Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Шандроха Н.Э. Дапаможнік Прафесійнае маўленне г...doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
2.13 Mб
Скачать

3.2. Моўная інтэрферэнцыя і яе віды

Узаемадзеянне моўных сістэм ва ўмовах білінгвізму параджае з’яву інтэрферэнцыі. Інтэрферэнцыя (лац. inter ’паміж + ferens, -ntis = ’які нясе, пераносіць) — узаемапранікненнне моўных элементаў у выніку кантактавання моў. Інакш кажучы, пры маўленні на адной мове ўжываюцца элементы другой мовы, што і прыводзіць да парушэння нормаў суіснуючых моў. Інтэрферэнцыя — з’ява даволі распаўсюджаная і закранае ўсе сферы моўнай сістэмы. Існуюць наступныя віды моўнай інтэрферэнцыі:

а) фанетычная, калі, напрыклад, у рускай мове двухмоўнага індывіда сустракаюцца такія беларускамоўныя фанетычныя рысы, як цвёрдыя [р] і [ч] на месцы рускіх мяккіх [р’] і [ч’], дзеканне і цеканне, ярка выражанае аканне і г.д.;

б) акцэнтная, калі двухмоўны індывід размаўляе, напрыклад, на беларускай мове, а выкарыстоўвае націск рускай мовы: за́ руку (замест за руку́), глі́няны (замест гліня́ны), крапі́ва (замест крапіва́), спіна́ (замест спі́на) і г.д.

в) марфалагічная, калі граматычнае афармленне рускіх і беларускіх лексем не адпавядае норме. Напрыклад, карыстаючыся рускай мовай, двухмоўны індывід можа няправільна ўжываць родавыя формы назоўнікаў (золотой медаль замест золотая медаль, порванный шинель замест порванная шинель), канчаткі назоўнікаў множнага ліку (озёры, окны замест озёра, окна);

г) лексічная, калі білінгв, напрыклад, у беларускай мове ўжывае выразы тыпу гуляць ролю замест адыгрываць ролю, г.зн. выкарыстоўвае слова з неўласцівым яму ў дадзенай мове значэннем (параўнайце рус. играть роль);

д) сінтаксічная, калі пры карыстанні рускай мовай білінгв уводзіць у яе сінтаксічныя канструкцыі беларускай мовы, напрыклад, смеяться с него замест смеяться над ним, вернуться со школы замест вернуться из школы і г.д.; асаблівасці пабудовы пытальнага сказа з часціцай ці; асаблівасці сінтаксічных спалучэнняў лічэбнікаў з назоўнікамі і інш.

Блізкароднасны характар беларускай і рускай моў абумоўлівае шматлікасць і ўстойлівасць інтэрферэнцыйных памылак пры маўленні ў той ці іншай мове. Аднак яны, як правіла, не ўплываюць на працэс разумення выказванняў як на беларускай, так і на рускай мовах. Таму праблема інтэрферэнцыі для беларуска-рускага двухмоўя стаіць, пераважна, як праблема культуры беларускай і рускай моў ва ўмовах двухмоўя [7, с. 25].

У сітуацыі двухмоўя ўзнікае такая лінгвістычная і сацыяльная з’ява, як трасянка своеасаблівы моўны гібрыд, г.зн. «беларуска-руская мова» з адным зместам і дзвюма формамі выражэння. Базавай мовай трасянкі можа быць беларуская са значнай колькасцю элементаў (лексічных, граматычных, словаўтваральных) рускай мовы, або руская з выкарыстаннем элементаў беларускай мовы, што часцей за ўсё і назіраецца. Часам можна пачуць маўленне з элементамі беларускай, рускай літаратурных моў і мясцовых дыялектаў. Трасянка — з’ява індывідуальная, у кожнага з носьбітаў яна залежыць ад канкрэтных умоў камунікацыі. Напрыклад, паручэнне (ад рускага поручение і беларускага даручэнне), заработаў (ад рускага заработал і беларускага зарабіў), аб’яўленне (ад рускага объявление) і інш.

Тэма 4. ФАНЕТЫЧНАЯ, МАРФАЛАГІЧНАЯ,