаў народнай творчасці” (Віцебск, 1867) – адну з першых спецыяльных фальклорных праграм у Расіі і разаслаў яе па Беларусі. Праца “Беларускія песні” з’яўляецца самай буйной сярод аналагічных зборнікаў 60–70-х гг. ХІХ ст. У ёй сабрана больш 1000 беларускіх народных песень, 10 казак, легенд, паданняў, некалькі запісаў прыкмет, замоў і забабонаў.
Шпілеўскі Павел Міхайлавіч (псеўд. Драўлянскі, Знаёмы чалавек, Барон Ікс; 31.10(12.11).1823, в. Шыпілавічы Бабруйскага павета Мінскай губ., цяпер Бабруйскі раён – 17(29).10.1861), этнограф, фалькларыст, краязнаўца, пісьменнік, журналіст. Аўтар нарысаў і артыкулаў “Беларускія народныя павер’і” (1846–1852), “Апісанне пасольства Льва Сапегі ў Маскве ў 1600 г.” (1850), “Народныя прыказкі з тлумачэннем паходжання і значэння іх” (1852), “Даследаванне пра ваўкалакаў. На падставе беларускіх павер’яў” (1853), “Вясельныя абрады ў засцянкоўцаў (акалічан) Віцебскай губерні”(1854), “Мазыршчына: (З падарожжа па заходнерускім краі” (1859), “Паездка ў заходнія губерні” (1860).
П. Шпілеўскага можна лічыць адным з першых даследчыкаў і папулярызатараў беларускай гісторыі, этнаграфіі і фальклору. У цыкле белетрызаваных нарысаў “Падарожжа па Палессі і беларускім краі” (“Современник”, 1853–1855) і “Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках” (“Пантеон”, 1853–1856) змяшчаецца шэраг матэрыялаў краязнаўчага характару (гістарычныя даведкі, апісанні беларускіх гарадоў, вёсак і мястэчак, фальклорныя запісы і этнаграфічныя замалёўкі).
Багдановіч Адам Ягоравіч (20.03(1.04).1862, в. Халопенічы Крупскага раёна – 16.04.1940), беларускі этнограф, фалькларыст, мовазнавец. Бацька паэта М. Багдановіча. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1882). Працаваў настаўнікам на Міншчыне. У 1880–1893 гг. актыўны карэспандэнт П.В. Шэйна. У 1895 г. апублікаваў грунтоўнае даследаванне “Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў”, у якім вялікі фактычны матэрыял, сабраны на тэрыторыі Мінскай, Магілёўскай (Сенненскі і Аршанскі паветы) і Віцебскай (Лепельскі павет) губерній, класіфікаваны ў асобныя раздзелы (перажыткі фетышызму, анімізму, пераўвасабленняў, культаў сонца, нячыстай сілы, чараўніцтва і іншыя).
Сапуноў Аляксей Парфенавіч (27.03.1851, м. Усвяты Віцебскай губ. – 2.10.1924, Віцебск), гісторык, археограф, краязнаўца. Сваімі працамі зрабіў найбольшы ўнёсак у краязнаўчае вывучэнне Віцебшычны ў ХІХ стагоддзі. Працы А.С. Сапунова можна падзяліць на тры часткі. Першая, – зборнікі гістарычных матэрыялаў (архіўныя крыніцы, паказальнікі, спісы), другая, – навуковыя даследаванні, прадмовы, артыкулы да гістарычных зборнікаў, трэцце, – артыкулы і творы, разлічаныя на шырокае кола чытачоў, і ў большай частцы змяшчаныя ў мясцовым друку. Такія матэрыялы ўзбуджалі інтарэс мясцовай інтэлігенцыі да гісторыі краю, станавіліся штуршком для стварэння калекцый, збірання разнастайных матэрыялаў, перашкодзілі разбурэнню шэрага помнікаў гісторыі і культуры. Пры жыцці выдадзены 72 яго працы.
Найбольш вядомымі працамі А.П. Сапунова з’яўляюцца “Витебская старина”, “Историческая записка 75-летия Витебской гимназии (1808-1883)”, “Двинские или Борисовы камни”, “Река Западная Двина. Историко-георафический обзор”, “Чертеж г. Витебска 1664 г.”, “Исторический очерк Витебской Белоруссии”.
Раманаў Еўдакім Раманавіч (літ. псеўд. Е. Радимич) (11.09.1855 м. Беліца, Гомельскага ўезда – 20.01.1922), этнограф, фалькларыст, археолаг.
Аўтар больш за 200 прац па этнаграфіі, фальклоры, гісторыі, археалогіі і мове беларусаў, сабраў і надрукаваў больш за 10 тыс. фальклорных твораў. Галоўная фальклорна-этнаграфічная праца Раманава “Беларускі зборнік” з’яўляецца своеасаблівай энцыклапедыяй побыту і культуры беларусаў дарэвалюцыйнага часу. З напісаных 15 тамоў фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў пры жыцці аўтара выйшла 9 (вып. 1–9, 1886–1912).
Е. Раманаў зрабіў значны ўклад у развіццё археалогіі. Склаў археалагічныя карты Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў, сабраў звесткі пра больш за 1000 гарадзішчаў на Беларусі, выявіў шмат стаянак першабытнага чалавека. Першым у беларускай навуцы паставіў пытанне аб засяленні тэрыторыі Беларусі ў палеаліце; распрацаваў сістэму помнікаў археалогіі; першым з археолагаў звярнуў увагу на матэрыялы культуры ХІV–ХVIII ст.; распрацаваў інструкцыю для раскопак. Раманаў падрыхтаваў першы падручнік па археалогіі “Старина стародавняя”, адкрыў помнік эпіграфікі ХІІ ст. “Барысаў камень” (каля в. Высокі Гарадзец Талачынскага раëна). Е. Раманаў вызначыўся як археограф: выдаў Баркулабаўскі летапіс, “Апісанне Крычаўскага графства 1786 г.” А. Меера, зборнік “Тарас на Парнасе і іншыя беларускія вершы” (1900), шэраг дакументаў і актаў. Папулярызаваў творы В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча. Вёў антрапалагічныя даследаванні.
Выдатым даследчыкам Віцебшчыны з’яўляўся беларускі этнограф, фалькларыст Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі (5(17).05.1845, в. Вымна Віцебскага павета – 28.05(10.06.) 1910). Больш як 20 гадоў ён быў карэспандэнтам Шэйна, а з 1890-х гадоў выступаў з самастойнымі працамі. Апублікаваў каля 20 даследаванняў па этнаграфіі, фальклоры і гісторыі Віцебшчыны, якія з'яўляюцца каштоўнай крыніцай для вывучэння матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, іх вуснапаэтычнай творчасці. Найбольш вядомымі працамі даследчыка з’яўляююцца “Очерки Витебской Белоруссии”, Простонародые приметы и поверья, суеверные обряды и обычаи, легендарные сказания о лицах и местах”, “Странички из недавней старины г. Витебска”, “Белорусские песни «частушки», собранные Н.Я. Никифоровским”
З’яўляецца аўтарам першай спецыяльнай працы па матэрыяльнай культуры і вытворчай дзейнасці сельскага насельніцтва “Очерки простонародного житья-бытья в Витебской Белоруссии и описание предметов быта (Этнографические сведения)” (1895). Кніга – буйнейшае даследаванне па матэрыяльнай культуры беларусаў ХІХ ст. з той прычыны, што яна засноўваецца выключна на матэрыялах Віцебшчыны, то яе можна лічыць своеасаблівай “народнай” энцыклапедыяй” нашага краю.
Ельскі Аляксандр Карлавіч [Бацян з-над Пцічы, Літвін-грамадзянін] (1834, в. Дудзічы Ігуменскага павета – 1916), беларускі гісторык, этнограф, краязнаўца, пісьменнік, перакладчык, публіцыст. Скончыў Мінскую гімназію, браў удзел у Крымскай вайне. З 1860-х гг. жыў у Замосці (Пухавіцкі раён), дзе ў 1864 г. стварыў літаратурна-краязнаўчы музей, у фондах якога было каля 20 тыс. аўтографаў і дакументаў, 7 тыс. кніг, больш за 1 тыс. гравюр, калекцыі карцін, манет, археалагічных знаходак.
Аўтар шэрагу кніг на беларускай, польскай, рускай мовах на тэмы гісторы, этнаграфіі, фальклору, мове і літаратуры Беларусі. “Піва і варэнне піва ў нашым мінулым” (1883), “Пра беларускую гаворку” (1885), “Адам Місцкевіч на Беларусі” (1890), “Беларуская літаратура і бібліяграфія” (1892), “Нарыс гісторыі Мінскага біскупства” (1907). Для “Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых зямель славянскіх” і “Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі” напісаў больш за 10 тыс. артыкулаў, прысвечаных населеным месцам беларускіх губерній.
Першы біёграф і сябар В. Дуніна-Марцінкевіча. Пераклаў на беларускую мову 1-ю частку паэмы А. Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. Выдаў зборнік “100 прыказак, загадак, прыдумак і гавэндаў для пажытку беларускага (крывіцкага) народа” (1908).
Вярэнька Францішак Леапольдавіч (15.03.1862, маёнтак Пуцілкавічы Барысаўскага павета (цяпер Ушацкі р-н) – 4.03.1892), беларускі краязнавец і археолаг. Праводзіў археалагічныя раскопкі на тэрыторыі сучаснага Ушацкага раёна ўздоўж р. Ушача, даследаваў гарадзішчы, выявіў шмат прадметаў матэрыяльнай культуры старажытнасці. Аўтар зборніка “Аб народных леках” (выд. у 1896 г.), матэрыялы для якога сабраў у паўночнай частцы Барысаўскага і заходняй частцы Лепельскага паветаў. Зборнік з’яўляецца самай вялікай працай аб знахарстве, вераваннях, забабонах, прымхах, звязаных з хваробамі чалавека, і аб сродках народнай медыцыны таго часу. У рукапісах засталіся падрыхтаваныя да друку яго працы “Курганы ў Пуцілкавічах (1887-92) ”, “Курганы і два дагістарычныя пасяленні ў Пуцілкавічах”, археалагічныя карты, схемы гарадзішчаў, замчышчаў, запісы беларускага фальклору.
Маркс Максіміліян Восіпавіч (7(19).10.1816, Віцебск – 1893, Енісейск), удзельнік рэвалюцыйнага руху, этнограф Сібіры, мемуарыст. Скончыў Віцебскую гімназію (1834), вучыўся ў Маскоўскім універсітэце. У 1887–1888 гг. напісаў успаміны “Запіскі старога”. Праца з’яўляецца каштоўным дакументальным помнікам, які ўтрымлівае звесткі пра Віцебск і наваколлі 1830-х гадоў, паўстанні 1830–1831 і 1863 гг. Таксама вёў этнаграфічныя апісанні Віцебскай губерніі. Рукапіс разам з апісаннямі ў 1891 годзе даслаў свайму сябру, мастаку Э. Паўловічу. Зараз яны захоўваюцца ў бібліятэцы АН Украіны ў Львове. Выдадзены І. Абрамавай у “Віцебскіх сшытках”.
Стукаліч Уладзімір Казіміравіч (28.10(9.11).1856, г. Якабштат Курляндскай губ., цяпер Екабпілс, Латвія – 18.10.1918, г. Віцебск), літаратуразнавец, гісторык, краязнаўца. крытычныя артыкулы, гістарычныя даследаванні, працы па пытаннях бібліяграфіі і права. У 1887 годзе імкнуўся выдаць складзены ім “Западнорусский народный календарь на 1888 год”, але цэнзура адмовіла ў яго выданні. Выдаў працы “Кароткая нататка аб беларускай гаворцы” (1895), “Да пытання пра арганізацыю універсітэта ў Віцебску” (1903), даследаванняў “А.П. Сапуноў. Да 25-годдзя яго навуковай і літаратурнай дзейнасці” (1905), “М.Я. Нікіфароўскі. 1845–1910 гады”
Краснянскі Уладзімір Гаўрылавіч (9.(21).07.1863, с. Руціна Валдайскага павета Наўгародскай губ. – 4.05.1930, Віцебск), беларускі гісторык, краязнаўца. Найбольш цікавымі з яго прац можна прызнаць дзве: прысвечаную Мсціслаўлю і капітальнае даследаванне “Чарцяжа” г. Віцебска, які быў створаны па загадзе рускага цара Аляксея Міхайлавіча ў 1664 г. Аўтар працы, прысвечанай гісторыі музейнай справы краю: “История музейного строительства в Витебске и ее современное состояние”, каталогаў музейных фондаў: “Систематический каталог музейного фонда быв. музея В.П. Федоровича”, “Систематический каталог музейных фондов Витебского церковно-археологического древнехранилища и быв. музея б. Витебской Ученой Архивной Комиссии”.
Сярод прац, прысвечаных Віцебску і яго гісторыі і культуры, між іншымі адзначым наступныя: “Кніга прывілеяў м. Віцебску” (Imbidem), “Экономическое состояние Витебска в 1606 г. по данным ведомости Витебской таможной заставы за этот год” (гіст. нарыс), “Витебское реальное училище” (“Полоцко-Витебская старина”), гісторыка-тапаграфічны нарыс “Старый Витебск”.
Федаровіч Вацлаў Пятровіч (25.09.1848, г. Магілёў – 12(25).01.1911, г. Рыга), краязнаўца, калекцыянер, юрыст. Калекцыяніраваў зброю, археалагічныя, нумізматычныя, сфрагістычныя, этнаграфічныя матэрыялы. Калекцыя Федаровіча па была адна з самых багатых археалагічных калекцый на тэрыторыі Беларусі ў канцы XIX ст. У 1917 г. калекцыя В. Федаровіча была нацыяналізавана. У 1918 г. перададзена Віцебскаму аддзяленню МАІ. У 1920 г. на пасяджэнні губкамісіі па ахове помнікаў даўніны і мастацтва было прынята рашэнне аб стварэнні асобнага музея на аснове калекцыі. Адказнай асобай для падрыхтоўкі музея прызначаны У.Г. Краснянскі. У 1923 г. музей адчынены пад назвай “Музей Беларуска-польскай даўніны”. У 1924 г. ëн стаў часткай Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.
Доўнар-Запольскі Мітрафан (2(14).06.1867, г. Рэчыца Мінскай губ. – 30.09.1934), беларускі гісторык, эканаміст, этнограф, адзін з заснавальнікаў беларукай гістарыяграфіі. Скончыў Кіеўскі універсітэт (1894). Доктар гістарычных навук (1905), прафесар (1902).
Большасць краязнаўчых даследаванняў прысвечаны Міншчыне, Гомельшчыне, Магілёўшчыне. Аднак вядома, што шмат нарысаў па гісторыі беларускай этнаграфіі змяшчаў у “Мясцовым аддзеле” Віцебскіх губернскіх ведамасцей. Даследаваў паэму “Тарас на Парнасе”. Для 9-га тома выдання “Россия. Полное географическое описание” разам з даследчыкам Д. Шэндрыкам падрыхтаваў главу 5 “Исторические судьбы Верхнего Поднепровья и Белоруссии и культурные их успехи” і главу 6 “Распределение населения Верхнего Поднепровья и Белоруссии по территории, его этнографический состав, быт и культура”, якія ўтрымліваюць багата інфармацыі пра Віцебшчыну.
Вядомым гісторыкам, археолагам, краязнаўцам быў І.І. Далгоў Ён вывучаў гісторыію Полацка са старажытных часоў, даследаваў археалагічныя помнікі Полаччыны і склаў іх рэестр. Вялікую вядомасць атрымалі экскурсіі Далгова па Полацку. Вядомымі полацкамі краязнаўцамі з’яўляўся А.К. Морель, які з’яўляўся аўтарам кнігі “История г. Полотска и возникновение здания Полотского кадетского корпуса”. У 1910 г. У.П. Вікенцьеў выдаў кнігу “Полоцкий кадетский корпус. Исторический очерк”. Краязнаўчыя даследаванні рабіў і генерал-лейтэнант Н.Н. Кайгародаў.
Найбольш вядомымі краязнаўцамі Лепельшчыны другой паловы ХІХ ст. з’яўляліся В. Мяніцкі, М. Кусцінскі. В. Мяніцкі ў сваім маёнтку стварыў каштоўную бібліятэку, якая знікла ў часы І сусветнай вайны. У бібліятэцы працаваў і тварыў сваю вядомую “Беларускую хрэстаматыю” Б. Эпімах-Шыпіла. Таксама В. Мяніцкі дапамагаў матэрыяламі пры стварэнні польскага слоўніка геаграфічнага. М. Кусцінскі праводзіў археалагічныя раскопкі курганаў на Лепельшчыне, а таксама Гнёздаўскага курганнага могільніка на Смаленшчыне. Адшукаў і перавёз у Маскву адзін з Барысавых камянёў (так званы Сулібор-крыж). На Сенненшчыне вывучэннем павета займаўся К.Ц. Анікевіч. У 1907 г. у Магілёве выйшла яго кніга “Сенненский уезд Могилевской губернии”.
