Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Шандроха Н.Э. Дапаможнік Прафесійнае маўленне г...doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
2.13 Mб
Скачать

3.1. Паняцце білінгвізму і яго асноўныя асаблівасці

Білінгвізм (лац. bilinguis < bi (bis) = двойчы, lingua = мова), ці двухмоўе — валоданне і папераменнае карыстанне асобай або калектывам дзвюма мовамі.

Кожная з моў выбіраецца ў залежнасці ад канкрэтнай камунікатыўнай сітуацыі. Двухмоўе мае наступныя разнавіднасці:

Ва ўмовах нацыянальнага білінгвізму ў краіне афіцыйна прызнаюцца дзве дзяржаўныя мовы. Так, напрыклад, у Беларусі — беларуская і руская, у Фінляндыі — фінская і шведская, у Канадзе — англійская і французская.

Дыстантны тып двухмоўя прадугледжвае выкарыстанне адной з дзвюх моў, што функцыянуюць на тэрыторыі Беларусі. Напрыклад, выдаецца літаратура і на беларускай, і на рускай мовах, ідуць спектаклі і на беларускай, і на рускай мовах і інш. У названых прыкладах дзве мовы не сутыкаюцца адна з адной. Хаця, варта заўважыць, што ў чыстым выглядзе дыстантнае двухмоўе сустракаецца рэдка, што абумоўлена вынікамі інтэрферэнцыі (гл. ніжэй).

Пры кантактным двухмоўі абедзве мовы функцыянуюць побач (напрыклад, у перыёдыцы ўжываюцца тэксты на рускай і на беларускай мовах, у маўленні людзей, з якіх адзін гаворыць па-беларуску, а другі — толькі па-руску). Кантактнае двухмоўе прадугледжвае раўнапраўнае (людзі ў роўнай меры добра валодаюць і беларускай, і рускай мовамі) і нераўнапраўнае (калі, напрыклад, веданне і выкарыстанне рускай мовы пераважвае над беларускай мовай ці наадварот) валоданне і карыстанне мовамі.

З сацыяльнага пункту гледжання, двухмоўе выяўляецца па-рознаму. Паводле статыстычных дадзеных апошняга перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусь, дома па-беларуску размаўляюць 3 млн. 683 тыс. чалавек (37 % насельнiцтва), а па-руску — 6 млн. 308 тыс. (63 %).

Цікавымі падаюцца i звесткi аб ступенi распаўсюджанасцi моў сярод найбуйнейшых нацыянальнасцей Беларусi (на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь пражываюць пpaдcтаўнікі больш за сто нацыянальнасцей). Так, на бытавым узроўні беларускую мову выкарыстоўваюць 41,4 % беларусаў, 4,3 % рускіх, 57,6 % палякаў, 10,2 % украiнцаў, 3,8 % яўрэяў. Рускую мову як сродак маўлення пазначылi ў перапicных лiстах 58,6 % беларусаў, 95,7 % рускіх, 37,7 % палякаў, 83,6 % украiнцаў, а таксама 95,7 % яўрэяў. На ступень валодання беларускай i рускай мовамі моцна ўздзейнiчае моўнае асяроддзе. Можна назiраць прафесiйна арыентаваны (абумоўлены) бiлiнгвiзм у настаўнікаў беларускай мовы, акцёраў тэатра і кіно, дыктараў радыё i тэлебачання, якія беларускую мову выкарыстоўваюць пры выкананнi службовых абавязкаў, а на бытавым узроўнi — рускую. Бiлiнгвiзм з рускай мовай у якасці толькі мовы прафесii — з'ява нетыповая для Беларусi.

Акцэнтуючы ўвагу на гістарычных вытоках двухмоўя , варта адзначыць, што на тэрыторыі Беларусі яно існавала даўно, але характар і састаўныя кампаненты мяняліся. У часы Вялiкага княства Лiтоўскага, Рускага i Жамойцкага на нашых землях поруч з беларускай моваю, якая гучала ў княжацкіх пакоях i на сялянскiх палетках, суicнавала мова царкоўнаславянская як мова царквы i кaнфесiйнай лiтаратуры, таксама мова лацiнская як мова лiтаратуры, навукi, адукацыi. У часы Рэчы Паспалiтай запанавала беларуска-польскае двухмоўе. Калi беларускiя землi адышлi да Расiйскай iмперыi, у XIX ст. склалася адметная сiтуацыя: у элiтных колах выкарыстоўвалiся руская i польская мовы (пры тым, што беларуская iнтэлiгенцыя аддавала перавагу польскай мове, якая разглядалася як iнструмент супрацiўлення русiфiкацыi), у адукацыйнай i адмiнiстрацыйнай сферах панавала руская мова, а народ размаўляў па-беларуску: «Адно народ (сяляне i местачкоўцы)... цвёрда трымаўся ўсяго таго, што яму пераказалi на божай пасцелi дзяды i прадзеды i не зацёр сваёй асобенасцi, свайго нацыянальнага духу, астаўся да сягонняшняга дня тым, чым быў, хоць i валок на сабе ярмо колькі-вяковага чужога ўладарства» (Янка Купала).

У памежных раёнах Беларусi iснуюць зоны беларуска-латышскага, беларуска-лiтоўскага, беларуска-ўкраiнскага двухмоўя.

Сучасная моўная сітуацыя на Беларусі характарызуецца пераважна суіснаваннем і выкарыстаннем беларускай і рускай моў і можа быць вызначана як беларуска-рускае двухмоўе.