Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
КСР Сучасная беларуская мова.docx
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
259.91 Кб
Скачать

Ужыванне дзеепрыслоўяў

Існуюць пэўныя заканамернасці, правілы ўжывання дзеепрыслоўяў. У сказе дзеепрыслоўе абазначае дадатковае дзеянне той самай асобы ці прадмета, што і дзеяслоў-выказнік, да якога гэта дзеепрыслоўе адносіцца: Угары над галавою паявіліся высокія чорныя хмары, рас­цягнуліся і радзелі, расплываючыся па небе і ружавеючы ад зары, як ад агню (Пташн.). Заплюшчыўшы вочы, засынаючы ўжо, Апейка думаў, што трэба ўсе гэтыя дні, пакуль лета, аддаць калгасам — памагчы ўмацавацца ім (І.М.).

Нельга ў адным сказе ўжываць дзеепрыслоўе і дзеяслоў-выказнік, якія абазначаюць дзеянні розных асоб або прадметаў; гэта парушэнне літаратурнай нормы. Няправільная, напрыклад, будова такога сказа: Сям-там, праязджаючы вёрсты, нам трапляюцца клёны і дубы, бо дзеяслоў-выказнік трапляюцца адносіцца тут да дзейніка дубы, а дзеепрыслоўе праязджаючы да гэтага дзейніка не адносіцца. Патрабуе перабудовы і такі сказ: Гледзячы на гэтыя здымкі, успамінаюцца радкі з песні; тут асноўнае і дадатковае дзеянні (успамінаюцца і гледзячы) адносяцца да розных дзейнікаў. Сказ можна перабудаваць так: Гледзячы на гэтыя здымкі, успамінаеш радкі з песні; Калі глядзіш на гэтыя здымкі, успамінаеш радкі з песні.

Гэта правіла пашыраецца і на безасабовыя сказы — дзеепрыслоўі ў іх павінны паказваць на дзеянне той асо­бы, што і дзеяслоў-выказнік, хоць гэтая асоба можа быць і не названа ў сказе: Калісьці, памагаючы старэйшым, малому, так хацелася пачуць ад бацькі ці ад маці, што, як і ўсе, я зарабіў на хлеб (М. Т.). Пільна пазіраючы, лёгка ўбачыць, як зачыняюць мурашкі свае дзверы (К-с).

У абагульнена-асабовых сказах асноўнае і дадатко­вае дзеянні, абазначаныя дзеясловам-выказнікам і дзеепрыслоўем, таксама адносяцца да адной асобы, але яна ўяўляецца абагульнена, як любы, кожны (у такіх выпад­ках можна ўставіць займеннікі ты, яны): Не хваліся сеўшы, а хваліся з'еўшы. Гуляючы, розуму не прыдбаеш (Прык.).

У сказе можа ўжывацца не адно, а некалькі дзеепры­слоўяў (з паясняльнымі словамі і без іх), якія адносяцца да аднаго дзеяслова-выказніка: Стараючыся не рабіць многа шуму ў гэты ранні час, імшыстай сцежкай паміж балотам і лесам ішло многа людзей, расцягнуўшыся доўгім ланцугом (К. Ч.). Пагаварыўшы з вучнямі і крыху разагнаўшы іх страх, Лабановіч прынёс журнал і пачаў рабіць запіс (К-с).

Месца дзеепрыслоўяў незакончанага і закончанага трыванняў у сказе абумоўлена паслядоўнасцю асноўнага і дадатковых дзеянняў: Прыехаўшы з кірмашу дамоў, ён прывязаў каня да плота і, не заходзячы ў хату, пайшоў склікаць людзей (Б.). Згледзеўшы нас двух на ўзбочыне, возчык насцярожыўся, углядаючыся і чакаючы якога пы­тання (В. Б.). Не азірнуўшыся болей, праз грымотныя ўдары выбухаў, падаючы і ўскокваючы, Іваноўскі памчаўся на мост (В. Б.).

Марфалагічны разбор дзеепрыслоўя

Парадак разбору. 1. Пачатковая форма (інфінітыў). 2. Марфалагічныя прыметы: а) трыванне (незакончанае і закончанае); б) зваротнае ці незваротнае; в) пераходнае ці непераходнае. 3. Спосаб утварэння (ад якой дзеяслоўнай асновы і пры дапамозе якога суфікса ўтворана). 4. Сінтаксічная функцыя ў сказе.

Узор. Пагаварыўшы з вучнямі і крыху разагнаўшы іх страх, Лабановіч прынёс журнал і пачаў рабіць запіс (Я. Колас).

Пагаварыўшы — дзеепрыслоўе, пагаварыць, закончанае трыванне, незваротнае, непераходнае, ад асновы прошлага часу дзеяслова закончанага трывання пры дапамозе суфікса -ўшы-, у сказе выконвае функцыю акалічнасці часу.